Парэчча (Акцябрскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Парэчча
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Насельніцтва
596[1] чалавек (2011)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375-2357
Паштовы індэкс
247308
Аўтамабільны код
3
СААТА
3240824026
Парэчча на карце Беларусі ±
Парэчча (Акцябрскі раён) (Беларусь)
Парэчча (Акцябрскі раён)
Парэчча (Акцябрскі раён) (Гомельская вобласць)
Парэчча (Акцябрскі раён)

Парэ́чча[2] (трансліт.: Parečča, руск.: Поречье) — аграгарадок, цэнтр Парэцкага сельсавета Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Размяшчэнне[правіць | правіць зыходнік]

За 18 км на захад ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 218 км ад Гомеля, 11 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

На рацэ Пціч (прыток Прыпяці), на захадзе меліярацыйны канал, злучаны з Прыпяццю.

Транспартная сетка[правіць | правіць зыходнік]

Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Акцябрскі — Капцэвічы.

Інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]

Планіроўка складаецца з доўгай просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой на поўдні далучаецца Г-падобная вуліца. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу. У 1987 годзе пабудаваны 50 цагляных хат, у якіх змясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС месцаў. Цэнтр сельскагаспадарчага ААТ «Парэчча-Арэса», 2 малочнатаварныя фермы, зерняток, механічны парк. Сярэдняя школа (пры ёй з 1983 года гісторыка-краязнаўчы музей, якому 04.06.1991 г. прысвоена званне «народны»), дзіцячы сад, участковая бальніца, аптэка, лясніцтва, аддзяленне сувязі, Цэнтр вольнага часу, бібліятэка, лазня, комплексны прыёмны пункт, 3 крамы[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Па пісьмовых крыніцах вядомая з XIV стагоддзя. Пад 1396 годам згадана ў лісце князя Гальшанскага як сяло ў Глускай воласці, якое было аддадзена Кіева-Пячэрскаму манастыру. Згадваецца ў 1559 годзе ў матэрыялах рэвізіі пушч. У 1683 годзе пазначана як цэнтр маёнтка, уладальніку якога Парэчча давала 292 злотых і 22,5 гроша ў год; акрамя таго, Парэчча — цэнтр воласці. Паводле інвентару 1748 года — буйное ўладанне Радзівілаў. У другой палове XVIII стагоддзя Парэчча становіцца цэнтрам шляхецкага ўладання Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. У вёсцы знаходзілася ўніяцкая царква ў імя Узнясення Маці Божай, заснаваная князем Альбрэхтам Радзівілам.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі, належала генерал-маёру В. К. Вішчынскаму. Праз вёску праходзіў гасцінец Слуцк — Скрыгалаў. У 1846 годзе адкрыта народнае вучылішча. Большасць вясковых земляў належала, акрамя Вішчынскага, памешчыкам Ф. Валодзьку, К. Клецкаму і А. Быкоўскаму. Пазначана на карце 1866 года, якая выкарыстоўвалася Заходняй меліярацыйнай экспедыцыяй, што працавала ў гэтым раёне ў 1890-я гады. У 1870 ці 1876 годзе пабудавана драўляная праваслаўная царква ў гонар Нараджэння Маці Божай. З 1885 года дзейнічала вінакурня. Паводле перапісу 1897 года існавалі сяло Парэчча-I — 2 царквы, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 2 лаўкі; вёска Парэчча-II — лаўка, пастаялы двор; сядзіба Парэчча-II — лаўка, гамарня, карчма, і засценак Парэчча — гамарня.

З 20 жніўня 1924 года цэнтр Парэцкага сельсавета Глускага, з 28 чэрвеня 1939 года Акцябрскага, з 25 снежня 1962 года Светлагорскага, з 30 ліпеня 1966 года — адноўленага Акцябрскага раёнаў. Да 26 ліпеня 1930 года ў складзе Бабруйскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Палескай, з 20 верасня 1944 года — Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Камсамольская праўда», працавалі гамарня і вадзяны млын. Пачатковая школа ў 1930-я гады ператворана ў сямігадовую. У канцы 1930-х гадоў сяло, вёска, засценак і фальварак аб'яднаны ў адзін населены пункт — Парэчча.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны разграмілі апорны пункт акупантаў які размяшчаўся ў вёсцы. У красавіку 1942 года карнікі спалілі 13 двароў і забілі 169 жыхароў. У 0,2 км на ўсход ад вёскі, па дарозе ў гарадскі пасёлак Акцябрскі з сакавіка 1943 года размяшчаўся аэрадром Палеска-Мінскага партызанскага злучэння (у 1973 годзе пастаўлены мемарыяльны знак). У баях каля вёскі загінулі 13 салдат (пахаваны на могілках). 83 жыхары загінулі на фронце, на ўшанаванне іх памяці ў 1967 годзе ў цэнтры вёскі адкрыты помнік — скульптура воіна. Адразу пасля вызвалення ў вёсцы быў адкрыты дзіцячы дом для дзяцей, бацькі якіх загінулі падчас вайны.

У 1957 годзе створаны саўгас, а ў 1958 годзе пачала выходзіць саўгасная шматтыражка «Савецкае Парэчча».

У склад Парэцкага сельсавета да Вялікай Айчыннай вайны ўваходзіла вёска Вовін, спаленая акупантамі і не адноўленая пасля вайны, да 1962 года — вёска Чырвоная Дуброва, да 1966 года — пасёлак Багданаў.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць[правіць | правіць зыходнік]

  • 2011 год — 596 жыхароў.

Дынаміка[правіць | правіць зыходнік]

  • 1748 год — 57 двароў,
  • 1897 год — сяло Парэчча-I — 76 двароў, 378 жыхароў; вёска Парэчча-II — 74 двары, 449 жыхароў; сядзіба Парэчча-II — 9 двароў, 54 жыхары; засценак Парэчча — 31 двор, 204 жыхары (паводле перапісу).
  • 1917 год — у сяле, вёсцы, засценку і фальварку 1401 жыхар.
  • 1925 год — у сяле 122 двары, у вёсцы 104 двары, у засценку 39 двароў, у фальварку 9 двароў.
  • 1940 год — 176 двароў, 810 жыхароў.
  • 1959 год — 870 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1997 год — 316 двароў, 776 жыхароў.
  • 2000 год — 286 двароў, 696 жыхароў[4].
  • 2004 год — 249 гаспадарак, 591 жыхар.

Памятныя мясціны[правіць | правіць зыходнік]

  • Магіла ахвяр фашызму.
  • Помнік землякам, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну.
  • Помнік на месцы партызанскага аэрадрома.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Дадзеныя сельсавета на 1 ліпеня 2011 года
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  3. Аграгарадок Парэчча Архівавана 28 кастрычніка 2011.
  4. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 11. — С. 158. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 11).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Акцябрскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 1997. — 478 с. ISBN 985-6302-03-X
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 11. — С. 158. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 11).