Аграханскі паўвостраў
Аграханскі | |
---|---|
43°50′00″ пн. ш. 47°36′00″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Каспійскае мора |
Плошча | 212 км² |
Найвышэйшы пункт | -16 м |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аграха́нскі паўвостраў (руск.: Аграханский полуостров) — паўвостраў на ўсходзе Дагестана (Расія). Абмываецца водамі Каспійскага мора. Тэрыторыя - каля 212 км².
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Аграханскі паўвостраў месціцца на паўночным захадзе Каспійскага мора. Злучаны з кантынентам на поўдзень ад 43° паўночнай шыраты. Адсюль высоўваецца прыкладна на 12 км на ўсход, а потым у паўночна-усходнім кірунку — прыкладна на 60 км. У навершы паўвострава знаходзяцца некалькі астравоў, самы вялікі з якіх — Чэчэнь.
Аграханскі паўвостраў сфарміраваўся ў выніку ваганняў узроўню Каспія і назапашванню на водмелях наносаў каўказскіх рэк і марскіх плыняў. Яго абрысы вельмі зменлівы. На працягу XVII - XXI стст., калі адбывалася картаграфічная і пісьмовая фіксацыя, паўвостраў то губляў, то нарошчваў сваю плошчу. У пачатку XIX ст. паўночная частка фактычна ўяўляла сабой асобны востраў. У наш час адбываецца пашырэнне плошчы з заходняга боку ў сувязі з абмяленнем Аграханскага заліва.
Аграханскі паўвостраў пераважна раўнінны. Уздоўж берага на адлегласці 200 - 300 м цягнецца паласа высокіх пясчаных выдмаў (да 10 - 15 м). Найвышэйшы пункт — -16 м, што ніжэй за ўзровень акіяна, але вышэй за ўзровень Каспія. Заходняя частка балоцістая, зарослая трыснягом. Пераважаюць светла-каштанавыя глебы, у многіх месцах засоленыя. Грунтавыя воды вельмі мінералізаваны.
Клімат сухі ўмераны, самы заслушлівы ў еўрапейскай частцы Расіі. Сярэдняя колькасць гадавых ападкаў — 180 - 200 мм. Лета спякотнае. У жніўні сярэдняя тэмпература дасягае +24 °C. Зіма — найбольш сухая і ветраная пара года. Маразы звычайна здараюцца ў студзені і лютым, але рэдка перавышаюць –0,7 °C — -0,8°С.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Пустынны клімат і засоленыя глебы Аграханскага паўвострава вызначаюць асаблівасці мясцовай флоры. Сярод пяскоў сустракаюцца зараснікі палыну, хвойнікаў, пырніку, тамарыску, бярозкі, куравая, растуць васількі, дуброўнік, лох і інш. На поўначы паўвострава ёсць салянкавыя лугі і зараснікі эфемераў. Прыбярэжна-водная флора прадстаўлена трыснягом, урэчнікам, пухоўкай, раскай, балотнымі папарацямі і г. д.
Дзякуючы адносна слабаму ўплыву чалавека на Аграханскім паўвостраве захавалася разнастайная фаўна. Паўвостраў насяляюць дзікі, высакародныя алені, янотападобныя сабакі, чаротавыя каты, андатры, зайцы, тхары, вадзяныя пацукі, тушканчыкі, лісы, ваўкі, шакалы і інш. Многія наземныя жывёлы трымаюцца каля прыбярэжных зараснікаў, і іх затапленне выклікае міграцыі, у тым ліку за межы паўвострава. На Аграханскім паўвостраве спыняюцца пералётныя птушкі, у тым ліку фламінга, жураўлі, чаплі, качкі, бугаі. Некаторыя з іх застаюцца тут гнездавацца. На паўвостраве таксама сустракаюцца фазаны, курапаткі, дропы і бакасы.
Ахова
[правіць | правіць зыходнік]Гаспадарчае выкарыстанне Аграханскага паўвострава абмежавана сезонным выпасам авечак. Для аховы мясцовай прыроды створаны Аграханскі федэральны заказнік.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Аграханский полуостров Архівавана 30 сакавіка 2014.
- АГРАХАНСКИЙ федеральный заказник