Агульнае мовазнаўства
Агу́льнае мовазна́ўства, або агу́льная лінгві́стыка — галіна мовазнаўства, якая вывучае ўніверсальныя ўласцівасці і заканамернасці мовы як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця[1].
Праблематыка і раздзелы
[правіць | правіць зыходнік]Сярод галоўных праблем агульнага мовазнаўства — сацыяльная сутнасць, знакавасць, развіццё мовы, суадносіны мовы і мышлення, мовы і грамадства, мовы і паэтычнай творчасці, а таксама тыпалогія моў і метады іх даследавання[1].
Паводле асаблівасцяў прадмета і метадаў даследавання ў агульным мовазнаўстве вылучаюць агульную фанетыку, лексікалогію, граматыку, стылістыку, а таксама такія дысцыпліны, як лінгвістычная паэтыка, сацыялінгвістыка, псіхалінгвістыка, матэматычная лінгвістыка, тэорыя перакладу, этналінгвістыка і іншыя. З агульным мовазнаўствам цесна звязана прыкладное мовазнаўства[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Фарміраванне агульнага мовазнаўства як навукі адбывалася з пачатку XIX стагоддзя, найперш у працах В. Гумбальта. Значны ўклад у яго развіццё зрабілі А. А. Патабня, І. А. Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр[1].
У Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Першыя публікацыі агульналінгвістычнага характару на Беларусі з’явіліся ў 1920-я гады, сярод іх праца П. А. Бузука «Асноўныя пытанні мовазнаўства» (1926)[1].
Беларускія мовазнаўцы даследуюць розныя агульналінгвістычныя праблемы. Сярод іх: знакавы (семіялагічны) характар мовы (В. У. Мартынаў); прыкладное мовазнаўства (У. А. Карпаў, У. А. Зубаў); эксперыментальная фанетыка (К. К. Барышнікава, Г. А. Мятлюк, А. І. Падлужны); агульная лексікалогія (А. І. Кісялеўскі, Б. А. Плотнікаў); стылістыка (М. Я. Цікоцкі); псіхалінгвістыка (Г. П. Кліменка, Б. Ю. Норман); тэорыя перакладу (П. І. Копанеў, В. П. Рагойша); сацыялінгвістыка (Н. Б. Мячкоўская); праблемы двухмоўя (М. В. Бірыла, М. Г. Булахаў, А. Я. Міхневіч, П. П. Шуба)[1].
Адпаведныя навуковыя падраздзяленні існуюць у Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі (аддзел тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства), у БДУ і Гродзенскім універсітэце (кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства)[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А. Я. Супрун. Агульнае мовазнаўства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 88. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Мечковская Н. Б., Плотников Б. Н., Супрун А. Е. Общее языкознание: Сущность и история языка (руск.). — Мн., 1993.