Адаменка (археалагічныя помнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Адаменка — археалагічныя помнікі: 3 селішчы, бескурганны і курганны могільнікі каля пас. Адаменка (Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць).

Бронзавая падвеска-лунніца з выемкавай чырвонай эмаллю з селішча Абідня, IIV стст., Нацыянальны гістарычны музей Беларусі

Селішча—1[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,5 км на усход ад вёскі, на левым беразе р. Адаменка, ва ўрочышчы Абідня. У навуковай літаратуры вядома як селішча Абідня. Размешчана на заходніх пясчаных узгорках вышынёй 2—4 м. Памеры 270—330х550—580 м. Л. Д. Побаль у 1960, 1962, 19641967 гг. даследаваў 16.404 м2. Культурны пласт 0,15—0,35 м (у ямах да 1,1 м). Выяўлены 29 паўзямлянак і рэшткі наземных слупавых пабудоў рознага прызначэння. Паўзямлянкі квадратнай ці прамавугольнай формы, плошчай 6—16 м2, заглыблены ў мацярык на 0,2—0,9 м. Агнішчы знаходзіліся ўнутры жытлаў або за іх межамі, часткова ў ямах глыбінёй 0,2 м, дыяметрам 0,75 м. У паўзямлянцы № 29 знойдзены рэшткі глінабітнай печы падковападобнай формы. Частка пабудоў мела зрубную канструкцыю сцен, некаторыя былі з каркасна-плятнёвымі сценамі, уздоўж якіх зафіксаваны ямкі дыяметрам 0,2—0,3 м, глыбінёй да 0,7 м і гліняная абмазка з адбіткамі прутоў. Паўзямлянка № 27 плошчай 3,36 м2 без ачага аднесена да гаспадарчых пабудоў. Кераміка грубаляпная гладкасценная (80,8%), з расчосамі (11,5%), штрыхаваная (5%) і глянцаваная (2,7%). Прадстаўлена карчагамі, гаршкамі, міскамі, мініяцюрнай пасудзінай, стопкамі і дыскамі. Знойдзены гліняныя прасліцы, грузікі, пацеркі, формы для адліўкі бронзавых упрыгажэнняў, тыглі і льячкі. Шмат вырабаў з жалеза: прылады працы (нажы, сярпы, іголкі, шылы, крэсівы, нажніцы, вастрыі, фрагменты ляза сякер і інш.), зброя (наканечнікі стрэл, утулка кап'я), упрыгажэнні і дэталі адзення (посахападобныя шпількі, падвязныя арбалетападобныя фібулы, паясныя спражкі, розныя кольцы). Бронзавыя рэчы: 4 лунніцы і круглая фібула-брошка з чырвонай эмаллю, 1 фрагмент лунніцы без эмалі, трапеца- і вочкападобныя падвескі, посахападобныя шпількі, бранзалет, скроневыя кольцы, гузікі, пранізкі, пласцінкі, ланцужкі. Знойдзены пацеркі з аднакаляровага шкла (чырвоныя з глухога шкла, золаташкляныя, жоўтыя, зялёныя, сінія, блакітныя, чорныя, белыя), паліхромныя з перыстым і разеткавым арнаментам і бурштынавыя. Цікавыя знаходкі антычнага рымскага імпарту: манета Геты, выбітая ў 209212 у г. Аўгуста-Траяна (цяпер балгарскі г. Філінопаль), чырваналакавая кераміка, бронзавая ручка ад куфра. Датуецца канцом II — пачаткам IV стст. Л. Д. Побаль адносіў помнік да позняга этапу зарубінецкай культуры. Большасць даследчыкаў звязваюць гэтыя старажытнасці з верхнедняпроўскім варыянтам кіеўскай культуры Беларусі, за якім замацавалася назва — помнікі тыпу Абідня.

Селішча — 2[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца на правым беразе р. Дняпро, паміж урочышчамі Абідня і Радышава гара, за 0,5—0,8 км на поўдзень ад селішча — 1. Даўжыня каля 0,5 км. Абследаваў у 1965 г. Л. Д. Побаль. На селішчы знойдзены ляпрная кераміка I-га тыс. і кальцыніраваныя косці.

Селішча — 3[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,5—0,7 км на поўдзень ад селішча—2. Памеры 200х300х50 м. Абследаваў у 1965 г. Л. Д. Побаль. На селішчы знойдзены ляпрная кераміка I-га тыс. і кальцыніраваныя косці.

Бескурганны могільнік[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца на тэрыторыі селішча—1. 11 пахаванняў з трупаспаленнем даследаваў у 1960, 1962 Л. Д. Побаль. Круглыя ямы дыяметрам 0,45—1,05 м, авальныя памерамі 1—1,4х0,7—0,8 м. Глыбіня пахаванняў 0,17—0,3 м. 8 пахаванняў мелі розную колькасць фрагментаў керамікі. У адным знойдзена некалькі фрагментаў посуду, прасліца, бронзавая трапецападобная падвеска, жалезная посахападобная шпілька і золаташкляная пацерка, у трох — косткі жывёл. 3 пахаванні — безынвентарныя. Могільнік датуецца III ст., магчыма, ахоплівае канец II і пачатак IV ст.

Курганны могільнік[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца на правым беразе р. Адаменка, у лесе. 10 насыпаў. У 1964 г. Л. Д. Побаль даследаваў 1 курган дыяметрам 5 і вышынёй да 0,6 м. Сярод знаходак: рэшткі ляпных пасудзін, абпаленай гліны, камяні, попел. За 20—30 м ад кургана знойдзены спаленыя косці чалавека.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Археологическая карта Белоруссии / Белорусское добровольное общество охраны памятников истории и культуры, Сектор археологии Ин-та истории АН БССР. Вып. 2: Памятники железного века и эпохи феодализма / [Г. В. Штыхов]; Под ред. Ф. В. Борисевича. — Мн.: Изд-во «Полымя», 1971. — 274, [2] c. — С. 213.
  • Адаменка ў энцыклапедыі «Археалогія Беларусі»
  • Дубицкая, Н. Н. Технологическая характеристика керамической посуды из селища Абидня // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 1995. — № 7. — С. 101 — 119.
  • Ільюцік, А. У., Побаль, Л. Д. Адаменка / А. У. Ільюцік, Л. Д. Побаль // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 19 — 20: іл. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Ільюцік, А. У., Побаль, Л. Д. Адаменка / А. У. Ільюцік, Л. Д. Побаль // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 25 — 26. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Побаль, Л. Д., Мітрафанаў, А. Г. Праблема рассялення славян на тэрыторыі Беларусі ў I тысячагоддзі н.э. / Л. Д. Побаль, А. Г. Мітрафанаў // Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1966. — № 2. — С. 43 — 53.
  • Поболь, Л. Д. Зарубинецкая культура на территории Белоруссии // Доклады и сообщения археологов СССР. VII Международного конгресса доисториков и протоисториков. — М.: Наука, 1966. — 268 с. — С.
  • Поболь, Л. Д. Основные итоги изучения памятников позднего этапа зарубинецкой культуры в Белорусском Поднепровье // Древности Белоруссии: Материалы конференции по археологии Белоруссии и смежных террит424 - орий / Под ред. В. Ф. Исаенко, А. Г. Митрофанова, Г. В. Штыхова. — Мн., 1966. — 335 с.
  • Поболь, Л. Д., Наумов, В. Д. О некоторых предметах материальной культуры селища Абидня // Доклады к XI конференции молодых учёных Белорусской ССР (ноябрь 1967) / АН Белорусской ССР, Отделение общественных наук, Совет молодых ученых; [Редкол.: Н. Е. Завалеев и др.]. — Мн.: [б. и.], 1967. — 444 с. — С. 424 — 441.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]