Адам Абрамовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Адам Абрамовіч
польск.: Adam Abrahamowicz
Дата нараджэння 24 жніўня 1710(1710-08-24)
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1773
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковы работнік
Навуковая сфера філасофія, тэалогія
Месца працы
Навуковае званне прафесар

Адам Абрамовіч (польск.: Adam Abrahamowicz; 24 жніўня 1710, Літва — пасля 1773, Варней, Літва) — дзеяч каталіцкага касцёла, педагог, прапаведнік і палеміст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

28 жніўня 1726 г. у Вільні ўступіў у Таварыства Ісуса. Праходзіў навучанне на працягу 8 гадоў. Яшчэ 8 гадоў прысвяціў прапаведніцкай дзейнасці. Займаў высокія пасады ў езуіцкіх навучальных установах[1]. У 1743—1744 гг. — прэфект школ езуіцкіх у Вільні. 2 лютага 1744 г. склаў апошнія зарокі. З 1844 па 1848 гг. — прафесар філасофіі, а ў 1747—1748 гг. — яшчэ і прафесар тэалогіі ў Вільні. У 1748—1752 гг. — прэфект езуіцкіх школ у Навагрудку, Вільні і Варшаве. З 1752 г. займае пасаду рэгента езуіцкага канвікта ў Вільні і, пераўтварыўшы яго ў самастойную навучальную ўстанову — Collegium Nobilium, становіцца яго першым рэктарам (да 1758 г.). Потым быў рэктарам Нясвіжскага (1758—1763), Полацкага (1763—1766)[2] і Мінскага калегіумаў (1766—1770). З 1770 па 1773 гг. — у Нясвіжы. Апошнія гады жыцця, якія прыйшліся на час пасля скасавання Таварыства Ісуса (1773), правёў у Варнеі (Літва).

Фласофскія і грамадска-палітычныя погляды[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар рэлігійна-маралізатарскага твора «Нядзельныя пропаведзі» (Вільня, 1753). Стаяў на пазіцыях адкрытага тэізму. Вучэнне Дэмакрыта і Эпікура аб вечнасці атамаў і ўзнікненні рэчаў з іх камбінацый называе «байкамі і выдумкамі». Адмаўляў ён і пантэістычнае атаясамліванне Бога і прыроды. На яго думку, залежнасць душы да цела трэба разумець не абсалютна, а ўмоўна, бо душа звязана з целам толькі пры жыцці чалавека. Бог паклапаціўся аб бессмяротнасці душы таму, што гэта дазваляе яму найлепшым чынам праяўляць справядлівасць: узнагароджваць за добрыя і караць за кепскія справы.

У сваіх пропаведзях Абрамовіч узнімаў праблемы грамадскага жыцця (у прыватнасці, сацыяльнай няроднасці), заклікаў прыхаджан да пакоры і цярплівасці. Падзел людзей на багатых і бедных тлумачыў як вынік мэтавай дзейнасці Бога, які рабіў гэта дзеля гармоніі ў адносінах паміж людзьмі, каб «убогія маглі служыць багатым, багатыя — карміць убогіх». У той жа час ён абураўся тым, што вынікі «крывавай працы бедных» дастаюцца багатым, якія, як п’яўкі, смокчуць кроў сваіх ахвяр. Пагражаючы божымі карамі, заклікаў багатых аддаваць бедным хоць бы частку таго, што яны напрацавалі ўласнымі рукамі[3].

Зноскі

  1. Brown, Józef. Biblioteka pisarzów assystencyi polskiej Towarzystwa Jezusowego. — Poznań: Ludwik Merzbach, 1862 — s. 8-9.
  2. Gizycki, J.-M., Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół od niej zależnych, 1905. — s. 133.
  3. Абрамовіч Адам // Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. даведнік / Рэдкал.: Г. П. Пашкоўскі і інш.; Маст. У. М. Жук. — Мінск: БелЭн, 2001. — С. 4-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Абрамовіч Адам // Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. даведнік / Рэдкал.: Г. П. Пашкоўскі і інш.; Маст. У. М. Жук. — Мінск: БелЭн, 2001. — C. 4—5.
  • Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.) — Минск, 1973. — С. 171—173.
  • Brown, J. Biblioteka pisarzów assystencyi polskiej Towarzystwa Jezusowego / J. Brown ; przeł. W. Kiejnowskiego. – Poznań : w komisie i czcionkami L. Merzbacha, 1862. – 501 s.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564–1995 / оprac. L. Grzebień. – Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. – 882 s.
  • Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. – Kraków: Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. – 288 s.