Адам з Котры

З пляцоўкі Вікіпедыя
Адам з Котры
Нараджэнне не пазней за 1464
Смерць не раней за 24 снежня 1516 і не пазней за 25 мая 1517
Веравызнанне каталіцтва
Адукацыя
Дзейнасць дзяржаўны служачы

Адам Якубавіч з Котры (да 1464 — паміж 24 снежня 1516 і 25 мая 1517) — пісар гаспадарскі (1492—1511), канонік сандамірскі (1505—1516) і віленскі (1508—1516).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З роду не баярскага паходжання (honorabilis), сын пісара гаспадарскага Якуба.

Пачатковую адукацыю атрымаў у віленскай кафедральнай школе. У 1478—1489 гадах вучыўся ў Кракаўскім універсітэце на сродкі князя Андрэя Свірскага. У дакументах універсітэта запісаны літвінам. У 1482 годзе стаў бакалаўрам, у 1488 — магістрам. Зімой 1488/1489 навучальнага года вывучаў Гарацыя.

Пасля вяртання ў Княства, з 1492 года быў пісарам Канцылярыі вялікага князя Аляксандра. У 1494 годзе двойчы ездзіў у пасольствах у Маскву па пытанні захавання праваслаўнай веры вялікай княжной маскоўскай Аленай Іванаўнай, пасля яе планаванага шлюбу з вялікім князем Аляксандрам. У 1496 годзе ездзіў у пасольстве ў Кракаў у справе маёмаснага забеспячэння каралевіча Жыгімонта. У Пётркаве падрыхтаваў лацінскі варыянт акта уніі 1499 года, пра што на ім захаваўся старабеларускі надпіс «Пісаў Адам Якубавіч з Котры».

На кнізе з уласнай бібліятэкі «Majus, De priscorum verborum proprietate» (Tarvisiae, 1477) пакінуў два надпісы «Certe sum Ade Lithuani» і «Книга Адамова Якубовича с Котры, с Литвы з волости Городенское, Зброшкова брата, ему ж накладался на науку до Кракова болей десяти лет, из детинства ест при школе виленской ласкаве ховался, небошчик князь Ендрий, негды каноник и кустош костела виленского святого Станислава».

Маёнтак Котру ў Гарадзенскім павеце атрымаў у пажыццёвае ўладанне ад вялікага князя за службу. Кіраваннем маёнтка займаўся брат Зброшка Якубавіч.

З 1503 года служыў у касцёле ў Красным. У 1505 годзе вялікі князь Аляксандр прызначыў Адама канонікам сандамірскім, аднак ён заставаўся ў Княстве, працягваў служыць як пісар гаспадарскі, у 1505 годзе браў удзел у камісіі па ўрэгуляванні літоўска-лівонскай мяжы. З 1506 года стаў пробашчам касцёла ў Семялішках. У 1508 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары прызначыў Адама канонікам віленскім. У 1510 годзе згаданы як «venerabilis Adam Jakubowicz de Kotra, Vilnensis et Sandomir eccl. canonikus». З 1514 года — афіцыял віленскі. У Віленскім капітуле апошні раз з’яўляўся 24 снежня 1516 года, а ўжо 25 мая 1517 кароль Жыгімонт прызначыў «па Адаме з Котры» канонікам сандамірскім іншую асобу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]