Селекцыя
Селекцыя (ад лац.: selectio — выбар, адбор) — навука пра метады стварэння (вывядзення) сартоў, гібрыдаў раслін і парод жывёл, штамаў мікраарганізмаў з якасцямі, неабходнымі чалавеку. Селекцыяй за тысячагоддзі створана вялікая колькасць сартоў сельскагаспадарчых раслін і парод свойскіх жывёл, штамаў мікраарганізмаў. Селекцыяй таксама называюць галіну сельскагаспадарчай практыкі (вытворчасці), якая займаецца вывядзеннем сартоў, гібрыдаў і парод расліна і жывёл.
Залежна ад мэт селекцыю праводзяць на якасць (смак, вонкавы выгляд, тэрміны непсавання садавіны і гародніны, утрыманне бялку і амінакіслот у збожжы, змяшчэнне тлушчаў у малаку і іншае), устойлівасць да хвароб, шкоднікаў і неспрыяльных кліматычных умоў, ураджайнасць раслін, пладавітасць і прадуктыўнасць у жывёл і іншае.
Асноўныя метады селекцыі — гэта адбор, гібрыдызацыя з выкарыстаннем гетэрозісу і цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, поліплаіднасць і мутагенез.
Народная селекцыя — гэта гістарычны працяглы працэс, які склаўся стыхійна, паляпшэння існуючых і стварэння новых гатункаў раслін і парод жывёл, які ажыццяўляецца простымі людзьмі (сялянамі, садоўнікамі, жывёлагадоўцамі) без выкарыстання сучасных навуковых метадаў і лабараторый. Яна грунтуецца на эмпірычным вопыце (назіранні) і шматгадовым штучным адборы лепшых асобін для далейшага размнажэння.
- Асноўныя рысы народнай селекцыі
- Стыхійнасць і працягласць: Працэс займае дзесяцігоддзі і нават стагоддзі. Адбор паходзіць з пакалення ў пакаленне.
- Адаптыўнасць: Галоўная мэта — стварэнне формаў, максімальна прыстасаваных да мясцовых кліматычных умоў, глеб і хвароб канкрэтнага рэгіёну.
- Масавы адбор: У адрозненне ад навуковай селекцыі, дзе часта выкарыстоўваецца індывідуальны адбор, народная селекцыя часцей абапіраецца на выбар цэлай групы лепшых раслін ці жывёл (масавы адбор).
- Прыклады сартоў, парод жывёл, выведзеных на тэрыторыі Беларусі метадамі народнай селекцыі
- Слуцкія бэры (сорт грушы) — вывядзенне звязваюць з манахамі Слуцкага бернардзінскага кляштара
- Беларускі запражны конь — парода коней, выведзеная ў канцы XIX ст. скрыжаваннем дробных коней паўночнага ляснога тыпу з буйнейшымі жарабцамі запражных і цяжкавозных парод.
- Беларускі ганчак — парода паляўнічых сабак Беларусі, знаходзіцца ў стадыі адраджэння.
- Радзівілаўскія (палескія) спаніэлі, вядомыя ў Польшчы як польскія спаніэлі (парода сабак, выведзеная Радзівіламі ў Манькавічах у 1930-я гады).
- Беларуская чорна-пярэстая свіння — вынік складанага ўзнаўленчага скрыжавання мясцовых свіней з даўгавухімі і караткавухімі свіннямі, ёркшырамі, беркшырамі, тэмворсамі і буйнымі чорнымі, афіцыйна зацверджаная ў 1976 годзе.
Навуковыя асновы селекцыі закладзены Чарлзам Дарвінам (1859). З развіццём генетыкі селекцыя ператварылася з сукупнасці практычных мер па вывядзенні і ўдасканаленні сартоў раслін, парод свойскіх жывёл і штамаў мікраарганізмаў у дакладную навуку, заснаваную на эксперыменце.
- Найбольш вядомыя беларускія навукоўцы-селекцыянеры
- Адам Станіслававіч Грабніцкі-Дактаровіч (1858—1941)
- Мікалай Малюшыцкі (1872—1929)
- Эма Сюбарава (1898—1983)
- Антон Жэбрак (1901—1965)
- Аркадзь Лапо (1904—1983)
- Пётр Альсмік (1907—1992)
- Іван Мікітчанка (1939—2010)
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |