Перайсці да зместу

Аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта БДУ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта БДУ
Дата заснавання / стварэння 1947
Краіна
Размяшчэнне штаб-кватэры
Пераемнік філасофска-эканамічны факультэт БДУ
Дата спынення існавання 1989

Аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта БДУ, або філасофскае аддзяленне гістарычнага факультэта БДУ — аддзяленне, якое існавала ў 1947—1989 гадах у складзе гістарычнага факультэта БДУ і адыграла ключавую ролю ў станаўленні ўніверсітэцкай філасофскай, псіхалагічнай і сацыялагічнай адукацыі ў Беларусі. У 1989 на базе аддзялення філасофіі, аддзялення палітэканоміі і аддзялення сацыялогіі быў створаны філасофска-эканамічны факультэт БДУ.

1 лістапада 1921 г. на трох факультэтах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук — пачаліся рэгулярныя заняткі для 1390 студэнтаў. Факультэт грамадскіх навук меў задачай рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне гаспадаркі, педагогікі, права і мовазнаўства.[1] Вядома пра існаванне кафедр: рускай гісторыі; гісторыі Беларусі; усеагульнай гісторыі; гісторыі рэлігіі; гісторыі літаратуры рускай і беларускай; псіхалогіі і педагогікі; філасофскіх навук; гісторыі рускай мовы; гісторыі матэрыялізму; эканамічных навук; гісторыі мастацтва; юрыдычных навук; гісторыі яўрэяў; яўрэйскай літаратуры і мовы; беларускай мовы.

У 1922 годзе са складу факультэта грамадскіх навук быў утвораны педагагічны факультэт БДУ, а на самім факультэце засталіся эканамічнае і прававое аддзяленні.[2] Вядома пра існаванне кафедр: дыялектычнага матэрыялізму; грамадзянскага права і грамадзянскага працэсу; адміністрацыйнага права; дзяржаўнага права; таваразнаўства; міжнароднага права; эканамічнай палітыкі; сацыялогіі і першабытнай культуры; гісторыі народнай гаспадаркі Заходняй Еўропы; статыстыкі; народнай гаспадаркі Расіі і Беларусі; гісторыі расійскага і літоўска-беларускага права; крымінальнага права; крымінальнага працэсу; гісторыі інстытутаў прыватнага права; бухгалтэрыі і рахунказнаўства; прыкладной эканомікі; палітычнай эканоміі; агульнай тэорыі права; гісторыі права.[2][3]

У 1924 годзе было прынята рашэнне аб закрыцці факультэта грамадскіх навук.[4] 25 жніўня 1925 года факультэт грамадскіх навук быў рэарганізаваны ў факультэт права і гаспадаркі БДУ (прававое і эканамічнае аддзяленні).[5]

У 1927 годзе ў складзе педагагічнага факультэта БДУ былі кафедры: фізікі; агульнага мовазнаўства і гісторыі беларускай мовы; неарганічнай, аналітычнай і фізічнай хіміі; дыялектычнага матэрыялізму; педалогіі; батанікі; расійскай гісторыі; гісторыі Беларусі; расійскай літаратуры; заходнееўрапейскай літаратуры; псіхалогіі; старажытнай гісторыі; новай гісторыі; агульнай гісторыі; астраноміі; гісторыі рэлігіі і гісторыі Усходу; гісторыі народнай гаспадаркі Беларусі; арганічнай хіміі; старай беларускай пісьменнасці; геалогіі і мінералогіі; методыкі матэматыкі; вышэйнай матэматыкі; агульнай хіміі; заалогіі; методыкі фізікі; параўнальнага мовазнаўства; метэаралогіі; методыкі грамадазнаўства; беларускай мовы.[2]

28 ліпеня 1931 г. на падставе пастановы Савета Народных Камісараў БССР педагагічны факультэт БДУ быў рэарганізаваны ў самастойны Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут.[6]

У 1934 у складзе БДУ быў утвораны гістарычны факультэт.

Па стане на 1 сакавіка 1941 на гістарычным факультэце БДУ існавалі чатыры гістарычныя кафедры — гісторыі старажытнага свету (утворана ў 1938 г.), гісторыі сярэдніх вякоў (1938 г.), гісторыі новага часу (1937 г.), гісторыі СССР (1937 г.) і тры сацыяльна-эканамічныя кафедры — асноў марксізму-ленінізму (1938 г.), палітычнай эканоміі (1940 г.), філасофіі (створана ў пачатку 1941 г.).[7]

У 1946 г. ва ўніверсітэце была адкрыта кафедра педагогікі і псіхалогіі, якую ўзначаліў дацэнт Л. В. Шашкоў, а з 1947 г. на аддзяленні логікі, псіхалогіі і рускай мовы філалагічнага факультэта пачынаецца падрыхтоўка псіхолагаў (першы выпуск прайшоў у 1950 г. і складаўся з 25 чалавек). Таксама супрацоўнікі кафедры забяспечвалі выкладанне псіхалогіі на розных факультэтах БДУ. На аддзяленні логікі, псіхалогіі і рускай мовы працаваў студэнцкі гурток, вялася актыўная навуковая праца студэнтаў, а ў 1949 г. упершыню была адкрыта аспірантура па псіхалогіі. Аддзяленне і аспірантура зачынены ў 1955 годзе, кафедра працягвала існаваць.[8]

У 1947 на гістарычным факультэце было адкрыта аддзяленне філасофіі [7] і кафедра гісторыі філасофіі (скасавана ў 1949, загадчык член-карэспандэнт АН СССР М. Т. Іаўчук).[9]

У 1950 годзе створана кафедра гісторыі філасофіі і логікі (загадчык — дацэнт І. С. Чымбург).[10]

У 1964 арганізавана кафедра навуковага камунізму (загадчык — дац. М. Р. Круцько).[11]

У 1956/57 навучальным годзе акадэмік АН СССР Г. Ф. Аляксандраў прачытаў для студэнтаў чацвёртага і пятага курсаў гістарычнага і юрыдычнага факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта курс лекцый «Гісторыя сацыялагічных вучэнняў». У 1958 г. у БДУ выйшла яго кніга «Гісторыя сацыялогіі як навука». Пасля прыняцця ў лістападзе 1965 г. Пастановы ЦК КПБ «Аб арганізацыі канкрэтна-сацыялагічных даследаванняў у рэспубліцы» сталі стварацца навуковыя структуры ў АН БССР і ВНУ. У адпаведнасці з гэтай пастановай у 1967 г. у БДУ ствараецца Праблемная навукова-даследчая лабараторыя сацыялагічных даследаванняў (ПНДЛСІ), якую ў розныя гады ўзначальвалі член-карэспандэнт АН БССР, прафесар І. М. Лушчыцкі; дацэнты С. І. Дзерышаў, І. І. Зубаў; прафесары М. Р. Юркевіч, Г. П. Давідзюк, С. Д. Лапцёнак.[12]

У 1969 свет пабачыў першы нумар навуковага часопіса «Веснік Беларускага ўніверсітэта імя У. І. Леніна». Выданне пачынае серыя «Гісторыя, філасофія, эканоміка, права». Усяго запланавана 4 серыі.[11]

У 1973 годзе, у сувязі з развіццём філасофскай адукацыі і навуковых даследаванняў на базе кафедры філасофіі арганізуюцца дзве самастойныя кафедры: марксісцка-ленінскай філасофіі прыродазнаўчых факультэтаў, якую ўзначаліў доктар філасофскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР В. І. Сцяпанаў; марксісцка-ленінскай філасофіі гуманітарных факультэтаў, загадчыкам якой стаў доктар філасофскіх навук, прафесар Г. П. Давідзюк.[13]

З пачатку 1974/75 навучальнага года на філасофскім аддзяленні гістарычнага факультэта БДУ па ініцыятыве прафесара Г. П. Давідзюка была адкрыта спецыялізацыя па прыкладной сацыялогіі.[12] У 1975 г. пры кафедры марксісцка-ленінскай філасофіі гуманітарных факультэтаў адкрыта аспірантура па прыкладной сацыялогіі.[14] У 1977 г. адбыўся першы выпуск спецыялістаў у галіне прыкладной сацыялогіі, якія былі размеркаваны на прадпрыемствы ў якасці сацыёлагаў, трое прыняты ў аспірантуру БДУ па спецыяльнасці «Прыкладная сацыялогія». Да пачатку 1980-х гг. у аспірантуры на кафедры філасофіі навучалася каля дваццаці чалавек па дадзенай спецыяльнасці.[12]

За кошт маладых вучоных, якія скончылі аспірантуру, ішло папаўненне ПНДЛСІ і сектара прыкладной сацыялогіі пры кафедры марксісцка-ленінскай філасофіі гуманітарных факультэтаў БДУ, які пачаў навукова-даследчую дзейнасць 5 мая 1974 г. Фінансаванне работы новай сацыялагічнай службы ажыццяўлялася за кошт гаспадарчых дагавораў інфармацыі прамысловымі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Сектар прыкладной сацыялогіі адыграў важную ролю ў развіцці ўніверсітэцкай сацыялогіі, падрыхтоўцы прафесійных сацыёлагаў у рэспубліцы. Асноўная функцыя новай структуры заключалася ў выкананні шматлікіх заказаў ад прадпрыемстваў і арганізацый па даследаванні сацыяльных праблем у канкрэтным працоўным калектыве для апярэджання магчымых канфліктаў, выяўлення рэзерваў павышэння працоўнай актыўнасці, вызначэння эфектыўнасці прымаемых адміністрацыяй рашэнняў, удасканалення стылю працы кіраўнікоў усіх узроўняў, аптымізацыі ў падборы і расстаноўцы кіраўніцкіх кадраў. Сектар прыкладной сацыялогіі працаваў пад навуковым кіраўніцтвам прафесара Г. П. Давідзюка. Першым загадчыкам сектара прыкладной сацыялогіі быў прызначаны І. Я. Пісарэнка. У наступным часе гэтую пасаду займалі І. Г. Мацюшэнка, а потым С. А. Шавель і Д. Г. Ротман. У розны час у сектары працавалі вядомыя беларускія сацыёлагі, псіхолагі і эканамісты: Г. М. Сакалова, А. М. Елсукоў, Л. А. Гуцаленка, С. В. Лапіна, Л. Р. Цітарэнка, А. Ц. Манаеў, А. І. Ляўко, Л. А. Саглаева, Ж. М. Грышчанка, З. М. Пінхасік, У. А. Палікарпаў, К. Г. Лапіч, Я. С. Яскевіч і інш.[12]

У 1975 па прапанове праф. С. Д. Лапцёнка ствараецца кафедра этыкі, эстэтыкі і навуковага атэізму.[15]

У 1976 у выніку падзелу кафедры педагогікі і псіхалогіі ствараецца кафедра псіхалогіі (загадчык дацэнт Р. І. Вадэйка.[14] У 1978 пры кафедры зноў адкрываецца аспірантура.[8]

У лістападзе 1979 года кафедру філасофіі прыродазнаўчых факультэтаў узначаліла доктар філасофскіх навук, прафесар І. І. Жбанкова, у далейшым, з 1987 па 1989 год, ёю кіраваў доктар філасофскіх навук, прафесар А. М. Елсукоў, і з 1989 па 1991 — доктар філасофскіх навук, прафесар П. С. Карака. У гэты час кафедра паспяхова забяспечвала навучальны працэс на прыродазнаўчых факультэтах БДУ, вяла падрыхтоўку аспірантаў і ажыццяўляла распрацоўку навуковых праблем у галіне тэорыі пазнання, сацыяльнай філасофіі і філасофіі навукі.[13]

У 1981 годзе кафедру філасофіі гуманітарных факультэтаў узначальвае доктар філасофскіх навук, прафесар В. С. Сцёпін. Пад ягоным кіраўніцтвам калектыў кафедры дабіваецца значных поспехаў як у педагагічнай дзейнасці, так і ў развіцці навуковых даследаванняў. У гэты перыяд на сістэмнай прафесійнай аснове была разгорнута падрыхтоўка студэнтаў і аспірантаў у галіне філасофіі, створаны і паспяхова заявілі аб сабе даследчыя калектывы і навуковыя школы. Адмысловае месца сярод іх заняла «Мінская школа» у вобласці філасофіі і метадалогіі навукі, творчыя дасягненні якой сталі шырока вядомыя не толькі ў Беларусі, але і ў шматлікіх краінах свету.[13]

У 1987 годзе кафедру філасофіі гуманітарных факультэтаў БДУ узначаліў доктар філасофскіх навук, прафесар Анатоль Ізотавіч Зелянкоў. Пад яго кіраўніцтвам кафедра працягнула традыцыю навуковых даследаванняў у галіне філасофіі і метадалогіі навукі і дабілася значных вынікаў, былі апублікаваны сур’ёзныя манаграфічныя даследаванні, арганізаваны і праведзены на базе кафедры буйныя ўсесаюзныя і міжнародныя навуковыя канферэнцыі.[13]

У 1989 годзе адкрываецца аддзяленне сацыялогіі і кафедра сацыялогіі. На базе аддзялення філасофіі, аддзялення палітэканоміі і аддзялення сацыялогіі ствараецца філасофска-эканамічны факультэт БДУ.[12]

Вядомыя выпускнікі

[правіць | правіць зыходнік]
  1. З АРТЫКУЛА С. Я. ВАЛЬФСОНА АБ ДЗЕЙНАСЦІ ФАКУЛЬТЭТА ГРАМАДСКІХ НАВУК БДУ (Вестник Наркомпроса ССРБ. 1922. № 3. С. 13—14.)
  2. а б в Пічэта, В. І. Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт 1921—1927. Да 10-й гадавіны Кастрычнікавай рэвалюцыі : зборнік артыкулаў. — Менск, 1927. — С. 5-46.
  3. ФАКУЛЬТЭТ ФIЛАСОФII I САЦЫЯЛЬНЫХ НАВУК — факультэт, які фарміруе сэнсы
  4. З ПРАТАКОЛА ПАСЯДЖЭННЯ БЮРО ЦК КП(б)Б 24—25 ліпеня 1924 г. (НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 3. Спр. 3. Л. 245. Машынапіс. аўтогр.)
  5. Першыя крокі па аднаўленню вышэйшай юрыдычнай адукацыі на Беларусі
  6. История БГПУ
  7. а б Гісторыя БДУ 1940—1950
  8. а б История и современное состояние кафедры социальной и организационной психологии
  9. ФАКУЛЬТЭТ ФIЛАСОФII I САЦЫЯЛЬНЫХ НАВУК — факультэт, які фарміруе сэнсы
  10. Гісторыя БДУ 1950—1954
  11. а б Гісторыя БДУ 1960—1970
  12. а б в г д Об истории кафедры социологии
  13. а б в г Кафедра философии и методологии науки — История и современное состояние кафедры
  14. а б Гісторыя БДУ 1975—1977
  15. Данилов А. Н. Ему было дано зажигать звезды… // Социология. — 2015. — № 3. — С. 140—144.