Адзій Шарыпавіч Шарыпаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Адзій Шарыпаў
Кіраўнік Інстытута літаратуры і мастацтва НАН Казахстана
1979 — 1993
1-ы сакратар Саюза пісьменнікаў Казахстана
1966 — 1971
6-ы міністр замежных спраў Казахскай ССР
1963 — 1966
Кіраўнік урада Дзінмухамед Кунаеў, Масымхан Бейсебаеў
Пераемнік Балжан Бультрыкава
Міністр асветы Казахскай ССР
1958 — 1963
Кіраўнік урада Дзінмухамед Кунаеў, Жумабек Ташэнаў, Салькен Даўленаў, Масымхан Бейсебаеў

Нараджэнне 19 снежня 1912(1912-12-19)
Смерць 4 лістапада 1993(1993-11-04) (80 гадоў)
Бацька Шарып Шарыпаў
Адукацыя
Навуковая ступень доктар філалагічных навук
Дзейнасць навуковец
Бітвы
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Айчыннай вайны I ступені ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Чырвонай Зоркі Ордэн «Знак Пашаны»

Адзі́й Шары́павіч Шары́паў[1] (1912, с. Марынаўка, цяпер Усходне-Казахстанская вобласць — 1993, Алматы, Казахстан) — казахскі пісьменнік і мовазнавец. Заслужаны настаўнік Казахстана (1957), доктар філалагічных навук (1973). У час Вялікай Айчыннай вайны быў партызанам у Беларусі, пра што напісаў 4 аповесці.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1938 годзе скончыў Казахскі педагагічны інстытут у Алматы (Казахская ССР). У 1938—1940 гадах выкладаў у школах Алмацінскай вобласці. У лютым 1940 года яго заклікалі ў Чырвоную армію, дзе служыў у 7-й танкавай дывізіі  (руск.), размешчанай у Ваўкавыску (Беластоцкая вобласць Беларускай ССР). Ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны да 6 ліпеня 1941 года адступаў з дывізіяй да Вязьмы (Смаленская вобласць, РСФСР), дзе яе расфарміравалі. У Мухінскіх лясах Ельнінскага раёна стварыў партызанскі атрад, які дзейнічаў у Ершыцкім і Рослаўскім раёнах Смаленскай вобласці. Атрад Сашы, як яго пазней нараклі, увайшоў у склад 2-й Клятнянскай партызанскай брыгады (Бранская вобласць) і падрываў масты ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці (Беларуская ССР). У снежні 1941 года атрымаў аскепкавае раненне ў грудзі. У хаце лесніка Рамана Андзіна лекар выдаліў аскепкі без наркозу. Пасля вайны Шарыпаў напісаў аўтабіяграфічную аповесць «Гісторыя аднаго кажушка», якую прысвяціў Еўдакіі Анодзінай, што падарыла яму свой кажух пасля аперацыі. У пачатку кастрычніка 1943 года 2-я Клятнянская брыгада злучылася з Чырвонай арміяй[2].

У 1944—1958 гадах быў намеснікам міністра асветы Казахскай ССР. Спрыяў стварэнню падручнікаў на казахскай мове, за што ў 1957 годзе атрымаў званне «Заслужаны настаўнік Казахстана». У 1958—1963 гадах — міністр асветы Казахскай ССР. Адначасна ў 1959—1962 і 1963—1966 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Казахскай ССР 5-га і 6-га скліканняў. У 1963—1966 гадах — міністр замежных спраў і намеснік старшыні Савету міністраў Казахскай ССР. У 1966—1971-м — 1-ы сакратар Саюза пісьменнікаў Казахстану і сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. Адначасна ў 1966—1970 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 7-га склікання, дзе займаў пасаду намесніка старшыні Савета Саюза. Напісаў пра беларусаў і Беларусь аповесці «Дачка партызана» (каз.: Партизан қызы), «Помста» і «Зоркі ў цямніцы» (каз.: Қапастағы жұлдыздар). Сустракаўся з народнымі паэтамі Беларусі Петрусём Броўкам і Максімам Танкам. Стварыў сцэнарый кінафільма «Лясная балада», які паказалі на фестывалях у Алматы і Ташкенце (Узбекская ССР). У 1971—1979 гадах працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры і мастацтва Акадэміі навук Казахскай ССР. У 1973 годзе атрымаў званне доктара філалагічных навук. У 1979—1993 гадах быў кіраўніком Інстытута літаратуры і мастацтва НАН Казахстану. У 1985 годзе наведаў Краснапольскі раён Беларусі. Быў першым казахам, чыё імя ўключылі ў Брытанскую энцыклапедыю[2].

Зноскі

  1. Часам Адзі, як у: Ніна Шчарбачэвіч. Тканка літаратурнага працэсу // Жырандоля. — 3 сакавіка 2018. — № 9 (405).
  2. а б Мікола Берлеж. Беларусь — яго лёс // Звязда : газета. — 29 кастрычніка 2013. — № 204 (27569). — С. 4. — ISSN 1990-763x.