Кніга Апакаліпсіс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Адкравенне Іаана Багаслова)
Кніга Апакаліпсіс

Праваслаўная ікона Апакаліпсіс Святога Яна (16 стагоддзе)
Раздзел: Новы Запавет
Вікікрыніцы: Адкрыцьце сьв. Іоана Багаслова

Тэкст на Вікікрыніцах

Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кніга Апакаліпсіс, Адкрыццё Свято́га Іаа́на Багасло́ва[1], Апака́ліпсіс, або Адкраве́нне святога Апостала Іаана Багаслова[2], Адкрыццё[3], Адкрыцьцё Яна Багаслова[4] — апошняя кніга Новага запавету Бібліі. Паводле заходняй традыцыі, перад кнігай Адкрыцця стаіць ліст Іуды, аднак паводле ўсходняй традыцыі перад кнігай змяшчаецца ліст да Яўрэяў.

Асаблівасці жанру апакаліпсіса[правіць | правіць зыходнік]

Кніга Адкрыцця ці, па-грэчаску, Апакаліпсіс — апошняя з кніг Новага Запавету. Яна належыць да асобага біблейскага жанру — апакаліптычнага. Жанр апакаліптычнай літаратуры быў вельмі пашыраны ў час Старога Запавету, ён прысутнічае сярод такіх кніг, як Ісаі, Езекііля, Ёіля і, найперш, Данііла. Асаблівую папулярнасць жанр набыў у паміжзапаветны перыяд, калі была створаная вялікая колькасць апакаліптычных твораў. Прысутнічае жанр таксама і ў Новым Запавеце. Так, 13 раздзел Евангелля паводле Марка можа быць аднесены да апакаліптычнага жанру. Паколькі хадзіла вялікая колькасць падобнай літаратуры, то чытачы добра разумелі мову апакаліптыкі, поўную вобразаў, метафар, сімвалаў і знакаў.

Традыцыйна апавяданне ў апакаліпсісах вядзецца ад вялікай асобы, якой Анёл паказвае з неба будучыя падзеі ў сімвалічнай, поўнай таемнага сэнсу, форме. Акрамя таго, у літаратуры такога кшталту прысутнічаюць барацьба з язычнікамі, знішчэнне Рыма, сабіранне раскіданага Божага народа, аднаўленне Іерусаліма, перамога над язычнікамі, росквіт і заможнае жыццё адноўленага святога горада. Нягледзячы на тое, што некаторыя з вышэйазначаных тэм прысутнічаюць у кнізе Адкрыцця, кнігу Адкрыцця нельга лічыць тыповым апакаліпсісам, яна больш нагадвае прароцтва, якое, аднак, адносіцца да падзей ад часу жыцця аўтара да самага канца чалавечай гісторыі.

Аўтарства кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Імя аўтара пазначана ўжо ў самым пачатку кнігі — гэта Ян, верны служка Бога. За сваю вернасць Ян быў сасланы на востраў Патмас у Эгейскім моры, дзе ён і атрымаў адкрыццё ад Бога. Большасць старадаўніх і сучасных даследчыкаў звязвае аўтара з апосталам Янам, аўтарам Евангелля і трох лістоў (1 Яна, 2 Яна і 3 Яна). Але ўжо ў II стагоддзі былі людзі, якія сумняваліся ў апостальскім паходжанні кнігі. У Заходняй царкве кніга была прынята ў канон і лічылася апостальскай ужо ў пачатку III стагоддзя, тады як ва Ўсходняй царкве доўгі час сумняваліся ў богадухнавеннасці твора, і толькі ў VII стагоддзі кніга была прынята ў канон. Але ўсё роўна ў набажэнствах у Праваслаўнай царкве кніга не чытаецца.

Асаблівасці кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Мова Адкрыцця значна адрозніваецца ад астатніх твораў Яна. Перш за ўсё, аўтар кнігі разважае граматычнымі і стылістычнымі канструкцыямі семіцкіх моў (яўрэйскай і арамейскай), таму ягоная грэчаская мова выглядае неяк дзіўна, з моцным усходнім адценнем. Па-другое, у кнізе прысутнічае вялікая колькасць граматычных вольнасцей, словазлучэнняў, якія ў грэчаскай мове рэдка ўжываюцца. Але пры гэтым кніга Адкрыцця моцна нагадвае Евангелле паводле Яна, а таксама лісты Яна. Толькі ў гэтых кнігах Хрыстос названы Божым Ягнём.

Часта Адкрыццё лічаць песімістычнай кнігай, але гэтая кніга — адна з самых аптымістычных у Новым Запавеце, таму што ў ёй апавядаецца пра ўсталяванне Божага Валадарства, пра змяненні сусвету і пра ажыццяўленне мараў усіх вернікаў жыць у прысутнасці Бога.

Мэта напісання кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Кніга напісана ў час самых моцных ганенняў на хрысціян. Мэта кнігі — падтрымаць веру хрысціян падчас іспыту. Аўтар абвяшчае аб канчатковай перамозе Хрыста і блізкасці Ягонага прышэсця, у чым ажыццяўляецца надзея для ўсіх хрысціян. Але ў той жа час на верніках ляжыць вялікая адказнасць, каб не пакланіцца Зверу з-за страху за сваё жыццё, каб не пайсці на кампрамісы і ўгоды з дэманічнымі сіламі.

Час напісання кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Кніга ўзнікла дзесьці паміж 67 і 69 гадамі нашае эры ў часы панавання рымскага імператара Гальбы і з’яўляецца адным з найстаражытнейшых твораў хрысціянскай літаратуры, што захаваўся да нашага часу.

Змест кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзячыся ў ссылцы, Ян атрымаў ад Хрыста адкрыццё пра тое, што здарыцца з зямной гісторыяй у будучым. Хрыстос загадаў Яну напісаць лісты да сямі цэркваў у Малой Азіі: Эфеса, Смірны, Пергама, Фіятыры, Сардаў, Філадэльфіі і Лаадыкіі. У іх Хрыстос звяртаецца да кожнай царквы з хвалою (акрамя Лаадыкіі) і вымоваю (акрамя Смірны і Філадэльфіі).

Пасля гэтага Ян пераносіцца на нябёсы і бачыць вялікую тронную залю Бога, у якой увесь час ідзе нябесная літургія. Ён бачыць у руцэ Бога скрутак, запячатаны на сем пячатак. Ян вельмі жадае прачытаць змест скрутка, але на ўсіх нябёсах няма нікога, хто быў бы годным адчыніць сем пячатак. Пасля вызначаецца, што адно толькі Божае Ягня можа адчыніць скрутак. Потым адна за другой здымаюцца шэсць пячатак, пры гэтым на небе адбываюцца дзіўныя падзеі: з’яўляюцца чатыры вершнікі, ахвярнік з душамі забітых за Божае Слова, вялікае землетрасенне. Зместам сёмай пячаткі з’яўляюцца сем труб, у якія па загаду Бога трубяць Анёлы, пасля чаго адбываюцца моцныя бедствы, якія ідуць як кара за грахі людзей. Але, нягледзячы на шматлікія пакуты і нястачы, людзі не хочуць адвярнуцца ад сваіх грахоў і злых спраў. Толькі невялікая колькасць людзей прымаюць выратаванне, іх колькасць вызначана як сто сорак чатыры тысячы, па дванаццаць тысяч з кожнага калена (колькасць кален таксама дванаццаць). Апранутыя ў белую вопратку, яны сімвалізуюць чысціню, ім абяцана, што яны ўжо больш не будуць цярпець беды і нястачы.

Зместам сёмай трубы з’яўляюцца сем пасудзін Божага гневу. Анёлы трубяць, і на зямлю звальваюцца шматлікія бедствы: вогненны град, вялікая гара, вялікая зорка, зацьменне сонца і зорак, зорка з неба, чатыры анёлы з бедствамі. Бедствы знішчаюць адно за другім зямлю і расліннасць на ёй, мора, марскіх істот і караблі, водныя крыніцы, робячы ваду нягоднай да ўжывання; сонца больш не дае свету, завяршаюць бедствы саранча і дзве процьмы вершнікаў, якія робяць жыццё людзей асабліва горкім. Але і тыя людзі, што не памерлі ад шасці бедстваў, не раскаяліся ў сваіх злачынствах і не адвярнуліся ад ідалаў.

Далей прарок бачыць моцнага Анёла, які клянецца вечным Богам, што збавенне наступіць пасля сёмай трубы. Ян пераносіцца ў нябесны храм і бачыць пакланенне ў Божым храме.

На небе з’яўляецца цяжарная жанчына і вялікі цмок, які чакае, каб зжэрці яе Дзіця. Але Дзіця пасля нараджэння было ўзнесена на неба, а жанчына ўцякла ў пустыню, а раз’юшаны цмок (які ёсць не хто іншы як д’ябал і сатана) распачынае вайну з астатнім Божым народам. Гэтая барацьба — толькі частка вайны на небе, дзе арханёл Міхаіл з анёламі скідваюць цмока з ягонымі анёламі на зямлю. На дапамогу цмоку прыходзіць звер з сямю галавамі і з дзесяццю рагамі. Ён перамагае Божы народ і ўсталёўвае сваю ўладу нада ўсёй зямлей, ягоная лічба 666. Але вернікі не забытыя небам, прарок бачыць Ягня са ста сарака чатырма тысячамі вернікаў ў белым адзенні, тры анёлы, якія ляцяць пасярод неба, абвяшчаюць пра падзенне Вавілона. Гэтым усе вернікі заклікаюцца захоўваць Божыя запаведзі і веру ў Ісуса.

Ян бачыць адзнаку на небе: сем анёлаў з сямю пасудзінамі Божага гневу. Анёлы пачаргова выліваюць пасудзіны Божага гневу на зямлю, і на зямлю сыходзіць сем бедаў: брыдкія раны на людзях, якія мелі кляймо звера, пераўтварэнне мора і крыніц у кроў, моцны сонцапёк, цемра над валадарствам звера, высыханне ракі Еўфрат. Асабліва моцнае гора адбываецца пасля сёмай пасудзіны: адбываецца такое моцнае землетрасенне, якое зруйноўвае ўсе гарады, знікаюць горы і ўсе астравы, а ўслед падае град велічынёй у талант. Прарок моцна ўражаны, ён піша, што такіх бедстваў не было з самага пачатку існавання чалавецтва, але Ян з сумам зазначае, што і пасля гэтага людзі засталіся ў сваіх беззаконнях.

Ян бачыць распутную жанчыну ў багатым адзенні, якая сядзіць на зверы з сямю галавамі і з дзесяццю рагамі; яна ўвасабляе Вавілон. Анёл велічна ўзвяшчае пра падзенне Вавілона, які аплакваюць тыя, хто меў вялікі прыбытак ад гандлю з ім. На нябёсах валадарыць радасць, таму што Ягня ўступае ў шлюб з Нявестай, якая ўяўляе сабой Царкву.

З неба спускаецца Вершнік на белым кані — Сам Пан. Звер і ілжэпрарок схопленыя, а іх прыхільнікі — забітыя мячом Вершніка. Наступае Тысячагадовае Валадарства, падчас якога Д’ябал і Сатана скаваныя на тысячу год, а ўсе святыя ўваскрэслі для суда над Д’яблам і пануюць разам з Хрыстом тысячу год. Пасля сканчэння тысячы год Сатана сыходзіць на зямлю, збірае вялізнае войска з ганебных народаў, якія паўсталі з памерлых, і акружае Божы стан. Адбываецца Божы суд, прысудам грэшнікам з’яўляецца другая, канчатковая смерць.

Ян бачыць новае неба і новую зямлю. Гэта Новы Іерусалім, ён таксама спускаецца з неба. Прыгажосць горада не паддаецца апісанню, ён будзе домам не толькі для ўваскрэслых людзей, Сам Бог будзе жыць з выратаванымі. Божае Валадарства будзе бясконцым. Анёл загадвае Яну не запячатваць словы кнігі, бо Другое прышэсце, а разам з ім і выратаванне, настане ў хуткім часе. Але яно будзе тычыцца толькі тых, хто вытрымае да канца, хто пранясе веру без зменаў.

Структура кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Кніга падзелена на 22 раздзелы. Структура кнігі падпарадкавана складанай сімвалічнай лічбавай структуры. Лічба сем шматкратна паўтараецца, яна сімвалізуе Божую палнату: Ян піша лісты сямі цэрквам, здымаюцца сем пячатак, сем анёлаў трубяць у сем труб, сем знакаў сімвалізуюць барацьбу Сатаны з Царквой, выліваецца сем пасудзін гневу, сем мараў паказваюць на лёс Вавілона. Лічба шэсць, наадварот, азначае непаўнату, мабыць, таму імя звера схавана ў лічбе 666.

Сціслы план кнігі[правіць | правіць зыходнік]

  • Уступ (1:1-8)
  • Бачанне Хрыста і лісты сямі цэрквам (1:9-3:22)
  • Сем пячатак (4:1-8:5)
  • Сем труб (8:6-11:19)
  • Цмок і два зверы (12:1-13:18)
  • Бачанне на нябёсах (14:1-15:8)
  • Сем пасудзін гневу (16:1-21)
  • Пагібель Вавілона і злых сіл (17:1-20:10)
  • Суд Божы (20:11-15)
  • Новы Іерусалім (21:1-22:5)
  • Завяршэнне кнігі (22:6-21)

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
  2. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. — Мінск: Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора: Медыял, 2017. — 544 с. — ISBN 978-985-6594-63-5 ISBN 978-985-6914-45-7.
  3. Біблія кананічная. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2017. — 928+336 с. — 1 500 экз. — ISBN 978-985-6183-14-3.
  4. Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Gregory K. Beale, The Book of Revelation, NIGTC, Grand Rapids — Cambridge 1999. = ISBN 0-8028-2174-X
  • Толковая Библия. Новый завет. В 7 томах. Том 7. Деяния. Соборные послания. Откровения Иоанна Богослова. Под редакцией А. П. Лопухина. — М.: ДАРЪ, 2009. — 1296 с. ISBN 978-5-485-00276-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]