Грамада беларускай моладзі ў Горадні: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: ''''«Грамада беларускай моладзі ў Горадні»''' — беларуская маладзёжная арганізацыя ў [[Грод...'
(Няма розніцы)

Версія ад 09:35, 2 мая 2012

«Грамада беларускай моладзі ў Горадні» — беларуская маладзёжная арганізацыя ў Гродне. Існавала ў маі 1919—21 г.

Ініцыятары стварэння — Т. Грыб, П. Мядзёлка, Л. Дзекуць-Малей і інш. У кастрычніку 1919 налічвала 100 сяброў, большасць з іх складалі былыя ўцекачы І сусветнай вайны, настаўнікі беларускіх школ. 14.10.1919 на 2-м агульным сходзе ў кіраўніцтва Грамады абраны П. Мядзёлка (старшыня), Курбскі і Амяльянчык (нам. старшыні), К. Салошык (сакратар). Паводле статута мела на мэце гуртаванне моладзі, прапаганду роднай мовы, гісторыі, геаграфіі, фальклору, развіццё спорту і фізічнай культуры. Працавалі секцыі: самаадукацыйная, літаратурная, драматычная, харавая, спартыўная і інш.; драматычны гурток (кіраўніца П. Мядзёлка), хор (кіраўнік У. Шах). Арганізоўваліся лекцыі па беларусазнаўстве, вечарыны, тэатральныя спектаклі, частка грашовых збораў ішла на падтрымку беларускага дзіцячага прытулку і беларускіх школ. Філіялы грамады дзейнічалі ў в. Крынкі (кіраўнік А. Парук) і в. Верцялішкі (В. Сянцевіч). Пры спартыўнай секцыі ў 1920 існавалі скаўцкая дружына і дзве футбольныя каманды. Грамада супрацоўнічала з Гродзенскай цэнтральнай вучыцельскай радай, мела кантакты з цэнтральнай Беларускай школьнай радай, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам і інш. Цярпела ганенні ад польскіх улад.

Літаратура

  • Карповіч М. Пра беларускі тэатр у Горадні // Наш край. 1929. № 3.
  • Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця: Успаміны. Мн., 1974.
  • Ляхоўскі У. «Грамада беларускай моладзі ў Горадні» // ЭГБ ў 6 т. Т. 3. Мн., 1996.