Касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкцінак (Мінск): Розніца паміж версіямі
[дагледжаная версія] | [дагледжаная версія] |
др Чаховіч Уладзіслаў перанёс старонку Касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыктынак, Мінск у [[Касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкц... |
др робат дадаў: be-x-old:Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак (Менск) |
||
Радок 68: | Радок 68: | ||
{{Link FA|pl}} |
{{Link FA|pl}} |
||
[[be-x-old:Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак (Менск)]] |
|||
[[pl:Kościół św. Wojciecha i klasztor Benedyktynek w Mińsku]] |
[[pl:Kościół św. Wojciecha i klasztor Benedyktynek w Mińsku]] |
Версія ад 03:49, 3 кастрычніка 2012
Касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкцінак — рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Мінску. Дзейнічаў з 1-й пал. XVII ст да 1870-х гадоў. Займаў пляц на Высокім Рынку на Зборавай вуліцы (раён кінатэатра «Перамога»).
Комплекс складаўся з мураваных будынкаў касцёла і 2-павярховага кляштарнага корпуса з прыбудовай, капліцы, капеланіі, 2 флігеляў, бровара, свірана, стайні і інш. пабудоў, а таксама саду. Тэрыторыю кляштара атачаў высокі мур, які меў некалькі брам. Усе кляштарныя збудаванні зруйнавалі ў 1960-я гады, да нашага часу захаваліся падмуркі касцёла.[1][2]
Гісторыя
Мінскі бенедыкцінскі кляштар заснаваў віленскі канонік Войцех Сялява, які купіў у горадзе два дамы з іншымі пабудовамі ў С. Друцкага-Горскага і А. Сакалінскага і перадаў іх ордэну. Адпаведны ўклад у 4 мая 1633 года 14 ліпеня таго ж года пацвердзілі кароль Уладзіслаў ІV і віленскі біскуп С. Война.[3] Першыя манашкі перасяліліся сюды з нясвіжскага бенедыкцінскага кляштара.
Ад пачатку комплекс быў драўляным, але ўжо ў 1647—1649 гадах намаганнямі віленскага ваяводы Крыштафа Хадкевіча і яго жонкі Соф’я, уроджанай Горскай-Друцкай, архітэктар А. Кромер узвёў мураваны касцёл у гонар Св. Войцеха, біскупа і мучаніка. Мураваны кляштарны корпус збудавалі на сродкі К. К. Свірскай.[3] Мецэнатамі кляштару былі Марцыбела Зянкевіч, Сусанна і Алена Станкевіч, Сусанна Навадворская і інш.
У вайну з Масковіяй 1654—1667 годаў усходнія захопнікі спалілі ўсе драўляныя кляштарныя пабудовы, значна пашкодзілі і разрабавалі мураваную святыню. Кляштар адбудавалі ў 1670-я гады, касцёл асвяціў біскуп Мікола Слупскі.
У 1682 року ўвесь комплекс рэканструявалі, апроч таго ўзвялі новы мураваны кляштарны корпус. У 1780-я гады комплекс кляштара зноў рэканструявалі паводле праекта архітэктара Т. Раманоўскага ў стылі сталага барока, але будаўніцтва вежаў-званіц завершылася толькі ў 1803 годзе.
Станам на кан. XVIII — пач. XIX стст. ва ўладанні кляштара знаходзіліся 3 фальваркі, 8 вёсак, 3 карчмы, млын і каля 93 валок зямлі. У 1799 годзе ў ім жылі 22 манашкі. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой паводле Яна Ходзькі, вучылася 18 дзяўчат (толькі 6 з іх плацілі на навучанне[3]).
Па задушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 годаў расійскія ўлады зачынілі кляштар бенедыкцінак (1871), канфіскавалі будынкі ў каталікоў і перадалі іх праваслаўнаму ведамству пад жаночы Праабражэнскі манастыр. У 1872 годзе пачалася перабудова барочнага комплексу ў стылі маскоўскай сярэднявечнай архітэктуры.
У пачатку 1920-х гадоў савецкія ўлады ліквідавалі менскі жаночы праваслаўны манастыр. Некаторы час праваслаўная царква ў будынку былога касцёла працягвала дзейнічаць, але ў 1930-я гады яе прыстасавалі пад клуб. У сярэдзіне 1960-х гадоў комплекс касцёла і кляштара ўзарвалі. Пазней з левага боку ад падмуркаў касцёла збудавалі будынак гарадской пракуратуры з чырвонай цэглы.
Архітэктура
Касцёл
Пасля рэканструкцыі 1780—1803 гадоў касцёл уяўляў сабой прамавугольны ў плане 1-нефны аб’ём з 5-граннай апсідай, памерамі 70 на 20 локцяў (каля 46×13 м). Святыня мела 2-схільны чарапічны дах, больш нізкі над прэзбітэрыем. Галоўны фасад, звернуты да вуліцы, завяршаўся франтонам крывалінейнага абрысу. Яго фланкіравалі 2 высокія 3-ярусныя вежы з купальнымі завяршэннямі. Фасад быў насычаны вытанчанай архітэктурнай пластыкай: тонкапрафіляваны раскрапаваны карнізны пас падзяляў яго на два ярусы, а пілястры — на тры часткі, аконныя праёмы мелі мяккую лучковую абмалёўку.[4]
Інтэр’ер пад цыліндрычнымі скляпеннямі ўпрыгожвалі пяць 2-ярусных алтароў: галоўны алтар Св. Войцеха, алтары Тадэвуша Апостала, Святой Сям’і, святых патрыярхаў Бенедыкта і Схаластыкі, Беззаганага Зачацця Дзевы Марыі. У галоўным драўляным алтары быў абраз Маці Божай з Дзіцяткам, напісаны на палатне, у срэбнай з пазалотай і рубінамі шаце. У 2-м ярусе быў абраз Св. Войцеха, увенчвала кампазіцыю разбянае Укрыжаванне. Падлогу ў прэзбітэрыі касцёла пакрывалі пліткі чорнага мармуру, у санктуарыі яна была цаглянай. Сакрысція мелася адна, на хорах стаялі арганы на 10 галасоў. Побач з хорамі каля бакавой сцяны была адмысловая галерэя, дзе падчас святаў выступалі музыкі.[5]
Пры перабудове касцёла на царкву верхнія ярусы вежаў і франтон разбурылі, замест іх паставілі 5 глухіх цыбулепадобных купалаў над асноўным аб’ёмам і драўляную абшытую жалезам 3-ярусную шатровую званіцу ў цэнтры галоўнага фасада.[3]
Кляштар
Да заходняга фасада касцёла далучаўся 2-павярховы, прамавугольны ў плане, кляштарны корпус пад вальмавым дахам. Насуперак архітэктуры касцёла ён меў сціплае пластычнае вырашэнне, фасады рытмічна падзяляліся прамавугольнымі аконнымі праёмамі.[4]
Цікавай была сістэма ацяплення будынка — ад печак у тоўшчы сцен і пад падлогай былі пракладзеныя своеасаблівыя керамічныя каларыферы, якія давалі дадатковае цяпло. Корпус бенедыкцінак разлічваўся на 15 келляў, тым не менш у кляштары часам знаходзілася да 28 законніцаў, а разам з навіцыяткамі, вучаніцамі і служачымі насельніцтва дасягала 90 чалавек.
У комплекс кляштара таксама ўваходзіў сад, які паводле інвентара 1804 года налічваў 150 фруктовых дрэваў і агарод.
Цікавыя факты
- Мінскі кляштар бенедыкцінак быў апошнім, які царскія ўлады ліквідавалі ў месце. Пасля задушэння паўстання 1863—1864 годаў ён яшчэ некаторы час функцыянаваў, але цярпеў пераслед. У пачатку 1871 года з кляштару выслалі манашак, якія знайшлі тут прытулак пасля ліквідацыі іншых каталіцкіх кляштараў. Іх накіравалі ў Кімбараўскі кляштар, што знаходзіўся каля Мазыра.[6]
Зноскі
- ↑ Захар Шыбека, Уладзімір Гілеп, Уладзімір Дзянісаў. Што аднаўляць найперш? // Наша Ніва, 2004 — 46. С. 7 [1]
- ↑ Аквапарк на кляштарных могілках // Наша Ніва, 27 верасня 2006
- ↑ а б в г Уладзімір Дзянісаў. Менскі кляштар бенедыкцінак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 292
- ↑ а б Касцёл і кляштар бенедыкцінак // Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 188
- ↑ У. М. Дзянісаў. Кляштар бенедыкцінак // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска.. — Мн. С. 313
- ↑ Сяргей Харэўскі. Колькі шчыгулаў да разумення сучаснага Мінску // «Беларускі калегіум», лекцыі
Літаратура
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- Пазняк З. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985.— 111 с.: іл.
- Уладзімір Дзянісаў. Мінскія бенедыкцінкі: Гісторыя зруйнавага кляштара // Наша Вера, 2(24)/2003