Тэадор Антоні Ваньковіч: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[дагледжаная версія][дагледжаная версія]
др clean up, replaced: дынастыя → род using AWB
др Artsiom91 перайменаваў старонку Тэадор Антоній Ваньковіч у Тэадор Антоні Ваньковіч па-над перасылкай
(Няма розніцы)

Версія ад 17:31, 13 верасня 2014

Тэадор Антоній Ваньковіч
Герб «Ліс»
Герб «Ліс»
Падстароста менскі
1689 — 15 ліпеня 1716
Папярэднік Марцін Казімір Валадковіч
Пераемнік Андрэй Бенедыкт Карніцкі

Нараджэнне невядома
Смерць 15 ліпеня 1716(1716-07-15)
Род Ваньковічы
Бацька Пётр Ваньковіч
Маці Ганна Дуніна-Глушынская
Жонка Ганна Войшнар, Феліцыяна Эйдонаўна
Дзеці Стэфан
Антоні
Соф’я
Алена
Кацярына
Францішка
Калумба

Тэадор Антоній Ваньковіч (польск.: Teodor Antoni Wańkowicz, ? — 15 ліпеня 1716) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, стольнік і падстароста судовы мінскі, староста падусвяцкі. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1682, 1686, 1691, 1701, 1709 гадах.

Біяграфія

З роду Ваньковічаў герба «Ліс зменены», сын менскага войскага Пятра і ваўкавыскай харужычанкі Ганны Дунінай-Глушынскай.

У 1671—1676 узгадваецца як падчашы пінскі. Каля 1685 стаў менскім стольнікам, а ў 1689 — падстаростай судовым. Гэтыя дзве пасады трымаў да канца жыцця. Таксама быў старостам падусвяцкім і рушаўскім. Пяць разоў засядаў у Трыбунале ВКЛ у 1682, 1686, 1691, 1701 і 1709 (у гэтым годзе быў маршалкам кола Compositi judicii) гадах. Часта бываў кіраўніком на сойміках і судах фіскальных. У Менску заснаваў кляштары кармелітаў і баніфратаў. Ахвяраваў значныя сродкі мінскім францысканцам. Быў фундатарам мноства іншых кляштараў, у тым ліку тых жа законаў у Івянцы (Касцёл Святога Міхаіла Арханёла).

Згодна з Юзафам Вольфам, незадоўга да смерці атрымаў ад караля Аўгуста II прывілей на менскае кашталянства. Але нават калі прывілей і меў месца, Тэадор Ваньковіч не здолеў замацавацца на пасадзе кашталяна, бо з 1713 яе займаў Даніэль Выгоўскі. Ваньковіч застаўся стольнікам і падстаростам менскім, на гэтых пасадах і памёр пасля доўгай хваробы 15 ліпеня 1716.

Сям'я

Быў жанаты на дачцы лідскага земскага пісара Ганне Войшнар і меў ад яе двух сыноў, Стэфана і Антонія, якія рана памёрлі, і пяць дачок:

  1. Соф'ю, жонку менскага войскага Францішка Валадковіча;
  2. Алену, жонку новагародскага земскага суддзі Яна Рдултоўскага;
  3. Кацярыну, жонку вількамірскага скарбніка Яна Ярмаловіча;
  4. Францішку, якая была ксеніяй мінскага закона Св. Бэнэдыкта;
  5. Калумбу, стаўшую прэорыцай гэтага ж кляштара.

Літаратура

  • Niesiecki K. Herbarz Polski, wyd. J.N. Bobrowicz, Lipsk 1839—1846
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
  • Фёдар Чарняўскі. Ураднікі Менскага ваяводства: біяграфічны даведнік, выпуск 1, с. 54. Мінск, 2007