Гусіцкія войны: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
(Няма розніцы)

Версія ад 22:21, 11 кастрычніка 2014

Гусіцкія войны
Гусіты ў бітве ў Ліпанаў (карціна Іозефа Матхаўзера)
Гусіты ў бітве ў Ліпанаў (карціна Іозефа Матхаўзера)
Дата 30 ліпеня 1419 года — 30 мая 1434 года
Месца Цэнтральная Еўропа (галоўным чынам — Багемія)
Вынік Паражэнне гусітаў,
Імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонт становіцца каралём Багеміі
Праціўнікі
Гусіты 1419—1423, Радыкальныя гусіты (табарыты і арэбіты) 1423—1434 Свяшчэнная Рымская імперыя, раялісты і каталікі Чэхіі, Венгрыя, Папа Рымскі, умераныя гусіты (чашнікі) (1433—1434).
Камандуючыя
Ян Жыжка, Пракоп Голы, Жыгімонт Карыбут, іншыя Імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонт (крыжакі), іншыя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Шаблон:Гусіцкія войны

Гусіцкія войны — нацыянальна-рэлігійная барацьба чэшскага народа за рэформу каталіцкай царквы, супраць нямецкага засілля і іншаземнай інтэрвенцыі ў 1-й пал. XV ст.[1]. Ваенныя дзеянні з удзелам паслядоўнікаў Яна Гуса, гусітаў, а таксама паміж імі ў Багеміі (сучасная Чэхія) вяліся паміж 1420 і 1434 гадамі. У гэтай вайне шырока выкарыстоўвалася ручная агнястрэльная зброя. Гусіцкая пяхота нанесла мноства паражэнняў буйнейшым арміям з цяжкаўзброенымі рыцарамі.

Першапачаткова гусіты ваявалі супраць каталікоў, якія арганізавалі серыю крыжовых паходаў, пазней іх рух падзяліўся на ўмераных («чашнікаў»), якія прымірыліся з каталікамі, і радыкалаў («табарытаў»), якія пацярпелі паражэнне.

Вытокі канфлікту

Прычынай Гусіцкіх войнаў стаў крызіс, які ахапіў каталіцкую царкву на мяжы XIVXV ст. і выклікаў падзенне яе аўтарытэту. Вышэйшае чэшскага духавенства сканцэнтравала ў сваіх руках велізарныя багацці, жыло ў раскошы, чым выклікала да сябе нянавісць у народзе. З рэзкай крытыкай царквы і існуючых у ёй парадкаў выступіў мысліцель і прапаведнік Ян Гус, асуджэнне якога Канстанцкім саборам і спаленне 6 ліпеня 1415 года выклікалі абурэнне ва ўсёй Чэхіі і сталі штуршком да Гусіцкіх войнаў[1].

Гусіцкі рух набыў рэвалюцыйны характар пасля таго, як вестка пра пакаранне смерцю Яна Гуса дасягнула Прагі. Рыцары і знаць Багеміі і Маравіі, якія падтрымлівалі рэфармаванне царквы, адправілі ў адрас Канстанцкага сабору пратэст (2 верасня 1415 года), вядомы як protestatio Bohemorum, у якім асудзілі пакаранне смерцю Гуса ў моцных выразах. Дзеянні імператара Жыгімонта, які слаў пагрозлівыя лісты ў Багемію, у якіх ён абяцаў утапіць у крыві ўсіх вікліфістаў і гусітаў, выклікалі моцны гнеў людзей.

Пачатак вайны

Карта Гусіцкіх войнаў (1419—1434гг)

30 ліпеня 1419 пражскія гусіты на чале з Я. Жэліўскім узнялі паўстанне і захапілі уладу ў горадзе. Пасля смерці караля Вацлава IV (1419) паўстала ўся Чэхія, народ распраўляўся з у асноўным нямецкім патрыцыятам і каталіцкімі прэлатамі, граміў кляштары. Ужо ў першыя месяцы вайны адбылося размежаванне сярод гусітаў. Дробнае рыцарства і бюргерства ўтварылі памяркоўнае крыло гусітаў — чашнікі (чаша — сімвал царк. рэформы), якія задачы рэфармацыі каталіцкай царквы вызначылі ў Пражскіх артыкулах 1420 года. Гарадскія нізы і сялянства ўтварылі радыкальнае крыло, што атрымала назву табарыты (ад гары Табар). Табарыты патрабавалі рэфармацыі, заклікалі да ліквідацыі феадальных парадкаў[1].

Першы крыжовы паход супраць гусітаў

Нешматлікія прыхільнікі Габсбургаў і каталіцкай царквы ў Чэхіі сталі лагерам ля Кутна-Горы. Для іх падтрымкі Рымскі Папа абвясціў 1 сакавіка 1420 года крыжовы паход супраць ератыкаў-гусітаў. Імператар Жыгімонт сабраў у Сілезіі войска з нямецкіх, польскіх і венгерскіх рыцараў, а таксама з пяхоты, якую складала апалчэнне сілезскіх гарадоў і італьянскія найміты. У канцы красавіка яго армія ўварвалася ў Чэхію і рушыла на злучэнне з абаронцамі Кутна-Горы. Тым часам на паўднёвай мяжы Чэхіі аўстрыйскія і баварскія атрады яшчэ толькі рыхтаваліся да наступу, а на паўночна-заходняй мяжы збіраліся войскі з Брандэнбурга, Пфальца, Трыра, Кёльна і Майнца.

У канцы мая Жыгімонт увайшоў у Кутна-Гору і запатрабаваў, каб жыхары Прагі знялі аблогу гарадской цытадэлі, дзе заселі каралеўскія салдаты. Пражане паслалі ганцоў у Табар па дапамогу. 9 тысяч табарытаў пад камандаваннем Яна Жыжкі прыбылі пад Прагу. Рыцары атакавалі іх на паходзе, але атака была адбіта агнём бамбард і лучнікаў ды аркебузіраў, якія баранілі вагенбург. 20 мая Жыжка увайшоў у Прагу і прыняў камандаванне над усёй гусіцкай арміяй. Жыгімонт падышоў да Прагі з усходу, але атакаваць непрыяцеля не вырашыўся і 25 мая адступіў.

Тады Жыжка вырашыў авалодаць пражскай крэпасцю. Але яе абаронцы агнём з бамбард знішчылі аблогавыя машыны і бамбарды гусітаў. Прыступ захлынуўся. Неўзабаве да Прагі, гэтым разам з захаду, падышоў Жыгімонт. Яму ўдалося правесці ў крэпасць вялікі абоз з харчом і вывесці адтуль некалькі сот коней, для якіх у абложаных не было фуражу.

У канцы чэрвеня атрад нямецкіх рыцараў і пяхоты аблажыў Табар. З поўдня да гэтага горада падыходзіла войска аўстрыйскага герцага. Але атрад, пасланы Жыжкам з Прагі, раптам атакаваў праціўніка з тылу, а гарнізон Табара зрабіў вылазку. Атрад, які абложваў горад, быў разбіты.

Пасля гэтага Жыгімонт загадаў аўстрыйцам ісці да Прагі. Тут на Віткавай гары 14 ліпеня 1420 года адбылася вырашальная бітва гусітаў і крыжакоў. Калі б армія Жыгімонта авалодала гэтай гарой, Прага апынулася б у блакадзе. Аднак рыцарам не ўдалося пераадолець роў, выкапаны на схіле гары, а контратака пяхоты на чале з Жыжкам адкінула іх да падножжа. Тым часам у фланг войска Жыгімонта ўдарыла пражскае апалчэнне. Армія крыжакоў адступіла.

Хоць яна і не пацярпела буйнога паражэння, а толькі дробную тактычную няўдачу, паміж правадырамі крыжакоў пачаліся разлады. Таму 30 ліпеня 1420 года Жыгімонт вымушаны быў зняць аблогу Прагі. У лістападзе яго войска пацярпела паражэнне пад Вышаградам, і ўся Чэхія і Маравія апынулася ў руках гусітаў.

Другі крыжовы паход супраць гусітаў

Увосень 1421 гады абвастрыліся супярэчнасці паміж табарытамі і чашнікамі. Адзінае гусіцкае войска фактычна распалася. Скарыстаўшыся гэтым, Жыгімонт пачаў другі крыжовы паход у Чэхію. У верасні 1421 года крыжакі аблажылі горад Жацец недалёка ад мяжы з Саксоніяй.

Жыжку ўдалося з атрадам табарытаў прарваць кальцо аблогі і правесці ў горад абоз з харчом. Аднак контратака польскіх і венгерскіх рыцараў вымусіла табарытаў адступіць да Прагі.

Жыжка заняў абарончую пазіцыю на гары Уладар недалёка ад горада Жлуцец. Табарыты пабудавалі вагенбург, у якім устанавілі бамбарды. На працягу трох дзён польскія і венгерскія рыцары атакавалі табарытаў, але іх атака была адбіта артылерыйскім агнём і бічамі. Пасля гэтага армія Жыжкі змагла прарвацца ў Жлуцец. Неўзабаве крыжакі, ў якія былі цяжкасці з забеспячэннем, пакінулі Чэхію.

У канцы года яны зноў уварваліся ў краіну і дашлі да Кутна-Горы. Там армію Жыгімонта сустрэла войска табарытаў. Да таго часу Жыжка ў адным з баёў пазбавіўся другога вока і цалкам аслеп, што, аднак, не замінала яму камандаваць. Жыгімонту ўдалося захапіць Кутна-Гору, але 8 студзеня 1422 года ён пацярпеў паражэнне ля Габра. Табарыты адкінулі рыцараў і пераследвалі іх да горада Нямецкі-Брод. Пры пераправе праз раку Сазава некаторыя рыцары праваліліся пад лёд і патанулі. У рукі табарытаў патрапіў кінуты на беразе абоз. Праз два дні яны авалодалі Нямецкім-Бродам.

Праз некалькі месяцаў на дапамогу гусітам прыбыў атрад з ліку праваслаўных падданых Вялікага Княства Літоўскага, якія змагаліся супраць акаталічвання сваёй краіны. Восем гадоў разам з табарытамі яны ваявалі супраць польскіх, нямецкіх і венгерскіх войскаў.

У пошуках саюзнікаў супраць крыжакоў чашнікі прапанавалі чэшскую карону вялікаму князю літоўскаму Вітаўту. Замест сябе Вітаўт паслаў князя Жыгімонта Карыбутавіча, які на чале 5-тысячнага беларуска-літоўскага войска ў маі 1422 увайшоў у Прагу і быў каранаваны чэшскім сеймам. Але з-за пазіцыі Рымскага Папы Вітаўт вымушаны быў адклікаць Жыгімонта Карыбутавіча[1].

У 1423 годзе вялікае войска табарытаў уварвалася ў Маравію і Венгрыю. У сярэдзіне кастрычніка яно выйшла да Дуная паміж Комарна і Эстэргамам. Тут гусітаў сустрэла шматлікая венгерская армія. Жыжка не вырашыўся ўступіць з ёй у бой і загадаў адступіць. Венгры пераследвалі чэхаў, абстрэльваючы праціўніка з бамбард. Табарыты панеслі страты, але асноўная частка войска змагла адступіць у Чэхію. Няўдача венгерскага паходу спрыяла абвастрэнню супярэчнасцей паміж табарытамі і чашнікамі.

Грамадзянская вайна

7 чэрвеня 1424 года дзве фракцыі гусітаў сышліся ў бітве ў горада Мацешаў. Чашнікі пацярпелі паражэнне дзякуючы раптоўнай контратацы табарыцкай конніцы. Акрамя таго, табарыты пусцілі па схіле гары вазы, якія ўрэзаліся ў рады чашнікаў і выклікалі там замяшанне. Такім чынам, Жыжку зноў удалося аб'яднаць пад сваім камандаваннем усё гусіцкае войска. Аднак 11 кастрычніка 1424 года ён памёр ад чумы: пераемнікам Жыжкі — вярхоўным гетманам табарытаў — стаў Пракоп Вялікі, таксама вядомы як Пракоп Голы. Эпідэмія саслабіла чэшскае войска, і яно вымушана было адмовіцца на час ад новых паходаў у суседнія землі.

Трэці крыжовы паход супраць гусітаў

У 1425 годзе пачаўся трэці крыжовы паход у Чэхію. Галоўную ролю адыгрывала аўстрыйскае войска на чале з эрцгерцагам Альбрэхтам. У Маравіі яно пацярпела паражэнне, і адступіла ў Аўстрыю.

На наступны год чэшская армія аблажыла Усці-над-Лабем (Аўсіг), захоплены саксонскімі войскамі. Пракоп Вялікі, чыя армія складалася з атрадаў табарытаў і пражскага апалчэння, меў 25 тысяч чалавек. Для дэблакады Аўсіга высунулася войска Саксонскага, Мейсенскага і Цюрынгскага княстваў, якое налічвала 15—20 тысяч чалавек. Немцы атакавалі чэшскі вагенбург, які складаўся з 500 вазоў, і ў адным месцы ўварваліся ў яго. Але табарыцкая конніца зрабіла вылазку і адкінула непрыяцеля. Немцы адступілі, страціўшы да 4 тысяч чалавек.

Чацвёрты крыжовы паход супраць гусітаў

Чацвёрты крыжовы паход супраць гусітаў у 1427 годзе ўзначаліў курфюрст Брандэнбурга Фрыдрых. Пракоп Вялікі і другі гусіцкі гетман Пракоп Малы, у сваю чаргу, уварваліся ў Аўстрыю і нанеслі ля Тахава паражэнне арміі аўстрыйскага эрцгерцага. З гэтага моманту перавага гусітаў была неаспрэчнай. Затым, у 1428—1430 гадах, яны здзейснілі паспяховыя паходы ў Аўстрыю, Баварыю, Маравію, Сілезію, Саксонію і нават аблажылі Вену, праўда, беспаспяхова.

Пяты крыжовы паход супраць гусітаў

У 1431 годзе імперскі сейм у Нюрнбергу пастанавіў арганізаваць пяты крыжовы паход у Чэхію. Германскія княствы выставілі 8200 конных рыцараў і значную колькасць пяхоты, падмацаванай 150 бамбардамі. У жніўні ля чэшскай мяжы армія крыжакоў пад камандаваннем Фрыдрыха Брандэнбургскага была раптам атакавана ў лагеры каля Домажліцаў гусітамі і бегла, кінуўшы абоз і артылерыю. Затым пры Тахаве чэхі разбілі саксонскіх і баварскіх феадалаў.

Удзел палякаў і літоўцаў

У адрозненне ад іншага каталіцкага свету, Польшча зусім не спяшалася паслухацца заклікаў Папы Рымскага і тым самым далучыцца да крыжовых паходаў супраць гусітаў. Гэта можна растлумачыць тым, што Польшча асцерагалася інтэрвенцыі (захопу) з боку нямецкага рыцарства і не жадала агаляць свае межы. Вядомыя факты, пры якіх польскія рыцары, а таксама некаторыя прадстаўнікі дваранства прытрымліваліся калі не саюзных адносін з гусітамі, то прынамсі нейтралітэту.

Канчатковы разгром

Супярэчнасці паміж чашнікамі і табарытамі ў 1434 выліліся ў ваеннае супрацьстаянне[1]. 30 мая 1434 года ў бітве пад Ліпанамі армія табарытаў была ўшчэнт разгромлена чашнікамі, якіх актыўна падтрымлівала армія каталікоў. Практычна ў той жа час прыйшоў канец і польскаму гусіцкаму руху — Уладзіслаў III Варнскі разграміў іх пад Гротнікамі.

Мірнае пагадненне

5 ліпеня 1436 у Іглаве чашнікі заключылі мір з Жыгімонтам I Люксембургам (імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі) і Базельскім саборам і падпісалі т. зв. кампактаты (пагадненні), у якіх са значнымі агаворкамі была легалізавана гусіцкая царква, праведзена секулярызацыя царкоўнай маёмасці[1].

Наступствы

Поспехі гусітаў тлумачыліся іх згуртаванасцю перад тварам раздробненых сіл іх праціўнікаў — Польшчы, Венгрыі, аўстрыйскага герцагства і германскіх княстваў, толькі намінальна аб'яднаных пад вяршэнствам германскага імператара. Аднак сіл Чэхіі не хапала для заваявання і ўтрымання тэрыторый суседніх дзяржаў і поўнага разгрому армій крыжакоў. Урэшце ўмераная частка гусітаў пайшла на кампраміс з імперыяй і царквой, што і прывяло да заканчэння вайны, якая не прынесла, у сутнасці, якіх-небудзь значных вынікаў ніводнаму з бакоў, але значна спустошыла Цэнтральную Еўропу. У ходзе гусіцкіх войнаў чэшскія гарады пашырылі свае правы, былыя каралеўскія гарады дамагліся поўнага самакіравання. Гусіцкія ідэі сталі правобразам еўрапейскай Рэфармацыі[1].

Гл. таксама

Зноскі

  1. а б в г д е ё Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).

Спасылкі