Чэрокі: Розніца паміж версіямі
[дагледжаная версія] | [дагледжаная версія] |
Frantishak (размовы | уклад) |
Frantishak (размовы | уклад) |
||
Радок 84: | Радок 84: | ||
Сярод дарослых былі распаўсюджаны 2 [[рытуал]]ьныя [[гульня|гульні]]. Першая ''taludza'' уяўляла сабою кіданне шасці [[куб]]ікаў у [[кошык]], мела рызыкоўны характар і суправаджала рэлігійныя [[свята|святы]]. Часцяком мужчыны гулялі супраць жанчын<ref>[https://www.penn.museum/sites/expedition/formal-games-in-the-cherokee-ritual-cycle Formal Games in the Cherokee Ritual Cycle]</ref>. |
Сярод дарослых былі распаўсюджаны 2 [[рытуал]]ьныя [[гульня|гульні]]. Першая ''taludza'' уяўляла сабою кіданне шасці [[куб]]ікаў у [[кошык]], мела рызыкоўны характар і суправаджала рэлігійныя [[свята|святы]]. Часцяком мужчыны гулялі супраць жанчын<ref>[https://www.penn.museum/sites/expedition/formal-games-in-the-cherokee-ritual-cycle Formal Games in the Cherokee Ritual Cycle]</ref>. |
||
Другая гульня — форма [[лакрос]]а, калі кіем перасоўвалі па полю [[шар]]ы<ref>[http://www.pitlanemagazine.com/cultures/cherokee-games-stickball-marbles.html Cherokee Games Stickball Marbles]</ref>. Лічыцца, што гульня магла быць запазычана ў белых перасяленцаў. У [[18 стагоддзе|XVII]]I ст. яна была вельмі папулярнай сярод мужчын рознага ўзросту. Шары выраблялі з [[мармур]]у, аднак, здаралася, гулялі [[мушкет]]амі з [[свінец|свінцовымі]] шарамі<ref>[https://www.penn.museum/sites/expedition/formal-games-in-the-cherokee-ritual-cycle Formal Games in the Cherokee Ritual Cycle]</ref>. |
|||
== Зноскі == |
== Зноскі == |
Версія ад 18:32, 9 красавіка 2017
Чэрокі (ᏣᎳᎩ) | |
Агульная колькасць | 819105 (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | чэрокі |
Рэлігія | анімізм, політэізм, пеётызм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | іракезы |
Чэрокі (саманазва: ᏣᎳᎩ, літаральна "сапраўдныя людзі") — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Жывуць пераважна ў штатах Аклахома, Паўночная Караліна, Паўднёвая Караліна, Тэнесі, Джорджыя. Агульная колькасць (2010 г.) - 819 105 чал.[1]
Паходжанне
Чэрокі маюць агульнае паходжанне з іракезамі. Згодна іх паданням, яны перасяліліся ў рэгіён паўднёвых Апалачаў з іншых мясцін. Мяркуецца, што гэта перасяленне адбылося ў XIII ст. У нашы дні вылучаюць некалькі магчымых раёнаў фарміравання чэрокі — поўдзень ад Вялікіх азёр, рака Дэлавэр, паўночная плыня ракі Місісіпі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што продкі чэрокі пражывалі ў Паўночнай Караліне здаўна і мелі дачыненне да стварэння мясцовай развітай культуры ручнога земляробства[2][3][4].
Гісторыя
Кантакты і гандлёвыя зносіны паміж чэрокі і англійскімі каланістамі Паўднёвай Караліны пачаліся ў другой палове XVII ст. У 1693 г. дэлегацыя чэрокі наведала Чарлстан у пошуках ваеннага саюзу[5]. Адмоўным вынікам першых кантактаў стала эпідэмія воспы ў 1697 г.[6] У 1714 - 1715 гг. чырокі ваявалі на баку брытанцаў супраць тускарора, у 1716 г. — супраць маскогі. У сувязі са скарачэннем насельніцтва для падтрымкі саюзніцкіх адносін у 1721 г. чэрокі саступілі каланістам свае землі ў Паўднёвай Караліне.
Найбольш актыўнымі гандлярамі, місіянерамі, прадстаўнікамі калоніі і каралеўскіх уладаў, якія ўзаемадзейнічалі з чэрокі, былі шатландцы. Многія з іх уступалі ў шлюбы з мясцовымі жанчынамі і жылі сярод індзейцаў[7]. У 1730 г. шатландцы Людовік Грант і Аляксандр Камінг упэўнілі Майтоя, правадыра паселішча Тэліка ў Тэнесі, прыняць тытул караля або імператара ўсіх чэрокі і садзейнічалі канцэнтрацыі ўлады ў яго руках[8]. Яго прадстаўнік Атакулакула, па нараджэнню алганкін, наведаў Лондан і заключыў з Георгам II пагадненне аб брытанскім пратэктараце дзяржавы чэрокі. У далейшым чэрокі актыўна падтрымлівалі брытанцаў у Сямігадовай вайне супраць Францыі і ў задушэнні індзейскага паўстання Пантыяка. У сваю чаргу брытанцы дапамаглі ім выйграць вайну супраць маскогі. Пасля сутычак паміж пасяленцамі Вірджыніі і Паўднёвай Караліны з чэрокі ў 1758 - 1761 гг. Георг III у 1763 г. забараніў каланістам перасяляцца за Апалачы[9]. Пазней гэтая забарона стала адной з прычын Амерыканскай рэвалюцыі.
Пасля абвяшчэння незалежнасці ЗША амерыканскія перасяленцы пры падтрымцы рэвалюцыйных уладаў пачалі без усялякага кантролю захопліваць землі чэрокі, стваралі атрады добраахвотнікаў для абароны і атак на паселішчы індзейцаў. У 1776 г. злучэнні Кантынентальнай арміі на чале генерала Чарльза Лі арганізавалі ваенную экспедыцыю супраць чэрокі[10]. Вайна з амерыканцамі выклікала разлад паміж старымі правадырамі, што імкнуліся пагадзіцца на ўмовы перасяленцаў наўзамен на мір, і маладымі воінамі. Апошнія перасяляліся на захад і працягвалі ваяваць з захопнікамі. У 1791 г. правадыры чэрокі пагадзіліся на Холстанскае пагадненне з ЗША. Яно ўсталёўвала новыя межы на карысць перасяленцаў, абвяшчала пратэктарат амерыканцаў над народам чэрокі, ставіла ўзаемны гандаль пад кантроль амерыканскага ўрада[11].
У канцы XVIII - першай трэці XIX ст. адбываўся працэс "акультурацыі" чэрокі па праграме амерыканскага асветніка Бенджаміна Хокінгса. Быў створаны нацыянальны ўрад. У 1801 г. ён запрасіў пратэстанцкіх місіянераў. Ствараліся камерцыйныя баваўняныя плантацыі, на якіх выкарыстоўвалася праца чарнаскурых рабоў[12]. На амерыканскія грошы будаваліся сучасныя дарогі[13]. Правадыр Секвоя стварыў на аснове лацінкі складовае пісьмо чэрокі[14]. У 1827 г. была прынята Канстытуцыя нацыі чэрокі[15].
"Акультурацыя" сустракала апазіцыю з боку прыхільнікаў традыцыйнага ладу. Стала распаўсюджанай міграцыя нязгодных на Захад, дзе паступова склалася група так званых заходніх чэрокі. Яны супрацьстаялі іншым мясцовым плямёнам. У 1817 г. заходнія чэрокі атакавалі племя осэйдж ў Арканзасе, пры гэтым знішчылі іх вёску разам з мірнымі жыхарамі[16]. Ваенныя дзеянні працягваліся да 1825 г. З 1815 г. амерыканскія ўлады адкрыта заахвочвалі міграцыю.
28 мая 1830 г. у ЗША быў прыняты закон аб перамяшчэнні ўсіх індзейцаў, што не былі амерыканскімі грамадзянамі, на захад ад ракі Місісіпі. Чэрокі пры падтрымцы чальцоў Рэспубліканскай партыі і місіянера Сэмюэла Вустэра падалі пазоў у Вярхоўны суд, які ў 1832 г. прызнаў іх незалежнасць і права займаць свае тэрыторыі[17]. Аднак Прэзідэнт Эндру Джэксан і ўрад штата Джорджыя праігнаравалі гэта рашэнне.
29 снежня 1835 г. частка правадыроў падпісала дагавор у Новай Эчоце[18], у якім дала згоду на перасяленне наўзамен на новыя землі ў Аклахоме, 5 млн долараў у якасці кампенсацыі і 300 тысяч долараў для ўладкавання. У саміх ЗША існавала крытыка дагавора, сцвярджалася, што большасць чэрокі яго не падтрымлівае. Але ў 1836 г. Кангрэс ЗША прызнаў дагавор з перавесам у 1 голас. Гэта прывяло да масавага перасялення, што ўвайшло ў гісторыю пад назвай Дарога слёз. Разам з чэрокі перасяляліся і іх чарнаскурыя рабы. У 1842 г. у Аклахоме адбылося паўстанне рабоў[19]. Частка ўсходніх чэрокі-традыцыяналістаў яшчэ раней выйшла са складу нацыі чэрокі і прыняла грамадзянства Паўночнай Караліны. Яны захавалі свае землі.
Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША большасць чэрокі падтрымалі Канфедэратыўныя Штаты Амерыкі, актыўна ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях на баку паўднёўцаў. 19 ліпеня 1866 г. федэральныя ўлады ЗША прымусілі прадстаўнікоў нацыі чэрокі ў Аклахоме падпісаць новы дагавор[20], паводле якога вызваляліся рабы. Стварэнне асобнага штата Аклахома прывяла да спрэчак аб магчымасці існавання нацыянальнага ўрада. Правадыры чэрокі адстойвалі ідэю стварэння асобнага індзейскага штата Секвоя[21]. У 1907 г. праблема была вырашана праз саюзны дагавор з штатам Аклахома.
Многія чэрокі прымалі ўдзел у I Сусветнай вайне і II Сусветнай вайне ў складзе арміі ЗША. Пасля II Сусветнай вайны сталі ўзнікаць грамадскія арганізацыі і аб'яднанні чэрокі, якія садзейнічалі адраджэнню культурнай спадчыны і змаганню за эканамічныя правы. Чэрокі Паўночнай Караліны ўдзельнічалі у грамадзянскім руху за правы цемнаскурых у ЗША.
У 2007 г. была прынята папраўка ў Канстытуцыю нацыі чэрокі[22], згодна якой яе грамадзянамі могуць быць толькі тыя, хто мае продкаў чэрокі. У выніку 2800 чалавек, пераважна нашчадкаў рабоў, былі пазбаўлены грамадзянскіх правоў і прывілегій нацыі чэрокі.
Культура
Традыцыйныя заняткі
Асноўнымі заняткамі чэрокі здаўна былі ручное земляробства, паляванне і рыбалоўства. Земляробства адыгрывала значную ролю ў забеспячэнні ежай. Паселішчы чэрокі знаходзіліся ў атачэнні палеткаў. Апрацоўка зямлі і збор ураджая лічыліся жаночай справай. Вырошчвалі кукурузу, бабовыя, сланечнік, гарбузы. Пасля ўсталявання кантактаў з еўрапейцамі — яблыні, вігну, батат, пачалі трымаць свойскую жывёлу[23].
Паляванне было мужчынскім заняткам. У лясной горнай мясцовасці было шмат дзікіх жывёл. Палявалі спецыяльнай зброяй, не прызначанай для вайны, звычайна лукам і стрэламі, а таксама дзідамі[24]. Дзідамі таксама білі рыбу.
Да з'яўлення еўрапейцаў рамяство не вылучылася ў асобны занятак. Чэрокі славіліся керамічнымі вырабамі[25], плеценымі кошыкамі з падвойнымі сценкамі[26], мастацкім разьбярствам[27], пацеркамі[28].
Жытло
Чэрокі сяліліся каля водных крыніц на ўзвышшах. Звычайна стала жылі ў вялікіх, добра ўмацаваных вёсках. Каб прайсці ад адной да іншай, трэба было выдаткаваць 1 дзень на шлях[29]. Некаторыя вёскі мелі гісторыю, якая налічвала сотні гадоў. Каля іх месціліся сакральныя цэнтры, накшталт прыродных пячор і штучных стадолаў. Вёскі мелі круглявую форму. Унутраная планіроўка рознілася, але ўсе складаліся з прыватных хацін, разлічаных на 1 нуклеарную сям'ю, і грамадскіх будынкаў, дзе праводзіліся супольныя зборы[30]. У некаторых выпадках сям'я мела летнюю і зімовую хаціну[31].
Традыцыйная хаціна звычайна будавалася круглявай. Каркас сплятаўся з галін дрэў, а потым тынкаваўся зямлёй. Пасярод жытла месціўся агмень. Грамадскія і рэлігійныя будынкі паўтаралі форму жылых. Пасля ўсталявання кантактаў з еўрапейцамі, чэрокі часцяком узводзілі дамы ў еўрапейскім стылі. Захаваўся будынак прыватнага плантатара-чэрокі Джозефа Вана, узведзены ў 1804 г.[32] Ён уяўляе сабою тыповую плантатарскую сядзібу, каля якой калісьці месціліся драўляныя хаціны для неграў-рабоў.
Вопратка
Раннія запісы сведчаць пра тое, што чэрокі рабілі вопратку са скур, драўнянай кары і нітак[33]. Знешні выгляд павінен быў адрозніваць іх ад прадстаўнікоў іншых народаў. Гэта дасягалася з дапамогай прычоскі. Мужчыны галілі галаву, пакідалі толькі жмут валасоў на верхавіне. Іх абразалі падчас жалобы.
Вопратка была рознай, адрознівалася па стылю і часу. Найбольш стандартны народны строй захаваўся з перыяду дарогі слёз[34]. Жаночае адзенне ўключала спадніцу з кавалкаў тканін з кароткімі рукавамі. Наверсе рабілася выманне для таго, каб наіць з сабою малых немаўлят. Мужчынская летняя кашуля таксама шылася з кавалкаў тканін, была шырока распаўсюджана сярод суседніх плямён.
Жаночая і мужчынская вопратка ўпрыгожвалася бяззю і пацеркамі. Выраб пацерак узнік сярод чэрокі толькі пасля кантактаў з англійскімі каланістамі, якія карысталіся алганкінскімі вампумамі. З цягам часу чэрокі здолелі наладзіць вытворчасць сваіх арыгінальных пацерак. Росквіт гэтай вытворчасці адбыўся ў першай палове XIX ст.[35] Чэрокі не апраналі галаўных убораў. Мужчыны ўпрыгожваліся татуіроўкамі, падчас вайны — кветкамі.
Кухня
Аснову традыцыйнай кухні чэрокі складалі стравы з кукурузы і бабовых. З кукурузы звычайна рабілі маленькія блінцы, а бабовыя смажылі, ужывалі ў супах і рагу. Смажаныя салодкія зярняты кукурузы лічыліся ласункам. Яны сталі правобразам сучаснага амерыканскага папкорна. Шырока ўжывалі дзікарослыя расліны — цыбулю, чарніцы, ажыну, жалуды, каштаны і інш[36]. Пераважна елі мяса, здабытае падчас палявання, — аленяў, індыкоў, трусоў. Рыбаловы лавілі рыбу і чарапах. Зранку жанчыны збіралі вакол паселішчаў малюскаў, якіх смажылі, або дадавалі ў рагу. Алкагольны напой — брагу з дзікіх раслін, вядомую сярод каланістаў як "чорнае пітво"[37], — пілі выключна ў сакральных мэтах.
Да прыходу еўрапейцаў чэрокі трымалі толькі адну свойскую жывёлу — маленькую сабаку. Яе мяса лічылася ядомым. З XVIII ст. з'явіліся і іншыя свойскія жывёлы — каровы, свінні, козы, куры. Чэрокі перанялі вырошчванне дынь, абрыкосаў, батата, арахіса[38], што разнастаіла традыцыйныя стравы.
У нашы дні нацыянальнымі стравамі чэрокі лічацца смажаны хлеб, мяса і рыба на грылі, бабовыя ляпёшкі, смажаныя арэхі[39].
Грамадства
Супольнасць чэрокі падзялялася на 7 буйных экзагамных матрылінейных родаў. Адлік сваяцтва вёўся толькі па маці. Пошук шлюбнага партнёра ў родзе маці і бацькі забараняўся. Роды складаліся з малых нуклеарных сем'яў. Пры заключэнні шлюбу мужчыны далучаліся да рода жонкі. Большая частка сямейнай маёмасці таксама належыла жонке. Шлюбы часцяком распадаліся. Пры гэтым мужчына пакідаў сям'ю і зноў далучаўся да рода сваёй маці, дзеці заставаліся з жанчынай[40]. Асаблівую ролю ў іх выхаванні адыгрывалі сваякі маці, асабліва дзядзькі. Становішча жанчыны ў грамадстве было высокім у параўнанні з тагачасным еўрапейскім. Яны ўзначальвалі сямейную гаспадарку, забяспечвалі яе прадуктамі земляробства, займаліся рамёствамі, удзельнічалі ў кіраванні вёскамі і нават ў ваенных дзеяннях[41].
Да кантактаў з еўрапейцамі буйныя вёскі чэрокі былі незалежнымі адна ад іншай. Імі кіравалі старэйшыны, як мужчыны, так і жанчыны[42]. Жыхары вёскі складалі асобную абшчыну, якая валодала землямі і паляўнічымі тэрыторыямі. Заўважны ўплыў меўся ў правадыроў — харызматычных лідараў, чыя улада не мала сталага характара і не перадавалася па спадчыне. Да XIX ст. прыватная маёмасць на зямлю не была вядома, аднак у канцы XIX ст. была замацавана заканадаўствам.
У XVIII ст. пад уплывам брытанцаў адбылася першасная цэнтралізацыя грамадства, першапачаткова вакол манархіі правадыра Майтоя з паселішча Тэліка ў Тэнесі. Яна знаходзілася пад пратэктаратам брытанскага манарха. Але пасля смерці Мантоя адзінае дзяржаўнае кіраванне фактычна распалася. У другой палове XVIII ст. адбылося ўзвышэнне асобных правадыроў і метысаў, нашчадкаў сумесных шлюбаў еўрапейцаў і чэрокі. Са з'яўленнем камерцыйных плантацый развіваўся інстытут рабства. Пасля паражэння ад амерыканцаў падчас рэвалюцыі чэрокі зноў пачалі інтэграцыю. Яна была замацавана прыняццем агульнай Канстытуцыі 1827 г., якая абвяшчала нацыю чэрокі і рэспубліканскую форму кіравання[43]. Аднак інтэграцыя не была поўнай, паколькі нацыі чэрокі фактычна не падпарадкоўваліся так званыя заходнія чэрокі і частка ўсходніх чэрокі Паўночнай Караліны. Нават у нашы дні яны складаюць дзве асобныя групы, прызнаныя федэральнымі ўладамі ЗША.
Ваенная справа
З канца XVII ст., калі пачалася пісьмовая гісторыя чэрокі, яны актыўна ўдзельнічалі ў ваенных канфліктах з іншымі індзейскімі народамі, выступалі на баку брытанцаў у войнах з Францыяй, пазней ваявалі з амерыканскімі пасяленцамі і арміяй ЗША. Чэрокі ўмела ўмацоўвалі свае паселішчы, мелі запасныя каноэ для хуткага перамяшчэння ў ваенных мэтах. Традыцыйная зброя выраблялася з каменю і цвёрдых парод дрэва. Чэрокі карысталіся дзідамі, дроцікамі з атручаным навершам, сякерамі, тамагаўкамі, баявымі молатамі і г. д.[44] З другой паловы XVIII ст. была шырока распаўсюджана агнястрэльная зброя, але традыцыйную зброю шырока выкарыстоўвалі ў рытуальных мэтах.
Кожны дарослы мужчына лічыўся воінам. На чале ваенных атрадаў стаялі правадыры. Яны маглі аб'ядноўвацца і падначальвацца вярхоўнаму ваеннаму правадыру. Правадыр абіраўся па рэкамендацыі старога правадыра, падчас рытуала ўзыходжання сведчыў пра тое, што не забіваў жанчын, немаўлят і тых, хто не мог абараніць сябе. Падчас вайны над вёскай паднімалі чырвоны сцяг. Вайне папярэднічалі зборы воінаў, што суправаджаліся танцамі з лепшай зброяй. Чэрокі вялі ваенныя кампаніі некалькімі эшэлонамі. Першую галаўную групу воінаў узначальваў вярхоўны правадыр, другую — яго лепшы намеснік, трэцюю — галоўны аратар правадыра, чацьвёртую — ваенны шаман з памагатымі. Апошняя група нясла рытуальны агмень. Групы суправаджалі па 4 выведніка. У баю чэрокі імкнуліся ўступаць у рукапашную сутычку. Пасля вяртання з вайны воіны перадавалі трафеі сваім жонкам, а потым праходзілі рытуал ачышчэння[45].
Гульні
Дзеці чэрокі рыхтаваліся да будучага дарослага жыцця, таму хлопчыкаў прыцягвалі да палявання, а дзяўчат — да працы ў гаспадарцы. Меліся дзіцячыя лялькі[46].
Сярод дарослых былі распаўсюджаны 2 рытуальныя гульні. Першая taludza уяўляла сабою кіданне шасці кубікаў у кошык, мела рызыкоўны характар і суправаджала рэлігійныя святы. Часцяком мужчыны гулялі супраць жанчын[47].
Другая гульня — форма лакроса, калі кіем перасоўвалі па полю шары[48]. Лічыцца, што гульня магла быць запазычана ў белых перасяленцаў. У XVIII ст. яна была вельмі папулярнай сярод мужчын рознага ўзросту. Шары выраблялі з мармуру, аднак, здаралася, гулялі мушкетамі з свінцовымі шарамі[49].
Зноскі
- ↑ The American Indian and Alaska Native Population: 2010
- ↑ The Moon-Eyed People
- ↑ The Cherokee Origins and Tradition
- ↑ Cherokee Origin and Religion
- ↑ William L. Anderson, CHEROKEE: THE EUROPEAN IMPACT ON THE CHEROKEE CULTURE
- ↑ CHEROKEE HISTORY TIMELINE
- ↑ William L. Anderson, Traders and Invaders, Assimilators and Destroyers: The Scots and Irish Among the Cherokee
- ↑ Lowell Kirk, MOYTOY, "EMPEROR" OF THE CHEROKEE
- ↑ The Royal Proclamation of 1763
- ↑ The Revolutionary War, Cherokee Defeat, and Additional Land Cessions
- ↑ Treaty of Holston, 1791
- ↑ SLAVERY IN THE CHEROKEE NATION
- ↑ Old Federal Road
- ↑ Sequoyah and the Cherokee Syllabary
- ↑ CONSTITUTION OF THE CHEROKEE NATION
- ↑ CLAREMORE MOUND, BATTLE OF
- ↑ Cherokee Indian Cases (1830s)
- ↑ TREATY WITH THE CHEROKEE, 1835
- ↑ SLAVE REVOLT OF 1842
- ↑ TREATY WITH THE CHEROKEE, 1866
- ↑ Sequoyah, the Stillborn State for Native Americans
- ↑ Citizenship Denied: The Latest in the Cherokee Freedmen Saga
- ↑ Cherokee Agriculture
- ↑ Cherokee Hunting Traditions
- ↑ Pottery
- ↑ Basket Weaving
- ↑ Carving
- ↑ Beadwork
- ↑ Cherokee Indians
- ↑ HRISTOPHER B. RODNING, CHEROKEE TOWNHOUSES: ARCHITECTURAL ADAPTATION TO EUROPEAN CONTACT IN THE SOUTHERN APPALACHIANS
- ↑ Cherokee Architecture
- ↑ Cherokee Towns
- ↑ Cherokee clothing
- ↑ Cherokee Clothing
- ↑ Tsalagi Clothing - Tsalagi Journey
- ↑ Cherokee Food
- ↑ Black drink
- ↑ What Traditional and Modern Food Do the Cherokee Indians Eat? - See more at: http://visitcherokeenc.com/cherokee-food/#sthash.zWOOrF2p.dpuf
- ↑ CookBook
- ↑ The Traditional Cherokee Family
- ↑ Cherokee women
- ↑ Cherokee - Sociopolitical Organization
- ↑ CONSTITUTION OF THE CHEROKEE NATION
- ↑ Cherokee Weapons
- ↑ Cherokee Indians: Weapons, War, and Warfare
- ↑ Cherokee Indians
- ↑ Formal Games in the Cherokee Ritual Cycle
- ↑ Cherokee Games Stickball Marbles
- ↑ Formal Games in the Cherokee Ritual Cycle
Спасылкі
- Нацыя чэрокі
- Чэрокі Паўночнай Караліны
- Усходнія чэрокі Джорджыі
- Музей чэрокі
- Дакументальны цэнтр чэрокі
- Сайт газеты чэрокі
- Гісторыя і культура чэрокі
- Чэрокі: Краіны і культуры
- Чэрокі ў энцыклапедыі Паўночнай Караліны
- Чэрокі ў энцыклапедыі гісторыі і культуры Аклахомы
Чэрокі на Вікісховішчы |