Касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкцінак (Мінск): Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[дагледжаная версія][дагледжаная версія]
др →‎Спасылкі: вікіфікацыя, перанесена: З'явіліся ў 17 стагоддзі → З'явіліся ў XVII стагоддзі з дапамогай AWB
(Няма розніцы)

Версія ад 07:23, 7 верасня 2017

Касцёл Св. Войцеха (здымак 1870 года)

Касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкцінак — рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Мінску. Дзейнічаў з 1-й паловы XVII ст. да 1870-х гадоў. Займаў пляц на Высокім Рынку на Зборавай вуліцы (цяпер раён кінатэатра «Перамога»).

Комплекс складаўся з мураваных будынкаў касцёла і 2-павярховага кляштарнага корпуса з прыбудовай, капліцы, капеланіі, 2 флігеляў, бровара, свірана, стайні і іншых пабудоў, а таксама саду. Тэрыторыю кляштара акружаў высокі мур, які меў некалькі брам. Усе кляштарныя пабудовы зруйнавалі ў 1960-я гады, да нашага часу захаваліся падмуркі касцёла.[1][2]

Гісторыя

Высокі Рынак на здымку XIX ст., справа Касцёл Св. Войцеха

Мінскі бенедыкцінскі кляштар заснаваў віленскі канонік Войцех Сялява, які купіў у горадзе два дамы з іншымі пабудовамі ў С. Друцкага-Горскага і А. Сакалінскага і перадаў іх ордэну. Адпаведны ўклад ад 4 мая 1633 года пацвердзілі 14 ліпеня 1633 года кароль Уладзіслаў ІV і віленскі біскуп С. Война.[3] Першыя манашкі перасяліліся сюды з нясвіжскага бенедыкцінскага кляштара.

Ад пачатку комплекс быў драўляным, але ўжо ў 16471649 гадах намаганнямі віленскага ваяводы Крыштафа Хадкевіча і яго жонкі Соф'я, народжанай Горскай-Друцкай, архітэктар А. Кромер узвёў мураваны касцёл у гонар Св. Войцеха, біскупа і мучаніка. Мураваны кляштарны корпус збудавалі на сродкі К. К. Свірскай.[3] Мецэнатамі кляштару былі Марцыбела Зянкевіч, Сусанна і Алена Станкевіч, Сусанна Навадворская і інш.

У вайну 1654—1667 гадоў усе драўляныя кляштарныя пабудовы былі спалены, значна пашкоджана і разрабавана мураваная святыня. Кляштар адбудавалі ў 1670-я гады, касцёл асвяціў біскуп Мікола Слупскі.

У 1682 годзе ўвесь комплекс рэканструявалі, апроч таго ўзвялі новы мураваны кляштарны корпус. У 1780-я гады комплекс кляштара зноў рэканструявалі паводле праекта архітэктара Т. Раманоўскага ў стылі сталага барока, але будаўніцтва вежаў-званіц завяршылася толькі ў 1803 годзе.

Станам на канец XVIII — пачатак XIX стст. ва ўладанні кляштара было 3 фальваркі, 8 вёсак, 3 карчмы, млын і каля 93 валокі зямлі. У 1799 годзе ў ім жылі 22 манашкі. Пры кляштары дзейнічала школа, дзе, паводле Яна Ходзькі, вучылася 18 дзяўчат (толькі 6 з іх плацілі на навучанне[3]).

Па задушэнні паўстання 1863—1864 гадоў расійскія ўлады зачынілі кляштар бенедыкцінак (1871), канфіскавалі будынкі ў каталікоў і перадалі іх праваслаўнаму ведамству пад жаночы Праабражэнскі манастыр. У 1872 годзе пачалася перабудова барочнага комплексу ў рэтраспектыўна-рускім стылі, Праабражэнскі-Варварынскі храм і манастыр былі асвечаны 2 лютага 1874 года[4].

У пачатку 1920-х гадоў савецкія ўлады ліквідавалі менскі жаночы праваслаўны манастыр. Некаторы час праваслаўная царква ў будынку былога касцёла дзейнічала, але ў 1930-я гады яе прыстасавалі пад клуб. У сярэдзіне 1960-х гадоў комплекс касцёла і кляштара ўзарвалі. Пазней з левага боку ад падмуркаў касцёла збудавалі будынак гарадской пракуратуры з чырвонай цэглы.

Архітэктура

Рысунак касцёла з атласа Мінскай губерні (1800)

Касцёл

Пасля рэканструкцыі 17801803 гадоў касцёл уяўляў сабой прамавугольны ў плане 1-нефны аб'ём з 5-граннай апсідай, памерамі 70 на 20 локцяў (каля 46×13 м). Святыня мела 2-схільны чарапічны дах, больш нізкі над прэзбітэрыем. Галоўны фасад, звернуты да вуліцы, завяршаўся франтонам крывалінейнага абрысу. Яго фланкіравалі 2 высокія 3-ярусныя вежы з купальнымі завяршэннямі. Фасад быў насычаны вытанчанай архітэктурнай пластыкай: тонкапрафіляваны раскрапаваны карнізны пас падзяляў яго на два ярусы, а пілястры — на тры часткі, аконныя праёмы мелі мяккую лучковую абмалёўку.[5]

Інтэр'ер пад цыліндрычнымі скляпеннямі ўпрыгожвалі пяць 2-ярусных алтароў: галоўны алтар Св. Войцеха, алтары Тадэвуша Апостала, Святой Сям'і, святых патрыярхаў Бенедыкта і Схаластыкі, Беззаганага Зачацця Дзевы Марыі. У галоўным драўляным алтары быў абраз Маці Божай з Дзіцяткам, напісаны на палатне, у срэбнай з пазалотай і рубінамі шаце. У 2-м ярусе быў абраз Св. Войцеха, увенчвала кампазіцыю разьбянае Укрыжаванне. Падлогу ў прэзбітэрыі касцёла пакрывалі пліткі чорнага мармуру, у санктуарыі яна была цаглянай. Сакрысція мелася адна, на хорах стаялі арганы на 10 галасоў. Побач з хорамі каля бакавой сцяны была адмысловая галерэя, дзе падчас святаў выступалі музыкі.[6]

Касцёл (злева) пасля перабудовы пад праваслаўную царкву

Пры перабудове касцёла на царкву верхнія ярусы вежаў і франтон разбурылі, замест іх паставілі 5 глухіх цыбулепадобных купалаў над асноўным аб'ёмам і драўляную абшытую жалезам 3-ярусную шатровую званіцу ў цэнтры галоўнага фасада.[3]

Кляштар

Да заходняга фасада касцёла далучаўся 2-павярховы, прамавугольны ў плане, кляштарны корпус пад вальмавым дахам. Насуперак архітэктуры касцёла ён меў сціплае пластычнае вырашэнне, фасады рытмічна падзяляліся прамавугольнымі аконнымі праёмамі.[5]

Цікавай была сістэма ацяплення будынка — ад печак у тоўшчы сцен і пад падлогай былі пракладзены своеасаблівыя керамічныя каларыферы, якія давалі дадатковае цяпло. Корпус бенедыкцінак разлічваўся на 15 келляў, тым не менш у кляштары часам знаходзілася да 28 законніц, а разам з навіцыяткамі, вучаніцамі і служачымі насельніцтва дасягала 90 чалавек.

У комплекс кляштара таксама ўваходзіў сад, які паводле інвентара 1804 года налічваў 150 фруктовых дрэваў і агарод.

Цікавыя факты

  • Мінскі кляштар бенедыкцінак быў апошнім, які царскія ўлады ліквідавалі ў месце. Пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў ён яшчэ некаторы час функцыянаваў, але цярпеў пераслед. У пачатку 1871 года з кляштара выслалі манашак, якія знайшлі тут прытулак пасля ліквідацыі іншых каталіцкіх кляштараў. Іх накіравалі ў Кімбараўскі кляштар, што знаходзіўся каля Мазыра.[7]

Зноскі

  1. Захар Шыбека, Уладзімір Гілеп, Уладзімір Дзянісаў. Што аднаўляць найперш? // Наша Ніва, 2004 — 46. С. 7 [1]
  2. Аквапарк на кляштарных могілках // Наша Ніва, 27 верасня 2006
  3. а б в г Уладзімір Дзянісаў. Менскі кляштар бенедыкцінак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 292
  4. Минские епархиальные ведомости №3, 1874. Часть неофициальная.
  5. а б Касцёл і кляштар бенедыкцінак // Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 188
  6. У. М. Дзянісаў. Кляштар бенедыкцінак // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска.. — Мн. С. 313
  7. Сяргей Харэўскі. Колькі шчыгулаў да разумення сучаснага Мінску // «Беларускі калегіум», лекцыі

Літаратура

Спасылкі