Харунжы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Станіслаў Сабескі, харунжы вялікі каронны ў 1605 годзе

Харунжы (польск.: chorąży), або харужы — воінскае званне ў шмат якіх краінах Усходняй Еўропы, паходзіць ад польскага слова chorągiew — «харугва», «сцяг». Адпавядае рымскім аквіліферу, вексілярыю, драканарыю, сігніферу.

З XV ст. у ВКЛ харунжым называлася асоба, якая адказвала за збор павятовага рушэння. Гэты атрад называўся харугвай і быў асобнай баявой адзінкай арміі ВКЛ, меў свой сцяг — харугву. У часы Рэчы Паспалітай харунжы падпарадкоўваўся кашталяну.

Са стварэннем у XVIII ст. рэгулярнай арміі ВКЛ харунжы стаў малодшым афіцэрскім званнем, спачатку толькі ў кавалерыі, а затым у пяхоце і драгунаў.

З увядзеннем знакаў адрознення меў на пагонах адну зорачку. Адпавядаў прапаршчыку ў пяхоце і карнету ў кавалерыі Рускай імператарскай арміі, фенрыху ў саксонскай і прускай арміях. З падзеламі Рэчы Паспалітай і працягам яе вайсковых традыцый у форме Літоўскага асобнага корпуса, званне харунжы саступіла месца агульнарасійскім званням прапаршчык і карнет. У Расійскай імперыі званне харунжы было толькі ў казацкіх падраздзяленнях.

У сучасных Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь адпавядае званню «малодшы лейтэнант». Да сённяшняга дня званне харунжы захавалася ў Войску Польскім для падафіцэрскіх званняў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чаропка Станіслаў. Станаўленне сістэмы знакаў адрознення ў арміі ВКЛ // Актуальные проблемы в изучении и преподавании общественно-гуманитарных дисциплин: сб. статей. — Витебск, 2012.