Перайсці да зместу

Адукацыя ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

У сістэму адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь уваходзяць:

  • Дашкольная адукацыя;
  • Агульная сярэдняя адукацыя;
  • Установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі;
  • Сярэдняя спецыяльная адукацыя;
  • Вышэйшая адукацыя;
  • Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі.

Дашкольная адукацыя

[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі добра развіта сістэма дашкольнай адукацыі[1]. І хоць яна не з’яўляецца абавязковай, большасць дзяцей, перш чым пайсці ў школу, наведваюць дзіцячыя дашкольныя ўстановы.

Колькасць месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі па тэрыторыі РБ ў 2016—2025 гадах[2]
Тэрыторыя РБ 2016 2017 2018 2019 2020 2021 2022 2023 2024 2025
Рэспубліка Беларусь 389 009 388 867 390 609 389 808 385 251 379 180 366 598 354 586 345 739 326 584
Брэсцкая вобласць 56 215 55 881 56 164 56 769 56 655 55 586 54 390 53 159 52 189 49 720
Віцебская вобласць 47 314 47 631 48 114 48 144 46 834 44 490 42 725 40 538 39 966 38 176
Гомельская вобласць 58 432 56 832 58 728 58 751 58 225 57 375 54 613 53 445 51 707 46 937
Гродзенская вобласць 44 218 44 527 43 170 43 916 43 492 42 118 41 014 39 334 38 205 35 739
г. Мінск 82 764 84 717 84 780 81 474 81 063 81 972 78 497 76 093 72 919 69 500
Мінская вобласць 57 466 56 770 57 344 58 498 56 941 56 132 55 682 54 006 53 384 51 170
Магілёўская вобласць 42 600 42 509 42 309 42 256 42 041 41 507 39 677 38 011 37 369 35 342

Школьная адукацыя

[правіць | правіць зыходнік]
Змяненне долі вучняў у класах з беларускай мовай навучання ў дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі паміж 2010/11 і 2025/26 навучальнымі гадамі.

Школьная адукацыя ў Беларусі пачынаецца з 6 гадоў і прадугледжвае два ўзроўні: агульная базавая і агульная сярэдняя. Курс базавай школы разлічаны на 9 гадоў, сярэдняй — на 11 гадоў. Паспяхова скончыўшы базавую школу, маладыя людзі маюць магчымасць прадоўжыць навучанне ў каледжах, ліцэях і прафесійна-тэхнічных вучылішчах, дзе адначасова атрымліваюць сярэднюю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку. Жадаючыя могуць атрымаць агульную сярэднюю адукацыю, прадоўжыўшы навучанне ў школе. Атэстат аб агульнай сярэдняй або сярэдне-спецыяльнай адукацыі — асноўны дакумент, які дае права на паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову.

У сістэме адукацыі Беларусі выкарыстоўваюцца дзве афіцыйныя мовы — руская і беларуская, а таксама польская і літоўская мовы.

Размеркаванне навучэнцаў дзённых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі паводле мовы навучання
2005/06 2006/07 2007/08 2008/09 2009/10 2010/11 2011/12 2012/13 2013/14 2014/15 2015/16 2016/17
Беларуская 280,2 245,9 231,5 211,2 189,1 178,4 163,4 150,7 142,0 135,1 130,6 128,6
% 23,3 21,5 20,9 20,0 19,2 19,0 17,8 16,6 15,5 14,5 13,7 13,3
Руская 922,9 898,6 873,3 846,4 793,7 761,4 752,3 757,7 772,4 795,3 823,0 838,4
% 76,7 78,5 79,0 80,0 80,7 80,9 82,1 83,3 84,4 85,4 86,2 86,6
Іншая 0,7 0,6 0,6 0,6 0,6 0,6 0,8 0,7[3] 0,8 0,9 0,9 0,91[4]
% 0,0 0,0 0,1 0,0 0,1 0,1 0,1 0,1 0,1 0,1 0,1 0,1
Атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі

Далейшая адукацыя

[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі суадносіны студэнтаў і агульнай колькасці насельніцтва адны з самых высокіх у Еўропе. Прафесійную і навуковую падрыхтоўку студэнтаў ажыццяўляюць як дзяржаўныя, так і прыватныя вышэйшыя навучальныя ўстановы розных тыпаў:

  • класічныя ўніверсітэты;
  • профільныя ўніверсітэты і акадэміі;
  • інстытуты;
  • вышэйшыя каледжы.

Паступаючы ў вышэйшую навучальную ўстанову, будучы студэнт выбірае форму навучання, якая можа быць дзённай, вячэрняй або завочнай.

Праграма падрыхтоўкі ў вышэйшых навучальных установах рэспублікі разлічана ў асноўным на 5 гадоў. Студэнты дзённай формы навучання, якія займаюцца паспяхова, атрымліваюць стыпендыю. Усе выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў розных форм уласнасці атрымліваюць дыплом дзяржаўнага ўзору.

У Беларусі ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі, як дзяржаўныя, так і прыватныя, падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі.

У маі 2015 года Беларусь афіцыйна стала ўдзельнікам Балонскага працэсу — Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах народнай педагогікі і найбольш выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў.

Барысаў камень каля Друі. З малюнка А. Сапунова, 1896.
Віцебская берасцяная грамата. XIIIXIV стст.

Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў X—XIII стагоддзях. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, бібліятэкі, вялося летапісанне. У XI стагоддзі ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая старажытная на Беларусі бібліятэка, дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараславянскай і грэчаскай мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы, знойдзеныя ў Віцебску і Мсціславе, найстаражытнейшае на землях усходніх славян Тураўскае евангелле (XI ст.). Буйнейшыя асветнікі старажытнай Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У бібліятэках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая літаратура, павучанні, жыціі.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйнай мовай на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, мастацкія творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя беларускіх зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, склалася беларуска-літоўскае летапісанне. З развіццём феадальных адносін і ростам гарадоў у XIV—XVI стагоддзях пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сацыяльна-этнічным і прафесійным асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вялікіх манастырах і цэрквах Новагародка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія бібліятэкі Супрасльскага Благавешчанскага манастыра, Святатраецкага манастыра ў Вільні, Траецкага манастыра ў Слуцку і інш.

У XVI—XVII стагоддзях бібліятэкі ствараліся пры навучальных установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнатыХадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы, і адукаваная шляхта стваралі ўласныя бібліятэкі. У эпоху Адраджэння, якое на Беларусі пачалося з канца XV стагоддзя, развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманістычнага і рэфармацыйнага руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцтвам і рэфармацыйным рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру беларускага народа зрабілі Ф. Скарына, С. Будны, браты Л. Зізаній і С. Зізаній, В. Цяпінскі, М. Гусоўскі, І. Фёдараў, П. Мсціславец, С. Собаль, Л. Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя, уніяцкія, пратэстанцкія, іўдзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў.

Рэч Паспалітая

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай у 1569 годзе і перамогі Контррэфармацыі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навучальныя ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навучальнай установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, заснаваны ў 1570 годзе, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую вышэйшую навучальную ўстанову у Вялікім Княстве Літоўскім. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Берасці, Горадні, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Менску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з другой паловы XVIII стагоддзя Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманітарных навук, эстэтычнае і фізічнае выхаванне.

Расійская імперыя

[правіць | правіць зыходнік]
Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта з касцёлам Св. Янаў. 1840-1850-я

У канцы XVIII — пачатку XIX ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні народных вучылішчаў Расійскай імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пачатковых і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар.

Паводле школьнай рэформы 1802 года беларускія губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі ўніверсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадукацыйных школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя  (руск.). Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя.

Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Малюнак Н. Орды. Другая палова XIX ст.

Пасля паўстання 1830—1831 гадоў сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 годзе быў закрыты Віленскі ўніверсітэт. На пачатак 1860-х гадоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі існавала 576 навучальных устаноў, у тым ліку першая вышэйшая — Горыгорацкі земляробчы інстытут, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзяржаўных і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзяржаўных, ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тысяч чалавек (0,5 % насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80 % настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50 % скончылі вышэйшыя і спецыяльныя педагагічныя ўстановы.

У другой палове XIX — пачатку XX ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—1870-х гадоў на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтральных губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў былі закрыты Горыгорацкі земляробчы інстытут, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пачатковыя школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 года закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя праваслаўнаму духавенству.

У другой палове XIX стагоддзя адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень народнай асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 годзе на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7 % (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся).

На пачатак XX стагоддзя пад націскам рэвалюцыйнага руху і патрэб сацыяльна-эканамічнага развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне народнай адукацыі. На працягу 19001914 гадах колькасць пачатковых і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 інстытуты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-педагагічны рух за рэформу народнай адукацыі, адкрываліся нелегальныя беларускія школы, стваралася дзіцячая навучальная літаратура на беларускай мове, у тым ліку кніжкі В. Іваноўскага, К. Каганца, Цёткі, Я. Коласа, В. Ластоўскага, ствараліся педагагічныя таварыствы, педагагічная думка развівалася ў працах Ф. А. Кудрынскага, Дз. А. Сцяпуры, Е. Р. Раманава, К. І. Ціхамірава і інш.

Даваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэлігійныя, нацыянальныя і іншыя прывілеі. У студзені 1919 года створаны Народны камісарыят асветы БССР, у красавіку 1919 года адноўлены Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, у 1921 годзе адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1920-я гады дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на беларускую мову навучання. У 1930-я гады БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пачатковага навучання  (руск.) і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х гадоў беларусізацыя народнай асветы ў БССР была згорнута.

«Тут ляжыць труп беларускай школы». Карыкатура з заходнебеларускага часопіса «Маланка» № 1, 1926

У Заходняй Беларусі барацьбу за беларускія школы і дэмакратызацыю народнай адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ).

Пасляваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пачальнае навучанне і пераход да усеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэрыяльная база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я гады практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння беларускай мовы ў агульнаадукацыйных школах. У канцы 1980-х гадоў у школах з рускай мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з беларускай мовай. Да канца 1970-х гадоў завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 года ўводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.

Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навучальных планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навучальных устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне.

  1. Образование, Беларусь | Belarus.by. www.belarus.by. Праверана 25 верасня 2025.
  2. Интерактивная информационно-аналитическая система распространения официальной статистической информации. dataportal.belstat.gov.by. Праверана 9 ліпеня 2026.
  3. На польскай мове — 670 чалавек, на літоўскай мове — 57 чалавек.
  4. На польскай мове — 868 чалавек, на літоўскай мове — 63 чалавекі.
  • Асвета // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  • Самусік А. Ф. «Арол над гняздом сваім» : вылучэнне настаўніцтва ў асобны від прафесійнай дзейнасці на беларускіх землях у XІI – XVIII стагоддзях // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия Е. Педагогические науки. — 2016. — № 7. — С. 2-11.
  • Самусік А. Ф. Станаўленне адукацыйнай справы на беларускіх землях ў XІV – сяр. XVI ст. // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага унiверсiтэта. Серыя 2. — 2008. — № 4. — С. 3-7.
  • Самусік А. Ф., Яноўскі А. А. Універсітэт Беларусі : Асэнсаванне і рэалізацыя яго ідэі ў гісторыка-палітычных рэаліях часу // Российские и славянские исследования : сб. научн. ст. Вып. 7. — Минск : БГУ, 2012. — С. 357-370.

Дадатковая літаратура[1]

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Матэрыялы, якія не выкарыстоўваліся ў напісанні артыкула, але адпавядаюць тэме