Перайсці да зместу

Ае-ае

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ае-ае
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  572886
NCBI  31869
EOL  324407
FW  232753

Ае-ае, руканожка мадагаскарская[3] (Daubentonia madagascariensis) — адзіны сучасны від (іншы апісаны від, Daubentonia robusta, вымер каля 1000 гадоў таму) сямейства руканожкавыя (Daubentoniidae), млекакормячае з пухнатай чорна-бурай поўсцю, доўгім хвастом і вельмі падоўжанымі тонкімі пальцамі. Вядзе начны лад жыцця ў трапічных лясах Мадагаскара. Самы буйны прадстаўнік начных прыматаў. Мае бурую афарбоўку ў белую крапінку і вялікі пухнаты хвост. Жыве на поўначы Мадагаскара. Від занесены ў Чырвоную кнігу.

Гэты від руканожак адкрыў у 1780 годзе даследчык П’ер Санера, які працаваў на заходнім беразе Мадагаскара. Пра сістэматычнае становішча ае-ае вяліся доўгія спрэчкі — з-за своеасаблівай будовы зубоў гэтых жывёл спачатку адносілі да грызуноў, але потым навукоўцы прыйшлі да высновы, што гэта лемуры асобай, якая адхілілася ад агульнага ствала групы. Радавая назва дадзена ў гонар французскага натураліста Луі Жан Мары Дабантона (1716—1800).

Вага — каля 3 кг. Цела стройнае, даўжынёй каля 36-44 см, пакрыта жорсткай прамой цёмна-бурай або чорнай поўсцю з густым падшэрсткам. Пухнаты хвост дасягае даўжыні 60 см. Вялікая круглявая галава са скарочанай мызай упрыгожана буйнымі вачыма і вялізнымі безвалосымі лыжкападобнымі вушамі.

Зубы нагадваюць зубы грызуноў. Разцы вельмі буйныя, выгнутыя і адасобленыя ад карэнных значным прамежкам. Іклы пасля змены малочных зубоў не захоўваюцца, затое разцы працягваюць расці на працягу ўсяго жыцця жывёлы.

Пярэднія канечнасці карацейшыя за заднія, пальцы маюць вельмі доўгія і крыху сагнутыя пазногці. З прычыны гэтага ае-ае ходзіць вельмі павольна. На сярэднім пальцы рукі два апошнія суставы сярэдняга пальца — доўгія, тонкія і не пакрытыя валасамі. Ае-ае карыстаецца гэтым пальцам, каб здабываць з расколін кары жукоў і іншых насякомых, а таксама іх лічынкі і прапіхваць іх у горла. Ае-ае займае ў прыродзе, па сутнасці, тую ж экалагічную нішу, што і дзяцел.

Як і ў іншых прыматаў, вялікі палец на ступнях супрацьпастаўлены астатнім чатыром, але на кісцях такога супрацьпастаўлення амаль няма. Пазногці на вялікіх пальцах задніх канечнасцяў плоскія, а на астатніх — кіпцюрападобныя.

  1. ↑ Integrated Taxonomic Information System — 2000. Праверана 19 верасня 2013.
  2. ↑ Mammal Species of the World: A Taxonomic and Geographic Reference / D. E. Wilson, D. Reeder — 3 — Baltimore: JHU Press, 2005. — 35, 2142 p. — ISBN 978-0-8018-8221-0 Праверана 18 верасня 2015.
  3. ↑ Ае-ае, руканожка мадагаскарская // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).