Перайсці да зместу

Азаваг

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Від на басейн Авазага і суседнія геаграфічныя структуры з космасу. Жоўтымі лініямі пазначаны граніцы паміж краінамі рэгіёна.
Азаваг займае паўночна-ўсходнюю частку басейна Нігера, якая цяпер перасохла і атрымлівае ваду толькі ад сезонных падземных рэк.

Азаваг (таксама Азаўаг ці Азавак) — сухая катлавіна ў Афрыцы, якая ахоплівае тэрыторыю паўночна-заходняга Нігера, а таксама часткі паўночна-ўсходняга Малі і паўднёвага Алжыра[1]. Азаваг галоўным чынам складаецца з раўнін Сахеля і Сахары. Населены пераважна туарэгамі, з некалькімі арабамоўнымі меншасцямі, бузу, вадабэ і нядаўнім прышлымі народаў хауса і джэрма.

Слова «азаваг» у туарэгаў азначае «саванна»[2]. Азавад, тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння часткі паўночнай часткі Малі, на якую прэтэндуе паўстанцкі рух туарэгаў Нацыянальны рух за вызваленне Азавада, лічыцца арабскім скажэннем слова «Азаваг»[3].

Азаваг з'яўляецца сухой катлавінай, якая раней уключала паўночныя прытокі рэк Нігер і Азаваг, вядомай у паўднёвых рэгіёнах як Далал Боса. Рака, якая ў дагістарычныя часы працякала тут каля 1 600 км, высахла пасля неаліту і ўтварыла басейн плошчай каля 420 000 км². Колішняя рачная даліна, званая ў геалогіі ўпадзінай Іўлемедэн, мяжуе з горамі Ахагар і іх перадгор'ямі на поўначы, пласкагор'ямі Аір на ўсходзе і Адрар-Іфарас на захадзе[4]. Карэнная парода рэгіёна — вапняк і гліна мелавога і палеацэнавага перыядаў, якія ў верхнім плейстацэне былі разрэзаны эрозіяй і пакрыты эолавым пяскамі[5].

З экалагічнага пункта гледжання басейн Азавага дзеліцца з поўначы на поўдзень на Сахарскую, Сахельскую і Паўночную Суданскую зоны[4].

Засяленне Азавага чалавекам датуецца 4500 годам да н.э., жывёлагадоўля з'явілася каля 3200 года да н.э.[4] З гэтага перыяду і да прыкладна 1500 года да н.э. клімат рэгіёна спрыяў такой буйной фаўне, як вадзяны казёл, бегемоты і сланы[6].

Сведчанні апрацоўкі медзі, знойдзеныя ў Тэкебрыне, датуюцца 1600 годам да н.э. Прыкладна ў той жа час кліматычныя ўмовы пагоршыліся, і на месца суданскіх народаў у рэгіён прыйшлі берберы, культура якіх адзначана іх курганнымі пахаваннямі тумулусамі[4].

Іслам дасягнуў гор Заходняга Аіра праз паўднёвы захад Лівіі ў VIII стагоддзі[7]. У пачатку XX стагоддзя ў гэты рэгіён уварваліся і каланізавалі французы[8]. Пасля таго як Алжыр, Малі і Нігер атрымалі незалежнасць і французская каланіяльная ўлада пакінула рэгіён, тэрыторыя была падзелена паміж гэтымі трыма краінамі.

У 1970–1980-х гадах серыя засух прымусіла ўсё больш качавога насельніцтва перасяляцца ў вёскі і гарады[9]. Засуха таксама стала прычынай паўстання сярод туарэгаў рэгіёна. У Нігеры супраць урада выступілі такія групоўкі, як Фронт вызвалення Аіра і Азаўака і Фронт вызвалення Тамуста. У Малі ж узброены супраціў узнялі Арабскі ісламскі фронт Азавада, Народны рух за вызваленне Азавада, Рэвалюцыйная вызваленчая армія Азавада і Народны фронт вызвалення Азавада[8].

У гэтым раёне пераважаюць туарэгі, а таксама некаторыя качавыя плямёны арабскага паходжання, у тым ліку носьбіты мовы хасанія[10]. Азаваг з'яўляецца цэнтрам Федэрацыі Івелемедэн-Кел-Дэнег[11]. У рэгіёне таксама пражывае качавое насельніцтва вадабэ, фульбэ і значная меншасць бузу, якое раней належала да касты рабоў туарэгаў. У апошнія гады ў рэгіёне з'явілася насельніцтва з народаў хауса і джэрма, галоўным чынам у якасці дзяржаўных чыноўнікаў і гандляроў[8].

Нягледзячы на вялікую плошчу рэгіёна, у 2003 годзе ў нігерыйскай частцы Азавага пражывала ўсяго 85 тысяч чалавек[12].

  1. Paris (1995): p. 250.
  2. Ritter, Hans (2009). Wörterbuch zur Sprache und Kultur der Twareg (Document). Harassowitz Verlag. p. 227.
  3. Robert Brown (1896). Annotations to The history and description of Africa, by Leo Africanus. The Hakulyt Society. Праверана 3 April 2012.
  4. а б в г Paris (1995), p. 228.
  5. Paris (1995), p. 229-30.
  6. Paris (1995), p. 247.
  7. Paris (1995), p. 238.
  8. а б в Popenoe (2003), p. 15.
  9. Popenoe (2003), p. 17.
  10. Popenoe (2003), p. 16-17.
  11. Decalo, Samuel (1997). Historical Dictionary of the Niger (3rd ed.). Boston & Folkestone: Scarecrow Press. p. 184. ISBN 0810831368.
  12. Popenoe (2003), p. 13.