Азіяцкія эскімосы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Азіяцкія эскімосы
(юпигыт, югыт)
Агульная колькасць 5 тыс. чал. (2016 г.)
Рэгіёны пражывання  Расія — 1 657 (2021)[1]

 ЗША — 3 100 (2016)[2]

Мова навукагміт, унгазігміт, сірэнігміт
Рэлігія анімізм, шаманізм
Блізкія этнічныя групы сугпіят, юпік Цэнтральнай Аляскі

Эскімосы (саманазвы: юпигыт, югыт) — група малых народаў юпік азіяцкага паходжання. Жывуць пераважна ў Чукоцкай аўтаномнай акрузе Расіі і на востраве Святога Лаўрэнція ў амерыканскім штаце Аляска. Агульная колькасць — каля 5 000 тыс. (2016 г.)[3]. Згодна перапісу насельніцтва 2009 г. у Беларусі жыло 3 эскімосы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заходняе ўзбярэжжа Берынгава праліва здаўна з’яўлялася месцам фарміравання эскімоскіх народаў[4]. Азіяцкія эскімосы падтрымлівалі шчыльныя сувязі са сваімі амерыканскімі суродзічамі і аказвалі істотны ўплыў на суседнія палеаазіяцкія народы — чукчаў, керэкаў, каракаў. Першыя пісьмовыя ўзгадкі адносяцца да XVII ст. У руска-чукоцкіх войнах XVIII ст. падтрымлівалі бок чукчаў, разам з імі ўдзельнічалі ў ваенных экспедыцыях супраць эскімосаў Аляскі[5]. У канцы XIX — пачатку XX ст. падчас голаду група азіяцкіх эскімосаў перасялілася на востраў Святога Лаўрэнція, у 1926 г. — на востраў Урангеля.

У 1930-ых гг. сярод эскімосаў, што жылі на тэрыторыі СССР, адбылася калектывізацыя. Пасля II Сусветнай вайны яны былі пераселены ў буйныя паселішчы, дзеці гадаваліся ў інтэрнатах, што прывяло да частковай згубы мовы і культуры[6]. З 1991 г. назіраецца нацыянальнае адраджэнне, усталяванне зносін з суродзічамі з ЗША.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным гаспадарчым заняткам азіяцкіх эскімосаў была здабыча марскіх звяроў — ластаногіх і кітоў. Да сярэдзіны XIX ст. галоўнымі прыладамі палявання былі дзіда з навершам стрэлападобнай двухбаковавострай формы пана і паваротны гарпун унг`ак з касцяным прымацаваным навершам[7]. Пазней распаўсюдзілася агнястрэльная зброя. Збіралі на літаралі малюскаў і водарасці, у тундры — ягады і ядомыя расліны, лавілі рыбу, палявалі з лукам і стрэламі на наземных звяроў. Мяса марозілі, квасілі, вялілі, варылі. Ласункам лічыліся аленевае мяса і волкая кітовая скура. Быў развіты абмен з чукчамі-аленегадоўцамі і амерыканскімі эскімосамі.

Азіяцкія эскімосы традыцыйна займаліся апрацоўкай косці, былі выдатнымі разьбярамі, ведалі простую кераміку, жанчыны ўпрыгожвалі вопратку, рабілі тонкую скуру для адзення і бісер.

Першапачаткова жылі ў буйных паселішчах, якія складаліся з зямлянак нын’лю. У XVII — XVIII ст. пад уплывам суседзяў асноўным жытлом стала каркасная яранга мын’тыг', крытая аленевымі скурамі і дзёрнам. Улетку стваралі часовыя каркасныя хаціны з кітовых костак і дрэва.

Да канца XIX ст. эскімосы апраналі доўгія строі з птушыных скур. Паступова распаўсюдзілася вопратка са скур ластаногіх і аленяў. Мужчынскую вопратку складалі вузкія натазніки са скуры нерпы, кашуля з футра аленя аткук, футравыя штаны і абутак. Жанчыны насілі на голым целе скураныя натазнікі, падобныя на трусы, па-над імі апраналі футравы камбінезон. Жаночая абутак па кроі не адрозніваўся ад мужчынскага, толькі быў больш высокім. Футравую шапку і рукавіцы мужчыны і жанчыны насілі толькі ў дарозе. У астатні час, нават на моцным марозе і ветру, яны хадзілі з непакрытай галавой. Прычоска ў жанчын была аднолькавая — дзве касы з праборам пасярэдзіне. У мужчын яна была больш разнастайнай. Да пачатку XX ст. меўся звычай татуіраваць цела. У мужчын яна абмяжоўвалася нанясеннем колаў каля рота. Татуіроўка на твары жанчыны складалася з прамых або трохі ўвагнутых паралельных ліній, якія пакрываюць частку ілба, нос і падбародак. На шчоках наносіўся больш складаны геаметрычны арнамент. Асабліва складаным і разнастайным малюнкам адрознівалася татуіроўка рук: пэндзля і перадплечча[8].

Традыцыйна галоўную ролю ў сацыяльным жыцці адыгрывала малая нуклеарная сям'я, якая складалася з бацькі, маці і дзяцей, часам больш старых сваякоў. Гаспадаром лічыўся мужчына. Па мужчынскай лініі ўспадкаваць маёмасць і перадавалася родавое імя. Аднак паляўнічая гаспадарка патрабавала доўгай адсутнасці мужчын у сям’і, што прывяло да ўзвышэння ролі жанчыны. Яна распараджалася маёмасцю ў адсутнасці мужа, кантралявала размеркаванне нарыхтаваных прадуктаў і нават магла абараняць свой дом са зброяй. У эскімосаў быў распаўсюджаны звычай адпрацоўкі за нявесту ў сям’і яе бацькі.

Сваяцкія сувязі па-за межамі сям’і таксама заставаліся вельмі важнымі. Звычайна блізкія сваякі складалі адзіную групу паляўнічых анъ’ям има[9]. Яе ўзначальваў гаспадар лодкі, з якой вёўся лоў. Мяса размяркоўвалі паміж усімі паляўнічымі пароўну, большасць астатняга атрымоўвалі гаспадар лодкі і лепшыя паляўнічыя. Такім чынам у эскімоскім грамадстве фарміравалася сацыяльная няроўнасць.

Народныя святы шчыльна звязаны з гаспадарчымі заняткамі. Асабліва вядомы свята пачатку вясенняга палявання Атыгак, свята маржоў Наскуныхкылык, свята кітоў Поля[10]. Яны суправаджаліся рытуальнымі спевамі, танцамі, ахвярапрынашэннямі. Песні і танцы маглі мець не толькі рэлігійны, але і забаўляльны характар. Распаўсюджаны розныя гульні. Азіяцкія эскімосы вядомы сваім мастацкім разбярствам па косці.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Азіяцкія эскімосы размаўляюць на трох самастойных мовах, якія належаць да групы моў юпік алеуцка-эскімоскай сям’і. Адпаведна мовам падзяляюцца на тры аб’яднанні — навукагміт, унгазігміт, сірэнігміт. Навукагміт складаюць абсалютную большасць азіяцкіх эскімосаў ЗША. У Расіі пераважаюць унгазігміт. На аснове іх мовы ў 1932 г. у СССР была распрацавана адзіная літаратурная мова эскімосаў з пісьмом лацінскай графікай. З 1937 г. распаўсюджана кірыліца. Існуе мастацкая літаратура на эскімоскай мове[11].

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Хаця спробы хрысціянізацыі азіяцкіх эскімосаў прадпрымаліся з XIX ст., хрост меў фармальны характар, а таму ніяк не ўплываў на далейшае жыццё. Эскімосы верылі ў магію, шматлікіх духаў, шанавалі касатку, ваўка і крумкача. Рытуальныя святы арганізоўваліся часта, суправаджаліся песнямі, танцамі і тэатральнымі відовішчамі[12]. Быў вядомы інстытут шаманаў. Яны лекавалі хваробы, абаранялі ад злых духаў. Звычайна шаманамі станавіліся мужчыны, але існавалі і жанчыны-шаманкі.

Зноскі

  1. Национальный состав населения Российской Федерации согласно переписи населения 2021 года. Архівавана з першакрыніцы 30 снежня 2022. Праверана 4 лютага 2023.
  2. Eskimo, Saint Lawrence Island in United States
  3. Yupik, Central Siberian
  4. Мачинский А. В., Древняя эскимосская культура на Чукотском полуострове
  5. Нефёдкин А. К. Военное дело чукчей (середина XVII—начало XX в.). — СПб.: Петербургское Востоковедение, 2003
  6. Ludmila Ainana, Tatiana Achirgina-Arsiak, Tasian Tein, Yupik (Asiatic Eskimo)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 лістапада 2013. Праверана 30 ліпеня 2016.
  7. Эскимосы — Россия, Russia
  8. Национальная одежда эскимосов
  9. Народы Сибири. / Под ред. М. Г. Левина, Л. П. Потапова. — Москва — Ленинград, 1956. С. 941
  10. Обычаи и праздники народов Севера Архівавана 1 верасня 2016.
  11. ЭСКИМОСЫ АЗИАТСКИЕ Архівавана 12 сакавіка 2017.
  12. Народы Сибири. / Под ред. М. Г. Левина, Л. П. Потапова. — Москва — Ленинград, 1956. С. 943