Айзік Платнер
Айзік Платнер | |
---|---|
ідыш: אײַזיק פּלאַטנער | |
![]() Айзік Платнер, 1938 г. | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 17 лістапада 1895 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 26 ліпеня 1961 (65 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, паэт |
Мова твораў | ідыш |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
![]() | |
![]() |
А́йзік Пла́тнер, у савецкай традыцыі Ісак Ха́імавіч Пла́тнер (ідыш: אײַזיק פּלאַטנער; 17 лістапада 1895, Саколаў Падляскі, Мазавецкае ваяводства — 26 ліпеня 1961, Паланга) — яўрэйскі паэт і перакладчык. Пісаў на ідышы.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям’і краўца ў Саколаве Падляскім. Вучыўся ў хедары і ешыве, але з 11 гадоў вымушаны быў кінуць вучобу, каб дапамагаць бацьку ў працы. Да 1915 года працаваў краўцом у розных майстэрнях Саколава Падляскага, у 1915—1918 гадах — на швейнай фабрыцы ў Літве[1]. Першыя вершы, напісаныя на ідыш, былі надрукаваныя ў «Варшаўскім альманаху» ў 1918 годзе. Удзельнічаў у дзейнасці сацыялістычнай партыі Паалей Цыён.
У 1918 годзе эміграваў у ЗША, дзе да 1923 года працаваў краўцом на швейнай фабрыцы ў Нью-Ёрку. Скончыў там яўрэйскую настаўніцкую семінарыю ў 1927 годзе. У 1927—1932 гадах настаўнічаў у школах пры Інтэрнацыянальным рабочым ордэне, быў літаратурным супрацоўнікам нью-ёркскай камуністычнай газеты «Морген-фрайгайт» («Вольная раніца»)[1].

У 1932 годзе наведаў Савецкі Саюз як удзельнік паездкі групы заходніх пісьменнікаў. Атрыманыя ўражанні прывялі да таго, што ў канцы 1932 года Платнер прыехаў з сям’ёй у Менск. Працаваў літаратурным работнікам у яўрэйскай рэдакцыі Беларускага радыёкамітэта да 1937 года. У 1937—1941 гадах літаратурным рэдактарам у яўрэйскай газеце «Октобэр» («Кастрычнік», у часопісе «Штэрн». У 1933 годзе ў Менску выйшаў першы зборнік яго вершаў для дзяцей. Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года[1].
У час Другой сусветнай вайны Айзік Платнер эвакуіраваўся ў Саранск. Працаваў у калгасе, на радыё[1]. Пасля пераехаў у Яраслаўль. У Мінск вярнуўся ў 1944 годзе па вызваленні горада.

Трапіў пад палітычныя рэпрэсіі. 8 чэрвеня 1949 года Платнер арыштаваны. Прыгавораны Асобай нарадай 22 красавіка 1950 года паводле абвінавачанняў артыкуламі 63-1, 72а, 76 КК БССР — «шпіянаж і антысавецкая нацыяналістычная дзейнасць» да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў з канфіскацыяй маёмасці. Адбываў тэрмін паводле розных звестак у Азярлагу (Брацк) або Тайшэце. Вызвалены ў 1956 годзе. Рэабілітаваны 30 студзеня 1956 года.
Па вяртанні ў Мінск ён быў адноўлены ў Саюзе пісьменнікаў, на ідышы больш не публікаваўся, бо прэса на гэтай мове была цалкам знішчана. У яго выходзілі зборнікі на беларускай і рускай мовах, яго вершы перакладалі на польскую і чэшскую мовы.
Памёр 26 ліпеня 1961 года ў Паланзе. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]
Першыя публікацыі ў яўрэйскім друку Польшчы за 1918 год не выяўлены. У 1920-я гады друкаваўся ў яўрэйскай перыёдыцы ЗША. У 1930 годзе ў Нью-Ёрку выйшла першая кніга «Пра што расказвае дзень». З 1932 года друкаваўся ў менскіх яўрэйскамоўных выданнях. У 1930-я гады выйшаў шэраг яго паэтычных кніг у Менску: «Пра дзве краіны», «З Амерыкі», «Паэма пра краўцоў», кніга апавяданняў «Сярод дзяцей» і інш[1].
У перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі: «Сваёй краіне», «Соль жыцця», «Мой агарод», «Дар сэрца». Аўтар вершаў для дзяцей, перакладаў з англійскай і нямецкай моў. Асобнымі выданнямі выходзілі яго творы ў перакладах на рускую і балгарскую мовы[2].
Бібліяграфія яўрэйскай мовай
[правіць | правіць зыходнік]- «Пра што расказвае дзень». Нью-Ёрк, 1930
- «Пра дзве краіны» (паэзія). Менск, 1933
- «З Амерыкі: Вершы». Менск, 1934
- «Паэма пра краўцоў». Менск, 1935
- «Сярод дзяцей: Апавяданні». Менск, 1938
- «Песня маці: Паэма». Мінск, 1940
- «Сонца на парозе» (вершы). Мінск, 1940
- «З любоўю і верай: Паэма». Мінск, 1947
- «Самае дарагое: Апавяданні». Мінск, 1948
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д Беларускія пісьменнікі 1995, с. 31.
- ↑ Беларускія пісьменнікі 1995, с. 32.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- І. Багдановіч, Т. Махнач. Платнер Ісак // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 5. Пестрак — Сяўрук. — С. 31—33. — 480 с.; іл.. — ISBN 5-85700-168-4.