Айчынны фронт (Аўстрыя)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Айчынны фронт
ням.: Vaterländische Front
Выява лагатыпа
Лідар Курт Шушніг
Заснавальнік Энгельберт Дольфус
Дата заснавання
Дата роспуску 13 сакавіка 1938
Штаб-кватэра Вена
Краіна
Ідэалогія карпаратывізм, аўстрыйскі нацыяналізм, каталіцкі фундаменталізм
Саюзнікі і блокі «Аўстрыйскія маладыя людзі»
Маладзёжная арганізацыя Österreichisches Jungvolk[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Айчынны фронт (ням.: Vaterländische Front) — ультраправая аўстрафашысцкая палітычная партыя, заснаваная ў 1933 годзе Энгельбертам Дольфусам. Фронт павінен быў «быць носьбітам ідэі аўстрыйскай дзяржавы» і «палітычна аб'яднаць усіх грамадзян Аўстрыі»[1]. Іншы варыянт перакладу назвы — Патрыятычны фронт. Пасля забароны ўсіх іншых палітычных партый і ліквідацыі парламенцкай дэмакратыі, Айчынны фронт займаў манапольнае становішча ў аўстрыйскай палітыцы.

Нягледзячы на намаганні Дольфуса, партыя так і не стала па-сапраўднаму масавым рухам. Хоць да канца 1937 года яе фармальнымі членамі былі каля 3 млн. чалавек (з 6,5 млн насельніцтва Аўстрыі), гэтая партыя не здолела заручыцца падтрымкай сваіх палітычных апанентаў як з колаў сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі, так і з нацысцкай партыі). Партыя была забароненая пасля аншлюсу (далучэння Аўстрыі да Германіі) у сакавіку 1938 года, і (у адрозненне ад сацыял-дэмакратычнай партыі) не была адноўлена пасля разгрому нацыстаў у 1945 годзе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг «Айчыннага фронту»

Фюрэр Дольфус[правіць | правіць зыходнік]

У 1918 годзе, пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, распаду шматнацыянальнай Аўстра-Венгерскай імперыі і ліквідацыі аўстрыйскай манархіі, у маладой Аўстрыйскай рэспубліцы вылучыліся тры асноўных палітычных лагера: сацыял-дэмакраты, кансерватыўная Хрысціянска-сацыяльная партыя і пангерманская Народная партыя «Вялікай Германіі» (ням.: Großdeutsche Volkspartei, GDVP). 10 мая 1932 года канцлерам становіцца лідар Хрысціянска-сацыяльнай партыі Энгельберт Дольфус. У лютым 1933 года ў Аўстрыі адбыўся парламенцкі крызіс у ходзе галасавання па законе аб заработнай плаце. Нягледзячы на захаваную магчымасць пераадолець крызіс парламенцкімі метадамі, 4 сакавіка канцлер Дольфус дамогся ад хрысціянска-сацыяльнай большасці самароспуску парламента і стаў правіць на падставе закона аб прадастаўленні надзвычайных паўнамоцтваў. Улада перайшла да групы аўстрафашыстаў і кансерватараў, роўна аддаленых і ад аўстрыйскіх левых, і ад нямецкіх нацыяналістаў.

20 мая 1933 года Дольфус стварыў аўстрафашысцкую партыю Айчынны фронт у якасці пераемніка Хрысціянска-сацыяльнай партыі. Фронт быў заснаваны, каб прадстаўляць ўсіх аўстрыйцаў і для замены парламенцкай дэмакратыі. Адной з мэтаў арганізацыі было, як сфармуляваў раней былы канцлер Ігнат Зайпель на аснове каталіцкага сацыяльнага вучэння, у прыватнасці энцыклікі «Rerum Novarum» (1891) і булы «Quadragesimo Anno» (1931), стварэнне карпаратыўнай дзяржавы. Адной з перадумоў стала адмена парламенцкай сістэмы. Да фронту далучылася баявая арганізацыя правых сіл — Хеймвер. 30 мая ваенізаваная арганізацыя сацыял-дэмакратаў, Шуцбунд, была забаронена. Таксама былі забаронена Камуністычная партыя Аўстрыі, аўстрыйская Нямецкая нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя і Рух свабодных мысліцеляў (ням.: Bewegung der Freidenker). 11 верасня 1933 года ў сваёй прамове на Трабрэнплац ў Вене Дольфус заявіў: «Перыяд праўлення партый скончыўся! Мы не прымаем ураўняльнасць і тэрор, мы хочам у Аўстрыі нямецкую дзяржаву, якая грунтуецца на сацыяльных, рэлігійных, карпаратыўных пачатках з моцнымі, аўтарытарным кіраўніцтвам».[2]

Пасля падаўлення Лютаўскага паўстання ў пачатку 1934 года, дзейнасць Сацыял-дэмакратычнай партыі і ўсіх афіляваных з ёй арганізацый была аб'яўлена незаконнай. Усе службовыя асобы і дэпутаты, выбраныя ад сацыял-дэмакратаў, у тым ліку венскі мэр Карл Зейтц, былі замененыя на прадстаўнікоў Айчыннага фронту. Устараніўшы сацыял-дэмакратаў і прафсаюзы з палітычнай сцэны, урад Дольфуса кансалідаваў саюз кансерватыўных сіл і царквы і прыняў «Майскую канстытуцыю» (ням.: Maiverfassung), запазычаную ў рэжыму Мусаліні. Федэральны закон ад 1 мая 1934 года № 4/1934 абвясціў Дольфуса «федэральным лідарам» (ням.: Bundesführer) Айчыннага фронту з дыктатарскімі паўнамоцтвамі. Дольфус быў забіты баявікамі аўстрыйскіх СС 25 ліпеня 1934 года, але створаны ім рэжым, вядомы як аўстрафашызм, праіснаваў да аншлюсу 1938 года.

Фюрэр Штарэмберг[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Дольфуса Аўстрыю і фронт мог узначаліць кіраўнік Хеймвера князь Эрнст Рудзігер Штарэмберг, які сыграў вядучую ролю ў падаўленні паўстання нацыстаў і падзяляў ідэі Дольфуса. Але супраць яго выступілі прэзідэнт Аўстрыі Вільгельм Міклас і вядучыя хрысціянска-сацыяльныя палітыкі. У выніку 29 ліпеня 1934 года канцлерам Аўстрыі стаў Курт Шушніг, а Штарэмберг становіцца федэральным лідарам Айчыннага фронту і віцэ-канцлерам з функцыямі міністра бяспекі.

27 ліпеня 1934 года Штарэмберг звярнуўся з прамовай памяці Дольфуса, у якой звярнуў увагу на агульныя контуры сваёй палітычнай праграмы: Аўстрыю ён назваў «барыкадай Еўропы» супраць бальшавізму і «недапушчальнага, крымінальнага дэмагагичнага нацыяналізму», і заклікалі змагацца «супраць варварства дваццатага стагоддзя». Новы ўрад Шушнига Штарэмберг абвясціў «Святой спадчынай» забітага канцлера, паабяцаўшы не дапусціць ні найменшага кампрамісу з нацыстамі, каб ніякія саступкі «не змаглі б паўплываць на нашу поўную незалежнасць і свабоду, гонар і годнасць». Як і іншыя аўстра-фашысты, канчатковай мэтай сваёй палітыкі ён лічыў аднаўленне Габсбургаў.

Наступныя два гады Штарэмберг, які выступаў за супрацоўніцтва з Мусаліні дзеля захавання незалежнасці Аўстрыі ад III Рэйха, паступова саступала свае пазіцыі на палітычнай арэне канцлеру Шушнігу, пакуль 14 сакавіка 1936 года не быў вымушаны пакінуць пасаду фюрэра Фронту.

Фюрэр Шушніг[правіць | правіць зыходнік]

Новым лідарам Айчыннага фронту пасля сыходу Штарэмберга стаў канцлер Курт Шушніг. Пры ім статус фронту змяніўся. У маі 1936 года прыняты новы закон, згодна з якім Айчынны фронт ператварыўся ў звычайную легальную палітычную партыю. Сімвалам Айчыннага фронту становіцца Кастыльны крыж, крыж з папярочнымі бэлькамі на ўсе чатыры бакі, для студэнтаў ўводзіцца нагрудны знак «Будзьце адзіныя», а члены фронту цяпер абавязаны вітаць адзін аднаго словамі ням.: «Front heil!». Усе дзяржаўныя служачыя былі абавязаныя ўступіць у Айчынны фронт.

Пасля забароны ўсіх іншых палітычных партый, Айчынны фронт вызначыў сваю палітычную манаполію. Ва фронт ўваходзілі арганізацыі «Аўстрыйскія маладыя людзі» (ням.: Österreichische Jungvolk), «Народнае Палітычнае Кіраванне нацыянальна настроеных» (ням.: Volkspolitische Referat für national Gesinnte), «Сацыяльна-палітычны аддзел» (ням.: Sozialpolitisches Referat), які павінен быў замяніць сацыял-дэмакратаў, і Фронт міліцыі (ням.: Frontmiliz), створаны ў кастрычніку 1936 года ў якасці замены апалчэння. Насуперак волі Дольфуса фронт так і не стаў масавым рухам. Хоць у канцы 1937 года Айчынны фронт аб'ядноўваў каля 3 млн з 6, 5 млн. жыхароў Аўстрыі, але толькі нешматлікія з іх былі праўдзівымі паслядоўнікамі партыі.

Пасля 1934 года аўстрыйскі ўрад апынуўся пад усё больш моцным ціскам з боку III рэйха. Сітуацыя пагоршылася паслабленнем падтрымкі з боку Беніта Мусаліні, які ўзяў курс на збліжэнне з Адольфам Гітлерам. 11 ліпеня 1936 года Шушніг быў вымушаны заключыць з урадам Германіі так званае «Ліпеньскае пагадненне» (ням.: Juliabkommen). Згодна яму былі памілаваныя нацысты, зняволеныя ў аўстрыйскіх турмах, а пасля нацыянал-сацыялісты былі включенны ў органы ўлады, у тым ліку Артур Зейс-Інкварт стаў членам Дзяржаўнага Савета (Staatsrates). У адказ Германія адмяніла так званы «Бар'ер тысячы марак» (ням.: Tausend-Mark-Sperre), моцна шкодзіўшы аўстрыйскай турысцкай індустрыі. Пачынаючы з 1937 года нацыстам дазволілі ўступаць у Айчынны фронт. У выніку, нягледзячы на тое, што дзейнасць нацысцкай партыі ў Аўстрыі па-ранейшаму заставалася пад забаронай, у рэчаіснасці нацыянал-сацыялісты атрымалі легальнае прыкрыццё для сваёй арганізацыі. 12 лютага 1938 года Шушніг і Гітлер падпісалі так званае Берхтесгаденскае пагадненне (ням.: Berchtesgadener Abkommen), па якому нацыянал-сацыялісты атрымалі магчымасць свабодна займацца палітычнай дзейнасцю і больш актыўна ўдзельнічаць ва ўрадзе. Так Зейс-Інкварт ўжо ў лютым быў прызначаны міністрам унутраных спраў і бяспекі.

Нягледзячы на ўсё большы ўплыў III Рэйха на аўстрыйскую ўнутраную і эканамічную палітыку Шушніг па-ранейшаму спрабаваў захаваць Аўстрыю як асобную дзяржаву. Спрабуючы аднавіць кантроль над сітуацыяй, ён абвясціў правядзенне плебісцыту аб захаванні Аўстрыяй незалежнасці прызначанага на 13 сакавіка. Гітлер запатрабаваў адмяніць плебісцыт, адправіць Шушніга ў адстаўку, а на месца канцлера прызначыць Зейс-Інкварта. Прэзідэнт Аўстрыі Вільгельм Міклас прыняў умовы Гітлера. 12 сакавіка, на наступны дзень пасля прызначэння Зейс-Інкварта канцлерам, нямецкія войскі перасеклі мяжу Аўстрыі, каб уключыць яе ў склад Трэцяга рэйха. Аншлюс Аўстрыі адбыўся. Перыяд панавання карпаратыўнай дзяржавы скончыўся, Айчынны фронт спыніў сваё існаванне. Пасля разгрому нацыянал-сацыялізму партыя не была адноўлена.

Зноскі

  1. Bundesgesetz vom 1. Mai 1934 BGBl. II Nr. 4/1934, betreffend die «Vaterländische Front» Архівавана 8 снежня 2011.
  2. Веб-сайт муниципалитета Вены / История: 2008 — Празднование и Отражение Архівавана 18 снежня 2016. (ням.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • I. Bärnthaler, Die Vaterländische Front, Geschichte und Organisation, 1971 (ням.) 
  • L. Reichhold, Kampf um Österreich. Die Vaterländische Front und ihr Widerstand gegen den Anschluß 1933-38, 2. Auflage 1985 (ням.) 
  • E. Talos/W. Neugebauer (Hg.), Austrofaschismus, Politik - Ökonomie - Kultur, 2005 (ням.)