Аквілейскі абрад

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Аквілейскі абрад (лац.: ritus Aquileiensis, альбо лац.: ritus patriarchinus, гэта значыць, абрад патрыярхату) — мясцовы літургічны абрад Аквілейскай царквы. У перыяд ад XIII да XVI стагоддзя быў выцеснены рымскім абрадам.

Аб існаванні старажытнага аквілейскага абраду захаваліся толькі ўрывачныя звесткі. Найбольш поўнай крыніцай з'яўляецца капітуляр VIII стагоддзя, прыпісаны да Евангелля VI стагоддзя, так званага Codex Richdigeranus. Капітуляр утрымлівае літургічны каляндар на перыяд ад пачатку Адвэнту (пяцітыдневага, у адрозненне ад чатырохтыдневага ў рымскім абрадзе і шасцітыдневага ў амбразіянскім) да чэрвеня. Мяркуючы па гэтым дакуменце, аквілейскі абрад быў разнавіднасцю галіканскага, але з элементамі ўсходніх абрадаў. Як у галіканскім абрадзе, у Аквілеі, напрыклад, абавязкова здзяйсняліся дзве асобныя літургіі ў Пальмавую нядзелю і Вялікі Чацвер. У той жа час, у аквілейскім абрадзе існавала свята сухой серады (25-ы дзень пасля Вялікадня — палова часу да Пяцідзесятніцы), вядомае ўсім усходнім абрадам і захаванае ў візантыйскім, але зусім невядомае на Захадзе. Улічваючы традыцыйныя сувязі Аквілейскай і Александрыйскай цэркваў, даследчыкі тлумачаць ўсходнія асаблівасці аквілейскага абраду запазычаннямі з александрыйскай літургіі.

Пра асаблівасці аквілейскай літургіі пэўныя звесткі мае Руфін Аквілейскі і Валафрыд Страбон. Апошні цытуе фрагменты эўхарыстычнай малітвы і скрутацыі катэхумэнаў, якія супадаюць з аналагічнымі тэкстамі рымскага абраду. Адпаведна, лічыцца, што працэс выцяснення пачаў адбывацца ўжо ў IX стагоддзі.

На працягу XIII—XVI стагоддзяў аквілейскі абрад быў выцеснены рымскім. Літургічныя кнігі (брэвіярыі, сакрамэнтарыі і імшалы), друкаваныя ў той час для Венецыі, Аквілеі і Кома і званыя ritus patriarchinus, адлюстроўваюць фактычна мясцовы варыянт рымскага абраду. Пасля Трыдэнцкага сабора і выдання новага імшала Пія V трыдэнцкая імша была прынятая ва ўсіх дыяцэзіях, якія раней выкарыстоўвалі аквілейскі абрад. Некаторыя мясцовыя асаблівасці захоўваліся да 1807 года ў саборы святога Марка ў Венецыі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Желтов М. С. Аквилейский обряд // Православная энциклопедия. Том I. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2000. — С. 383—384. — 752 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-89572-006-4