Аквітаны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аквітаны
Іберскія і кельцкія народы Паўднёва-Заходняй Еўропы
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Аквітанія
Мова аквітанская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы васконы, керэтаны, сардоны

Аквіта́ны (лац.: Aquitani) — старажытны іберыйскі народ у паўднёва-заходняй частцы Галіі. Ад наймення аквітанаў узніклі назва Аквітаніі.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Антычныя аўтары адасаблялі аквітанаў ад галаў і паведамлялі, што мяжой паміж гэтымі рознымі народамі з'яўляецца рака Гарона. На поўдні натуральнай мяжой Аквітаніі былі Пірэнеі.

Паходжанне аквітанаў даследчыкі звязваюць з носьбітамі Артэнакскай археалагічнай культуры, якая ўзнікла на захадзе Еўропы прыкладна ў 2400 г. да н. э. на аснове папярэдніх мясцовых археалагічных культур і да 1400 г. да н. э. ахоплівала тэрыторыю ад Пірэнеяў і Атлантычнага акіяна да Рэйна. Яе "спаўзанне" на паўднёвы захад тлумачыцца наступам носьбітаў Дунайскай культуры, продкаў кельтаў. Археолагі лічаць, што артэнакцы шырока ўжывалі лук, а таму іх саміх часам называюць "лучнікамі". Такім чынам, аквітаны былі старажытным ахтаўтонным насельніцтвам Еўропы.

Ужо ў часы Рымскай імперыі з'явіліся надпісы на аквітанскай мове лацінкай, якія дазволілі аднесці яе да іберскай моўнай сям'і.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. у Аквітаніі існавала развітая земляробчая культура. Нягледзячы на ціск галаў і васконаў, аквітаны вялі актыўны гандаль з суседзямі, а таксама ўздоўж марскога ўзбярэжжа. На поўначы іх гандлёвымі партнёпамі выступалі венеты. З III ст. да н. э. аквітаны карысталіся манетамі. Аднак яны не мелі адзінай дзяржавы і падзяляліся на 17 плямён.

У 56 г. да н. э. Аквітанія была заваявана рымлянамі. На яе тэрыторыі вырас шэраг буйных гарадоў, у тым ліку Тулуза, Бардо, Пуацье і інш. Яны з'яўляліся цэнтрамі раманізацыі мясцовых жыхароў. Аднак, як паказваюць археалагічныя раскопкі, у часы Рымскай імперыі многія тубыльцы ўсё яшчэ карысталіся роднай мовай і нават пісалі на ёй.

У 418 г. землі аквітанаў былі далучаны да вестгоцкай дзяржавы. У VII - VIII стст. існавала незалежнае герцагства Аквітанія. Відавочна, у перыяд ранняга сярэднявечча адбылася далейшая раманізацыя большай часткі мясцовага насельніцтва і яго пераход да мовы ок. Астатнія аквітаны, пераважна тыя, хто жыў у перадгор'ях Пірэнеяў, змяшаліся з васконамі і сталі продкамі баскаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]