Актавіян Аўгуст
Гай Юлій Цэзар Аўгуст | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
GAIUS IULIUS CAESAR AUGUSTUS | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Пераемнік | Тыберый Цэзар Аўгуст | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
23 верасня 63 да н.э.[1][2] |
||||||
Смерць |
19 жніўня 14[1][4] (75 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Юліі-Клаўдзіі[d], Юліі Цэзары[d] і Octavii Rufi[d] | ||||||
Імя пры нараджэнні | лац.: C. Octavius C.f.[5] | ||||||
Бацька | Гай Актавій[d][6] або Гай Юлій Цэзар | ||||||
Маці | Атыя Бальба Цэзонія[d][7][8] | ||||||
Жонка | Клодыя Пульхра[d][7][8], Scribonia[d][9][7][…] і Лівія Друзіла[10][1] | ||||||
Дзеці | Юлія Старэйшая[d][11][6][…], Gaius Caesar[d], Lucius Caesar[d], Тыберый і Agrippa Postumus[d] | ||||||
Веравызнанне | старажытнарымская рэлігія | ||||||
Званне | Імператар | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аўгуст або Гай Актавій, пасля ўсынаўлення Цэзарам — Гай Юлій Цэзар Актавіян, у 27 да н.э. ужо як імператар узяў імя Цэзар Дзіў Філій Аўгуст (63 да н.э. — 14) — рымскі палітычны дзеяч, рымскі імператар (30 да н.э. — 14).
Помстай за забойства Цэзара (42 да н.э.), свайго прыёмнага бацькі, арганізаваў і здзейсніў масавыя рэпрэсіі, скіраваныя на высакародных рымскіх грамадзян, і значна ўзбагаціўся іх маёмасцю. Падчас далейшага ваенна-палітычнага канфлікту змог перамагчы Брута і Касія пад Філіпамі (42 да н.э.) і Марка Антонія і Клеапатру VII пад мысам Акцый (31 да н.э.), і дамогся, такім чынам, адзінаўладдзя. Ад сената атрымаў ганаровае званне Аўгуст (святы, вялікі; 27 да н.э.). Сын Гая Актавія і Аціі; прыёмны сын Цэзара.
Стаўшы валадаром, Аўгуст свядома адыйшоў ад усходне-грэчаскіх культурных схільнасцей Цэзара, і выявіў сябе прыхільнікам рымскай культуры, вяртання да старых рымскіх звычаяў[12]
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне, нараджэнне, юнацтва
[правіць | правіць зыходнік]Сапраўднае імя Актавіяна — Гай Актавій Фуры́н (лац.: Gaius Octavius Thurinus). Ён нарадзіўся 23 верасня 63 года да н.э. у Рыме[13]. Ён паходзіў з плебейскай сям’і, якая адносілася да заможнага саслоўя коннікаў, аднак не адносілася да палітычнай эліты — набілітэту. Продкі Актавія па бацькоўскай лініі вядомыя з Першай Пунічнай вайны. Бацька Актавія ў 65 да н.э. ажаніўся другім шлюбам з Аціяй, дачкой сястры Гая Юлія Цэзара. У 59 да н.э. ён раптоўна памёр[14].
Другім мужам Аціі і айчымам Актавія стаў Луцый Марцый Філіп, які ў 56 годзе да н.э. дамогся консульства, вышэшйай пасады ў Старажытным Рыме. Дзякуючы яму Гай атрымаў выдатную адукацыю; яго настаўнікамі былі Сфер, Арый з Александрыі, Апаладор з Пергама, Марк Эпідзій. У выхаванні Актавія таксама ўдзельнічала бабуля па матчынай лініі, Юлія, маці Цэзара. Калі ў 49 годзе Цэзар распачаў грамадзянскую вайну, Актавій некаторы час хаваўся, але потым з дапамогай дзядзькі ён увайшоў у прэстыжную калегію пантыфікаў, а таксама быў прызначаны арганізатарам Грэчаскімі гульнямі ў сталіцы і, нарэшце, прэфектам Рыма падчас Лацінскіх гульняў. Лічыцца, што такім чынам ён рыхтаваў пляменніка да дзяржаўнай кар’еры. Актавій намінальна ўдзельнічаў і ў апошняй, іспанскай, кампаніі Цэзара: яго карабель разбіўся, і ён не паспеў прыйсці ў лагер Цэзара. У 44 годзе да н.э. Актавій знаходзіўся ў Грэцыі, калі раптам даведаўся пра забойства свайго дзядзькі — на той момант ужо рымскага дыктатара[15]. Пакуль Актавій збіраўся да вяртання ў сталіцу, у Рыме публічна прачыталі тэстамент Цэзара. Нечакана для ўсіх яго пераемнікам прызначаўся Актавіян, аднак для прыняцця спадчыны ён павінен быў прызнаць Цэзара сваім бацькам (у дыктатара не засталося дзяцей, народжаных у шлюбе). Актавій быццам бы не ведаў пра тэстамент, аднак сучасныя даследчыкі лічаць яго адмаўленні прыдуманымі[16][17]. Бацькі адгаворвалі Актавія ад прыняцця спадчыны Цэзара праз пагрозу яго жыццю, аднак ён урэшце вырашыў пагадзіцца[18].
Пакуль Актавіян знаходзіўся ў Грэцыі і вагаўся па пытанні аб спадчыне Цэзара (у яе склад уваходзілі вялікія грашовыя багацці), у Рыме вялася актыўная барацьба за месца фактычнага пераемніка дыктатара, бо Актавія не разгядалі як самастойнага кіраўніка. Найбольшых поспехаў дасягнуў паплечнік дыктатара Марк Антоній, які замірыўся са змоўшчыкамі супраць Цэзара і дамогся садзейнічання сената[19].
Сутыкненне з Антоніям. Муцінская вайна
[правіць | правіць зыходнік]У канцы вясны Актавій вярнуўся ў Італію і заявіў пра жаданне прыняць спадчыну Цэзара. Дзякуючы гэтаму пераемніка дыктатара падтрымала шмат ветэранаў легіёнаў Цэзара і большая частка сталічнага плебсу. Аднак выкананню тэстамента Цэзара перашкаджаў Антоній. У прыватнасці, ён адмовіўся перадаваць Гаю 700 мільёнаў сестэрцыяў са скарба Цэзара, а таксама зацягваў працэдуру ўсынаўлення. Марк нават пачаў нагадваць у публічных прамовах, што біялагічным сынам дыктатара з’яўляецца сын Клеапатры Цэзарыён. Ветэраны Цэзара на некаторы час замірылі Марка і Гая, настойваючы на іх сумеснай барацьбе з забойцамі дыктатара — Маркам Брутам, Касіям і іх паплечнікамі. Падчас знаходжання ў сталіцы Актавій (пасля ўсынаўлення яго новым імем стала Гай Юлій Цэзар Актавіян, хаця апошнюю частку ён выкарыстоўваў рэдка) усталяваў добрыя сувязі са шматлікімі сенатарамі і, перш за ўсё, Цыцэронам, якога добра ведаў і раней. Сенатары разглядалі Актавіяна як больш зручнага для іх кандыдата на спадчыну Цэзара ў параўнанні з наравістым Антоніям.
У верасні Антоній пасварыўся з Цыцэронам, аднак Актавіян быў на баку апошняга. У лістападзе Гай, кіруючы арміяй з ветэранаў Цэзара і перабежчыкаў Антонія, увайшоў у Рым і абвясціў пра жаданне пачаць вайну з Антоніям. Аднак гэта выклікала незадавальненне яго войска, бо яны па-ранейшаму настойвалі на барацьбе супраць Марка Брута і Касія. Гай быў вымушаны хавацца ў Арэцыі (сучасны Арэца). Праз некалькі дзён у Рым увайшоў Антоній, які беспаспяхова патрабаваў прызнаць Актавіяна ворагам дзяржавы, а на пасяджэнні сената ён гвалтам дамогся прызначэння сябе на пасаду намесніка правінцыі Цызальпійская Галія. Пасля гэтага Марк Антоній пачаў аблогу Мутыны (сучасная Модэна) у Цызальпійскай Галіі, дзе замацаваўся Дэцым Брут, прызначаны намеснікам раней[20]. Сенат хутка прызнаў апошнія загады Антонія незаконнымі і запрасіў Актавіяна дапамагчы ў барацьбе супраць яго войска. Цыцэрон, прыхільнік Актавіяна, нават здолеў пераканаць сенат выплаціць Гаю грошы, якія ён абяцаў сваёй арміі[21]. У бітве пры Гальскам форуме (сучасны Кастэльфранка-Эмілія) Антоній перамог консула Гая Вібію Пансу, аднак адразу пасля гэтага яго войска было пабіта іншым консулам Аўлам Гірцыям. Антоній адыйшоў пад сцены Муціны, дзе Гірцый і Актавіян перамаглі Антонія і прымусілі яго ўцякаць праз Альпы ў Нарбонскую Галію. Арганізаваць пагоню за Маркам не атрымалася, бо Актавіян адмовіўся супрацоўнічаць з Дэцымам Брутам, які ўдзельнічаў у забойстве Цэзара[22].
Другі трыумвірат. Вайна з Брутам і Касіям
[правіць | правіць зыходнік]Падчас Муцінскай вайны заігнулі абодва консулы, і патрабавалася абранне новых вышэйшых магістратаў. Актавіян пісаў Цыцэрону, каб ён прасіў сенат дазволіць стаць консуламі Гаю і Цыцэрону. Аднак сенат адмовіў амбіцыёзнаму Актавіяну, спасылаючыся на яго занадта малады ўзрост (Гаю было 19, хаця звычайна консуламі абіралі людзей ва ўзросце 40-42 гадоў). Сенат таксама адмовіўся выконваць абяцанні па ўзнагароджванні войска Актавіяна. Гэта прывяло Гая да пошукаў перамір’я з Антоніем. У прыватнасці, Актавіян пачаў адпускаць на свабоду салдат і афіцэраў Антонія, якія трапілі яму ў палон. Хутка Дэцым Брут быў забіты, а Антоній сабраў 23 легіёны, сярод якіх было шмат ветэранаў Цэзара. Актавіян тым часам сабраў усе легіёны ў Італіі, дамогся абрання ў консулы разам са сваім паплечнікам Квінтам Педыям і завяршыў сваё ўсынаўленне, аднак калі Антоній вярнуўся ў Італію, ён не перашкаджаў яму.
Увосень Антоній, Актавіян і саюзнік Антонія Лепід сустрэліся каля Баноніі (сучасная Балоння) і дамовіліся аб стварэнні трыумвірата, удзельнікі якога мелі б законную ўладу[23]. Галоўнай мэтай стварэння трыумвірата абвясцілі барацьбу з «рэспубліканцамі» Маркам Брутам і Касіям, якія пачалі называць сябе вызваліцелямі (лац.: liberatores). 27 лістапада 43 да н.э. па ініцыятыве трыбуна Публія Тыцыя быў прыняты закон аб стварэнні калегіі з трох чалавек «для прывядзення рэспублікі ў парадак» (лац.: triumviri rei publicae constituendae). Трыумвіры правялі праскрыпцыі — паслядоўныя пакаранні смерцю шэрагу людзей па ўзгодненых спісах. Большасць з ахвяр праскрыпцый складалі палітычныя апаненты трыумвіраў, але сярод іх былі і асабістыя ворагі. Трапляліся і сваякі трыумвіраў. 7 снежня 43 да н.э. салдаты Антонія захапілі і пакаралі славутага Цыцэрона.
Пасля праскрыпцый, падчас якіх трыумвіры здолелі сабраць грошы на ўтрыманне буйной арміі, Антоній і Актавіян пераправіліся ў Грэцыю, дзе знаходзілася база Марка Брута і Касія. Лепід застаўся ў Італіі. Рэспубліканцы валодалі перавагай на моры і былі добра забяспечаны ўсім неабходным, таму яны абралі пасіўную стратэгію, спадзеючыся аслабіць Антонія і Актавіяна. Дзве вялікія арміі (прыкладна па 100 тысяч чалавек) зблізіліся на багністай раўніне каля горада Філіпы. У кастрычніку Антоній паспрабаваў абыйсці войскі рэспубліканцаў з іх левага (паўднёвага) боку. Там пачалася бітва паміж легіёнамі Антонія і Касія, паспяховая для трыумвіра. Аднак паміж камандуючымі не было паразумення, і Брут з Актавіянам на паўночным баку даведаліся пра пачатак бітвы толькі праз некаторы час. Брут павёў войскі на лагер труымвіраў і нават захапіў яго. Антоній і Брут амаль адначасова даведаліся пра поспехі на другім баку і адыйшлі назад. Падчас першай бітвы пры Філіпах Касій вырашыў, што ўся вайна прайграна і скончыў жыццё самагубствам. Праз некалькі тыдняў, калі ў войску трыумвіраў амаль скончылася харчаванне, а надвор’е значна пагоршылася, Брут урэшцн пагадзіўся на генеральную бітву, аднак, паводле некаторых старажытных крыніц, Актавіян у ёй не ўдзельнічаў праз хваробу. Войска трыумвіраў на чале з Антоніем перамагло Брута. Пасля бітвы Антоній застаўся на Усходзе, а Актавіян вярнуўся ў Рым.
Актавіян у Італіі (30-я да н.э.)
[правіць | правіць зыходнік]Па дамоўленасці з Антоніем Актавіян павінен быў забяспечыць дэмабілізаваных салдат абяцанымі ўзнагародамі — грашыма і зямлёй. Выканаць абяцанні аказалася няпроста, бо Італія была ў заняпадзе прах шматгадовыя грамадзянскія войны, а прыхільнік справы рэспубліканцаў Секст Пампей блакаваў шляхі дастаўкі харчавання на паўвостраў[24]. Для выканання вялізарных абяцанняў перад войскамі (усяго патрабавалася рассяліць 170 тысяч ветэранаў) Гаю прыйшлося адбіраць зямлю, якая належала жыхарам шматлікіх гарадоў і вёсак Італіі. Участкі прымусова выкупляліся па цэнах значна ніжэй за рыначныя, праз што пачаўся заняпад сельскай гаспадаркі: многія ветэраны не мелі жывёлы і ўласнага сельскагаспадарчага інвентара і не маглі адразу пачаць працаваць на зямлі. Акрамя таго, шмат рабоў, у тым ліку і сельскагаспадарчых, збеглі да Секста Пампея, які абяцаў ім свабоду пры ўмове службы ў сваёй арміі. Эканамічная сітуацыя пагоршылася праз дэзарганізацыю рамяства і гандлю ў выніку грамадзянскіх войнаў[25]. Інтарэсы Антонія ў сталіцы прадстаўлялі яго брат Луцый і жонка Фульвія. У 41 да н.э. яны скарысталіся непапулярнасцю Актавіяна з прычынм не выканання абяцанняў перад войскам і пачалі ўзбройваць незадаволеных. Луцый адкрыта выступіў супраць палітыкі Гая, на некаторы час заняў са сваімі атрадамі Рым і заклікаў да спынення экспрапрыяцый зямлі, і шмат хто яго падтрымаў. Аднак Марк Антоній не ўмяшаўся ў развіццё сітуацыі (старажытныя крыніцы тлумачаць гэта захапленнем Марка Клеапатрай; таксама магчыма падрыхтоўка да вайны з Парфіяй). Дзякуючы прамаруджванню Марка Антонія Гай сабраў лаяльныя войскі, аблажыў Луцыя Антонія ў Перузіі (сучасная Перуджа) і вымусіў яго здацца. Сам горад, які прыняў мяцежнікаў, ён загадаў спаліць. Пасля Перузінскай вайны Марк Антоній вярнуўся ў Італію, але пад націскам ветэранаў дамовіўся з Актавіянам аб падзеле ўплыву: Марк атрымліваў усе ўсходнія правінцыі Рымскай рэспублікі, Гай — заходнія правінцыі і Італію, а Лепід — толькі Афрыку. Пагадненне замацавалі шлюбам Антонія на Актавіі, сястры Гая.
У 39 да н.э. Актавіян і Антоній былі вымушаны пераглядзець пагадненне, каб замірыць Секста Пампея. Трыумвіры паабяцалі на пяць гадоў захаваць за Секстам Сіцылію, Сардзінію і Корсіку, а таксама абяцалі дадаць Пелапанес, але адмовілі яму ва ўключэнні ў лік трыумвіраў з прадастаўленнем адпаведных законных паўнамоцтваў. Замест гэтага яму паабяцалі консульства ў 33 да н.э. Секст павінен быў зняць блакаду, забяспечыць Італію харчаваннем (большасць збожжа пастаўлялася ў сталіцу менавіта морам), зачысціць Міжземнае мора ад піратаў і не прымаць новых збеглых рабоў. Трыумвіры аб’явілі пра амністыю Секста і яго прыхільнікам, а таксама паабяцалі тыя ж узнагароды, што і для легіянераў трыумвірата. Пагадненне паміж Секстам і трумвірамі было хутка парушана, і марская блакада Італіі аднавілася. Марк і Гай дамовіліся падоўжыць паўнамоцтвы трыумвірата на пяць гадоў, а таксама абмяняцца войскам: Антонію для вайны з Парфіяй былі патрэбны легіянеры, а Актавіян для барацьбы з Пампеем меў патрэбу ў караблях. Сябр Актавіяна Марк Віпсаній Агрыпа стварыў вялікі флот, дзякуючы якому ён перамог Пампея.
Пасля вяртання Антонія з Парфіі і вайны з Арменіяй абодва трыумвіра (Лепіда раней адхілілі ад улады) пачалі рыхтавацца да вайны. Актавіян абапіраўся на насельніцтва Рыма і Італіі, а Марка Антонія падтрымлівалі пераважна грэкі і народы Усходу, якія жадалі падзяліць уладу з рымскімі грамадзянамі[26][27].
Другое сутыкненне з Антоніем і заваяванне Егіпта
[правіць | правіць зыходнік]Калі Антоній тым часам жаніўся на егіпецкай царыцы Клеапатры без разрыву шлюбу з Актавіяй Малодшай, Актавіян, каб настроіць рымлян супраць Антонія, загадаў прачытаць яго завяшчанне, якое захоўвалася ў вясталак: у ім не толькі егіпецкія, але і рымскія і саюзныя Рыму зямлі падзяляліся паміж дзецьмі Клеапатры. Сенат абвясціў вайну Клеапатры. Вырашальная бітва адбылася на мора ў мыса Акцый, дзе флотам Актавіяна камандаваў Агрыпа: раптоўнае адступленне карабля Клеапатры, а за ім егіпецкага флоту прывяло да паражэння Антонія. Сам Актавіян павёў войскі на Егіпет. Калі ён падышоў да Александрыі, легіёны Антонія зноў перайшлі на яго бок, і Антоній здзейсніў самагубства. Актавіян у перамовах з Клеапатрай зрабіў выгляд, што захавае яе царства, але яна, зразумеўшы што патрэбна толькі для трыўмфу, таксама скончыла самагубствам. Актавіян дазволіў пахаваць абодвух паводле іх просьбы — у адной грабніцы. Старэйшага сына Антонія ад Фульвіі, Антула, Актавіян загадаў адцягнуць ад статуі Цэзара, дзе той шукаў прытулку, і забіць. Пасля разважанняў, са словамі «Нядобра шматцэзарства», ён загадаў караць смерцю і Цэзарыёна, сына Клеапатры і Цэзара, які папытаўся бегчы.
Пачатак кіравання
[правіць | правіць зыходнік]Вярнуўшыся з Егіпта, Актавіян уладкаваў трыўмф. 13 студзеня 27 года да н.э. ён склаў з сябе надзвычайныя паўнамоцтвы перад сенатам і абвясціў пра рэстаўрацыю Рэспублікі, але пакінуў за сабой камандаванне 75 легіёнамі і тытул імператара (на той момант гэты тытул меў іншае значэнне і адзначаў военачальніка-пераможца). Актавіян кіраваў перш за ўсё з дапамогай рэспубліканскіх пасад консула і трыбуна. Ён таксама карыстаўся беспярэчным аўтарытэтам у сенаце і на народным сходзе (каміцыях), што дазваляла яму праводзіць палітыку ў сваіх інтарэсах. Ад пасады дыктатара ці тытула цара, якія б юрыдычна замацавалі яго першынства, ён рашуча адмаўлялся.
У 27-19 да н.э. пад кіраўніцтвам Актавіяна да Рымскай дзяржавы былі далучаны апошнія вольныя тэрыторыі на Пірэнейскам паўвостраве. Межы дзяржавы пашырыліся дзякуючы паспяховым кампаніям у Далмацыі і Паноніі, значна павялічылася колькасць рымскіх легіёнаў у Германіі, дзе межы на кароткі час дасягнулі Эльбы. Далейшую экспансію спыніла перамога германцаў над рымскімі легіянерамі ў Тэўтабургскім лесе і паўстанне ў Паноніі. На Усходзе Аўгуст без бою далучыў Егіпет, некаторыя дзяржавы Малой Азіі і Іудэю. Акрамя таго, ён надаў кіраўнікам некалькіх суседніх буферных дзяржаў статус саюзніка, што пашырыла сферу ўплыву Рыма.
Знешнасць
[правіць | правіць зыходнік]Амаль усе верагодныя выявы Аўгуста былі створаны або ў час яго праўлення, або пры бліжэйшых пераемніках. Аўтэнтычных выяваў, зробленых, калі ён быў дзіцём, не існуе[28].
Вяртанне Аўгуста да рымскіх культурных традыцый выразілася і ў яго пазнейшых звычайных выглядзе і адзенні на выявах — стараіталійская прычоска і рымская тога (якую ён сваім прыкладам вярнуў у моду). Адзначаюцца[29] натхнёныя «рымскім духам» сціпласць яго выяваў, адсутнасць на іх атрыбутаў імператарскай улады.
Некаторыя вядомыя выявы Актавіяна Аўгуста:
Бюст Аўгуста з музея Сен-Раймон | Бюст Аўгуста з галаўным уборам жрацоў | Скульптура з Прыма-Порты | Гема з партрэтам Аўгуста | Бюст з Меру (Судан) |
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Другім шлюбам быў жанаты з Лівіяй Друзілай (з 38 да н.э.), але не меў сваіх сыноў; і ўнукі, дзеці яго дачкі Юліі і Агрыпы, памерлі рана. З дзяржаўных меркаванняў, згодна з просьбамі Лівіі Друзілы, усынавіў яе сына ад першага шлюбу Тыберыя і абвясціў яго сваім пераемнікам.
1. Скрыбонія | Актавіян Аўгуст | 2. Лівія Друзіла (першы муж — Нерон) | Тыберый Клаўдзій Нерон | ||||||||||||||||||||||||||
2. Юлія Цэзарыс | Тыберый Клаўдзій Нерон (імператар Тыберый) | Нерон Клаўдзій Друз | |||||||||||||||||||||||||||
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Пры жыцці і пасля смерці, і наогул да канца антычнага свету Аўгуст лічыўся ідэальнай асобай, узорам уладара. Грубасць і жорсткасць, з якімі ён дасягаў сваіх мэтаў, былі забыты, бо Рым перажываў пры ім доўгі перыяд магутнасці і стабільнасці (гл.далей: пакс рамана — рымскі свет).
Зноскі
- ↑ а б в г Любкер Ф. Octavianus // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 936–940.
- ↑ Suetonius 5 // Divus Augustus
- ↑ Auguste // Encyclopædia Universalis — Encyclopædia Britannica, 1968.
- ↑ http://www.bbc.co.uk/history/historic_figures/augustus.shtml
- ↑ Luke T. Cultivating the memory of Octavius Thurinus — 2015. — Т. 3, вып. 2. — doi:10.1515/JAH-2015-0012
- ↑ а б Любкер Ф. Octavii // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 940–941.
- ↑ а б в C. Iulius (132) C. f. C. n. Fab. Caesar Octavianus = C. Octavius C. f. Sca. Thurinus (or Caepias) // Digital Prosopography of the Roman Republic Праверана 10 чэрвеня 2021.
- ↑ а б Digital Prosopography of the Roman Republic Праверана 10 чэрвеня 2021.
- ↑ Scheid J. Scribonia Caesaris et les Cornelii Lentuli // Bulletin de correspondance hellénique — Athènes: École française d'Athènes, 1976. — Vol. 100, вып. 1. — P. 485–491. — ISSN 0007-4217; 2241-0104 — doi:10.3406/BCH.1976.2060
- ↑ Любкер Ф. Livii // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 775–777.
- ↑ Julia the Elder // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1904. — Т. XLI. — С. 370.
- ↑ Паведамляецца, што ён нават абдумваў прыняцце імя Ромул. Хафнер Г. Выдающиеся портреты античности : 337 портретов в слове и образе / Пер. с нем. В. А. Сеферьянц. — М.: Прогресс, 1984. — 311 с. (руск.)
- ↑ Дыян Касій памылкова сцвярджае пра нараджэнне ў Вялітрах.
- ↑ Шифман И. Ш. Цезарь Август. — Л.: Наука, 1990. — С. 7-10.
- ↑ Шифман И. Ш. Цезарь Август. — Л.: Наука, 1990. — С. 11-13.
- ↑ Шифман И. Ш. Цезарь Август. — Л.: Наука, 1990. — С. 13-14.
- ↑ Шифман И. Ш. Цезарь Август. — Л.: Наука, 1990. — С. 31-32.
- ↑ Шифман И. Ш. Цезарь Август. — Л.: Наука, 1990. — С. 28-29.
- ↑ Шифман И. Ш. Цезарь Август. — Л.: Наука, 1990. — С. 33.
- ↑ Машкин Н. А. Принципат Августа. — М.; Л.: Изд-во АН СССР, 1949. — С. 148—150.
- ↑ Борухович В. Г. После мартовских ид 44 г. до н.э. (исторический очерк) // Античный мир и археология. — Вып. 5. — Саратов, 1983. — С. 140.
- ↑ Huzar E. Mark Antony: A Biography. — Minneapolis: University of Minnesota Press, 1978. — P. 108—110.
- ↑ Першы трыумвірат Цэзара, Пампея і Краса быў нефармальным і трымаўся на вусных дамоўленасцях.
- ↑ Huzar, E. Mark Antony: A Biography. — Minneapolis: University of Minnesota Press, 1978. — P. 129—130.
- ↑ Борухович, В. Г. Последний период гражданских войн (исторический очерк) // Античный мир и археология. — Вып. 6. — Саратов, 1986. — С. 115—120.
- ↑ Борухович, В. Г. После мартовских ид 44 г. до н.э. (исторический очерк) // Античный мир и археология. — Вып. 5. — Саратов, 1983. — С. 154.
- ↑ Huzar, E. Mark Antony: A Biography. — Minneapolis: University of Minnesota Press, 1978. — P. 186.
- ↑ «Малады Аўгуст» і яго копіі лічацца рыдумкай канца 18 — пач. 19 ст. Хафнер Г. Выдающиеся портреты античности : 337 портретов в слове и образе / Пер. с нем. В. А. Сеферьянц. — М.: Прогресс, 1984. — 311 с. (руск.)
- ↑ Хафнер Г. Выдающиеся портреты античности : 337 портретов в слове и образе / Пер. с нем. В. А. Сеферьянц. — М.: Прогресс, 1984. — 311 с. (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аўгуст // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2). С. 83.
- Машкин, Н. А. Принципат Августа. Происхождение и социальная сущность. — М., Л.: Издательство Академии наук СССР, 1949.
- Неродо, Ж.-П. Август. — М.: Молодая гвардия, 2003.
- Парфёнов, В. Н. Император Цезарь Август. Армия. Война. Политика. — М.: Алетейя. 2001.
- Шифман, И. Ш. Цезарь Август. — Л.: Наука, 1990.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Актавіян Аўгуст
- Augustus — short biography at the BBC
- «Augustus Caesar and the Pax Romana» — essay by Steven Kreis about Augustus’s legacy