Алабама (індзейцы)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Алабама
(Albaamaha)
Alabama Coushatta Tribe - panoramio.jpg
Рэзервацыя Алабама-Каасаці ў Тэхасе
Агульная колькасць 800 (2019 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова алабама
Рэлігія пратэстантызм, культ продкаў, татэмізм
Блізкія этнічныя групы каасаці, семінолы, маскогі, чыкаса

Алабама (саманазва: Albaamaha, літаральна «збіральнікі раслін»[1]) — індзейскі народ у ЗША. Жывуць пераважна ў штатах Аклахома і Тэхас. Агульная колькасць (2019 г.) — 800 чал.[2]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Алабама з'яўляюцца нашчадкамі носьбітаў Місісіпскай культуры, разбуранай у XVI ст. з-за завезеных еўрапейцамі эпідэмічных захворванняў. У нататках іспанскай экспедыцыі Эрнанда дэ Сота ўпершыню ўзгадана племя алібама на тэрыторыі сучаснага штата Місісіпі.

У XVIII ст. алабама насялялі землі на тэрыторыі сучаснага штата Алабама, уваходзілі ў склад канфедэрацыі маскогаў. Пасля Сямігадовай вайны ціск з боку больш ваяўнічых чакта і англійскіх перасяленцаў вымусіў большасць алабама мігрыраваць у Луізіяну, потым да 1780 г. — на ўсход Тэхаса.

Алабама-мігранты з'яўляліся саюзнікамі іспанцаў, таму змагаліся супраць незалежнасці Мексікі, у 1813 г. удзельнічалі ў захопе Сан-Антоніа. Мексіканскі ўрад быў вымушаны заключыць з алабама дагавор, паводле якога яны атрымалі сталыя землі для пражывання. У 1836 г. заключылі пагадненне з англамоўнымі перасяленцамі ў Тэхасе, падчас вайны за незалежнасць Тэхаса аказвалі дапамогу супраць мексіканскай арміі. У 1854 г. была створана асобная рэзервацыя алабама ў Тэхасе плошчай 1110,7 акра. Урад Тэхаса абавязваўся купіць і далучыць да рэзервацыі яшчэ 640 акраў для каасаці, але так гэтага і не зрабіў. У 1855 г. каасаці перасяліліся на землі алабама і стварылі супольную рэзервацыю. У нашы дні яе плошча складае 4593,7 акра. У 1987 г. нацыя алабама-каасаці прызнана федэральным урадам ЗША.

Тыя алабама, што засталіся ў складзе канфедэрацыі маскогаў у XVIII ст., стварылі разам каасаці асобную аўтаномную адзінку — «горад». У 18341835 гг. яны былі вымушаны перасяліцца ў Аклахому. У 1936 г. «горад» як аўтаномная адзінка адрадзіўся. Яго цэнтрам з'яўляецца паселішча Ветумка. Адміністрацыя «горада» кантралюе землі, што належаць алабама і каасаці ў Аклахоме, арганізуе культурныя і палітычныя мерапрыемствы.

Традыцыі[правіць | правіць зыходнік]

Алабама здаўна займаліся ручным земляробствам, вырошчвалі «тры сястры» і тытунь. Згодна міфам «тры сястры» былі атрыманы імі з набёсаў[3]. Важную ролю ў забеспячэнні харчам адыгрывалі сезонныя паляванне і рыбалоўства. Алабама наглядалі за навакольнымі лясамі, кантралявалі рост травы і падлеску[4]. Пасля перасялення ў Тэхас і Аклахому алабама таксама пачалі займацца жывёлагадоўляй. З другой паловы XIX ст. наймаліся на працу на прамысловыя прадпрыемствы і на шахты.

Традыцыйным месцам жыхарства быў «горад» — умацаванае паселішча, вакол якога будаваліся меньшыя па плошчы або часовыя паселішчы. «Гарадскія» абшчыны з'яўляліся ўласнікамі навакольных зямель і складанай аўтаномнай часткай канфедэрацыі маскогаў. Знутры ўмацаванняў будавалі каркасныя драўняныя хаціны з 4 кутамі і саламяным дахам. Каркас абмазваўся сумяссю гіпса і саломы. Пасярэдзіны хаціны ладзіўся агмень. Меліся асобныя будынкі для збору абшчыннікаў, палі для лакросу.

Традыцыйная вопратка ўключала скураныя штаны, кароткую кашулі накшталт понча, макасіны. Мужчыны галілі галаву, пакінуўшы толькі невялікі жмут валасоў на патыліцы. Галаву часцяком упрыгожвалі іголкамі дзікабраза. Мужчыны і жанчыны размаўлёўвалі цела, прычым малюнак залежыў ад падзеі, у якой яны прымалі ўдзел. Былі вядомы татуіроўкі.

Фальклор прадстаўлены шматлікімі міфамі, казкамі і легендамі, некаторыя з якіх з'явіліся ў позні час пад уплывам хрысціянства. Папулярны казанні пра трыкстэра-труса, сусветны патоп, жывёл-людажэраў, казачных народах.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]