Александрыйскае міжледавікоўе

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Александрыйскае міжледавікоўе (ад назвы в. Александрыя ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці), ліхвінскае міжледавікоўе, міндэль—рыскае міжледавікоўе - міжледавіковая эпоха пачатку сярэдняга антрапагену (320—460 тыс. г. назад). Наступіла пасля бярэзінскага зледзянення і папярэднічала максімальнаму на Беларусі дняпроўскаму зледзяненню. Доўжылася 140 тыс. гадоў.

Адклады александрыйскага міжледавікоўя залягаюць на глыбіні ад 5—10 м на паўднёвым захадзе і захадзе рэспублікі да 50—80 м у сярэдняй і паўночнай частках; з'яўляюцца гарызонтам, які падзяляе антрапагенавую тоўшчу на 2 роўныя па магутнасці часткі. Ёсць у пахаваных рачных далінах, азёрных і балотных катлавінах, ледавіковых лагчынах. Прадстаўлены азёрнымі (супескі, суглінкі, дыятаміты, сапрапеліты, мергелі, алеўрыты), балотнымі (торф, гумусавыя супескі), алювіяльнымі (пяскі з лінзамі торфу, суглінку, супеску) утварэннямі.

Вылучаецца значнай працягласцю, субатлантычным умерана цёплым кліматам, найбольшым падабенствам да пліяцэну па палеагеаграфічных умовах.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]