Алесь Звонак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Алесь Звонак
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 14 лютага 1907(1907-02-14)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 2 лютага 1996(1996-02-02) (88 гадоў)
Месца смерці:
Грамадзянства:
Літаратурная дзейнасць
Род дзейнасці: драматург, перакладчык, паэт, тэатральны крытык, сцэнарыст
Мова твораў: беларуская

Алесь Звонак, псеўданімы: Алесін; П.Алесін; Сашка Звонак; 1 (14) лютага 1907, Мінск — 2 лютага 1996, Мінск) — беларускі паэт, драматург, перакладчык, тэатразнавец.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Мінску ў сям'і рабочага.

Выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі (1925) накіраваны адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына». Узначальваў полацкую філію «Маладняка». З 1927 г. працаваў на Беларускім радыё, з 1929 годзе — у часопісе «Маладняк». У 1931 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1934 годзе — аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Працаваў у АН БССР (1934—1935), у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1935—1936). У лістападзе 1936 года арыштаваны, у 1937 годзе асуджаны на 10 год зняволення, якое адбываў у лагерах Магаданскай вобласці. Пасля адбыцця тэрміну працаваў геолагам аб'екта, галоўным геолагам прадпрыемства (Магаданская вобласць). 29.12.1954 г. Вярхоўным судом рэабілітаваны. З 1955 г. жыў у Мінску. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1936 г.

Узнагароджаны медалём.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

З вершамі ў друку выступіў у 1925 г., а ў 1926 г. разам з Я.Бобрыкам і Я.Туміловічам выдаў зборнік «Пунсовае ранне». Аўтар зборнікаў вершаў «Буры ў граніце» (1929), «На лінію агню» (1932), «Мая Радзіма» (1935), «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961, вершы і паэмы), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (вершы і паэма, 1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), паэм «Каршун» (1930) і «Загай» (1931). У 1977 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1987 годзе — «Сябрына: Выбраныя творы».

Выступаў у галіне крытыкі, драматурпі тэатра і кіно. Аўтар п'есы «Навальніца будзе» па матывах трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» (1960, пастаўлена ў 1959), сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). У 1973 г. выдаў кнігу артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы».

Пераклаў на беларускую мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з удэге» А.Фадзеева (з М.Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш. Руставелі (з М.Хведаровічам, 1966), зборнік лірыкі Д.Кугульцінава «Святло жанчыны» (1975), асобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, М.Святлова, У.Лугаўскога, А.Пракоф'ева, Я.Смелякова, М.Галоднага, М.Рыльскага. М.Бажана, П.Тычыны, А.Малышкі, У.Сасюры, Т.Масэнкі, Р.Гамзатава, А.Туманяна, І.Бехера, У.Кавальскага, Ю.Славацкага і інш.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1977;
  • Сябрына: Выбр. тв. Мн., 1987.

Крыніца[правіць | правіць зыходнік]

  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9