Алесь Пушкін

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Алесь Пушкін
Фатаграфія
Імя пры нараджэнні: Александр Мікалаевіч Пушкін
Дата нараджэння: 6 жніўня 1965(1965-08-06) (54 гады)
Месца нараджэння:
Грамадзянства: Беларусь
Род дзейнасці: мастак
Жанр: партрэт, гістарычная карціна
Вучоба:
Узнагароды:
Медаль да стагоддзя БНР
Сайт: pushkin.by
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы
Алесь Пушкін

Алесь Пушкін (нар. 6 жніўня 1965, Бобр Крупскага раёна) — беларускі жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, перформер, арт-куратар, сябра Беларускага Саюза Мастакоў, палітвязень Беларусі

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў вёсцы Бобр Крупскага раёна, Мінскай вобласці. Бацька — Мікалай Іванавіч Пушкін. Маці — Ганна Іпалітаўна Пушкіна (дзявочае проз­вішча — Сільмановіч). Прыкладна з 6-ці гадоў пачаў маляваць. Вучыўся ў мясцовай школе.

У 1978 паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка. Вучыўся ў П. П. Шарыпы да 1983, затым паступіў на курс манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

Па поглядах пацыфіст. У 1984 прызваны ў Савецкую Армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзённік на беларускай мове, апісваючы праўду, пакуль яго не прачытаў і не выдаў саслужбовец-беларус. Дзённік Пушкіна быў прызнаны антысавецкім. У 1986 дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.

Жанаты. Жонка Яніна Аляксандраўна. Двое дзяцей — Марыля і Міколка. Ёсць дзве пазашлюбныя дачкі — Ганна і Дар'я.[1]

Станам на 2017 год Алесь Пушкін, як і раней, жыве ў вёсцы Бобр разам з жонкай і займаецца мастацкай творчасцю.

Грамадская дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя актыўнай выставачнай дзейнасці, распачатай у часы перабудовы, Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння. Гэта быў час узнікнення ў Беларусі такіх моладзевых гісторыка-культурных арганізацый, як «Талака», якая займалася рэстаўрацыяй помнікаў, асветніцкай дзейнасцю, якая тычыцца адраджэння беларускай мовы і нацыянальнай сімволікі. У годзе 1988, на 4-м курсе інстытута, Алесь Пушкін арганізаваў першы гурток Беларускага Народнага Фронту.

У 1988 ўдзельнічаў у студэнцкім руху. У прыватнасці, браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мітынгу памінання продкаў у Мінску 30 кастрычніка 1988 г., з-за чаго 28 кастрычніка быў арыштаваны на пяць сутак, але неўзабаве прыгавор быў зменены[2].

Уваходзіў у партыю БНФ (1998—2005).

Алесь Пушкін штогод арганізуе святкаванне Купалля ў гарадскім пасёлку Бобр Крупскага раёна ў ноч з 6 на 7 ліпеня.[3]

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Віцебскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Па заканчэнні інстытута атрымаў размеркаванне на працу ў віцебскім Мастацкім камбінаце. З часам, знайшоўшы памяшканне пад уласную майстэрню, заняўся падрыхтоўкай выставы «Соц-арт. Дэкларатыўнае мастацтва». Выставе папярэднічалі перформансы «7 лістапада», «Віцебск за кратамі», «Вясна», «Вольнасць», «Каханне». Чарговы маніфест соц-арту быў прадэклараваным 25 сакавіка 1991 года, у Дзень Волі, калі Алесь Пушкін здзейсніў наступны перформанс: праехаў па Віцебску пад гукі духавога аркестра на асле, з голубам у руках. Далей голуб быў выпушчаны са словамі: «Ён прынясе нам свабоду!».

23 сакавіка 1993 года ў Віцебску мастак адкрыў адну з першых у Беларусі прыватных некамерцыйных галерэй сучаснага мастацтва «У Пушкіна», якая праіснавала да 1997 года. Галерэя займала плошчу каля 50 метраў і размяшчалася недалёка ад музея Марка Шагала. Пасля закрыцця галерэі ў 1997 выехаў разам з карцінамі і зборам галерэі на радзіму, у мястэчка Бобр.

Таксама Алесь Пушкін афармляў сцэну і быў аўтарам эскізаў касцюмаў да 7 Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі, які праходзіў у Віцебску ў 1994 годзе. Займаўся сцэнаграфіяй у Беларускім драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Аформіў такія спектаклі, як «Кароль Лір» У. Шэкспіра (рэжысёр В. Маслюк, 1993—1994), «Фрокен Юлія» Ю. А. Стрындберга (А. Грышкевіч рэжысёр, 1997) і «Палкоўніку ніхто не піша» Г. Г. Маркеса (2001).

Роспіс храмаў[правіць | правіць зыходнік]

Паралельна дзейнасці ў Віцебску ажыццяўляў рэстаўрацыю і абнаўленне храмавых роспісаў у магілёўскім касцёле Святога Станіслава (цяпер Сабор Успення Дзевы Марыі). У цяперашні час некаторыя фрэскі выдаленыя па палітычных матывах. Героямі роспісу выступалі многія вядомыя беларускія палітычныя і царкоўныя дзеячы, у тым ліку Зянон Пазняк.

У 1996 годзе зрабіў манументальныя роспісы сцен праваслаўнай царквы ў роднай вёсцы Бобр, адноўленай пасля разбурэння ў 1936 годзе. У гэтай царкве ў жніўні 1997 года Алесь Пушкін абвянчаўся са сваёй жонкай Янінай. Тэматыка роспісу ў эпізодзе Суднага дня зноў мела палітычную афарбоўку. Па правую руку Хрыста былі намаляваныя праведнікі, па левую — грэшнікі. Анёл трубіў у горн. Асобы мелі падабенства з рэальнымі людзьмі. Пасля таго, як фрэску паказалі ў тэлепраграме РТР «Весткі тыдня» ў 2005 годзе, царкоўныя ўлады накіравалі ў Бобр протаіерэя Мінскай епархіі Мікалая Коржыча, пад наглядам якога скандальная частка роспісу сцены была замазана. Гэта драўляная царква, пасля асвячэння яе патрыярхам Філарэтам, згарэла. Адбылося гэта 17 лютага 2011 г. Цяпер царква аднаўляецца ўжо з цэглы.

У партфоліа Алеся Пушкіна таксама работы ў касцёле Панны Марыі ў Вішневе, што на Валожыншчыне, у касцёле архангела Міхаіла ў Міхалішках Астравецкага раёна, вітражы ў касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы г. Мінска.

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

У 1990 распісваў фае Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка (дыпломная работа). Накіраваны на працу ў Віцебск.

Аформіў кнігі паэзіі Міраславы Лукшы (Беласток, 1994), Людмілы Сіманёнак (Віцебск, 1997), Славаміра Адамовіча «Плавільшчыкі расы» (няздзейснена), А. Мельнікава «Выжывае падлейшы».

Выставы[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнічаў у міжнародных выставах (Расія, Германія і інш.), шматлікіх перфомансах.

Працы знаходзяцца ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі, Гістарычна-архітэктурным музеі Полацка, гарадскіх музеях Оршы, у прыватных зборах на Беларусі і за мяжой.

25 сакавіка 1991 г. адбылася першая персанальная выстаўка артэфактаў дэкаратыўнага мастацтва (сац-арту) у Віцебску.

25 сакавіка 1992 г. у Мінску, у Доме літаратара адбылася другая персанальная выстаўка. 4—23 кастрычніка 1992 г. адбылася персанальная выстаўка ў Магілёве.

26 жніўня 2016 г. у Познані праводзілася выстава «Нацыянальна-радыкальны Алесь Пушкін».[4]

Храналогія пераследу[правіць | правіць зыходнік]

Шмат разоў затрымліваўся за ўдзел у палітычных акцыях, адбываў арышты. Першы раз быў асуджаны на 5 сутак у 1988 г. за заклікі прыйсці на першыя «Дзяды».

25 сакавіка 1989 г., падчас святкавання 71-й гадавіны з дня заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі, Алесь Пушкін ажыццявіў першы ў Беларусі маніфест соц-арту: напісаныя ім 12 плакатаў, супярэчных дзяржаўнай ідэалогіі, планавалася пранесці па галоўным праспекце Мінска да плошчы перад домам ураду. На адным з плакатаў быў намаляваны дзяржаўны сцяг БССР узору 1951 г. i надпіс «Хопіць сацыялістычнай, адродзім народную Беларусь!». Калоне ўдалося прайсці толькі ад Тэатральнага інстытута да Дома друку, дзе мастак быў арыштаваны ў ліку астатніх 130 чалавек. Пушкіна асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна з пяцігадовым выпрабавальным тэрмінам[5]. У той час ён заяўляў «Мару пра Беларусь без жыдоў і камуністаў»[5][6], што было рэзка негатыўна ўспрынята значнай часткай яўрэяў Беларусі[7]. Пазней мастак казаў, што марыць пра Беларусь з жыдамі і камуністамі[6].

У 1999 г. Алесь быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падзяка прэзыдэнту». 21 ліпеня 1999 г., калі скончыўся канстытуцыйны тэрмін праўлення першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, Пушкін прыкаціў да пад'езду прэзідэнцкай адміністрацыі ў цэнтры Мінску пафарбаваную ў чырвоны колер тачку гною, на якім ляжалі дэнамінаваныя беларускія грошы і шыльда з падзякай Лукашэнку за працу. Быў адразу затрыманы, не назваў сваё імя, прадставіўся «чалавекам з народу», але праз некалькі гадзін супрацоўнікі міліцыі самі апазналі яго. Пушкіна выпусцілі з аддзялення міліцыі пад падпіску аб нявыездзе[8].

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. Алеся Пушкіна на 3 дні змясцілі ў СІЗА нібыта за тое, што ў тэлефоннай размове мастак кепска казаў пра тагачаснага старшыню КДБ Сцяпана Сухарэнку — нібыта пра гэта данеслі невядомыя «рыбакі». Алеся аштрафавалі і адпусцілі. У тым жа годзе яго спрабавалі асудзіць па абвінавачванні ў абліванні чорнай фарбай помніка «смершаўцу», Герою Савецкага Саюзу Чабатарову. Але справа была адпраўленая на дадатковае расследаванне і закрытая.

9 снежня 2010 г., за 10 дзён да разгону акцыі пратэсту ў Мінску, Пушкін быў затрыманы ў сябе дома і абвінавачаны ў хуліганстве. Пад вартай у Крупскім СІЗА абвясціў галадоўку і «маўчанку». Затрыманне аказалася прэвэнтыўным. Каб палітычна актыўны мастак не арганізаваў акцыю пратэсту, яму далі 13 сутак і пасля іх вызвалілі.

У 2019 годзе Суд Крупскага раёна прызнаў Алеся Пушкіна вінаватым у правядзенні несанкцыяванай акцыі 6 чэрвеня на ганку крамы «Еўраопт». Сам мастак лічыць свае дзеянні мастацкім перформансам. Суддзя аштрафаваў яго за несанкцыянаваную акцыю і за шкоду міліцыянеру[9].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Лаўрэат другой Нацыянальнай прэміі «Хартыя'97» у галіне абароны правоў чалавека ў намінацыі «За смеласць у мастацтве» (1999 г.)[10] Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019)[11].

Зноскі

  1. http://papa-news.ru/ales-pushkin-papa-moj-v-vojnu-sluzhil-v-policii/ Алесь Пушкин: «Папа мой в войну служил в полиции»
  2. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 968. — Воп. 1. — Спр. 2327. — Арк. 22-23
  3. http://naviny.by/rubrics/society/2016/07/07/ic_media_photo_116_7488 В погоне за венком: народное Купалье Алеся Пушкина
  4. https://novychas.by/kultura/ales-puszkin-nam-patrebna-nezaleznasc Алесь Пушкін: Нам патрэбна незалежнасць
  5. 5,0 5,1 http://www.idiot.vitebsk.net/i40/push.htm
  6. 6,0 6,1 https://nn.by/?c=ar&i=93565
  7. http://belisrael.info/?p=15350
  8. Навіны 21 ліпеня 1999 г. // Радыё Свабода
  9. svaboda.org
  10. http://zbor.kalektar.org/11/ Алесь Пушкин: акция «Подарок президенту „За пятилетний плодотворный труд!“», 1999
  11. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Palitviazni.info — 2013. — С. 216-217.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]