Алоэ, Альяс (Aloe) — род сукулентных раслін сямейства асфадзелавых. Прадстаўнікі — шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім гладкім мясістым лісцем, пакрытым па краі шыпамі. Кветкі чырвоныя або жоўтыя, сабраныя ў верхавы пэндзаль. Назва роду перакладаецца з арабскай мовы як горкі.
Вядома каля 400 відаў. Найбольш вядомыя сярод іх — алоэ дрэвападобнае (Aloe arborescens)[3] і алоэ вера (Aloe vera), якое ўваходзіць у склад шматлікіх лекавых і касметычных прэпаратаў. Знешні від алое вельмі разнастайны — сярод іх ёсць дрэвападобныя формы і ліяны; сустракаюцца як гіганцкія, так і мініяцюрныя расліны.
Сцябло прамастойнае, галінастае. Лісце сакаўное, мясістае, шаравата-зялёнае з васкавым налётам, зубчастае па краях, мае гліказід алаін. Кветкі трубчастыя, чырвона-аранжавыя, сабраныя ў гронку. Плод — сухая трохгнёздавая каробачка. На ніжняй частцы сцяблоў штогод утвараюцца бакавыя парасткі («дзеткі»), якія таксама выкарыстоўваюцца для размнажэння.
Гістарычная «радзіма» алое — засушлівыя вобласці Афрыкі, Мадагаскара, Макаранезіі і поўдзень Аравійскага паўвострава. Але дзякуючы дэкаратыўным і лекавым ўласцівасцям, а таксама параўнальна лёгкаму і хуткаму прыстасаванню, шматлікія віды алое былі натуралізаваныя ў краінах Міжземнамор’я, Індыі, Мексіцы, на Кубе. Алоэ было завезена іспанцамі ў Еўропу, адкуль распаўсюдзілася на востраў Барбадос і ў шматлікія краіны Паўднёва-усходняй Азіі. Некаторыя віды вырошчвалі ў Закаўказзі як лекавыя расліны. На Беларусі культывуецца ў пакоях, аранжэрэях, дзе цвіце вельмі рэдка і дасягае вышыні не больш за 70 см.