Альбінас Жукаўскас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Альбінас Жукаўскас
літ.: Albinas Žukauskas
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Альбін Пранавіч Жукоўскі
Дата нараджэння 25 студзеня 1912(1912-01-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 жніўня 1987(1987-08-10) (75 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці журналіст
Гады творчасці 1927—1987
Жанр паэзія
Мова твораў літоўская
Дэбют 1927 г. (часопіс «Новае жыццё»  (літ.))
Прэміі «Паэзія вясны»  (літ.) (1974)
Узнагароды

Альбінас Жукаўскас (бел.: Альбін Жукоўскі; 1912, в. Бубеле, цяпер Сейненскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — 1987, Вільнюс, цяпер Літва) — літоўскі пісьменнік і перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай (1973) і Літоўскай ССР (1972)[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся і вырас у літоўскай вёсцы. Меў 2 братоў і 4 сястры.

У 1918—1919 гадах у роднай в. Бубеле адвучыўся год у літоўскай пачатковай школе, якую ў 1915 годзе пад нямецкай акупацыяй у часе Першай сусветнай вайны заснаваў літоўскі журналіст Стасіс Ціюнайціс  (літ.) (1888—1966). 7 верасня 1919 года ў выніку Сейненскага паўстання, якое пачалося 22 жніўня 1919 года, урад Польскай рэспублікі закрыў літоўскую школу ў в. Бубеле (Сейненскі павет, Беластоцкае ваяводства).

З 1919 года жыў у прытулку сейненскай гімназіі «Святло», заснаванай літоўскім каталіцкім святаром Мацеюсам Густайцісам  (літ.) (1870—1927). У 1927 годзе ўпершыню выдаў свае творы ў часопісе «Новае жыццё»  (літ.) (Каўнас, Літва), які належаў Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі.

У 1928 годзе паступіў у літоўскую гімназію імя Вітаўта Вялікага  (літ.) ў Вільні (Польская Рэспубліка) і пачаў друкавацца ў мясцовым літоўскім друку. Тамсама пасябраваў з беларускім пісьменнікам-аднагодкам Максімам Танкам (1912—1995), які ў 1929—1931 гадах навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі і першым пераклаў вершы Жукаўскаса на беларускую мову. У сваю чаргу Жукаўскас перакладаў вершы М. Танка для літоўскага друку[2].

У 1935 годзе скончыў гімназію і паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт, дзе вывучаў права. У 1936—1937 гадах таксама навучаўся ў Вышэйшай журналісцкай школе ў Варшаве, адкрытай у 1917 годзе і закрытай у 1937 годзе. У 1937—1939 гадах друкаваў свае творы ў дадатку «Творчасць і крытыка» літоўскай газеты «Віленскае слова»  (літ.). У 1938 годзе выдаў у Вільні першы зборнік уласных вершаў «Час і людзі» (лет. Laikai ir žmonės).

У 1940—1941 гадах — рэдактар штодзённай літоўскай газеты «Віленскі голас»  (літ.) (Вільня, Літоўская ССР). У 1945—1953 гадах — галоўны рэдактар выдавецтва «Нацыянальная мастацкая літаратура»  (літ.) (Вільня). У 1953—1959 гадах — галоўны сцэнарыст «Літоўскай кінастудыі». У 1965—1972 гадах — кіраўнік Літаратурнага фонду Літвы. У 1974 годзе стаў лаўрэатам літоўскай прэміі «Паэзія вясны» за зборнік вершаў «Рэфлексіўны» (лет. Sangrąžos) 1973 года.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Напісаў 20 кніг уласных вершаў. Пераклаў з беларускай на літоўскую мову і выдаў 7 кніг твораў беларускіх пісьменнікаў. Выдаў зборнік вершаў Максіма Танка «След маланкі» (1961) і пераклаў кнігу яго ўспамінаў «Лісткі календара» (1969). Таксама пераклаў аповесць Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка» (1956) і раман Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары» (1965). Быў перакладчыкам і рэдактарам «Анталогіі беларускай прозы», анталогіяў «З беларускай паэзіі» і «Па Нёмане песня плыве». Таксама пераклаў некалькі твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі і Пятра Глебкі. У 1974 годзе ў Мінску на беларускай мове выйшаў зборнік яго вершаў «Бяздомная любоў», што складаўся з перакладаў беларускіх пісьменнікаў[2].

Таксама выдаў літоўскія пераклады зборнікаў вершаў польскіх пісьменнікаў Мацея Сарбеўскага (1595—1640), Юльюша Славацкага (1809—1849) і Тадэвуша Канвіцкага (1926—2015), расійскага Аляксея Мікалаевіча Талстога (1883—1945).

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

На беларускую мову яго вершы перакладалі Алесь Разанаў, Мікола Хведаровіч[3].

Зноскі

  1. Даведка - Жукаўскас, Альбінас (пісьменнік, 1912—1987). Нацыянальная бібліятэка Беларусі (25 красавіка 2015). Праверана 16 чэрвеня 2016.
  2. а б Вітаўт Жэймант. Трывалыя масты сяброўства // Звязда : газета. — 28 лютага 2012. — № 39 (27154). — С. 4. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  3. Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.