Альтэрглабалізм
Альтэрглабалізм (таксама вядомы як альтэрнатыўная глабалізацыя, або анты-мандыялізм — глабальныя рухі за справядлівасць) — грамадскі рух, які з'явіўся ў XX стагоддзі і ставіць сваёй мэтай альтэрнатыўныя шляхі глабалізацыі. Альтэрглабалісты адпрэчваюць еўрапейска-амерыканскую ліберальную мадэль глабалізацыі, мяркуючы, што яна часта працуе на шкоду, ці не ў поўнай меры спрыяе развіццю чалавечых каштоўнасцей, такіх як ахова навакольнага асяроддзя, сацыяльная справядлівасць, ахова працы, абарона культур карэнных народаў і правоў чалавека, і спрабуюць знайсці іншыя шляхі развіцця працэсу. Альтэрглабалісты згодны, што працэс аб'яднання свету аб'ектыўны. Але яны адпрэчваюць глабальную ўладу капіталу, калі транснацыянальныя карпарацыі ператвараюцца ў сілу, параўнальную з сілай дзяржавы[1].
Назва альтэрглабалізм, магчыма, была ўзята з папулярнага лозунгу руху: "Іншы свет магчымы", які пайшоў з Сусветнага сацыяльнага форума.[2] Многія альтэрглабалісты, у адрозненне ад антыглабалістаў, імкнуцца пазбягаць «роспуску мясцовай эканомікі і катастрафічных гуманітарных наступстваў». Большасць членаў гэтага руху пазбягаюць «антыглабалісцкага» ярлыка, як зневажальнага і няправільнага, таму што яны актыўна падтрымліваюць дзейнасць чалавецтва ў глабальным маштабе і не выступаюць супраць эканамічнай глабалізацыі.
Замест гэтага яны бачаць свой рух як альтэрнатыву таму, што яны называюць неаліберальнай глабалізацыяй, у якой міжнародныя інстытуты (Сусветная гандлёвая арганізацыя, Сусветны банк, Міжнародны валютны фонд і г.д.) і буйныя карпарацыі працуюць на ўзбагачэнне развітых краін свету, практычна не зважаючы на згубныя наступствы сваіх дзеянняў на людзей і навакольнае асяроддзе ў меней развітых краінах, краінах, урады якіх часта занадта слабыя ці занадта карумпаваныя, каб неяк супрацьстаяць ці рэгуляваць іх дзейнасць. Гэты рух не варта блытаць з пралетарскім інтэрнацыяналізмам, высунутым камуністамі, таму што альтэрглабалісты не абавязкова з'яўляюцца праціўнікамі свабоднага рынку, выступаючы супраць пэўных відаў рыначнай дзейнасці, якія часта прыводзяць да парушэнняў правоў чалавека.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Бузгалин А. В. 2008. Альтерглобализм: в поисках позитивной альтернативы новой империи. Век глобализации. Выпуск №1/2008 с. 120–127. [1]
- ↑ Hinkelammert, Franz Josef; Ulrich Duchrow (2004). Property for People, Not for Profit: Alternatives to the Global Tyranny of Capital. Progressio. pp. vii. ISBN 1-84277-479-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Альтэрглабалізм на Вікісховішчы |