Альховы лес
Альховыя лясы, але́шнікі — фармацыя драбналістых лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае вольха.
Чорнаальховыя лясы
[правіць | правіць зыходнік]
Чорнаальховыя лясы, чорнаалешнікі — фармацыя карэнных лісцевых лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае вольха чорная. На Беларусі займаюць 646,7 тыс. га (8,2 % агульнай плошчы лясоў). Найбольш буйныя масівы на Палессі, у Бярэзінскім біясферным запаведніку, Белавежскай і Налібоцкай пушчах. Растуць на нізінных балотах з глебамі ад перагнойна-глеевых да глыбокіх тарфяных. У падлеску пераважаюць крушына ломкая, рабіна, парэчкі чорныя і каласковая, вярба попельная, ляшчына, маліна, каліна і інш. Вылучаюць асноўныя тыпы чорнаалешнікаў: вятроўнікавы, асаковы, крапіўны, папарацевы, кіслічны, сніткавы, балотна-папарацевы, вербняковы, касачовы. Большасць тыпаў вызначаюцца высокай прадукцыйнасцю, даюць драўніну для фанернай і мэблевай вытворчасці, піламатэрыялы. Маюць водарэгулявальнае значэнне, умацоўваюць берагі рэк і азёр.
Шэраальховыя лясы
[правіць | правіць зыходнік]
Шэраальховыя лясы, шэраалешнікі — фармацыя драбналістых лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае вольха шэрая. Утвараюцца на высечках яловых, шыракаліста-яловых лясоў, таксама ў выніку зарастання сельскагаспадарчых зямель. Займаюць пераважана ўрадлівыя дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзоліста-глеевыя і іншыя глебы. Пашыраны на поўначы Беларусі, займаюць каля 46 тыс. га. Вылучаюць 10 тыпаў шэраальховых лясоў, найбольш пашыраны кіслічнья, сніткавыя, злакавыя, арляковыя, вятроўнікавыя, папарацевыя і інш. Фітацэнозы шэраальховых лясоў маюць глебапаляпшальнае значэнне: узбагачаюць глебу азотам, які асвойваецца каранёвымі клубеньчыкавымі бактэрыямі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А. А. Малажаўскі. Чорнаальховыя лясы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Шэраальховыя лясы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).