Алеся Александровіч
| Алеся Александровіч | |
|---|---|
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | 12 ліпеня 1904 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 25 жніўня 1947 (43 гады) |
| Месца смерці | |
| Пахаванне | |
| Грамадзянства | |
| Муж | Міхаіл Іванавіч Мароз |
| Альма-матар | |
| Месца працы | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | літаратуразнаўца, педагог |
| Гады творчасці | 1920 — 1947 |
| Грамадская дзейнасць | |
| Член у | |
Але́ся Александро́віч, поўнае імя Алякса́ндра Іва́наўна Александро́віч (12 ліпеня 1904, Мінск — 25 жніўня 1947, Мінск) — беларуская літаратуразнаўца і педагог. Сястра паэта Андрэя Александровіча, жонка Міхася Мароза[1].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Алеся Александровіч прымала актыўны ўдзел у рабоце «Беларускай хаткі», вядомага беларускага нацыянальнага асяродку. Як пазней адзначала Алеся ў анкеце пры паступленні ў БДУ[1], яна на працягу некалькіх гадоў спявала ў Беларускім народным хоры пад кіраўніцтвам Уладзіміра Тэраўскага, куды прыцягнула і свайго брата Андрэя[2]. Слухаць сольнае выкананне Алесі вельмі любіў Янка Купала[1]. Яна спявала песні ў апрацоўцы Дзмітрыя Агрэнева-Славянскага «Чалавек жонку б’е», а таксама «Каля хацінкі». Як успамінаў Кастусь Пуроўскі, мела поспех песня на словы Купалы «Шумныя бярозы», якую выконвалі Алеся Александровіч, Ганна Бялькевіч і Язэп Васілеўскі[1].
У 1920 годзе прымала ўдзел у рабоце клуба беларускай мастацкай інтэлігенцыі. З 1920 года — у менскім Беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-1). Сябравала з Міхасём Чаротам і ў 1921 годзе стала першай выканаўцай ролі Алесі ў музычнай драме Міхася Чарота «На Купалле» ў БДТ-1[3][4], гэтая роля была напісаная адмыслова для яе[1].
Акцёр і тэатральны дзеяч Яўген Рамановіч пісаў[5], што
| [Алеся Александровіч] была ўжо добра вядомай у Мінску салісткай з непараўнанай дзявочай абаяльнасцю і рэдкім па чысціні лірычным сапрана. Усім нам Алеся ў тыя гады здавалася ідэальным увасабленнем беларускай дзяўчыны, якая нібы сышла са старонак паэзіі Янкі Купалы. |
У 1928 годзе скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Працавала ў аддзеле рэкамендацыйнай бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (1934—1936). Склала падручнікі «Родная краіна» (пазней «Роднае слова») для 4-га класа (было 13 выданняў, 1945—1957), «Кніга для чытання ў першым класе» (4 выданні, 1934—1937). Перавыдаваліся «Хрэстаматыя па літаратуры» для 3-га і 4-га класаў (1938—1941, сум. з О. Селіванавай) і чытанне для 7-га класа «Родная літаратура» (1945—1947)[3].
У 1937 годзе праз палітычныя рэпрэсіі арыштаваны муж Міхаіл Мароз (памёр у 1946 годзе ў Яраслаўскай вобласці).
Пасля вайны яна працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы[6]. Пісала артыкулы, уступныя словы да выданняў, успаміны пра Янку Купалу, Цётку, Францішка Багушэвіча, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова і інш. Перакладала на беларускую мову кнігі для дзяцей[3].
Памерла 25 жніўня 1947 года ў Мінску праз анкалогію. Пахаваная на Вайсковых могілках Мінска[7].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]
У шлюбе з палітыкам Міхаілам Марозам (1893—1946). Дзеці:
- Міхаіл (1924—1991), вайсковец;
- Андрэй (1930—1995), радыёфізік.
Алеся Александровіч і Янка Купала
[правіць | правіць зыходнік]Знаёмая з Янкам Купалам з пачатку 1920-х гадоў. Часта бывала на кватэры паэта. Улетку 1933 года на яе запрашэнне Купала з жонкай адпачываў у Капылі ў доме Марозаў, бацькоў мужа Александровіч. Складальнік жыццёвага і творчага летапісу Янкі Купалы да 1917 года. Аўтарка ўспамінаў пра Купалу[6].
Творы
[правіць | правіць зыходнік]- «Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала)» («Савецкі селянін», 9 снежня 1945 года).
- «Сябра моладзі» («Сталинская молодежь», 29 чэрвеня 1945 года).
- «Аб дакастрычніцкай творчасьці Янкі Купалы» (часопіс «Полымя», 1947, № 6).
- «Паэма Янкі Купалы „Адвечная песня“ ў ацэнцы дарэвалюцыйнай крытыкі» (часопіс «Беларусь», 1947, № 6).
- Успаміны ў зборніку «Янка Купала», Мн, 1952.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 Стагоддзе Купалавай Алесi(недаступная спасылка)
- ↑ Яўхім Кіпель. ГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗI Архівавана 29 мая 2014.
- 1 2 3 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
- ↑ Наш край в новой энциклопедии Архівавана 4 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ Гесь, Аляксандра. Стагодзьдзе Купалавай Алесі. Газета Звязда (11 мая 2012 году).(недаступная спасылка)
- 1 2 Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Александровіч Алеся». — C. 36.
- ↑ Аблажэй — Брыль – Белліт (14 ліпеня 2023). Праверана 18 ліпеня 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ватацы, Н. Б. Александровіч Алеся // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1. А капэла — Габелен. — С. 83. — 727 с. — 10 000 экз.
- Багдановіч І. Э. Александровіч Алеся // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992. — Т. 1. Абуховіч — Ватацы. — С. 54—55. — 542 с.; іл. — ISBN 5-85700-061-0.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Александровіч Алеся Іванаўна (1904—1947), літаратуразнаўца Архівавана 12 ліпеня 2023. // Мінская раённая цэнтральная бібліятэка
- Нарадзіліся 12 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1904 годзе
- Нарадзіліся ў Мінску
- Памерлі 25 жніўня
- Памерлі ў 1947 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Вайсковых могілках (Мінск)
- Выпускнікі БДУ
- Супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
- Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Педагогі СССР
- Педагогі Беларусі
- Літаратуразнаўцы СССР
- Літаратуразнаўцы Беларусі
- Купалазнаўцы
- Спевакі і спявачкі Беларусі
- Перакладчыкі СССР
- Перакладчыкі Беларусі
- Перакладчыкі на беларускую мову