Аляксандра Бяльцова
| Аляксандра Бяльцова | |
|---|---|
| лат.: Aleksandra Beļcova | |
| Дата нараджэння | 17 сакавіка 1892[1][2] |
| Месца нараджэння |
|
| Дата смерці | 1 лютага 1981[3][2] (88 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання |
|
| Грамадзянства | |
| Муж | Romans Suta[d] |
| Дзеці | Tatjana Suta[d] |
| Род дзейнасці | мастачка, графік |
| Жанр | партрэт, пейзаж, нацюрморт, гісторыі ў малюнках[d] і графіка |
| Мастацкі кірунак | кубізм і рэалізм[d] |
Аляксандра Бяльцова (рус. Александра Митрофановна Бельцова, 17 сакавіка 1892, Сураж, Чарнігаўская губерня — 1 лютага 1981, Рыга) — латвійская мастачка[5][6].


Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася ў 1892 годзе ў сям’і дзяржаўнага служачага Мітрафана Бяльцова, які меў 16 дзяцей, у Суражы, у спадчынным доме, які быў заснаваны дзядамі-прадзедамі будучай мастачкі па мацярынскай лініі — святарамі Бялыновічамі. У 1912 годзе сям’я пераехала ў Навазыбкаў, куды перавялі на працу бацьку. Маляваць пачала яшчэ ў Навазыбкаўскай гімназіі, пад уплывам маці Наталлі Іванаўны, якая сама добра малявала[7].
Вучылася ў Пензенскім мастацкім вучылішчы падчас Першай сусветнай вайны. Там яна пазнаёмілася з групай латышскіх мастакоў, чый адметны стыль натхніў Бяльцову. Сярод мастакоў быў і Романс Сута, з якімі ў яе завязаліся рамантычныя адносіны. Пасля заканчэння вучобы яна пераехала ў Санкт-Пецярбург, дзе шукала новыя мастацкія рашэнні і вучылася ў авангарднага мастака Натана Альтмана. Мясцовае левае мастацкае асяроддзе, знаёмства з Кузьмай Пятровым-Водкіным і творчасць Уладзіміра Маякоўскага аказалі значны ўплыў на яе творчасць.
У 1919 годзе па запрашэнні Романса Суты яна прыехала ў Рыгу, дзе далучылася да Рыжскай мастацкай групы, сузаснавальнікам якой быў Сута. Група засяроджвалася на эксперыментах у мастацтве: творы мастакоў былі натхнёныя экспрэсіянізмам, фавізмам і кубізмам.
У 1922 годзе Бяльцова выйшла замуж за Суту. Пара адправілася ў мядовы месяц праз Берлін (дзе яны сустракаліся з лідэрам футурыстаў Марынеці) у Парыж, дзе нарадзілася іх дачка Таццяна. Натхнёныя кубізмам і канструктывізмам, якія развіваліся ў Еўропе, гэты шлюб даў пачатак новаму стылю: латышскаму нацыянальнаму канструктывізму.
Найбольш шырокае прымяненне гэты новы стыль знайшоў у парцалянавых праектах, якія пара стварыла ў майстэрні Балтарс. Нягледзячы на тое, што майстэрня існавала толькі да 1928 года, яна атрымала прызнанне: у 1925 годзе яна атрымала два залатыя і адзін бронзавы медалі на Міжнароднай выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну ў Парыжы. Парцалянавая майстэрня Балтарс дапамагла закласці асновы сучаснага латвійскага дызайну, які імкнуўся аб’яднаць як нацыянальныя, так і мадэрныя эстэтычныя тэндэнцыі.
Аднак найбольшага асабістага поспеху Бяльцова дасягнула ў алейным жывапісе, у першую чаргу ў партрэтах і нацюрмортах, хоць яна таксама пакінула пасля сябе шматлікія малюнкі, пастэлі і акварэлі.
У другой палове 1920-х гадоў пачала ствараць творы з элементамі арт-дэко і пераважна пісала партрэты эмансіпаваных, інтэлігентных і сучасных жанчын.
У 1923, 1925 і ў перыяд з 1927 да 1931 года Бяльцова наведвала Паўднёвую Францыю. Рыўера дапамагла ёй не толькі пераадолець цяжкую хваробу — сухоты лёгкіх, — але і дала моцны творчы імпульс: менавіта там яна стварыла свае найлепшыя працы. Асабліва вылучаюцца яе пейзажы Венса, напісаныя ў мяккіх танах.
У 1930-я гады яе жыццё змянілася: часта знаходзілася ў дэпрэсіі і, паводле яе дзённікаў, адчувала сябе пакінутай, адкінутай і здраджанай.
Нягледзячы на тое, што ў 1935 годзе Аляксандра і Романс пераехалі ў новую кватэру на вуліцы Элізабетэс (дзе цяпер знаходзіцца мемарыяльны музей абодвух мастакоў), яе адносіны з мужам пагоршыліся. Неўзабаве пасля пераезду ён пакінуў яе і пасяліўся са сваёй каханкай; у 1941 годзе яны нарэшце развяліся, але, што дзіўна, праз два тыдні зноў пажаніліся[8].
Але ў ліпені 1941 года, з пачаткам нацысцкай акупацыі Латвіі, Сута перабіраецца ў Грузію, дзе працуе на мясцовай кінастудыі, у 1944 годзе ён быў арыштаваны і расстраляны. Аляксандра даведалася пра яго лёс толькі праз дзесяць гадоў.
Пасля заканчэння вайны ў 1945 годзе Аляксандра Бяльцова ўступіла ў Саюз мастакоў Латвійскай ССР. Яна заставалася актыўнай да апошніх гадоў жыцця, удзельнічаючы ў выставах і іншых мастацкіх падзеях.
Дзяржаўны мастацкі музей у Рызе арганізаваў дзве персанальныя выставы А. Бяльцовай — у 1962 і 1972 гадах[9].
У савецкі час Бяльцова ўсё больш звярталася да партрэтнага жывапісу. Партрэты яе сяброў — пісьменнікаў, акцёраў, оперных спевакоў і балетных артыстаў — дазвалялі ёй адносна лёгка прыстасавацца да патрабаванняў сацыялістычнага рэалізму. Значную частку яе работ гэтага перыяду складаюць кампазіцыі з інтэр’ерамі: часта гэта яе майстэрня, балкон або віды з акна[5].
Бяльцова правяла амаль усё сваё жыццё ў Латвіі, і яе творчасць з'яўляецца важнай часткай гісторыі латвійскага мастацтва. Яна памерла 1 лютага 1981 года ва ўзросце 89 гадоў.
У кватэры, дзе яна жыла з 1935 года разам з Романам Сутай, быў створаны музей, прысвечаны абодвум мастакам. Ён размешчаны ў Рызе, у неакласічным шматкватэрным доме на вуліцы Элізабэтэс, які быў пабудаваны ў 1911 годзе. У 1987 годзе яе дачка Таццяна вярнула сабе кватэру і стварыла ў ёй прыватны музей. У сваім завяшчанні яна пакінула калекцыі і кватэру Латвійскаму нацыянальнаму мастацкаму музею, які зноў адкрыў музей як філіял у кастрычніку 2008 года.
Бяльцова і беларускі рух
[правіць | правіць зыходнік]Антон Адамовіч згадвае літаратурна-мастацкі салон, які штосерады збіраўся на кватэры Аляксандры Бяльцовай. Гэты салон наведвалі і беларускія паэты, у тым ліку Алесь Салавей (які чытаў там свае вершы, што падабаліся гаспадыні салона) і Пятро Сакол. Пазней, у 1944 годзе Бяльцова аформіць вокладку і застаўныя балоны для першага зборніка паэзіі Алеся Салаўя "Мае песьні"[10].
Падчас нацысцкай акупацыі Латвіі Бяльцова цесна супрацоўнічала з Кастусём Езавітавым. У 1942 годзе ён прысвяціў мастачцы артыкул у газеце "Новы шлях", дзе такім чынам ахарактарызаваў яе творчасць:
А. Бяльцова прайшла праз некалькі этапаў, захоплівалася некаторы час модным калісь кубізмам, потым з незвычайным захапленнем і энергіяй працавала над стварэннем у Латвіі фарфоравага начыння, заклаўшы разам з Сутаю і Водбэргам нават асобнае таварыства пад назовам Балтарс, нарэшце, рашуча станула на грунт рэалістычна-псіхалагічнага партрэтызму і тутака асабліва прыгожа і моцна развіўся яе буйны талент. Творы Бяльцовай усіх трох перыядаў вызначаюцца мастацкасцю тэхнікі, беззаганнасцю кампазіцыі і глыбокім унутраным зместам. Кожны партрэт з’яўляецца псіхалагічнай характарыстыкай арыгінала, з якога ён пісаны... старанна вывучае беларускую гісторыю і этнаграфію, падрыхтоўваючыся да працы над гістарычнымі палотнамі на тэмы слаўнага мінулага Беларусі[7].
У 1944 годзе падрыхтавала серыю малюнкаў-карыкатур па матывах беларускіх народных прыпевак, якія былі апублікаваныя ў газеце "Новы шлях"[11]. У маі 1944 г. выйшла ілюстраваная Аляксандрай Бяльцовай кніжка для дзяцей “Камарочак”, якая была апошнім выдавецкім чынам К. Езавітава[12].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Delarge J. Aleksandra BELCOVA // Le Delarge — Paris: Gründ, Jean-Pierre Delarge, 2001. — ISBN 978-2-7000-3055-6
- ↑ а б The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
- ↑ Aleksandra Beļcova // Brockhaus Enzyklopädie — F.A. Brockhaus, 1796.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #126030596 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
- ↑ а б Aleksandra Beļcova (1892–1981) - Art Museums (англ.). lnmm.gov.lv. Праверана 10 красавіка 2026.
- ↑ Евсеева Наталия. Искусство и судьбы. Роман Сута и Александра Бельцова | Журнал «ТРЕТЬЯКОВСКАЯ ГАЛЕРЕЯ». www.tg-m.ru. Праверана 10 красавіка 2026.
- ↑ а б Гваздзёў Сяргей. Рэха з берагоў Дзвіны-Даўгавы // Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі. — Мінск: Галіяфы, 2013. — С. 105-107.
- ↑ Kukaine Jana. Aleksandra Beļcova (1892–1981): On Course for a Virtual Feminist Museum // Eesti Kunstimuuseumi Toimetised / The Proceedings of the Art Museum of Estonia, 2021. Pp. 153–190
- ↑ Aleksandra Beļcova (англ.). AWARE Women artists / Femmes artistes. Праверана 10 красавіка 2026.
- ↑ Адамовіч Антон. Да гісторыі беларускае літаратуры. — Мінск: Выдавец Зьміцер Колас, 2005. — С. 1245-1246.
- ↑ Грыбоўскі Юры. Беларусы ў Латвіі (1918-1945 гг.). — Беласток: Фонд Камунікат, 2026. — С. 911.
- ↑ Туронак Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі.. — Інстытут беларусістыкі, 2008. — С. 343.