Аляксандра Саковіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандра Саковіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 14 снежня 1906(1906-12-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 8 студзеня 1997(1997-01-08) (90 гадоў)
Пахаванне
Грамадзянства
Муж Аўген Калубовіч
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменніца
Мова твораў беларуская
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксандра Саковіч (сапр. Іна Рытар, у замужастве Каханоўская; 14 снежня 1906, Адэса — 8 студзеня 1997, Кліўленд, ЗША) — беларуская пісьменніца, мемуарыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З 1921 г. жыла ў Мінску. Вучылася ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, скончыла гістарычнае аддзяленне педфакультэта БДУ. Швагерка пісьменніка і вучонага Міхайлы Грамыкі. Жывучы ў доме Грашкаў, затым у Лёсікаў, сустракалася з Я. Купалам, Я. Коласам, З. Бядулем (пазней напісала пра гэтыя сустрэчы ўспаміны). Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала там жа выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры.

У 1930 годзе выйшла замуж за свайго першага мужа, узяла ягонае прозвішча Сеўрук. Муж быў рэпрасаваны, высланы на Калыму, дзе загінуў у ГУЛАГу, Іна Рытар з двухгадоваю дачкою (сын-першынец памёр) вярнулася ў Беларусь.

У час нямецкай акупацыі жыла на радзіме бацькоў у Ярэмічах, настаўнічала, была выкладчыцай у Навагрудскай настаўніцкай семінарыі.

З лета 1944 г. — на эміграцыі, трапіла ў французскую зону акупацыі Германіі, пасля пераехала ў беларускі лагер перамешчаных асобаў каля Рэгенсбургу, выкладала нямецкую і англійскую мовы ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Тут ад няшчаснага выпадку загінула яе 9-гадовая дачка.

У 1950 г. Іна Рытар эмігравала ў ЗША. Жыла ў Нью-Ёрку, брала ўдзел у нацыянальным грамадскім жыцці, уваходзіла ў Галоўную ўправу БАЗА, управу БІНІМа.

У 1955 годзе абралася шлюбам з Аўгенам Калубовічам (на эміграцыі Каханоўскі) і пераехала з мужам у Кліўленд, дзе была заснавана беларуская калонія. Выкладала ў беларускай суботняй школцы, займалася літаратурнай творчасцю, грамадскай працай.

Памерла 8 студзеня 1997 года. Пахавана на могілках Рыверсайд у Кліўлендзе, штат Агая[1].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Самая першая публікацыя была змешчана ў газеце «Раніца» (1944). Сярод яе твораў апавяданні, аповесці, успаміны пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Лёсіка, П. Бузука, М. Грамыку, У. Ігнатоўскага, А. Цвікевіча, М. Доўнар-Запольскага і інш. У артыкулах «Лістападаўцы», «Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту», «Археалагічная экспедыцыя ў 1928 г.», «Менск у 1930—1931 гадох» паўстае карціна жыцця на Беларусі 1920-30-х гадоў, раскрываецца складаны і супярэчлівы духоўны стан грамадства, якое ўступала ў перыяд панавання таталітарнага рэжыму.

Пісьменніцкая актыўнасць Іны Рытар прыпадае на 1950-80-я гады. Яе проза цікавая перажытасцю матэрыялу, праўдай чалавечых лёсаў і абставін. Як празаік А. Саковіч пачалася з апавядання «У няведам’е» (часопіс «Конадні», 1957). Затым яе аповесці, апавяданні пачалі рэгулярна публікавацца ў эмігранцкім друку. Апавяданні «На захад», «Шчаслівая», «Сама», «Кожнаму сваё», «З кім яна?», «Асірочаныя», «У завею» аб’яднаныя тэмай жыцця на Беларусі ў 1930-я гады і на пачатку Другой сусветнай вайны. У іншых апавяданнях і аповесцях «Браты», «Паміж Сцылай і Харыбдай» праглядваецца лёс самой пісьменніцы і яе блізкіх. Упершыню ў беларускай прозе так шырока быў паказаны лёс жанчыны, сямейнае, мацярынскае шчасце якой было разбурана бязлітаснымі катаклізмамі часу.

Кніга аповесцей і апавяданняў А. Саковіч «У пошуках праўды» была выдадзена ў Нью-Ёрку Інстытутам навукі і мастацтва ў 1986 г. У яе увайшлі таксама ўспаміны і артыкулы пісьменніцы.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]