Аляксандр Ігаравіч Кухта
Аляксандр Ігаравіч Кухта | |
|---|---|
| | |
| Адукацыя | |
| Дзейнасць | праваслаўны святар |
| Месца працы | |
| Нараджэнне |
28 снежня 1992 (33 гады) |
Алякса́ндр І́гаравіч Ку́хта[1] (нар. 28 снежня 1992, г. Слонім) — беларускі праваслаўны святар (іерэй), тэолаг, грамадскі дзеяч і відэаблогер. Аўтар самага папулярнага ў Беларусі праваслаўнага YouTube-канала «Бацюшка адкажа»[2]. У 2023 годзе праз з маральнай пазіцыяй Маскоўскага патрыярхату адносна палітычнага крызісу ў Беларусі і расійскай агрэсіі супраць Украіны перайшоў у юрысдыкцыю Усяленскага патрыярхату Канстанцінопаля[2]. З 2023 года — кіраўнік каманды збораў фонду салідарнасці BYSOL[3].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Адукацыя і пачатак служэння
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 28 снежня 1992 года ў Слоніме, вырас у свецкай сям’і[4]. Скончыў Ліцэй БДУ[5]. Меў прахадныя балы для паступлення ў БДУІР на праграміста, аднак абраў духоўны шлях і паступіў у Мінскую духоўную семінарыю[4]. Пасля заканчэння семінарыі працягнуў навучанне ў магістратуры Мінскай духоўнай акадэміі[4].
Пасля пасвячэння служыў іерэем і памочнікам настаяцеля ў храме Свяціцеля Дзмітрыя Растоўскага ў аграгарадку Міханавічы пад Мінскам[4]. Набыў шырокую вядомасць дзякуючы стварэнню YouTube-канала «Бацюшка адкажа» (руск.: «Batushka ответит»), які дзейнічаў пры Сінадальным місіянерскім аддзеле Беларускай праваслаўнай царквы[4]. У сваіх відэа святар імкнуўся паказаць царкву сучаснай і адкрытай да дыялогу, разбіраючы актуальныя грамадскія і рэлігійныя пытанні[4]. На пачатак 2023 года канал меў каля 47 тысяч падпісчыкаў[2].
У 2018 годзе, жадаючы атрымаць свецкі досвед, Аляксандр Кухта некаторы час працаваў у IT-кампаніі, якая абслугоўвала крыптасістэмы, пасля чаго вярнуўся да паўнавартаснага царкоўнага служэння[5].
Пазіцыя ў 2020 годзе і ад’езд з Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Падчас палітычнага крызісу 2020 года Аляксандр Кухта адкрыта асудзіў фальсіфікацыю выбараў і масавы гвалт[2]. 13 жніўня 2020 года, на фоне жорсткіх затрыманняў, ён далучыўся да валанцёрскага лагера каля ізалятара на Акрэсціна, каб маральна падтрымліваць сваякоў затрыманых і пацярпелых[6][5]. Пасля гібелі Рамана Бандарэнкі святар правёў памінальную службу ў «Двары Перамен», з-за чаго пазней меў тлумачальную размову з мітрапалітам Веніямінам[5].
У 2021 годзе праз эмацыйнае выгаранне, выкліканае маштабамі рэпрэсій і прысудам палітвязню Ігару Лосіку, святар зноў уладкаваўся ў IT-сферу ў аддзел аналітыкі персаналу кампаніі EPAM, пры гэтым працягваў служыць у храме па выхадных[5][6][3]. У пачатку 2022 года з-за пагрозы рэпрэсій ён пераехаў у Вільню (Літва)[6][3]. Пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну зноў звольніўся з IT-кампаніі, каб не падстаўляць калег сваімі публічнымі антываеннымі выказваннямі, і сканцэнтраваўся на відэаблогерстве і дапамозе бежанцам[5][3].
Пераход ва Усяленскі патрыярхат
[правіць | правіць зыходнік]Не маючы магчымасці па меркаваннях сумлення заставацца ў юрысдыкцыі Рускай праваслаўнай царквы, якая фактычна падтрымала вайну, Аляксандр Кухта разам з протаіерэем Георгіем Роем звярнуўся да патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея з просьбай прыняць іх пад свой амафор[2][6]. Увесну 2023 года Патрыярх Канстанцінопальскі задаволіў прашэнні святароў[2]. У адказ патрыяршы экзарх у Беларусі Веніямін выдаў указ аб забароне Кухты і Роя ў свяшчэннаслужэнні[7].
На Вялікдзень 16 красавіка 2023 года святары правялі ў Вільні ў памяшканні лютэранскай царквы першае набажэнства для беларусаў у юрысдыкцыі Канстанцінопаля, якое сабрала каля 150 чалавек[8]. Пазней была сфарміравана паўнавартасная беларуская праваслаўная парафія, якая пачала арандаваць уласнае памяшканне ў цэнтры літоўскай сталіцы і перайшла на новаюліянскі каляндар[9][6]. Святары прынцыпова адмовіліся ад камерцыялізацыі храма: у парафіі адсутнічаюць цэннікі на трэбы, свечачны кіёск і гандаль[6]. У лютым 2024 года Аляксандр Кухта афіцыйна ўвайшоў у склад новаўтворанага Экзархата Канстанцінопальскага патрыярхата ў Літве[9].
Праца ў BYSOL і крымінальны пераслед
[правіць | правіць зыходнік]Увесну 2023 года Аляксандр Кухта далучыўся да каманды фонду салідарнасці BYSOL, дзе ўзначаліў аддзел персанальных збораў для дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій беларусам (палітвязням, бежанцам)[3]. Доўгі час ён выконваў сваю працу ананімна, каб не прыцягваць залішняй увагі[3]. Аднак у кастрычніку 2025 года на фоне крызісу ў фондзе, звязанага з адстаўкай заснавальніка Андрэя Стрыжака, Кухта публічна раскрыў сваю ролю ў арганізацыі, каб падтрымаць давер данатораў да праекта[3].
2 студзеня 2026 года стала вядома, што ў Беларусі ў дачыненні да Аляксандра Кухты была распачата крымінальная справа па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Пра гэта паведаміў сам святар у сваіх сацыяльных сетках[10][11].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Жанаты, мае сына[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 10 вопросов христианину. Александр Кухта. www.word4you.ru. Праверана 25 лютага 2026.
- 1 2 3 4 5 6 Два выбітныя беларускія праваслаўныя святары перайшлі ва Усяленскі патрыярхат . Наша Ніва (6 красавіка 2023). Праверана 25 лютага 2026.
- 1 2 3 4 5 6 7 Александра Отто-Кузнецова. Один из анонимных сотрудников BYSOL раскрыл личность — и вы почти наверняка о нем слышали. Поговорили о его работе в фонде (руск.). Zerkalo.io (3 кастрычніка 2025). Праверана 25 лютага 2026.
- 1 2 3 4 5 6 Священник-видеоблогер из Михановичей – об общении в Интернете и ловцах покемонов в храмах (руск.). СБ. Беларусь Сегодня (9 верасня 2017). Праверана 25 лютага 2026.
- 1 2 3 4 5 6 Антось Жупран. Святар Кухта ў «Жыцці-маліне» расказаў пра асаблівасці мітрапаліта Веніяміна, кантраст двух патрыярхаў і сваю працу ў ІТ . Наша Ніва (14 мая 2023). Праверана 25 лютага 2026.
- 1 2 3 4 5 6 Как священник Александр Кухта служит, собирает донаты для BYSOL и говорит о вере без пафоса (руск.). Белсат (22 кастрычніка 2025). Праверана 25 лютага 2026.
- ↑ БПЦ забараніла служыць святарам Георгію Рою і Аляксандру Кухце . Наша Ніва (11 красавіка 2023). Праверана 25 лютага 2026.
- ↑ Упершыню прайшло беларускае набажэнства ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата . Наша Ніва (16 красавіка 2023). Праверана 25 лютага 2026.
- 1 2 У Літве зацвердзілі незалежную ад Масквы праваслаўную царкву. Сярод святароў — двое беларусаў . Наша Ніва (9 лютага 2024). Праверана 25 лютага 2026.
- ↑ На святара Аляксандра Кухту завялі крымінальную справу . Наша Ніва (2 студзеня 2026). Праверана 25 лютага 2026.
- ↑ В Беларуси против священника Александра Кухты возбудили уголовное дело о содействии "экстремистской" деятельности (руск.). Настоящее время (2 студзеня 2026). Праверана 25 лютага 2026.
- Выпускнікі Ліцэя БДУ
- Выпускнікі Мінскай духоўнай семінарыі
- Выпускнікі Мінскай духоўнай акадэміі
- Нарадзіліся 28 снежня
- Нарадзіліся ў 1992 годзе
- Нарадзіліся ў Слоніме
- Асобы
- Нарадзіліся ў 1993 годзе
- Праваслаўныя святары Беларусі
- Канстанцінопальская праваслаўная царква
- Відэаблогеры Беларусі
- Беларусы ў Вільні
- Імігравалі ў Літву з Беларусі