Аляксандр Ісаевіч Салжаніцын

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Ісаевіч Салжаніцын
руск.: Александр Исаевич Солженицын
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 11 снежня 1918(1918-12-11)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 3 жніўня 2008(2008-08-03)[4][1][…] (89 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Isaackly Semyonovich Solzhenitsyn[d][7]
Маці Taisiya Zakharovna Shcerbak[d][7]
Жонка Natalia Solzhenitsyna[d] і Natalya Reshetovskaya[d]
Дзеці Ignat Solzhenitsyn[d]
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, гісторык, раманіст, сцэнарыст, драматург, паэт, грамадскі дзеяч, празаік, публіцыст, школьны настаўнік, ваенны, мілітант, пісьменнік
Жанр аповесць[d], апавяданне, публіцыстыка, эсэ, раман, крохаткі[d], лексікаграфія і Q14914597?
Мова твораў руская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Дзяржаўная прэмія Расійскай Федэрацыі Нобелеўская прэмія па літаратуры
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографа
solzhenitsyn.ru (руск.)
solzhenitsyncenter.org (англ.)
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Алякса́ндр Іса́евіч Салжані́цын (11 снежня 1918, Кіславодск, РСФСР — 3 жніўня 2008, Масква, Расійская Федэрацыя) — выдатны рускі пісьменнік, публіцыст, гісторык, паэт і грамадскі дзеяч.

Атрымаў шырокую вядомасць, апрача літаратурных твораў (што, як правіла, закранаюць вострыя грамадска-палітычныя тэмы), таксама гісторыка-публіцыстычнымі творамі па гісторыі Расіі XIX—XX стагоддзяў.

Былы дысідэнт, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў (шасцідзясятыя, сямідзясятыя і васьмідзясятыя гады XX стагоддзя) змагаўся супраць камуністычнага рэжыму ў СССР.

У апошнія дзесяцігоддзі стаяў на кансерватыўных пазіцыях, з’яўляючыся адным з натхняльнікаў праваслаўна-патрыятычнага руху.

Бацька Ігната Салжаніцына, вядомага дырыжора і піяніста.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства і юнацтва[правіць | правіць зыходнік]

Аляксандр Ісаевіч (Ісаакавіч[9]) Салжаніцын нарадзіўся 11 снежня 1918 г. у Кіславодску. Бацька — Ісаакій Сямёнавіч Салжаніцын, рускі праваслаўны селянін з Паўночнага Каўказа. Маці — Таісія Захараўна Шчэрбак, дачка ўкраінскага шляхціча. Бацькі Салжаніцына пазнаёміліся ў час навучання ў Маскве і неўзабаве павянчаліся ў Беларусі[10]. Ісаакій Салжаніцын у час Першай сусветнай вайны пайшоў на фронт добраахвотнікам і служыў афіцэрам. Ён загінуў да нараджэння сына, 15 чэрвеня 1918 года, ужо пасля дэмабілізацыі (у выніку няшчаснага выпадку на паляванні). Ён апісаны пад імем Сані Лажаніцына ў эпапеі «Чырвонае кола» (на падставе ўспамінаў маці А.Салжаніцына).

Сям’я маці была цалкам разбурана ў выніку бальшавіцкіх канфіскацый.

У 1924 годзе Салжаніцын пераехаў з маці ў Растоў-на-Доне, з 1926 па 1936 гады вучыўся ў школе, жывучы надзвычай бедна. Даводзілася хаваць звесткі пра службу бацькі ў царскім войску.

У малодшых класах падвяргаўся кпінам за нашэнне крыжыка і нежаданне ўступаць у піянеры, атрымаў вымову за наведанне царквы. Пад уплывам школы шчыра прыняў камуністычную ідэалогію, у 1936 годзе ўступіў у камсамол. У старэйшых класах захапіўся літаратурай, пачаў пісаць эсэ і вершы; цікавіўся гісторыяй, грамадcкім жыццём. У 1937 годзе задумаў «вялікі раман пра рэвалюцыю» 1917 года.

У 1936 годзе паступіў у Растоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Не жадаючы рабіць літаратуру асноўнай спецыяльнасцю, абраў фізіка-матэматычны факультэт. Ва ўніверсітэце вучыўся на «выдатна» (сталінскі стыпендыят), працягваў літаратурныя практыкаванні, у дадатак да ўніверсітэцкіх заняткаў самастойна вывучаў гісторыю і марксізм-ленінізм. Скончыў універсітэт у 1941 годзе з адзнакай.

Ад пачатку літаратурнай дзейнасці востра цікавіўся гісторыяй Першай Сусветнай Вайны і сацыялістычнай рэвалюцыі. У 1937 годзе пачаў збіраць матэрыялы па «Самсонаўскай катастрофе», напісаў першыя раздзелы «Жніўня Чатырнаццатага» (з артадаксальных камуністычных пазіцый). У 1939 годзе паступіў на завочнае аддзяленне факультэта літаратуры Інстытута філасофіі, літаратуры і гісторыі ў Маскве. Перапыніў навучанне ў 1941 годзе ў сувязі з вайной.

Цікавіўся тэатрам, летам 1938 года спрабаваў здаць іспыты ў тэатральную школу Юрыя Завадскага, але беспаспяхова.

У жніўні 1939 года здзейсніў з сябрамі падарожжа на байдарцы па Волзе. Жыццё пісьменніка з гэтага часу і да красавіка 1945 года апісана ў паэме «Дарожанька» (1948—1952).

27 красавіка 1940 года ажаніўся са студэнткай Растоўскага ўніверсітэта Наталляй Рашатоўскай (1918—2003), з якой пазнаёміўся ў 1936 годзе.

Падчас вайны[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны не быў адразу мабілізаваны (прызнаны «абмежавана прыдатным» па здароўі). Актыўна дабіваўся накіравання на фронт. У верасні 1941 года разам з жонкай атрымаў размеркаванне школьным настаўнікам у Марозаўск Растоўскай вобласці, аднак ужо 18 кастрычніка быў прызваны і накіраваны ў грузавы конны абоз радавым. Падзеі лета 1941 — вясны 1942 года апісаныя Салжаніцыным у няскончанай аповесці «Любі рэвалюцыю» (1948).

Намагаўся атрымаць накіраванне ў афіцэрскае вучылішча, у красавіку 1942 года быў накіраваны ў артылерыйскае вучылішча ў Кастраму[11]; у лістападзе 1942 года выпушчаны ў званні лейтэнанта, накіраваны ў Саранск, дзе размяшчаўся запасны полк па фарміраванні дывізіёнаў артылерыйскай інструментальнай разведкі.

У дзеючым войску з лютага 1943 года, служыў камандзірам батарэі гукавой разведкі 794 Асобнага армейскага разведвальнага артылерыйскага дывізіёна (пазней — 68 Сеўска-Рэчыцкай 2-ога Беларускага фронту (палявая пошта № 07900 «Ф»). Баявы шлях — ад Арла[12] да Усходняй Прусіі[13]. Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, у лістападзе 1943 года атрымаў чын старшага лейтэнанта, у чэрвені 1944 года — капітана.

На фронце вёў ваенныя дзённікі, шмат пісаў, адсылаў свае творы маскоўскім літаратарам для рэцэнзавання; у 1944 годзе атрымаў добразычлівы водгук Б. А. Лаўранёва.

Арышт і зняволенне[правіць | правіць зыходнік]

На фронце Салжаніцын працягваў цікавіцца грамадcкім жыццём, аднак стаў крытычна ставіцца да Сталіна (за «перайначанне ленінізму»); у перапісцы са старым сябрам (Мікалаем Віткевічам) непаважна выказваўся пра «Пахана», пад якім угадваўся Сталін, захоўваў у сябе складзеную разам з Віткевічам «рэзалюцыю», у якой параўноўваў сталінскія парадкі з прыгонным правам і казаў пра стварэнне пасля вайны «арганізацыі» для аднаўлення так званых «ленінскіх» норм. Лісты выклікалі падазрэнне ваеннай цэнзуры, і ў лютым 1945 Салжаніцын і Віткевіч былі арыштаваны.

Чэшскі журналіст Т. Ржэзач (аўтар распаўсюджванай на Захадзе кнігі «Спіраль здрады Салжаніцына», якая з’явілася «вынікам добрасумленнай працы аўтара і настойлівай сумеснай працы з ім супрацоўнікаў 10 Упраўлення МУС ЧССР і 5 Упраўлення КДБ СССР»[14]), вылучыў версію пра «самаданос», у якім Салжаніцын, апрача сябе, абвінаваціў чатырох чалавек, адзін з якіх, М. Віткевіч, быў асуджаны на дзесяць год[15].

Пасля арышту Салжаніцын быў дастаўлены ў Маскву; 27 ліпеня завочна асуджаны Асобай нарадай да 8 год выпраўленча-працоўных лагераў (па артыкуле 58, пункт 10, частка 2, і пункт 11 Крымінальнага Кодэксу РСФСР).

У жніўні накіраваны ў лагер у Новы Ерусалім, 9 верасня 1945 пераведзены ў лагер «Калужскія Вароты».

У чэрвені 1946 запатрабаваны ў сістэму спецтурмаў 4-га Спецаддзела НКУС, у верасні накіраваны ў спецінстытут для зняволеных («шарашку») пры авіяматорным заводзе ў Рыбінску, праз пяць месяцаў — на «шарашку» ў Загорск, у ліпені 1947 — у аналагічную ўстанову ў Марфіна (пад Масквой). Працаваў па спецыяльнасці — матэматыкам. У Марфіне Салжаніцын пачаў работу над аповесцю «Любі рэвалюцыю». Пазней заключныя дні на Марфінскай шарашцы апісаныя Салжаніцыным у рамане «У крузе першым», дзе сам ён выведзены пад імем Глеба Нержына, а яго сукамернікі Дзмітрый Панін і Леў Копелеў — пад імёнамі Дзмітрыя Салагдзіна і Льва Рубіна.

У снежні 1948 жонка завочна разышлася з Салжаніцыным.

У маі 1950 Салжаніцын быў этапаваны ў Бутыркі (праз канфлікт з кіраўніцтвам «шарашкі»), у жніўні накіраваны ў Стэплаг — асобы лагер у Экібастузе. У лагеры быў шахцёрам, муляром, ліцейнікам, некаторы час — брыгадзірам, удзельнічаў у забастоўцы. Пазней лагернае жыццё атрымае літаратурнае ўвасабленне ў апавяданні «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», а забастоўка зняволеных — у кінасцэнарыі «Ведаюць ісціну танкі».

У перыяд канфлікту Салжаніцына з савецкімі ўладамі з’яўляюцца інспіраваныя КДБ публікацыі пра тое, што ён, знаходзячыся ў зняволенні, актыўна супрацоўнічаў з органамі МДБ. Тэкст аднаго з данясенняў[16], нібыта напісаных ім пад псеўданімам Ветраў, быў надрукаваны[17] ў 1990. Сапраўднасць дакумента была дэкларавана нямецкім крымінолагам Франкам Арнау, аднак афіцыйна не высветлена. Сам Салжаніцын прызнаваў, што пад ціскам даў пісьмовую згоду на супрацоўніцтва з лагернай адміністрацыяй і ўзяў на сябе абавязак даносіць пра падрыхтоўку зняволеных да ўцёкаў, але сцвярджае, што да сапраўднага супрацоўніцтва не дайшло:

…Так і абышлося. Ніводнага разу больш мне не давялося падпісацца «Ветраў». Але і сёння я пацепваюся, сустракаючы гэтае прозвішча[18].

Зімой 1952 у Салжаніцына выявілі рак, ён быў прааперыраваны ў лагеры.

Вызвалены 13 лютага 1953.

У зняволенні Салжаніцын цалкам расчараваўся ў марксізме, з цягам часу паверыў у Бога і схіліўся да праваслаўна-патрыятычных ідэй (поўнае адмаўленне камуністычнай ідэалогіі, роспуск СССР і стварэнне славянскай дзяржавы на тэрыторыі Расіі, Беларусі і Украіны, усталяванне ў новай дзяржаве аўтарытарнага ладу з паступовым пераходам да дэмакратыі, накіраванне рэсурсаў будучай краіны на духоўнае, маральнае і рэлігійнае развіццё народа). Ужо на «шарашцы» вярнуўся да пісальніцтва, у Экібастузе складаў вершы, паэмы («Дарожанька», «Прускія ночы») і п’есы ў вершах («Палоннікі», «Баль пераможцаў») і завучваў іх на памяць.

Пасля вызвалення Салжаніцын быў накіраваны ў ссылку на пасяленне «назаўжды» (сяло Берлік Кактарэкскага раёна Джамбульскай вобласці, паўднёвы Казахстан)[19]. Працаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі ў 8-10 класах мясцовай сярэдняй школы імя Кірава.

У канцы 1953 здароўе рэзка пагоршылася, даследванне выявіла ракавую пухліну, у студзені 1954 ён быў накіраваны ў Ташкент на лячэнне, у сакавіку выпісаны са значным паляпшэннем. Хвароба, лячэнне, ацаленне і бальнічныя ўражанні леглі ў аснову аповесці «Ракавы корпус», якая была задуманая вясною 1955.

У ссылцы напісаў п’есу «Рэспубліка Працы» (пра лагер), раман «У крузе першым» (пра сваё знаходжанне на «шарашцы») і нарыс «Працершы вочы („Гора ад розуму“ вачыма зэка)».

У чэрвені 1956 рашэннем Вярхоўнага Суда СССР Салжаніцын быў вызвалены без рэабілітацыі «за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства».

У жніўні 1956 вяртаецца са ссылкі ў Цэнтральную Расію. Жыве ў вёсцы Мільцава (паштовае аддзяленне Торфапрадукт Курлоўскага раёна Уладзімірскай вобласці), выкладае матэматыку ў Мязінаўскай сярэдняй школе Гусь-Хрустальнага раёна. Тады ж сустрэўся са сваёй былой жонкай, якая канчаткова вярнулася да яго ў лістападзе 1956 (паўторна шлюб зарэгістраваны 2 лютага 1957).

6 лютага 1957 рашэннем Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР Салжаніцын рэабілітаваны[20].

З ліпеня 1957 жыў у Разані, працаваў настаўнікам астраноміі сярэдняй школы № 2.

Першыя публікацыі[правіць | правіць зыходнік]

У 1959 Салжаніцын напісаў апавяданне «Щ-854» пра жыццё простага зняволенага з рускіх сялян, у 1960 — апавяданні «Не стаіць сяло без праведніка» і «Правая кісць», першыя «Драбняткі», п’есу «Святло, якое ў табе» («Свяча на ветры»)[21]. Перажыў пэўны крызіс, не маючы магчымасці надрукаваць свае творы.

У 1961 пад уражаннем ад выступлення Аляксандра Твардоўскага (рэдактара часопіса «Новый мир») на XXII з’ездзе КПСС, перадаў яму «Щ-854», папярэдне выключыўшы з апавядання найбольш палітычна вострыя, загадзя непраходныя праз савецкую цэнзуру фрагменты. Твардоўскі ацаніў апавяданне надзвычай высока, запрасіў аўтара ў Маскву і стаў дабівацца публікацыі твора. М. С. Хрушчоў пераадолеў супраціўленне членаў Палітбюро і дазволіў публікацыю апавядання. Апавяданне пад назвай «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» было надрукавана ў часопісе «Новый мир» № 11, 1962, адразу ж перавыдадзена і перакладзена на замежныя мовы.

30 снежня 1962 Салжаніцын быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Неўзабаве пасля гэтага ў часопісе «Новый мир», (№ 1, 1963) былі надрукаваныя «Не стаіць сяло без праведніка» (пад назвай «Матронін двор») і «Выпадак на станцыі Кочатаўка» (пад назвай «Выпадак на станцыі Крэчатаўка»[22]).

Першыя публікацыі выклікалі аграмадную колькасць водгукаў пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў, крытыкаў і чытачоў. Не толькі і не столькі праз іхнія ўражвальныя рэалістычнасць і шчырасць, колькі таму, што гэта быў першы выпадак выдання кніг па палітычна значнай тэме з 1920-х гадоў, да таго ж напісаных не членам партыі. Пісьмы чытачоў — былых зняволеных (у адказ на «Івана Дзянісавіча») паклалі пачатак «Архіпелагу ГУЛАГ».

Апавяданні Салжаніцына вылучаліся на фоне твораў таго часу сваімі мастацкімі якасцямі і грамадзянскай смеласцю. Гэта падкрэслівалі на той час многія, у тым ліку пісьменнікі і паэты. Напрыклад, Ганна Андрэеўна Ахматава адзывалася пра «Матронін двор» так:

- Але… Дзіўная рэч… Дзіўна, як маглі надрукаваць… Гэта страшней за «Івана Дзянісавіча»… Там можна ўсё на культ асобы сапхнуць, а тут… Бо гэта ў яго не Матрона, а ўся руская вёска пад паравоз трапіла і ўшчэнт… Дробязі таксама дзіўныя… Памятаеце — чорныя бровы старога, як два масты адзін адному насустрач?.. Вы заўважылі: у яго лавы і зэдлічкі бываюць то жывыя, то мёртвыя… А прусакі пад шпалерамі шастаюць? Запомнілі? Як далёкі шум акіяна! і шпалеры ходзяць хвалямі… А якая выключная старонка, калі ён раптам бачыць Матрону маладой… І ўсю вёску бачыць маладою, то бок такою, якая яна была да ўсеагульнага спусташэння…[23]

Летам 1963 Салжаніцын стварае чарговую, пятую па чарзе, усечаную «пад цэнзуру» рэдакцыю рамана «У крузе першым», прызначаную для друку (з 87 раздзелаў). Чатыры раздзелы з рамана выбраныя аўтарам і прапанаваныя «Новаму миру» «…для спробы, пад відам „Урыўка“…».

Апавяданне «Для карысці справы» апублікавана ў часопісе «Новый мир» № 7 за 1963.

28 снежня 1963 рэдакцыя часопіса «Новый мир» і Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва вылучаюць «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» на здабыццё Ленінскай прэміі за 1964 год (у выніку галасавання Камітэта па прэміях прапанова была адхілена[24]).

У 1964 Салжаніцын упершыню аддае свой твор у самвыдат — цыкл «вершаў у прозе» пад агульнай назвай «Драбняткі».

Летам 1964 пятая рэдакцыя «У крузе першым» абмяркоўваецца і прынята да надрукавання ў 1965 «Новым миром». Спроба публікацыі не атрымалася. Твардоўскі знаёміцца з рукапісам рамана «Ракавы корпус» і нават прапануе яго для прачытання Хрушчову (зноў — праз яго памочніка Лебедзева).

Салжаніцын сустракаецца с Варламам Шаламавым, які раней добразычліва адгукнуўся пра «Івана Дзянісавіча», і прапануе яму сумесна працаваць над «Архіпелагам».

Восенню 1964 п’еса «Свяча на ветры» прынята да пастаноўкі ў Тэатры імя Ленінскага камсамола ў Маскве.

«Драбняткі» праз самвыдат трапляюць за мяжу і пад назвай «Эцюды і дробныя апавяданні» надрукаваныя ў кастрычніку 1964 у Франкфурце ў часопісе «Грані» (№ 56) — гэта першая публікацыя ў замежнай рускай прэсе твора Салжаніцына, непрынятага ў СССР.

У 1965 Салжаніцын ездзіць у Тамбоўскую вобласць з Барысам Мажаевым для збору матэрыялаў пра сялянскае паўстанне (у паездцы вызначаецца назва рамана-эпапеі пра рускую рэвалюцыю — «Чырвонае кола»), пачынае першую і пятую часткі «Архіпелага» (у Салатчы Разанскай вобласці і на хутары Коплі-Мярдзі ля Тарту), завяршае працу над апавяданнямі «Як шкада» і «Захар-Каліта», публікуе ў «Літаратурнай газеце» (спрачаючыся з акадэмікам Вінаградавым) артыкул «Не обычай дёгтем щи белить, на то сметана» Архівавана 14 снежня 2007.[25] у абарону рускай гаворкі:

Яшчэ не позна выгнаць тое, што ёсць публіцыстычны жаргон, а не руская гаворка. Яшчэ не позна выправіць склад нашай пісьмовай (аўтарскай) мовы, так, каб вярнуць ёй размоўную народную лёгкасць і свабоду.

11 верасня КДБ праводзіць вобыск на кватэры сябра Салжаніцына В. Л. Тэўша, у якога Салжаніцын захоўваў частку свайго архіва. Забраныя рукапісы вершаў, «У крузе першым», «Драбнятак», п’ес «Рэспубліка працы» і «Баль пераможцаў».

Хмары над Салжаніцыным згушчаюцца. ЦК КПСС выдае закрытым тыражом і распаўсюджвае сярод наменклатуры «дзеля абвінавачання аўтара» «Баль пераможцаў» і пятую рэдакцыю «У крузе першым». Салжаніцын піша скаргі на незаконную канфіскацыю рукапісаў міністру культуры СССР Дземічаву, сакратарам ЦК КПСС Брэжневу, Суславу і Андропаву, перадае рукапіс «Круга-87» на захаванне ў Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва.

Чатыры апавяданні прапанаваныя рэдакцыям «Огонька», «Октября», «Литературной России», «Москвы» — адхілены ўсюды. Газета «Известия» набрала апавяданне «Захар-Каліта» — гатовы набор рассыпаны, «Захар-Каліта» перададзены ў газету «Правда» — адмова Абалкіна.

У гэты самы час у ЗША выйшаў зборнік «А.Салжаніцын. Выбранае»[26]: «Адзін дзень…», «Кочатаўка» і «Матронін двор»; у ФРГ у выдавецтве «Пасеў» — зборнік апавяданняў на нямецкай мове[27].

Дысідэнцтва[правіць | правіць зыходнік]

Ужо к сакавіку 1963 Салжаніцын страціў прыхільнасць Хрушчова (непрысуджэнне Ленінскай прэміі, адмова друкаваць раман «У крузе першым»). Пасля прыходу да ўлады Брэжнева Салжаніцын практычна страціў магчымасць легальна друкавацца і выступаць. У верасні 1965 КДБ канфіскаваў архіў Салжаніцына з яго найбольш антысавецкімі творамі, што пагоршыла становішча пісьменніка. Карыстаючыся пэўнай пасіўнасцю ўлады, у 1966 ён пачаў актыўную грамадcкую дзейнасць (сустрэчы, выступленні, інтэрв’ю замежным журналістам). Тады ж пачаў распаўсюджваць у самвыдаце і свае раманы «У крузе першым» і «Ракавы корпус». У лютым 1967 г. Салжаніцын таемна скончыў мастацкае даследванне «Архіпелаг ГУЛАГ».

У маі 1967 г. Салжаніцын разаслаў «Ліст з’езду» да Саюзу пісьменнікаў СССР, у якім запатрабаваў ліквідаваць цэнзуру і рэабілітаваць многіх рэпрэсаваных пісьменнікаў (з беларускай дэлегацыі яго падтрымалі толькі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, з якімі ён сышоўся ў сярэдзіне 1960-х)[10]. Пасля «Ліста» ўлады сталі ўспрымаць Салжаніцына сур’ёзна. У 1968 г., калі ў ЗША і Заходняй Еўропе былі надрукаваныя раманы «У крузе першым» і «Ракавы корпус», што прынеслі пісьменніку агромністую папулярнасць, савецкая прэса пачала прапагандысцкую кампанію супраць аўтара. У 1969 г. Салжаніцын быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Прэмія была прысуджана не яму, але неўзабаве пасля гэтага ён быў выключаны з Саюза пісьменнікаў СССР. Пасля выключэння Салжаніцын стаў адкрыта абвяшчаць пра свае праваслаўна-патрыятычныя перакананні і рэзка крытыкаваць уладу. У 1970 Салжаніцын ізноў вылучаны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры, і гэтым разам быў ёю ўзнагароджаны. Пісьменнік не мог атрымаць гэтую прэмію ў Стакгольме, баючыся, што не зможа вярнуцца ў СССР. Таму прэмія знайшла яго толькі ў 1974 годзе, ужо пасля высылкі Салжаніцына за мяжу. У пачатку 1970-х гадоў у савецкіх СМІ была арганізавана магутная прапагандысцкая кампанія супраць Салжаніцына, улады прапанавалі яму выехаць з краіны, але ён адмаўляўся.

Яшчэ ў жніўні 1968 Салжаніцын пазнаёміўся з Наталляй Святловай, у іх пачаўся раман. Салжаніцын стаў патрабаваць разводу з першай жонкай. З надзвычайнымі цяжкасцямі развод быў здзейснены 22 ліпеня 1972. Неўзабаве Салжаніцыну ўдалося зарэгістраваць шлюб са Святловай, нягледзячы на супрацьдзеянне ўлад (шлюб даваў яму магчымасць прапісацца ў Маскве). У іх нарадзілася трое дзяцей: Ермалай (1970 г. нар.), Ігнат (1972) і Сцяпан (1973).[28]

11 чэрвеня 1971 у Парыжы выйшаў раман Салжаніцына «Жнівень Чатырнаццатага», які быў неадназначна ўспрыняты чытачамі за яскрава выразныя праваслаўна-патрыятычныя погляды аўтара.

З яшчэ большым непаразуменнем быў сустрэты «Вялікапосны ліст» Патрыярху Пімену (1972)[29] пра праблемы Царквы, у падтрымку выступлення архіепіскапа Калужскага Ермагена (Голубева).

У 19721973 Салжаніцын працаваў над эпапеяй «Чырвонае Кола», актыўнай дысідэнцкай дзейнасці не вёў.

У жніўні-верасні 1973 адносіны між уладай і дысідэнтамі абвастрыліся, што закранула і Салжаніцына.

23 жніўня 1973 Салжаніцын даў вялікае інтэрв’ю замежным карэспандэнтам. У гэты ж дзень КДБ затрымаў адну з памочніц пісьменніка Лізавету Варанянскую. У ходзе допыту яна выдала месцазнаходжанне аднаго асобніка рукапісу «Архіпелага ГУЛАГ» і, вярнуўшыся дахаты, павесілася. 5 верасня Салжаніцын даведаўся пра здарэнне і распарадзіўся пачаць друкаванне «Архіпелага» на Захадзе (у эмігранцкім выдавецтве YMCA-Press). Тады ж ён даслаў кіраўніцтвуу СССР «Ліст правадырам Савецкага Саюза», у якім заклікаў адмовіцца ад камуністычнай ідэалогіі і зрабіць крокі па пераўтварэнні СССР у рускую нацыянальную дзяржаву. З канца жніўня ў заходняй прэсе друкавалася вялізная колькасць артыкулаў у абарону дысідэнтаў і, у прыватнасці, Салжаніцына.

У СССР была разгорнута магутная прапагандысцкая кампанія супраць дысідэнтаў. 24 верасня КДБ праз былую жонку Салжаніцына прапанаваў пісьменніку афіцыйную публікацыю аповесці «Ракавы корпус» у СССР у абмен на адмову ад друку «Архіпелага ГУЛАГ» за мяжой. (У пазнейшых успамінах Наталля Рашатоўская адмаўляла ролю КДБ, сцвярджаючы, што спрабавала дабіцца пагаднення між уладамі і Салжаніцыным на ўласную ініцыятыву.) Аднак Салжаніцын, які не пярэчыў супраць надрукавання «Ракавага корпуса» ў СССР, не паказаў і жадання звязваць сябе сакрэтнай дамоўленасцю з уладамі. (Розныя апісанні звязаных з гэтым паведамленняў змешчаны ў кнізе Салжаніцына «Бадалася цялё з дубам» і ва ўспамінах Н. Рашатоўскай «АПН — я — Салжаніцын», надрукаваных пасля смерці Рашатоўскай.) У канцы снежня 1973 г. было абвешчана пра выхад у свет першага тома «Архіпелага ГУЛАГ». У савецкіх сродках масавай інфармацыі пачалася чарговая масіраваная кампанія ачарнення Салжаніцына як здрадніка радзімы з кляймом «літаратурнага ўласаўца». Націск рабіўся не на рэальны змест «Архіпелага ГУЛАГ» (мастацкае даследаванне савецкай лагерна-турэмнай сістемы 1918—1956), які не абмяркоўваўся, а на салідарызацыю Салжаніцына са «здраднікамі радзімы ў час вайны, паліцаямі і ўласаўцамі».

У СССР, у гады застою, «Жнівень Чатырнаццатага» і «Архіпелаг ГУЛАГ» (як і першыя раманы) распаўсюджваліся ў самвыдаце.

7 студзеня 1974 г. выхад «Архіпелага ГУЛАГ» і меры «спынення антысавецкай дзейнасці» Салжаніцына былі абмеркаваныя на пасяджэнні Палітбюро. Пытанне было вынесена на ЦК КПСС, за высылку выказаліся Ю. В. Андропаў і іншыя; за арышт і ссылку — Касыгін, Брэжнеў, Падгорны, Шалепін і іншыя; каб пакінуць і ставіцца са спагадай, каб Салжаніцын змяніў сваю пазіцыю з антысавецкай на супрацьлеглую — М. А. Шчолакаў і інш. Перамагла пазіцыя Андропава. 12 лютага Салжаніцын быў арыштаваны і абвінавачаны ў здрадзе Радзіме. 13 лютага ён быў пазбаўлены савецкага грамадзянства і высланы з СССР (дастаўлены ў ФРГ самалётам). 29 сакавіка з СССР выехала і сям’я Салжаніцына.

Выгнанне[правіць | правіць зыходнік]

Неўзабаве пасля высылкі Салжаніцын здзесніў кароткае падарожжа па Паўночнай Еўропе, у выніку прыняўшы рашэнне часова пасяліцца ў Цюрыху, Швейцарыя.

3 сакавіка 1974 г. у Парыжы быў надрукаваны «Ліст правадырам Савецкага Саюза»; вядучыя заходнія выданні і многія дэмакратычна настроеныя дысідэнты ў СССР, уключаючы Сахарава, ацанілі «Ліст» як антыдэмакратычны, нацыяналістычны, які змяшчае да таго ж «небяспечныя памылкі»; адносіны Салжаніцына з заходняй прэсай працягвалі пагаршацца.

Летам 1974 г. на ганарары ад «Архіпелага ГУЛАГ» пісьменнік стварыў «Рускі грамадcкі Фонд дапамогі пераследаваным і іхнім сем’ям» для дапамогі палітычным вязням у СССР (пасылкі і грашовыя пераводы ў месцы пазбаўлення волі, легальная і нелегальная матэрыяльная дапамога сем’ям зняволеных).

У 1974—1975 гг. у Цюрыху Салжаніцын збіраў матэрыялы пра жыццё Леніна ў эміграцыі (для эпапеі «Чырвонае Кола»), скончыў і выдаў мемуары «Бадалася цялё з дубам».

У красавіку 1975 г. пісьменнік здзейсніў з сям’ёй падарожжа па Заходняй Еўропе, пасля накіраваўся ў Канаду і ЗША. У чэрвені-ліпені 1975 г. Салжаніцын наведаў Вашынгтон і Нью-Ёрк, выступіў з прамовамі на з’ездзе прафсаюзаў і ў Кангрэсе ЗША. У сваіх выступленнях Салжаніцын рэзка крытыкаваў камуністычны рэжым і ідэалогію, заклікаў ЗША адмовіцца ад супрацоўніцтва з СССР і палітыкі «разрадкі»; у той жа час пісьменнік яшчэ працягваў успрымаць Захад як саюзніка ў вызваленні Расіі ад «камуністычнага таталітарызму».

У жніўні 1975 г. пісьменнік вярнуўся ў Цюрых і працягнуў працу над эпапеяй «Чырвонае кола».

У лютым 1976 г. Салжаніцын здзейсніў паездку па Вялікабрытаніі і Францыі, к таму часу ў яго выступленнях сталі заўважныя антызаходнія матывы. У сакавіку 1976 г. пісьменнік наведаў Іспанію. У нашумелым выступленні па іспанскім тэлебачанні ён ухвальна выказаўся пра нядаўні рэжым Франка і перасцярог Іспанію ад «вельмі хуткага прасоўвання да дэмакратыі». У заходняй прэсе ўзмацнілася крытыка Салжаніцына, вядучыя еўрапейскія і амерыканскія палітыкі заяўлялі пра нязгоду з яго поглядамі.

У красавіку 1976 г. Салжаніцын з сям’ёй пераехаў у ЗША і пасяліўся ў гарадку Кавендыш (штат Вермонт). Пасля прыезду пісьменнік вярнуўся да працы над «Чырвоным Колам», дзеля чаго правёў два месяцы ў расійскім эмігранцкім архіве ў Інстытуце Гувера.

Ізноў у Расіі[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам перабудовы стаўленне ў СССР да творчасці і дзейнасці Аляксандра Салжаніцына змянілася, былі надрукаваны шматлікія яго творы. У жніўні 1990 загадам прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова было адноўлена яго савецкае грамадзянства. За кнігу «Архіпелаг ГУЛАГ» у тым жа годзе Салжаніцыну была прысуджана Дзяржаўная прэмія.

Салжаніцын разам з сям’ёй вярнуўся на радзіму 27 мая 1994 года, прыляцеўшы з ЗША ва Уладзівасток і праехаўшы цягніком праз усю краіну да сталіцы.

У сярэдзіне 1990-х[30] асабістым распараджэннем расійскага прэзідэнта Барыса Ельцына яму была падорана дзяржаўная дача[31] «Сасноўка-2» ў Троіца-Лыкаве. Салжаніцыны спраэктавалі і збудавалі там двухпавярховы цагляны дом з вялікай заляй, зашклёнай галерэяй, гасцінай з камінам, канцэртным раялем і бібліятэкай, дзе віселі партрэты Сталыпіна і Калчака.

Амаль не пакідаў свой дом і таму атрымаў сярод мясцовых жыхароў, што бачылі яго хіба зрэдку, празванне «наш пустэльнік»[32]. «Ды мы гэтага Салжаніцына і не бачылі ніводнага разу», — гаварылі яны[33].

У 1997 быў абраны правадзейным членам Расійскай Акадэміі навук.

У 1998 быў узнагароджаны ордэнам Святога Андрэя Першазванага, аднак ад узнагароды адмовіўся[34].

" Ад вярхоўнай улады, што давяла Расію да цяперашняга пагібельнага стану, я прыняць узнагароду не магу. "

Узнагароджаны Вялікім залатым медалём імя М. В. Ламаносава (1998).

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Расійскай Федэрацыі за выдатныя дасягненні ў галіне гуманітарнае дзейнасці (2006).

Сам пісьменнік неўзабаве пасля вяртання ў краіну заснаваў літаратурную прэмію свайго імя для ўзнагароджання пісьменнікаў, «чыя творчасць валодае высокімі мастацкімі годнасцямі, спрыяе самапазнанню Расіі, дадае значны ўклад у захаванне і асцярожнае развіццё традыцый айчыннай літаратуры».

Апошнія гады жыцця правёў у Маскве і на падмаскоўнай дачы.

Да апошняга часу Аляксандр Ісаевіч працягваў займацца творчай дзейнасцю. Разам з жонкай Наталляй Дзмітрыеўнай — прэзідэнткай Фонду Аляксандра Салжаніцына — працаваў над падрыхтоўкай і выданнем свайго самага поўнага, 30-томнага збору сачыненняў. Пасля перанесенай цяжкай аперацыі ў Салжаніцына дзейнічала толькі правая рука.

Смерць і пахаванне[правіць | правіць зыходнік]

Салжаніцын сканаў 3 жніўня 2008 на 90-м годзе жыцця, на сваёй дачы ў падмаскоўным пасёлку Троіца-Лыкава ад вострай сардэчнай недастатковасці. Смерць надышла а 23:45 па маскоўскім часе[35][36] (20:45 UTC).

5 жніўня ў будынку Расійскай акадэміі навук, правадзейным членам якой быў А. І. Салжаніцын, адбыліся грамадзянская паніхіда і развітанне з нябожчыкам. На гэтай цырымоніі прысутнічалі экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, экс-прэзідэнт Расіі, кіраўнік урада РФ Уладзімір Пуцін, прэзідэнт РАН Юрый Восіпаў, экс-старшыня ўрада РФ, акадэмік Яўген Прымакоў, дзеячы расійскай культуры і некалькі тысяч грамадзян Расіі, што прыйшлі аддаць Аляксандру Ісаевічу апошнюю даніну павагі.[37]

Памінальную літургію і адпяванне 6 жніўня 2008 ў Вялікім саборы маскоўскага Данскога манастыра здзейсніў архіепіскап Арэхава-Зуеўскі Аляксій (Фралоў), вікарый Маскоўскай епархіі. У той жа дзень прах Салжаніцына быў пахаваны ў некропалі Данскога манастыра за алтаром храма Іаана Лесвічніка, побач з магілай гісторыка В. О. Ключэўскага.

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Чэшскі журналіст Т. Ржэзач, а таксама Л. Самуцін, былы ўласавец, адзін з «сааўтараў» Салжаніцына, вылучылі версію пра «самаданос», у якім Салжаніцын, апрача сябе, звінаваціў чатырох чалавек, адзін з якіх, М. Віткевіч, быў асуджаны на дзесяць год (версію падтрымаў у 1998 г. расійскі журналіст А. Давыдаў)[38][39]. Салжаніцын абвяргаў усе падобныя абвінавачанні[40]. Паводле Т. Ржэзача, А. Салжаніцын агітаваў супраць улады падчас ваенных дзеянняў, пісаў правакацыйныя лісты, вёў паражэнчую прапаганду — усё гэта рабілася з мэтай адсядзецца ў тыле; менавіта за гэта і быў Салжаніцын пакараны. На старонках кнігі «ЦРУ супраць СССР» (1983) М. М. Якаўлева сцвярджалася, што «Архіпелаг ГУЛАГ» з’яўляецца прадуктам работы супрацоўнікаў амерыканскіх спецслужбаў[41].

Звярталася ўвага на рэзкія супярэчнасці між колькасцю рэпрэсаваных па дадзеных, прыведзеных Салжаніцыным, і архіўнымі дадзенымі, якія сталі даступныя ў перыяд перабудовы[42]. Аспрэчвалася дакладнасць «турэмных» твораў Салжаніцына ў той іхняй частцы, дзе расказваецца пра побыт лагераў, смяротнасць зняволеных, іх колькасць[43][44]. Крытыка з камуністычнага фланга падмацоўвалася спасылкай на даследаванні вучоных, што працавалі ў расійскіх архівах[45].

Салжаніцына таксама неаднаразова крытыкавалі за апраўданне калабаранцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны і звязаныя з гэтым фальсіфікацыі адносна савецкіх ваеннапалонных[46][47]. Сцвярджалася, што матэрыял для сваіх выкрыццяў Салжаніцын пазычаў з гебельсаўскае прапаганды. Падобны водгук зыходзіць ад Л. А. Самуціна, па яго сцвярджэнні, дысідэнта, былога ўласаўца, які асабіста працаваў у ідэалагічным апараце гебельсаўскага міністэрства прапаганды. Ён перахоўваў у сябе рукапіс «Архіпелага» ад КДБ[48].

Салжаніцына актыўна крытыкавалі і «справа» — найперш іншыя дысідэнты і эмігранты, якія адмаўлялі яго хрысціянскія і антыліберальныя погляды (дысідэнты-нацыяналісты, наадварот, бачылі ў яго залішні лібералізм). «Ліст правадырам Савецкага Саюза» зазнаў крытыку ад А. Д. Сахарава.

Канфлікты Салжаніцына з антысавецкай эміграцыяй і заходнімі актывістамі Халоднай вайны асветлены ў яго мемуарах «Патрапіла зярнятка паміж двух жорнаў».

Яго даследванне гісторыі ўзаемаадносін яўрэйскага і рускага народаў у кнізе «Дзвесце год разам» (2001—2002) выклікала актыўную крытыку з боку як многіх яўрэйскіх публіцыстаў, так і нацыяналістычнай прэсы. Так, напрыклад, прыхільнік ліберальных поглядаў Уладзімір Вайновіч сказаў: «Кніга Салжаніцына „Дзвесце год разам“ — доўгая, сумная і хлуслівая».[49] Між тым беларускі палітолаг яўрэйскага паходжання Вольф Рубінчык, спрачаючыся з Вайновічам у 2008 г., адзначаў недарэчнасць папрокаў у «неаб’ектыўнасці», адрасаваных Салжаніцыну (які не быў прафесійным навукоўцам), і настойваў на тым, што кніга «Дзвесце год разам», нягледзячы на шэраг аўтарскіх памылак, мае свае вартасці[50].

Вобраз Салжаніцына быў у сатырычным плане выяўлены ў мастацкіх творах, напрыклад, у рамане Уладзіміра Вайновіча «Масква 2042» (Сім Сімыч Карнавалаў)[51] і ў паэме Юрыя Кузняцова «Путь Христа».

Трэба адзначыць небясспрэчныя погляды Салжаніцына (часам яны трактаваліся як шавіністычныя) адносна Беларусі і Украіны. У працы пад назвай «Як нам уладкаваць Расію?» (ліпень 1990) ён абмяркоўваў стварэнне замест СССР адзінай расійскай дзяржавы, куды неабходна было б уключыць і гэтыя дзве краіны, такім чынам адмаўляючы іхнюю незалежнасць[52]. У той жа час пісьменнік разважаў: «Вядома, калі б украінскі народ сапраўды пажадаў аддзяліцца — ніхто не наважыцца ўтрымліваць яго сілай… Усё сказанае цалкам адносіцца і да Беларусі»[53].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1970 года «за маральную моц, з якой ён кіраваўся няўхільнымі традыцыямі рускай літаратуры»[54] (прапанавана Франсуа Марыякам).

Лаўрэат Вялікага залатога медаля імя М. В. Ламаносава Расійскай Акадэміі навук — за выдатны ўклад у развіццё рускай літаратуры, рускай мовы і рускай гісторыі (1998).

Лаўрэат Вялікай прэміі Французскай Акадэміі маральна-палітычных навук (2000)[55].

Ордэн Святога Саввы 1-й ступені (найвышэйшая ўзнагарода Сербскай праваслаўнай царквы; нададзена 16 лістапада 2004).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі 2006 года за выдатныя дасягненні ў галіне гуманітарнай дзейнасці[56].

Лаўрэат прэміі Фонду «Жыўка і Міліца Тапалавіч» (Сербія) 2007 года (нададзена 7 сакавіка 2008 г.): «выдатнаму пісьменніку і гуманісту, чыя хрысціянская праўдзівасць дорыць нам адвагу і суцяшэнне».

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Фільмы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Aleksandr Solschenizyn // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Alexander Solschenizyn // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
  4. http://www.washingtonpost.com/wp-dyn/content/article/2008/08/03/AR2008080301249.html?hpid=moreheadlines
  5. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
  6. https://web.archive.org/web/20080809023835/http://en.rian.ru/culture/20080804/115673613.html
  7. а б Pas L. v. Genealogics — 2003.
  8. а б http://www.ras.ru/win/db/show_per.asp?P=.id-2583.ln-ru.dl-.pr-inf.uk-12
  9. У некаторых дакумантах 1930-х гадоў яго імя па бацьку пазначана як «Ісаакавіч», напрыклад, у выпускным атэстаце, у іншых, як у пашпарце, выдадзеным у 1934 годзе з памылкай пашпартысткі, і ў заяве ва ўніверсітэт, напісанай на падставе пашпартных дадзеных, — як «Ісаевіч» (абодва гэтыя дакументы надрукаваныя ў часопісе «Студенческий меридиан», 1990, № 7, цыт. паводле: Ю. Р. Федоровский. Ода диссиденству, или стукач у дураков. (руск.)
  10. а б Валянціна Аксак. Аляксандр Салжаніцын і Беларусь// Радыё Свабода. 4 жніўня 2008
  11. Эвакуіраванае туды 3-е Ленінградcкае артылерыйскае вучылішча.
  12. А. Солженицын. Желябугские Выселки. Двучастный рассказ. // Новый мир, 1993, № 3.
  13. Акружэнне батарэі ва Усходняй Прусіі (між Адліг Швенкітэн і Дытрыхсдорф) і выхад з яго 26 студзеня 1945 года, за які Салжаніцын быў прадстаўлены да Ордэна Чырвонай Зоркі, апісаныя ў: А. Солженицын. Адлиг Швенкиттен. Односуточная повесть. // Новый мир, 1993, № 3.
  14. ЭКСПЕРТНАЯ ВЫСНОВА ДА ПАСЯДЖЭННЯ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РФ 26 мая 1992 г. http://www.memo.ru/history/exp-kpss/Chapter5.htm Архівавана 12 жніўня 2008.
  15. Салжаніцын абвяргае ўсе такія абвінавачанні: «Поцемнікі святла не шукаюць». http://www.rusk.ru/st.php?idar=310414 (руск.)
  16. Выява: Донос Ветрова
  17. Ф. Арнау. «Ветров, он же — Солженицын», Военно-исторический журнал, № 12, 1990 (руск.)
  18. Салжаніцын А. Архипелаг ГУЛАГ, т. 2 — М.: Центр «Новый мир» — 1990, с. 243. (руск.)
  19. Па нараду 9-е ўправы МДБ ад 27 снежня 1952 № 9/2-41731.
  20. Пасведчанне пра рэабілітацыю № 4н-083/57.
  21. «Гэтая п’еса — самае няўдалае з усяго, што я напісаў» («Бадалася цялё з дубам. Нарысы літаратурнага жыцця». YMCA-PRESS, Paris, 1975, с. 18)
  22. Назва станцыі выпадкова супала з прозвішчам тагачаснага галоўнага рэдактара часопісу «Октябрь» Кочатава, з якім «Новый мир» вёў прынцыповыя літаратурныя і светапоглядныя спрэчкі. Каб не пагаршаць раздражненне Кочатава, назву станцыі вырашана было змяніць на нейтральнае.
  23. Цыт. паводле: Лідзія Чукоўская. Записки об Анне Ахматовой.(недаступная спасылка)
  24. Прэмія па літаратуры за 1964 была прысуджана Алесю Ганчару за раман «Тронка» і Васілю Міхайлавічу Пяскову за кнігу «Крокі па расе».
  25. «Литературная газета», 4 ноября 1965 — адзіная газетная публікацыя Салжаніцына ў СССР.
  26. Чыкага, Russian Language Specialties (Russian Study Series, # 54)
  27. «Solshenizyn Alexander. …Den Oka-Fluss entiang. Funfzehn Kurzgeschijhten und eine Erzahlung», у перакладзе Мары Хольбэк
  28. Aikman, David. Great Souls: Six Who Changed a Century, p.172-3. Lexington Books, 2003, ISBN 0739104381.
  29. Аляксандр Салжаніцын. «Великопостное письмо» Патриарху Пимену. Крестопоклонная неделя 1972 г. (руск.)
  30. http://www.1tv.ru/owa/win/ort6_main.print_version?p_news_title_id=79048 Архівавана 5 чэрвеня 2011.
  31. http://wikimapia.org/#lat=55.7835599&lon=37.4002719&z=17&l=1&m=a&v=2
  32. http://www.ng.ru/events/2006-02-06/7_moscow.html (руск.)
  33. http://www.vmdaily.ru/article.php?aid=34437 (руск.)
  34. Кацярына Дзёгаць. Солженицын не принял награды. — Коммерсант-daily, 15.12.1998. — № 233 (руск.)
  35. NewsRu.com: Скончался Александр Солженицын (руск.)
  36. Інтэрфакс: У Маскве сканаў Аляксандр Салжаніцын Архівавана 6 жніўня 2008. (руск.)
  37. За Аляксандрам Салжаніцыным перегарнулі бачыну — «Коммерсантъ» № 137(3954) ад 06 жніўня 2008 (руск.)
  38. http://www.libelli.ru/works/solzh.htm ОДА ДИССИДЕНТСТВУ, ИЛИ СТУКАЧ У ДУРАКОВ
  39. http://cn.com.ua/N257/archive/archive.html Архівавана 19 верасня 2008.
  40. «Потёмщики света не ищут» (руск.)
  41. http://www.lib.ru/POLITOLOG/yakowlewnn.txt (руск.)
  42. Гулаг: архівы супраць хлусні Якія маштабы сталінскіх рэпрэсій
  43. Ігар Пыхалаў_ Якія маштабы сталінскіх рэпрэсій)
  44. В. Н. Земсков. ГУЛАГ (историко-социологический аспект) (руск.)
  45. ГУЛАГ: АРХИВЫ ПРОТИВ ЛЖИ (руск.)
  46. Дзюкаў А. Р. Госпремия для ревизиониста (руск.)
  47. Дзюкаў А. Р. Літасць да загінулых: савецкія рэпрэсіі супраць нацысцкіх памагатых // Великая оболганная война-2. Нам не за что каяться! — М.: Яуза, Эксмо, 2008. — 432 с: ил. — (Война и мы). ISBN 978-5-699-25622-8, с. 98-141 (руск.)
  48. http://beserikov.chat.ru/Samutin.htm (руск.)
  49. Уладзімір Вайновіч: «Солженицын недостаточно ўмный человек» — з інтэрв’ю Уладзіміра Нузава ў «Русский базар» 02-03-2004. (руск.)
  50. https://belisrael.info/?p=17443
  51. Майкл Нікалсан. Солженицын на мифотворческом фоне (руск.)
  52. Памёр Аляксандр Салжаніцын. Беларусы ўзгадваюць расійскага пісьменніка// Хартыя’97. 4 жніўня 2008
  53. http://www.solzhenitsyn.ru/proizvedeniya/publizistika/stati_i_rechi/v_izgnanii/kak_nam_obustroit_rossiyu.pdf
  54. …for the ethical force with which he has pursued the indispensable traditions of Russian literature (англ.)
  55. Прамова Алена Безансона ў час узнагароджання прэміяй гл.: Русская мысль, № 4346, 21 снежня 2000.
  56. Загад Прэзідэнта РФ ад 05.06.2007 № 699 «О присуждении Государственной премии Российской Федерации в области гуманитарной деятельности 2006 года» (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Старонкі[правіць | правіць зыходнік]

Кнігі і артыкулы[правіць | правіць зыходнік]

Беларускія пераклады і ўспрыманні[правіць | правіць зыходнік]

Інтэрв’ю[правіць | правіць зыходнік]

Біяграфіі, артыкулы пра Салжаніцына[правіць | правіць зыходнік]