Перайсці да зместу

Аляксандр Аляксандравіч Віхор

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Аляксандравіч Віхор
Дата нараджэння 14 лютага 1995(1995-02-14)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 12 жніўня 2020(2020-08-12)[1] (25 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства

Алякса́ндр Алякса́ндравіч Віхо́р (14 лютага 1995, г. Гомель — 11 жніўня 2020, г. Гомель) — другі памерлы (афіцыйна прызнаны), затрыманы ў час пратэстаў супраць фальсіфікацыяў на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі 2020 года[2].

Віхор быў затрыманы ў дзень выбараў 9 жніўня, калі ён ішоў на спатканне да дзяўчыны. Яго кінулі ў аўтазак, але ён паспеў даслаць SMS родным. Пасля збіцця ў аўтазаку яму стала блага. Як расказаў сведка[3]:

" Ён быў у страшным стрэсе, пацеў, хваляваўся, прасіў праз увесь час медыцынскай дапамогі, на яго ніхто не звяртаў увагі. Калі нас везлі з суда ў СІЗА, яму было вельмі блага, ён зноў прасіў дапамогі, клікаў маму, тату. Тады міліцыянеры, ці хто яны, канвой ці наглядчыкі, пырснулі яму пярцовым газам. Нас вывелі, ён застаўся ў аўтазаку адзін. Я толькі чуў, як яны спыталіся: «А з гэтым што рабіць?», і ім адказалі: «Хай здыхае» "

Пазней хлопца палічылі за вар’ята і адвезлі ў псіхіятрычную бальніцу, але там адмовіліся шпіталізаваць яго[4]. Адтуль яго ў стане клінічнай смерці даставілі ў шпіталь, але было запозна — ён памер.

13 жніўня, з слоў сястры памерлага Вольгі, следчы паведаміў сям’і, што Аляксандр памёр ад перадазавання. Сваякі не пагадзіліся з такою заявай, бо Аляксандр нават не курыў. У заключэнні аб смерці, якое аддалі 15 жніўня, напісана «прычына смерці высвятляецца»[5].

Следчы першапачаткова заявіў бацькам, што ў іх сына была перадазіроўка наркотыкамі, хоць потым іншы следчы папрасіў прабачэння за гэтыя словы, таму што падчас афіцыйнай экспертызы высвятлілася, што ні алкаголю, ні наркотыкаў у крыві Аляксандра Віхора не было[4].

16 лютага 2021 года Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці паведаміла, што прычына смерці гамяльчука «захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія раптам абвастрыліся»[4]. На гэтай падставе СК адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Віхора[4]. Таксама было заяўлена, што ў сувязі са смерцю «ў чыіх-небудзь дзеяннях не было ўстаноўлена ніякага злачынства», нягледзячы на тое што медыкі зафіксавалі пашкоджанні на целе Аляксандра Віхора: траўмы, гематомы, пераломы рэбраў і грудзіны[4].

Аляксандра Віхра пахавалі 16 жніўня на могілках у Касцюкоўцы. Супрацоўнікі ДАІ не пускалі ў Касцюкоўку аўтобусы, якія арганізавалі для людзей, што хацелі прыехаць на пахаванне. Сваякі кажуць, што ў Аляксандра былі паламаны рэбры[3].

17 верасня 2020 года Еўрапейскі парламент у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасцю дэпутатаў, заклікаў да правядзення «незалежнага і эфектыўнага расследавання» звязанай з пратэстамі смерці Аляксандра Віхора[6].

26 лістапада 2020 года Еўрапейскі парламент у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасцю дэпутатаў, заклікаў да «хуткага, дбайнага, бесстаронняга і незалежнага расследавання» забойстваў падчас пратэстаў у Беларусі, у тым ліку Аляксандра Віхора[7].

Зноскі

  1. а б http://belapan.com/archive/2020/08/13/media_gomel1308/
  2. Борисевич, Катерина. «Мой сын не умер, он погиб ни за что». В Гомеле скончался 25-летний парень, которого задержали на улице (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (15 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2020. Праверана 29 верасня 2020.
  3. а б Пад Гомлем развітваюцца з Аляксандрам Віхрам, які загінуў пасля затрымання АМАПам, Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода, 16-08-2020
  4. а б в г д Гамяльчук, якога этапавалі ў адным "стакане" з Віхорам: У Сашы пачаўся псіхоз, каб яго супакоіць, да нас пырснулі пярцовы газ . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (26 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2021. Праверана 27 сакавіка 2021.
  5. Родным памерлага ў Гомелі пратэстоўца аддалі заключэнне аб яго смерці, Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода, 15-08-2020
  6. Европарламент принял резолюцию по Беларуси и вмешательству России (руск.). Міжнароднае французскае радыё (17 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2020. Праверана 17 лютага 2021.
  7. Санкции, международное расследование преступлений. Европарламент принял новую резолюцию по Беларуси (руск.). TUT.BY (26 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2020. Праверана 26 лістапада 2020.