Аляксандр Аляксандравіч Дунін-Гаркавіч
| Аляксандр Аляксандравіч Дунін-Гаркавіч | |
|---|---|
| | |
| Род дзейнасці | краязнавец |
| Дата нараджэння | 10 (22) красавіка 1854[1][2] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 9 студзеня 1927 (72 гады) |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання | |
| Грамадзянства | |
| Узнагароды і прэміі | |
Аляксандр Аляксандравіч Дунін-Гарка́віч[3] (22 красавіка 1854, Ружаны, Гродзенская губерня, Расійская імперыя — 9 студзеня 1927, Табольск, Цюменская вобласць, РСФРС) — географ, этнограф, сацыёлаг, даследчык паўночнай часткі Заходняй Сібіры Расійскай імперыі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Аляксандр Дунін-Гарка́віч нарадзіўся ў 1854 у мястэчку Ружаны Гродзенскай губерні (сучасны Пружанскі раён). Паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Дуніных[4].
Скончыў Гродзенскую класічную гімназію, а пазней — Лісічанскае сярэдняе прафесійнае вучылішча ў Расіі. Атрымаў кваліфікацыю інжынера-лесавода і званне ляснога кандуктара[4].
З 1875 служыў у лейб-гвардыі грэнадзёрскага палка імператара Аляксандра II. Удзельнічаў у Руска-турэцкай вайне 1877–1878 гадоў, быў узнагароджаны медалём «За адвагу», атрымаў званне унтэр-афіцэра[5].
Пасля вайны вярнуўся да лесаводчай працы ў Царскасельскім лясніцтве, у Самарскай, Ніжагародскай і Разанскай губернях[4].
З 1890 у Табольскай губерні працаваў галоўным ляснічым Самароўскага лясніцтва, якое мела адну з найбуйнейшых плошчаў у Расійскай імперыі таго часу. Атрымаў чын правадзейнага стацкага саветніка[4].
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У 1898—1903 правёў даследаванні паўночнай часткі Сярэдняга Прыоб'я, басейнаў Паўночнай Сосьвы, Піма, Конды і іншых рэк. Падарожнічаў у асноўным у адзіночку, за свой кошт, пераадолеў больш за 50 тысяч кіламетраў[4].
Дунін-Гаркавіч вывучаў геаграфію, этнаграфію, эканоміку, духоўную культуру хантаў, мансі, ненцаў, комі. Апісаў Паўночна-Сосьвінскае ўзвышша паміж Об'ю і Уралам. Дзякуючы яму ў навуковай літаратуры з'явіўся тэрмін «мацярык» для абазначэння ўзвышанай водападзельнай прасторы, пакрытай лесам[4].
У 1903—1908 даследаваў запалярную тундру. У 1908—1911 праводзіў гідралагічныя работы ў нізоўях Обі, Надыма, Пура і Таза[4].
Прыйшоў да высновы, што тэрыторыя Ямала-Нянецкай, Ханты-Мансійскай аўтаномных акруг, поўначы сучаснага Табольскага раёна Цюменскай вобласці, паўночных раёнаў Томскай і Омскай абласцей з'яўляецца самастойным, адзіным у геаграфічным і гаспадарчым плане рэгіёнам[6].
Аўтар 67 навуковых прац, сярод якіх асаблівае значэнне мае шматтомнае выданне «Табольская Поўнач», дзе падрабязна асветлены этнаграфія, гісторыя і эканоміка гэтага рэгіёна[3][4].
Аўтар падрабязнай карты Табольскай губерні з амаль усімі населенымі пунктамі і рыбалавецкімі ўгоддзямі таго часу, якая доўгія дзесяцігоддзі заставалася актуальнай і была выдадзена ў пяці колерах[5].
Сацыялогія і грамадская дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Быў адным з першых сацыёлагаў паўночнай Заходняй Сібіры, выкарыстоўваў метады інтэрв’ю і апытанняў для вывучэння сацыяльных сувязяў мясцовых народаў. Валодаў хантыйскай і ненецкай мовамі. У 1910 выдаў «Руска-асцяцка-самаедскі слоўнік»[7].
Ягоныя даследаванні адыгралі вялікую ролю ў стварэнні Ханты-Мансійскай і Ямала-Ненецкай нацыянальных акруг[6].
Пасля рэвалюцыі 1917 жыў у Табольску, працаваў у розных дзяржаўных установах. Быў ганаровым сябрам Таварыства вывучэння краю пры Табольскім музеі Поўначы[4].
Прызнанне і памяць
[правіць | правіць зыходнік]У 1904 атрымаў малы залаты і вялікі сярэбраны медалі Расійскага геаграфічнага таварыства імя Пржавальскага[7]. Узнагароджаны ордэнамі Святой Ганны, Святога Уладзіміра, Святога Станіслава[4].
У 1926 быў прызнаны вучоным усесаюзнага значэння. Памёр 9 студзеня 1927 у Табольску, пахаваны на Завальных могілках побач Дзмітрыем Мендзялеевым[5].
Імем Аляксандра Дуніна-Гаркавіча названы востраў у дэльце Обі і вуліца ў Ханты-Мансійску. Усталяваны помнікі ў Табольску і Ханты-Мансійску[3]. З 2005 праводзіцца штогадовая навукова-практычная канферэнцыя ягонага імя. У 2010 у табольскай сядзібе вучонага адкрыты Музей гісторыі асваення і вывучэння Сібіры[4].
Заснавана стыпендыя імя А.А. Дуніна-Гаркавіча для найлепшых студэнтаў факультэта прыродакарыстання Югорскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Ханты-Мансійск) за актыўны ўдзел у даследчай рабоце[5].
Рэпрынтнае выданне адной з галоўных навуковых прац Аляксандра Дуніна-Гаркавіча захоўваецца і ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»[6].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://depprirod.admhmao.ru/meropriyatiya/kraevedcheskiy-ekologo-prosvetitelskiy-proekt-marshrutami-a-a-dunina-gorkavicha/1012334/a-a-dunin-gorkavich-kratkaya-biograficheskaya-spravka/
- ↑ https://www.prlib.ru/history/1180758?ysclid=lizxfr4f9b695764784
- ↑ а б в Карлюкевіч А.. “Гістарычна правільны крок” . sb.by (6 ліпеня 2007). Праверана 27 чэрвеня 2025.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к Казлоўская Н. А. 22 красавіка 2024 г. — 170 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Аляксандравіча Дуніна-Горкавіча (1854–1927), географа, этнографа, сацыёлага, краязнаўца паўночнай часткі Заходняй Сібіры / Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. 15 лютага 2024
- ↑ а б в г Драбо В.. Александр Дунин-Горкавич | Планета Беларусь (руск.). planetabelarus.by. Праверана 27 чэрвеня 2025.
- ↑ а б в Шаруха І., Яротаў А.. Аляксандр Дунін-Гаркавіч — даследчык паўночнай часткі Заходняй Сібіры . Раённыя будні (27 лістапада 2021). Праверана 27 чэрвеня 2025.
- ↑ а б Дунін-Горкавіч Аляксандр Аляксандравіч - Беларусь у асобах i падзеях. bis.nlb.by. Праверана 27 чэрвеня 2025.