Аляксандр Валянцінавіч Дранец

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Аляксандр Валянцінавіч Дранец
Фатаграфія
Дата нараджэння 31 студзеня 1962(1962-01-31) (59 гадоў)
Месца нараджэння
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Вучоба
Уплыў Анатоль Аляксандравіч Анікейчык, Анатоль Яфімавіч Арцімовіч і Заір Ісакавіч Азгур
Член у
Прэміі
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь
Узнагароды
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

Аляксандр (Алесь) Валянцінавіч Дранец (нар. 31 студзеня 1962, в. Харомск, Столінскі раён, Брэсцкай вобласці) — беларускі скульптар.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. Скончыў у 1987 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, у 1993 годзе творчыя акадэмічныя майстэрні Міністэрства культуры Беларусі. Вучыўся ў А. Анікейчыка, А. Арцімовіча, З. Азгура.

У 19891993 гадах працаваў у творчай майстэрні скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР. Член Беларускага саюза мастакоў з 1990 года. З 1993 года выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава, з 1996 года — у Беларускай акадэміі мастацтваў. У 20042007 гадах — дырэктар скульптурнага камбіната ў Мінску.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Творчасці Аляксандра Дранца ўласцівы багацце пластычнай мовы, цікавасць да славутых дзеячаў беларускай гісторыі. Вельмі дакладна і ўмела захоўвае ўласную ідэнтычнасць у культурнай прасторы. Лаканічнасць вобразнай сістэмы яго работ ідзе ад традыцыйнай манеры народных майстроў мінулых стагоддзяў.

Помнік Скарыну каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У 19901991 гадах прайшоў конкурс на стварэнне помніка Францыску Скарыну. У конкурсе прынялі ўдзел дваццаць мастакоў і аўтарскіх калектываў, а выйграў яго зусім малады на той час скульптар Алесь Дранец. Помнік быў адліты ў бронзе, завершаная манументальная выява першадрукара захоўвалася на Мінскім скульптурным камбінаце, а ўстаноўлена ў 2005 годзе перад Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Работа над вобразам Ф. Скарыны для А. В. Дранца не абмежавалася адным помнікам, ён таксама стварыў мемарыяльныя дошкі першадрукару для Народнай бібліятэкі ў Празе (Чэхія; 2001), для будынку НАН Беларусі ў Мінску.

З 1992 года А. В. Дранец працаваў над помнікам «Князю Давыду — заснавальніку Давыд-Гарадка» разам архітэктарамі Л. М. Левіным, В. П. Іўлічавым, Г. Л. Левінай. Энергічны рытм у пабудове сілуэта, агульную дынаміку помніка падкрэслівае дзіда, якую трымае ў руках князь Давыд. Мастак з асаблівай дакладнасцю прапрацаваў усе дэталі, вялікую ўвагу надаў рукам, рытму складак, узору аблямоўкі на адзенні. Помнік быў адкрыты ў час святкавання 900-годдзя палескага горада 7 кастрычніка 2000 года. Эстэтычная і мастацкая каштоўнасць ансамбля забудовы цэнтра Давыд-Гарадка з помнікам князю Давыду была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь за 2002 год.

Важнай старонкай творчай біяграфіі А. В. Дранца стала і стварэнне помнікаў супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў і служачым унутраных войск, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку, у 2003 годзе ў Мінску (у суаўтарстве са скульптарам В. Антановічам) і ў 2004 годзе ў Магілёве.

Памятная дошка на капліцы ў гонар Божай Маці цалкам іншая па тэме і канцэпцыі ў параўнанні з астатнімі манументальнымі работамі А. В. Дранца, тут скульптар паспрабаваў асвоіць прастору, дзе валадараць любоў і мацярынства. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі было прымеркавана да 20-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. Гэтая работа была адзначана Граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

Помнік ненароджанаму дзіцяці ля сцяны касцёла Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мёрах

Сярод іншых работ мастака: помнікі «Ненароджанаму дзіцяці» ў г. Мёры Віцебскай вобласці (1997), загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам у г. Асіповічы Магілёўскай вобласці (2009), мемарыяльны знак «Да 925-годдзя Браслава» ў г. Браславе, скульптура «Мінскі гарадавы».

«Крылы» ўваходнай групы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

З’яўляецца адным з аўтараў генеральнага рашэння мастацкага афармлення Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У сааўтарстве распрацоўваў для бібліятэкі эксізы манументальных пано, прысвечаных абласцям Беларусі, і двух рэльефаў на тарцовых «крылах» уваходу з тэмаю славянскага і сусветнага пісьменства.

У 2004 годзе разам са скульптарам Паўлам Цыбулем аднавіў на будынку МУС Беларусі скульптурную кампазіцыю Дэметры з дзецьмі.

А. В. Дранец працуе і ў станковай скульптуры. Сярод ягоных работ «Сон у мармуры», «В. Дунін-Марцінкевіч» (1985), «Францішак Багушэвіч», праект помніка «Элаіза Пашкевіч» (1987), дзе вызначаецца нязменная цікавасць аўтара да партрэтных вобразаў вядомых беларускіх дзеячаў культуры, «Кірыла Тураўскі», дзе скульптар спрабуе вырашыць вобраз экспрэсіўнай пластычнай мовай. Творы знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Л. Ф. Салавей. Дранец Аляксандр Валянцінавіч // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.
  • Дранец Александр Валентинович // Рэгіёны Беларусі: энцыклапедыя. У 7 т. = Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. (руск.) . — Мн.: БелЭн. — ISBN 978-985-11-0463-1.
  • Дранец Александр Валентинович // Республика Беларусь: Энциклопедия в 6 т. Т. 3: Герасименко — Картель / редкол.: Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2006. — 896 с : ил. — ISBN 985-11-0341-1. — ISBN 985-11-0382-9 (Т. 3)
  • Дранец Аляксандр Валянцінавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8.
  • Дранец Аляксандр Валянцінавіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 176.
  • Дранец, А. Памятник князю Давиду [Изоматериал] / А. Дранец // Сучасная беларуская скульптура. Мінск, 2007. С. 104 : цв. репрод.
  • Дранец, А. Памятник Франциску Скорине [Изоматериал] / А. Дранец // Сучасная беларуская скульптура. Мінск, 2007. С. 99 : цв. репрод.
  • Дранец, А. Э. Пашкевіч [Выяўленчы матэрыял] // Вытокі творчасці. Беларуская акадэмія мастацтваў. Мінск, 1995. С. 63 : рэпрад.
  • Мятліцкая, І. Гісторыя ствараецца тут і цяпер : [помнік Ф. Скарыне каля НББ і інш. работы скульптара А. Дранца] / Ірына Мятліцкая // Мастацтва. 2006. № 11. С. 44-46.
  • Васільева, В. Сустрэча з лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь : [пра сустрэчу з архiтэктарамi В. П. Iўлiчавым, Л. М. Левiным i скульптарам А. В. Дранцом] / В. Васільева // Навіны Палесся. Столін, 2003. 11 чэрвеня.
  • Дранец, А. Бачу перспектыву для творчасці / А. Дранец // ЛіМ. 2002. 5 красавіка. С. 10.
  • Дранец, А. Вяртанне князя Давыда. У бронзе… : [гутарка са скульптарам пра помнiк князю Давыду ў Давыд-Гарадку] / Алесь Дранец; гутарыў Барыс Крэпак // Культура. 2000. 14-20 кастрычніка. С. 2.
  • Гук, А. Возвращение князя Давида : [о праздновании 900-летия Давид-Городка] / А. Гук // Брестский курьер. 2000. № 42. С. 3.
  • Крушинец, А. Чудо в Давид-Городке : [фоторепортаж с празднования 900-летия Давид-Городка] / А. Крушинец // Вечерний Столин. 2000. № 42/43. С. 3.
  • Снапко, С. «Юбiлей Давыд-Гарадка — гэта падзея для ўсёй краiны» : [пра святкаванне 900-годдзя Давыд-Гарадка] / С. Снапко // Народная трыбуна. 2000. 14 кастрычніка.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]