Перайсці да зместу

Аляксандр Гваньіні

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Гваньіні
італ.: Alessandro Guagnini
польск.: Aleksander Gwagnin
Алесандра Гваньіні ва ўзросце 73 гадоў
Алесандра Гваньіні ва ўзросце 73 гадоў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1538 ці 1534
Месца нараджэння
Дата смерці 1614[1]
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці гісторык, салдат, пісьменнік
Мова твораў лацінская мова
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксандр (Алесандра) Гваньіні (італ.: Alessandro Guagnini, польск.: Aleksander Gwagnin; 1534, Верона — 1614, Кракаў) — выдавец і, магчыма, аўтар некалькіх гісторыка-геаграфічных твораў[2].

Сям'я і дзяцінства

[правіць | правіць зыходнік]

Па паходжанні італьянскі арыстакрат. Алесандра Гваньіні нарадзіўся ў 1534 або 1538 годзе ў Вероне, у Паўночнай Італіі, якая ўваходзіла ў Венецыянскую рэспубліку[3]. Ён быў унукам Амброджа Гваньіні дэ Рыцоні (1481 — пасля 1529), які меў 6 дзяцей[3], і сынам Амброджа Гваньіні дэ Рыцоні (1503 — пасля 1573), старэйшага сына Гваньіні дэ Рыцоні, і Барталамеі (1505 — ?)[3]. Алесандра меў дзвюх сясцёр — Франчэску (1532/1536 — ?) і Клару (1538/1542 — ?)[3].

У юнацтве Алесандра вывучаў лацінскую мову, ваенную тапаграфію, інжынерную і ваенную справы[3].

У 1555 годзе Амброджа Гваньіні ў пошуках лепшага жыцця пакінуў Італію і пераехаў у Польшчу, дзе правіў кароль Жыгімонт II Аўгуст і яго жонка-італьянка Бона Сфорца. У 1557 годзе за бацькам рушыў услед і сам Алесандра[3]. Яго шлях пралягаў праз Галічыну[3].

Напярэдадні Лівонскай вайны (15581583) бацька і сын Гваньіні спрабавалі ўступіць у польскае каралеўскае войска, карыстаючыся патранатам вялікага кароннага гетмана і рускага ваяводы  (руск.) Мікалая Сяняўскага  (руск.). 25 лютага 1561 года ў сваім лісце да караля Жыгімонта II ён рэкамендаваў іх для службы ў якасці спецыялістаў па фартыфікацыі[3]. Неўзабаве абодвух узялі ў войска: Амброджа пачаў служыць у сталіцы Кракаве, а затым ваяваў на поўначы супраць Масквы[3]. Алесандра ж прыняў удзел у выгнанні маскавітаў з Тартуса ў Эстоніі (1561), захопе маскоўскіх Вялікіх Лук  (руск.) і літоўскага Полацка, баях пад Азярышчам (1564), Невелем  (руск.) (1565), Веліжам (1567), Уле (1568); пад Улай ён трапіў у кароткачасовы маскоўскі палон, але быў вызвалены[4].

На вайне Алесандра пазнаёміўся са многімі дзеячамі, якія пасля выступалі яго заступнікамі: магнатамі Рыгорам[4], Янам-Каралем, Аляксандрам і Геранімам Хадкевічамі[5], Мікалаем Зебжыдоўскім  (руск.)[4], Мікалаем-Крыштафам Радзівілам (Сіроткам)[5], Зыгмунтам Мышкоўскім  (руск.)[5], Мікалаем Вольскім  (руск.) з Падгаец[5], Львом Сапегам[5], Крыштафам Дарагастайскім[5], Станіславам Цікоўскім  (польск.)[6] і прадстаўнікамі іншаземных краін[4].

У чыне ротмістра[2] пяхоты Алесандра таксама ўдзельнічаў у паходзе ў Малдавіі 1562 года пад кіраўніцтвам серадзкага ваяводы і магната Альбрэхта Ласкага  (руск.), які імкнуўся паставіць малдаўскім гаспадаром Геракліда  (руск.)[4]. Падчас паходу ён знаходзіўся на Букавіне і бачыў месца бітвы ля Козмінскага лесу  (руск.), дзе ў 1497 годзе малдаване разграмілі палякаў[4].

У Паўночную сямігадовую вайну служыў наймітам у польскім войску.

У 1569 годзе Алесандра быў сведкам Люблінскага сейма аб утварэнні Рэчы Паспалітай у складзе Польшчы і Літвы. На гэтым сойме быў прысвечаны ў рыцары па просьбе брадэнбургскага маркграфа Іахіма II  (руск.)[4]. Алесандра таксама атрымаў дыплом шляхецтва ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна II[4]. У тым жа годзе ён прысутнічаў на цырымоніі прыняцця прускім герцагам Альбрэхтам Фрыдрыхам  (руск.) прысягі на вернасць польскаму каралю Жыгімонту II Аўгусту[4].

16 ліпеня 1571 года, універсалам караля Стэфана Баторыя, Алесандра атрымаў падданства Рэчы Паспалітай і ўласны герб «Гваньін» (Gwagnin) з выявай вожыка, які паказваў на прозвішча дзеда («Рыцоні» паходзіць ад 'riccio' — «вожык»)[4].

У 1574 годзе Алесандра атрымаў ад караля Філіпоўскае староства на мяжы Прусіі і Літвы[6]. Але праз няўдалае гаспадаранне і даўгі ён быў вымушаны пакінуць кіраванне і вярнуцца на вайсковую службу[6]. У 1577 годзе Алесандра ўдзельнічаў у паходзе караля Стэфана Баторыя на мяцежны Гданьск, пасля якога ён змог палепшыць свае фінансы[6].

У 1578 годзе Алесандра быў паслом польскага караля да венецыянскіх дожаў  (руск.) Нікола да Понтэ  (укр.) і Себасцьяна Веньера  (руск.), а таксама, верагодна, быў у складзе пасольства Паўла Уханскага  (руск.) ў Папы Рымскага Рыгора XIII[6]. У Рыме атрымаў тытул графа Латэранскага палаца[6]; а ад дожаў атрымаў крэдыт на рыштунак двух караблёў для паставак збожжа, сала і лесу з Гданьска ў Верону і Венецыю[6]. У тым жа годзе Алесандра выдаў у друкарні Мацея Вежбенты  (руск.) ў Кракаве сваю асноўную працу — лацінамоўнае «Апісанне Сарматыі Еўрапейскай». Твор утрымліваў 203 лісты і складаўся з 7 кніг[6].

У 1579 годзе Мацей Стрыйкоўскі, былы падначалены Алесандра па службе ў Віцебску, абвінаваціў яго ў плагіяце  (руск.) свайго рукапісу[6]. 14 ліпеня 1580 года каралеўскі суд прызнаў правату Стрыйкоўскага[6]. Зрэшты скандал завяршыўся хутка і не адбіўся на статусе італьянца[7].

Браў удзел у войнах з Масковіяй, на працягу 14 гадоў (па іншых дадзеных — 18) быў ваенным камендантам Віцебска[8]. Алесандра ўручыў выданне «Апісання», надрукаванае ў Шпэеры, каралю Стэфану Баторыю на маскоўскай мяжы, у час паходу на Вялікія Лукі[7].

Апошнія гады жыцця правёў у Кракаве — сталіцы Рэчы Паспалітай. Гваньіні вылучаўся высокім узроўнем адукацыі і культуры, валодаў некалькімі мовамі (лацінаю, нямецкай, польскай), што адлюстравалася ў яго сачыненнях.

Дзейнасць Гваньіні ў ВКЛ застаецца не да канца высветленай не толькі ў беларускай, але і ў польскай і літоўскай гістарыяграфіях. Яго імя звязваюць з лацінамоўнай працай «Апісанне еўрапейскай Сарматыі» (лац.: Sarmatiae Europeae descriptio, quae Regnum Poloniae, Lituaniam, Samogitiam, Russiam, Masoviam, Prussiam, Pomeraniam… complectitur) ― помнікам гістарыяграфіі XVI стагоддзя.

Гістарычныя працы

[правіць | правіць зыходнік]

«Апісанне еўрапейскай Сарматыі» складзена А. Гваньіні на лацінскай мове ў першай палове 1570-х. Складаецца з чатырох частак, якія змяшчаюць звесткі з грамадзянскай гісторыі, па геаграфіі, побыце, звычаях і культуры Літвы, Польшчы, Жамойці, Мазовіі, Інфлянтаў, Прусіі, Памераніі, Масковіі і татараў (напрыклад, артыкул «Спосаб узворванняў глебы і сеяння на Белай Русі»).

Выкарыстаныя розныя крыніцы, у тым ліку беларуска-літоўскія хронікі, а таксама матэрыялы з «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» М. Стрыйкоўскага, які служыў пад кіраўніцтвам А. Гваньіні[2][9].

Хроніка была ўпершыню апублікавана ў 1578[2] у Кракаве аб’ёмам 203 аркушы, багата ілюстраваная. Была прысвечана каралю Стэфану Баторыю. Складалася з чатырох частак, у якіх былі выкладзены гісторыя і геаграфія Польшчы, Літвы, Жамойці, Мазовіі, Інфлянтаў, Прусіі, Памераніі, Масковіі і татараў. Апісанне падзей было скончана на пахаванні Жыгімонта Аўгуста (1574).

Яшчэ тады Стрыйкоўскі абвінаваціў Гваньіні, што той прысвоіў сабе рукапіс Стрыйкоўскага і апублікаваў пад сваім прозвішчам. Кароль Стэфан Баторый выдаў дакумент, якім пацвердзіў уласнасць Стрыйкоўскага на працу (14 ліпеня 1580). Большасць гісторыкаў лічаць, што менавіта гэтая акалічнасць стала прычынай выезду Гваньіні ў Швецыю, і што толькі смерць Стрыйкоўскага (канец 1580-х—пач. 1590-х гг.) дазволіла Гваньіні бесперашкодна карыстацца працай ад свайго імя. Аднак «Апісанне еўрапейскай Сарматыі» працягнула выдавацца ад імя Гваньіні і нават было перакладзена на польскую мову.

Партрэт Гедзіміна з Хронікі Алесандра Гваньіні. Гэтая ж выява выкарыстаная і як партрэт Казіміра III Вялікага

У 1581[2] хроніка была перавыдадзена ў Спіры (Германія), у 1583 у Італіі. У ВКЛ была вядомая дапоўненым кракаўскім польскамоўным выданнем 1611[2]. У першай палове XVII стагоддзя перакладзеная на беларускую мову.

Стала крыніцай для беларускіх і ўкраінскіх хронік і хранографаў  (руск.) XVII—XVIII стст. Першы твор, які пазнаёміў заходнееўрапейскага чытача з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і зместам вялікалітоўскіх агульнадзяржаўных хронік. Упершыню ў гэтым выданні былі змешчаны партрэты вялікалітоўскіх князёў. Хоць іх выявы былі цалкам выдуманыя і не мелі ніякай сувязі з сапраўдным выглядам князёў (а часам адзін і той самы малюнак ілюстраваў розных людзей), адлюстраваных з анахранічнай вопраткай і зброяй, партрэты вельмі моцна паўплывалі на будучыя выявы князёў. Дагэтуль яны застаюцца найбольш папулярнай крыніцай для ілюстрацыі гістарычных кніг.

Копіі хронікі захоўваюцца, сярод іншага, у бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта і беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане[10].

Зноскі

  1. Alexander Gwagnin // Biblioteca Virtual Miguel de Cervantes — 1999. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б в г д е Гваньини Александр // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 141. — 737 с.
  3. а б в г д е ё ж з Гваньїні, Олександр. Хроніка європейської Сарматії. — Київ: Києво-могилянська академія, 2007. — С. 6.
  4. а б в г д е ё ж з і Гваньїні, Олександр. Хроніка європейської Сарматії… — С. 7.
  5. а б в г д е Гваньїні, Олександр. Хроніка європейської Сарматії… — С. 8.
  6. а б в г д е ё ж з і Гваньїні, Олександр. Хроніка європейської Сарматії… — С. 9.
  7. а б Гваньїні, Олександр. Хроніка європейської Сарматії… — С. 10.
  8. Витебская старина  (руск.) / Сост. А. П. Сапунов. — Т. 4. — Витебск, 1885.
  9. Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. — М., 1973.
  10. A brief history and description of the library and museum (англ.). The Francysk Skaryna Belarusian library and museum, London. Праверана 28 жніўня 2014.
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7. С. 41.