Аляксандр Канстанцінавіч Шыдлоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Канстанцінавіч Шыдлоўскі
Дата нараджэння 18 чэрвеня 1911(1911-06-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 26 верасня 2002(2002-09-26) (91 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна
Альма-матар
Месца працы
Музычная дзейнасць
Прафесіі кампазітар
Узнагароды

Аляксандр Канстанцінавіч Шыдлоўскі (18 чэрвеня 1911, в. Мінкі, цяпер у межах Смаргоні, Смаргонскі раён — 26 верасня 2002) — беларускі культурны дзеяч, кампазітар, педагог. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1960).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У час Першай сусветнай вайны сям’я Шыдлоўскіх у бежанстве ў Сімбірску. Пасля вяртання, у 1921 годзе А. Шыдлоўскі паступіў у Віленскую беларускую гімназію, дзе пазнаёміўся з беларускімі дзеячамі міжваеннага часу — Р. Шырмам, С. Паўловічам, М. Гарэцкім, А. Станкевічам. У гімназіі далучыўся да падпольнага беларускага камуністычнага руху, за што быў з гімназіі выключаны. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, за што неаднаразова арыштаваны польскімі ўладамі. У 1928 годзе стаў інструктарам беларускага парламенцкага клуба ў польскім Сейме «Змаганне». Пасля выключэння з Віленскай беларускай гімназіі перавёўся ў Клецкую беларускую гімназію, дзе вучыўся ў 1929—1930 гадах[1]. Праз нейкі час быў арыштаваны і прыгавораны да 5 гадоў турмы.

Пасля вызвалення А. Шыдлоўскі жыў і працаваў рабочым у Варшаве. У 1938 годзе А. Шыдлоўскі разам са сваім братам Язэпам Урбановічам ствараюць апошнюю ў Польшчы легальную беларускую арганізацыю — Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве. Праца арганізацыі была скіравана да беларускіх рабочых у Варшаве. Тымчасам А. Шыдлоўскі пасябраваў з паэтам-падпольшчыкам М. Танкам. У гэты ж час А. Шыдлоўскі збіраў беларускія народныя песні, апрацоўваў іх, спяваў у беларускіх хорах.

З 1940 г. — артыст Беларускага ансамбля песні і танца. У час Вялікай Айчыннай вайны А. Шыдлоўскі быў артыстам хору Рыгора Шырмы, выступаў перад параненымі ў шпіталях, работнікамі тылу, ездзіў па франтах. З 1950 года А. Шыдлоўскі жыў у Гродне, з 1951 настаўнік, з 1960 — дырэктар, у 1972—1996 — вядучы спецыяліст Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці (з 1991 — метадычны цэнтр).

Аўтар вядомых песень «Ой, ты, Нёман родны», «Песня пра Гродна», «Колькі ў небе зор». Выйшаў асобны зборнік «Песні» (1964). Таксама А. К. Шыдлоўскі стварыў некалькі песенных калектываў.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Дошка Аляксандру Шыдлоўскаму

У 2011 годзе на будынку Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці па Савецкай вуліцы, 8, у якім Шыдлоўскі працаваў у 1960—1995 гг., устаноўлена мемарыяльная дошка (скульптар У. Панцялееў).

Зноскі

  1. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (ДАГВ) Ф. 568. Воп. 1. Спр. 4.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]