Аляксандр Ксавер’евіч Друцкі-Любецкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
князь Аляксандр Ксавер'евіч Друцкі-Любецкі
герб «Друцк» зменены
герб «Друцк» зменены
Гродзенскі павятовы маршалак
1862 — 1863
Папярэднік Раман Антонавіч Лахніцкі
Пераемнік вакансія; (з 1866 г.) Антоній Левандоўскі

Нараджэнне 8 (20) ліпеня 1827
Смерць 21 мая 1908(1908-05-21) (80 гадоў)
Род Друцкія-Любецкія
Бацька Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі
Маці Марыя са Сцыпіёнаў[d]
Жонка Марыя Феліцыя Шэмет (1833—1897). Шлюб у 1850 г.
Дзеці 1) князь Францішак Ксаверый Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1860—1918); 2) князь Аляксандр Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1861—1926); 3) князь Уладзіслаў Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1864—1913)
Веравызнанне (да 1866 г.) каталік; (з 1866 г.) праваслаўны
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Браніслаў Медард Друцкі-Любецкі, а пазней Аляксандр Ксавер’евіч Друцкі-Любецкі (польск.: Aleksander Medard Drucki-Lubecki, руск.: Александр Ксаверьевич Друцкий-Любецкий; 18271898) — буйны землеўласнік Расійскай імперыі, гродзенскі павятовы маршалак (1862—1863).

Паходжанне і сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да княскага роду Друцкіх-Любецкіх.

Нарадзіўся 8 (20) ліпеня 1827 г. у сям’і князя Францішка Ксаверыя Францішкавіча Друцкага-Любецкага (1778—1846) і яго жонкі Марыі Сцыпіён (1793—1874). Марыя Сцыпіён з’яўлялася свайму мужу Францішку Ксаверыю Друцкаму-Любецкаму роднай пляменніцай, а дазвол на такі блізкароднасны шлюб быў атрыманы ад папы рымскага.

Па нараджэнні быў хрышчаны ў каталіцызм і атрымаў імя «Браніслаў-Медард-Францішак-Ксаверый», з якіх звычайна карыстаўся імем «Браніслаў». У 1866 г. Браніслаў змяніў канфесію — ахрысціўся ў праваслаўе і прыняў імя «Аляксандр» («Аляксандр Ксавер’евіч Друцкі-Любецкі»).

У 1850 г. ажаніўся з заможнай дваранкай-каталічкай Марыяй Феліцыяй Шэмет (1833—1897), якая была дачкой Ежы Шэмета і Людвікі Мікульскай. У шлюбе меў трох дзяцей:

Маёнткі[правіць | правіць зыходнік]

Адносіўся да латыфундыстаў. Атрымаў у спадчыну ад бацькі землі ў Гродзенскай губерні (маёнтак Чарлёна (Чарлёна, Лунна, Станіславова і інш.) у Гродзенскім павеце; маёнтак Шчучын (Шчучын, Каралеўшчына і інш.) у Лідскім павеце), у Мінскай губерні (вёска Загароддзе ў Пінскім павеце) і Царстве Польскім (маёнтак Балтаў у Келецкай губерні), дзе меліся прыгожыя палацы і невялікія прадпрыемствы[1]. Маёнтак Загароддзе (Пагост-Загародскі) у 1878 г. налічваў 10 832 дзесяціны зямлі і кіраваўся аканомам князя[2].

Пасля смерці маёнткі Чарлёна і Шчучын (Чарлёна, Лунна, Станіславова, Шчучын і інш.) атрымаў у спадчыну яго сын — князь Уладзіслаў Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1864—1913)[1], а маёнтак Балтаў другі сын — князь Аляксандр Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1861—1926).

Службовая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1862 г. князь Браніслаў Друцкі-Любецкі быў абраны дваранамі Гродзенскага павета на пасаду гродзенскага павятовага маршалка на трохгоддзе. Аднак усяго тэрміну не праслужыў. Напярэдадні Студзеньскага паўстання (1863—1864) карэнныя каталіцкія дваране-землеўласнікі літоўска-беларускіх губерняў у 1861—1862 гг. спрабавалі мірным шляхам дабіцца ад расійскага ўрада пэўных саступак у палітыцы мясцовага кіравання (у тым ліку ўвядзення аўтаноміі і адкрыцця ў краі ўніверсітэта), адпраўляючы афіцыйныя звароты і дваранскія дэлегацыі ў Санкт-Пецярбург[3]. Іх лідарамі былі мінскі губернскі маршалак Аляксандр Лапа і граф Віктар Старжынскі, які тады выконваў абавязкі гродзенскага губернскага маршалка[4]. Гэтыя захады былі безвыніковымі. Наадварот, у студзені 1863 г. гродзенскі губернатар (1862—1863) Іван Галер забараніў дваранам Гродзенскай губерні збірацца на свае прыватныя і афіцыйныя сходы і загадаў усім заставацца ў сваіх правінцыйных сядзібах[5]. Месцам такіх прыватных сходаў дваран Гродзенскай губерні да таго часу былі дамы ў Гродне, якія належалі графу Віктару Старжынскаму і князю Браніславу Друцкаму-Любецкаму[5].

1 сакавіка 1863 г. у знак пратэсту граф Віктар Старжынскі, які тады выконваў абавязкі гродзенскага губернскага маршалка, падаў у адстаўку з пасады маршалка і разаслаў цыркулярны ліст да ўсіх павятовых маршалкаў і міравых пасрэднікаў Гродзенскай губерні, у якім заклікаў іх падаць у адстаўку і абвінавачваў расійскі ўрад у мэтанакіраваным і сістэматычным замаруджанні ўнутранага развіцця «Літвы» (г.зн. зямель былога Вялікага Княства Літоўскага — літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі)[6].

Маршалкі і міравыя пасрэднікі ў сакавіку 1863 г. падалі калектыўна ў адстаўку. Нежадаючы пакуль прымаць маштабныя рэпрэсіўныя захады, расійскі ўрад замяніў Галера ў красавіку 1863 г. на пасадзе гродзенскага губернатара графам Уладзімірам Бобрынскім[7], аднак з 1863—1864 гг. пасады павятовых і губернскіх маршалкаў у Заходнім краі перасталі быць выбарнымі ад дваранства — на іх пачалі прызначаць асоб па паспараджэнні расійскага ўрада.

Князь Браніслаў Друцкі-Любецкі пазбег пакарання за падачу ў адстаўку ў сакавіку 1863 г. з пасады гродзенскага павятовага маршалка, а таксама не ўдзельнічаў у Студзеньскім паўстанні (1863—1864), таму яго маёнтак пазбег канфіскацыі расійскім урадам.

Пераход у праваслаўе[правіць | правіць зыходнік]

Пасля падаўлення Студзеньскага паўстання (1863—1864) у Заходнім краі расійская ўлада ўстанавіла рэжым выключных законаў, галоўным чынам, рэпрэсіўнага характару ў адносінах да мясцовага каталіцкага дваранства, і праводзіла русіфікатарскую палітыку: прымусовыя пераводы сялян з каталіцтва ў праваслаўе; увядзенне з 1870-х гг. рускай мовы замест польскай у дадатковае каталіцкае набажэнства ў касцёлах; мэтанакіраванае насаджэнне рускага («вялікарускага») землеўладання; службовыя перавагі і ільготы для набыцця маёнткаў з казённых і канфіскаваных зямель для асоб «рускага паходжання» і г.д.

Адгукаючыся на палітыку расійскага ўрада і заклікі заходнерусістаў, 28 жніўня (ст.ст.) 1866 г. у Вільні ў праваслаўным манастыры Святога Духа князь Браніслаў Друцкі-Любецкі ахрысціўся ў праваслаўе і прыняў новае імя «Аляксандр» («Аляксандр Ксавер’евіч Друцкі-Любецкі»), а пры абрадзе хросту прысутнічаў віленскі генерал-губернатар (1865—1866) Канстанцін Каўфман, аднак не прысутнічалі знаёмыя-каталікі, бо лічылі пераход князя ў праваслаўе як русіфікацыю[8][заўв 1].

Напярэдадні хросту ў адкрытым лісце «Мой пераход у праваслаўе» (1866), спачатку разасланым для сваякоў і знаёмых, а пасля надрукаваным у розных газетах, князь патлумачыў свой крок як разрыў з паланізмам, вяртанне да сваіх каранёў і адмову ад паўстанчай практыкі: «Я думаю, што нам, рускім па паходжанні, продкі якіх былі праваслаўнымі[заўв 2], пераход у праваслаўе — адзіны шлях, які можа прынесці карысць краю і паставіць нас саміх на натуральную глебу. <…> Даволі нашай крыві і грошай пайшло на зусім чужыя нам планы. Пара перастаць. <…> Углядаючыся ў палітычнае становішча, я бачу, з аднаго боку, магутную Расію, з мільёнамі брацкага народу, з другога боку — Польшчу, чужую нам, „заходне-русам“. Што дала нам Польшча? Доўгія гады непарадкаў, збядненне, анархію, заняпад навук і забыццё нашай народнасці. Мова, вера, звычаі нашых продкаў — усё заменена паланізмам і каталіцтвам, якія не далі нам ні шчасця ў мінулым, ні надзеі на лепшую будучыню. Ці можна хістацца, у які бок прыстаць? У нас нічога няма і не павінна быць з Польшчай, і Варшава для нас і нашых дзяцей — горад чужы»[9][10] («Виленский Вестник», 1866 г., № 186). Даследчыкі знаходзяць у гэтых заявах Любецкага шмат падабенства да тых ідэалагічных штампаў, фраз і лямантацый, якія распаўсюджваліся ў 1860-х гг. у публікацыях заходнерусістаў, у першую чаргу — Міхаіла Каяловіча[11].

Гэты крок князя быў шырока распрапагандаваны расійскім урадам і адміністрацыяй віленскага генерал-губернатара, але не атрымаў ухвалы ў мясцовага каталіцкага дваранства[12]. Мясцовая шляхта, нават тая, якая памятала, што яе продкі былі праваслаўнымі і называлі сябе два стагоддзі назад «рускімі» (па-польску — «русінамі»), упарта супраціўлялася спробам русіфікацыі і асіміляцыі і была гатова цярпець усялякія нягоды, але захоўваць каталіцызм. Сыны і жонка князя таксама засталіся каталікамі.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Паводле тагачасных уяўленняў расійскага ўрада і грамадства, пераход у праваслаўе азначаў уключэнне ў склад «рускага народа», адзінага ў трох галінах (вялікарусах, маларусах і беларусах), — г.зн. этнічную асіміляцыю («абрусенне»), бо ў тыя часы ў Расійскай імперыі галоўнай этнавызначальнай прыкметай лічылася веравызнанне: каб лічыцца «рускім», трэба было спавядаць праваслаўе.
  2. У генеолагаў няма трывалай думкі, ці з’яўляюцца князі Друцкія-Любецкія нашчадкамі Рурыка (г.зн. належаць да Рурыкавічаў) альбо Гедзіміна (г.зн. належаць да Гедзімінавічаў), але вядома, што ў ранніх сваіх пакаленнях князі былі праваслаўнымі, а толькі пазней — каталікамі.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław — Warszawa — Kraków, 1993. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 3. Województwo trockie, Księstwo Żmudzkie, Inflanty Polskie, Księstwo Kurlandzkie. — С. 38, 131.
  2. Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900 : справочник… С. 193.
  3. Долбилов, М. Д. Русский край, чужая вера… С. 176, 178—179.
  4. Долбилов, М. Д. Русский край, чужая вера… С. 176, 178.
  5. а б Комзолова, А. А. Политика самодержавия в Северо-Западном крае в эпоху Великих реформ… С 130.
  6. Комзолова, А. А. Политика самодержавия в Северо-Западном крае в эпоху Великих реформ… С 130—131.
  7. Комзолова, А. А. Политика самодержавия в Северо-Западном крае в эпоху Великих реформ… С 133.
  8. Комзолова, А. А. Политика самодержавия в Северо-Западном крае в эпоху Великих реформ… С 189.
  9. Цытуецца паводле: Цьвікевіч, А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі… С. 162.
  10. Долбилов, М. Д. Русский край, чужая вера… С. 376.
  11. Цьвікевіч, А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі… С. 162.
  12. Долбилов, М. Д. Русский край, чужая вера… С. 376—377.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Долбилов, М. Д. Русский край, чужая вера: Этноконфессиональная политика империи в Литве и Белоруссии при Александре II / М. Д. Долбилов. — Москва : Новое литературное обозрение, 2010. — 1000 с.
  • Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900 : справочник / Д. М. Дрозд. — Минск : Медисонт, 2010. — 672 с.
  • Комзолова, А. А. Политика самодержавия в Северо-Западном крае в эпоху Великих реформ / А. А. Комзолова. — Москва : Наука, 2005. — 383 с.
  • Памятная книжка Гродненской губернии на 1862 год. — Гродно, 1862.
  • Памятная книжка Гродненской губернии на 1863 год. — Гродно, 1863.
  • Цьвікевіч, А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. / А. Цьвікевіч. — 2-е выд. — Мінск : Навука і тэхніка, 1993. — 352 с.
  • Швед, В. В. Губернскі Гродна: Аповяды з гісторыі горада (канец XVIII — пачатак ХХ ст.) / В. В. Швед. — Гродна, 2002. — 193 с.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1993. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 3. Województwo trockie, Księstwo Żmudzkie, Inflanty Polskie, Księstwo Kurlandzkie. — 413 s.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]