Аляксандр Лаўрэнавіч Бурбіс

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Аляксандр Лаўрэнавіч Бурбіс
Алесь Бурбіс.jpg
Консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве
1918
Намеснік народнага камісара замежных спраў БССР
ліпень 1921 — 1922
 
Дзейнасць: публіцыст, акцёр, рэжысёр, тэатральны рэжысёр
Нараджэнне: 20 кастрычніка 1885(1885-10-20)
Вільня, Віленскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя
Смерць: 20 сакавіка 1922(1922-03-20) (36 гадоў)
Менск, БССР
Пахаванне: Старажоўскія могілкі

Алякса́ндр (Але́сь) Лаўрэ́навіч Бу́рбіс (псеўданімы і крыптанім: Стары Піліп, А. Аляксеенка, А.В.; 20 кастрычніка (8 кастрычніка) 1885, Вільня20 сакавіка 1922, Менск) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, акцёр, рэжысёр. Адзін з пачынальнікаў беларускага тэатра, аўтар даследаванняў па эканамічнай геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, сельскай гаспадарцы, банкаўскай справе[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 20 кастрычніка 1885 года ў Вільні. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), сябра яе ЦК. У студзені 1906 года ў Мейшагольскай воласці Віленскага павета аб’явіў Беларускую Рэспубліку[2].

У 1906 годзе Грамада арганізавала масавыя страйкі ў аграрнай сферы. Асабіста Алесь Бурбіс арганізоўваў забастоўкі ў Наваградскім павеце і ў Менску, дзе акрамя гэтага вёў працу па стварэнні прафсаюзаў. У жніўні 1906 года ля Шчорсаў на Наваградчыне Бурбіса арыштавалі. У зняволенні ён заставаўся да сярэдзіны 1909 года, дзе захварэў на сухоты. Пасля вызвалення працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі.

У 1915 годзе Бурбіс перабіраецца ў Маскву, дзе пачынае працаваць у Народным банку. Пасля, адзін раз у 1917 годзе і потым яшчэ ў 1918 годзе, яго арыштоўвалі органы Савецкай улады. З 1918 года Бурбіс консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве. З сярэдзіны 1919 ён — у Народным камісарыяце земляробства Літоўска-Беларускай ССР, з сярэдзіны 1921 — намеснік народнага камісара замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў таварыства Чырвонага Крыжа БССР. Сябра ЦВК БССР у 1921—1922 гадах. Аўтар дакладной запіскі, накіраванай у ЦК РКП(б) ад 14 студзеня 1920 года, амаль ідэнтычнай па змесце «Заяве 32-х», аднак лепш адрэдагаванай. Да запіскі быў прыкладзены дадатак аб стварэнні ўзорнай Беларускай Савецкай Рэспублікі, дзе змяшчалася інфармацыя пра гістарычнае мінулае, палітычны і грамадскі лад Беларусі, першых кроках савецкай улады ў рэспубліцы, рабіліся крытычныя заўвагі ў сувязі з дапушчанымі памылкамі ў правядзенні нацыянальна-дзяржаўнай палітыкі кіраўніцтвам рэспублікі[3]. Удзельнічаў у распрацоўцы дамовы паміж БССР і РСФСР. З 1921 года сябра Камуністычнай партыі[2].

Памёр ад сухотаў 20 сакавіка 1922 года ў Менску. Пахаваны на Старажоўскіх могілках, яго труну неслі пад жалобную музыку духавога аркестра з пляца Волі[4][5]. Старажоўскія могілкі ў 1950-х гадах былі выраўненыя бульдозерам[6]. Ёсць звесткі, што рэшткі Бурбіса былі перанесеныя на Вайсковыя могілкі, аднак літаратуразнаўца Рыгор Семашкевіч не змог знайсці ягонай магілы. Выказваецца думка, што магіла магла быць знішчана ў часе пашырэння вуліцы Даўгабродскай, альбо рэшткі ўвогуле не пераносіліся на Вайсковыя могілкі[4].

Грамадска-палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з заснавальнікаў Віленскай арганізацыі Беларуская сацыялістычная грамада, сябра ЦК (1903)[1]. Адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху ў Ковенскім павеце (1905), кіраўнік рэвалюцыйнай «Мейшагольскай рэспублікі» (1905). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 гадоў[1].

Паводле яго ініцыятыве 12 лютага 1910 г. адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні. Стваральнік і старшыня Маскоўскай арганізацыі БСГ (1917), удзельнік з'езду беларускіх грамадскіх дзеячаў (Менск, сакавік 1917).

Член камісіі Мархлеўскага па пытаннях Рыжскага міру. Адзін з рэдактараў «Савецкай Беларусі» ў Смаленску. Член Камуністычнай партыі з 1921 г. 3 ліпеня 1921 г. намеснік наркама замежных спраў БССР[1], адзін з арганізатараў Таварыства Чырвонага Крыжа БССР[1]. Член ЦВК БССР у 1921—22.

Выступаў у абарону самастойнасці Савецкай Беларусі, яе тэрытарыяльнай цэласнасці, культурна-духоўнай самастойнасці. Прапагандаваў неабходнасць кансалідацыі ўсіх плыняў беларускага нацыянальнага руху, у тым ліку на эміграцыі. Яго ідэі, погляды і дзейнасць паўплывалі на фарміраванне дзяржаўнай палітыкі БССР у 1920-я г., спрыялі ўзбуйненню тэрыторыі БССР.

Грамадска-культурніцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкаваўся ў «Нашай Ніве» пад рознымі псеўданімамі[1]. Аўтар шэрагу артыкулаў па нацыянальна-вызваленчым пытанні (пасля лютага 1917), прац па гісторыі, этнаграфіі і эканоміцы Беларусі[1].

Удзельнік Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага[1], Беларускага музычна-драматычнага гуртка[1]. Кіраўнік, рэжысёр, акцёр і чытальнік на першых беларускіх тэатральных вечарынах у Вільні. Шмат увагі надаваў арганізацыі драматычных гурткоў[1]. Паставіў «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага на хутары Пятроўшчына пад Менскам у 1906 годзе, «Сватаўство» В. Дуніна-Марцінкевіча ў 1915 годзе ў Вільні[1].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху // Вести народного комиссариата просвещения ССРБ. 1921, № 1—2
  • Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі // Народное хозяйство Белоруссии. 1922, № 4
  • Беларуская сацыялістычная грамада ў першым перыядзе яе працы (1903—1907) // Беларусь. Мн., 1924.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Памяці Аляксандра Бурбіса прысвечаныя некралогі Антона Луцкевіча «Аляксандар Бурбіс, Палуты Бадуновай «Памяці А. Бурбіса», Міколы Байкова «Памяці А. Бурбіса», артыкулы Яўгена Хлябцэвіча «Памяці А. Л. Бурбіса»[7], Змітра Жылуновіча «Алесь Бурбіс (рэвалюцыйная характарыстыка)» (Полымя. 1927. № 2)[8]. 24 сакавіка 1922 года ў газеце «Савецкая Беларусь» была надрукаваная жалобная прамова Язэпа Лёсіка з пахавання Бурбіса[5].

У 1926 годзе Інбелкульт прапаноўваў пераназваць вуліцу Могілкавую ў Менску (месцілася ля Вайсковых могілак) у гонар Алеся Бурбіса, але безвынікова[9].

У Старадарожскім мастацкім музеі захоўваюцца партрэт «Алесь Бурбіс — адзін з заснавальнікаў БСГ» (1993) аўтарства Анатоля Крывенкі і рэльеф «Алесь Бурбіс» (2005) Міколы Несцярэўскага[10].

Зноскі

  1. 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 Бурбис Александр Лаврентьевич // Биографический справочник — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 92. — 737 с.
  2. 2,0 2,1 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 511 с.: іл. ISBN 985-11-0068-4 (т. 3), ISBN 985-11-0035-8 С. 347
  3. Уладзімір Ладысеў, Пётр Брыгадзін Паміж усходам і захадам: станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.) — Мінск: БДУ, 2003. — С. 143. — 307 с. — ISBN 985-445-963-2.
  4. 4,0 4,1 Алесь Жук Любіце паэтаў, любіце // Літаратурная Беларусь. — 2013. — № 1. — С. 3.
  5. 5,0 5,1 Анатоль Сідарэвіч Консул БНР у Маскве. Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2015. Праверана 22 снежня 2015.
  6. Сторожевское кладбище (руск.) . Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2015. Праверана 22 снежня 2015.
  7. Анатоль Сідарэвіч Да гісторыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады: агляд крыніцаў Ч.3. arche.bymedia.net.
  8. Анатоль Сідарэвіч Да гісторыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады: агляд крыніцаў Ч.1. arche.bymedia.net.
  9. Сацукевіч, І. Асаблівасці ўрбаніміі Мінска ў 1921—1941 гг. // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі / уклад. А. І. Груша; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.] — Мінск: Беларуская навука, 2012. — С. 444. — 564 с. — ISBN 978-985-08-1201-8.
  10. Алесь Бурбіс. Адраджэнцы Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2016. Праверана 25 студзеня 2016.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • І. Уладзімірава. Самаахвярны змагар //Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Полымя. — ISSN 0131-2669., №4, 1985. С. 27—28.
  • П. Б(адунова). Памяці А. Бурбіса // Адраджэнне. 1922. Сш. 1
  • Байкоў М. Памяці А. Бурбіса // Вести народного комиссариата просвещения ССРБ. 1922, № 3—4
  • Луцкевіч А. Аляксандр Бурбіс // Беларускі звон. 1922, 22 крас.
  • Хлебцевич Е. Памяти А. Л. Бурбиса // Каторга и ссылка. 1923, № 5
  • Жылуновіч З. Алесь Бурбіс // Полымя. 1927, № 2
  • Пазняк З. Бурбіс і Цётка — на сцэне // ЛіМ. 1972, 17 сак.
  • Біч М. «Стары змаганец» // Мастацтва Беларусі. 1986, № 3; ЭГБ, т. 2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]