Перайсці да зместу

Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Аляксандр Рыпінскі)
Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі
польск.: Alexander Rypiński
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 10 (22) верасня 1809
Месца нараджэння
Дата смерці 8 (20) лістапада 1886 (77 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці мастак, паэт, перакладчык, аўтар дзённіка, этнограф
Мова твораў беларуская
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі (Рыпінскі — Радван, польск.: Alexander Rypiński; 10 (22) верасня 1809, в. КукавячынаВіцебскага павета, цяпер Віцебскі раён — 8 (20) лістапада 1886[1], в. Страганы, цяпер Лёзненскі раён) — беларускі і польскі паэт, фалькларыст, кнігавыдавец, графік, удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў і прадстаўнік Вялікай эміграцыі.

Рыпінскі быў звязаны з выданнем беларускамоўных тэкстаў у Лондане і зрабіў унёсак у фармаванне ранняй традыцыі беларускага друку за мяжой у сярэдзіне XIX ст.[2]

Паходзіў са шляхецкай сям’і. Дзяцінства прайшло ў дзедавым маёнтку Стайкі каля Віцебска. Скончыў Віцебскую гімназію, у 1829—1830 вучыўся ў Дынабургскай школе прапаршчыкаў. У гэты час пазнаёміўся з В. Кюхельбекерам, які адбываў пакаранне ў Дынабургскай крэпасці, што сам А. Рыпінскі лічыў значнай падзеяй.[3]

Паўстанне 1830—1831 гадоў і эміграцыя

[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў. Пасля падаўлення паўстання, разам са сваім атрадам перайшоў мяжу з Прусіяй.

Паводле даследавання М. Хаўстовіча, у час кампаніі 1831 г. Рыпінскі дзейнічаў у атрадах паўстанцаў на тэрыторыі Віцебшчыны і сумежных рэгіёнаў; у ходзе адступлення на захад прайшоў праз Курляндыю і сустракаўся з Эміліяй Плятэр.[4] У 1831 г. ён служыў у злучэннях паўстанцаў (у тым ліку ў складзе войска генерала Антонія Гелгуда  (польск.)) і пасля паражэння быў вымушаны адступаць да прускай мяжы; 13 ліпеня 1831 г. (паводле цытаваных матэрыялаў) перайшоў мяжу і склаў зброю.[5] Расійскія ўлады патрабавалі выдачы ўдзельнікаў паўстання; у дакументах, цытаваных М. Хаўстовічам, Рыпінскі быў аднесены да адной з катэгорый «злачынцаў» з пагрозай цяжкага пакарання, аднак прускія ўлады ў выніку дазволілі эмігрантам выезд у Францыю.[5]

У 1832—1846 жыў у Парыжы. Быў абраны членам французскай Акадэміі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Разам з Ф. Ходзькам адкрыў мастацкі магазін. У Парыжы пазнаёміўся з А. Міцкевічам, іх звязвала адзінства грамадскіх і эстэтычных ідэалаў.

Лондан і друкарня ў Тотэнхэме

[правіць | правіць зыходнік]

У 1846 годзе А. Рыпінскі пераехаў у Лондан. Разам з І. Яцкоўскім у 1852 заснаваў у прыгарадзе Лондана Тотэнхэме  (руск.) друкарню. Між іншага, з кастрычніка 1852 выдаваў эмігранцкую газету «Польскі дэмакрат».[2] Паводле М. Хаўстовіча, у 1850-я гады гэтая друкарня стала адным з цэнтраў выдання польскай і беларускамоўнай літаратуры ў Вялікабрытаніі; у Лондане (і яго прадмесцях) у гэты перыяд выйшла значная колькасць кніг і брашур, частка з якіх звязана з імёнамі І. Яцкоўскага і А. Рыпінскага.[6]

Вяртанне на Радзіму

[правіць | правіць зыходнік]

У 1859 годзе, пасля амністыі ў Расіі, А. Рыпінскі вярнуўся на Радзіму. Пад наглядам паліцыі жыў у Кукавячыне, маёнтку свайго брата, адстаўнога штабс-капітана артылерыі В. Ф. Рыпінскага, пазней — у сваячкі Ксаверыі Аляксандраўны Рыпінскай у маёнтку Страганы (цяпер Лёзненскі раён).

У пасляэмігранцкі перыяд Рыпінскі працягваў цікавіцца літаратурным жыццём у Расійскай імперыі, сачыў за публікацыямі ў прэсе і ўступаў у ліставанне з рэдактарамі, імкнучыся ўдакладняць факты і імёны (у тым ліку выпадкі памылковага напісання свайго прозвішча).[7]

Памёр 8 (20) лістапада 1886 года. Быў пахаваны на сямейных могілках роду Заблоцкіх у маёнтку Саланец.


Дзейнасць і творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Ужо ў раннім юнацтве А. Рыпінскі вёў фальклорныя запісы, пазней захоўваў іх у ваенным ранцы, які згубіў у час паўстання 1830—1831 гадоў. У школьныя гады захапіўся паэзіяй і перакладамі. Лічыцца, што самы ранні верш А. Рыпінскага, на польскай мове, запісаны на тытульным аркушы рукапіснага зборніка школьнага сябра Гайкі з Пнёва. У 1827 пераклаў на польскую мову «Русалку» А. Пушкіна.

На пасяджэнні Польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы, 21.11.1839 прачытаў першы даклад пра беларускую этнаграфію і фальклор. У 1840 на аснове гэтага дакладу выдаў асобнай кнігай фалькларыстычна-этнаграфічнае даследаванне «Беларусь»[8], дзе ўпершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў беларускую народную вусную творчасць паводле жанраў і тэматыкі.

Паводле М. Хаўстовіча, у працы «Białoruś…» аўтар апісваў не толькі песенную традыцыю, але і шэраг іншых відаў вуснай творчасці, імкнучыся паказаць культурны кантэкст і «паэтычнасць» народнага жыцця; асобныя матэрыялы падаваліся ў сувязі з абрадамі, святамі і побытавымі практыкамі.[9]

Магчыма, па парадзе А. Міцкевіча падрыхтаваў да друку ўспаміны з часоў паўстання — «Паўстанне Вілейскага, Завілейскага і Дзісенскага паветаў» (фрагменты выдадзены ананімна ў Парыжы, 1836). Працаваў над рукапісам «Выпісы польскіх гарадоў і вёсак, згаданых у творы Нарбута „Гісторыя старажытнай Літвы“».

У Лондане заняўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, таксама выкладаў розныя мовы, матэматыку і маляванне. У сваёй, супольнай І. Яцкоўскім, друкарні выдаў зборнікі сваіх польскіх вершаў «Паэтычныя творы» (1853), «Сяржант-філосаф» (1854). У 1853 выдаў беларускамоўную рамантычную баладу «Нячысцік»[10], адну з першых у беларускай літаратуры, у аснову яе пакладзены фальклорныя ўзоры.

Быў шырока вядомы як мастак, сам афармляў свае кнігі, выявіў выключныя здольнасці да мастацкай фатаграфіі, стаўшы адным з піянераў фотамастацтва.

Па вяртанні ў Расію, працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры, быў першым біёграфам шэрагу пісьменнікаў. У прыватнасці, А. Рыпінскім напісаны біяграфіі Я. Баршчэўскага, Г. Марцінкевіча, В. Рэута, Ф. Рысінскага, Т. Заблоцкага, але гэтыя працы не захаваліся. Перапісваўся з пісьменнікам і публіцыстам А. Плугам. Дапамагаў маладым мастакам і літаратарам з Беларусі і Літвы, між іншым, віленскаму мастаку К. Рыпінскаму.

Паводле М. Хаўстовіча, у пасляэмігранцкіх нататках Рыпінскі спрабаваў акрэсліць гісторыю літаратурнага працэсу на беларускіх землях і пакінуў уласны спіс аўтараў (каля 55 імёнаў), ад XVI да канца XIX ст., што адлюстроўвае ягонае імкненне да сістэматызацыі і біяграфічнага апісання літаратуры.[11]

Асабісты архіў А. Рыпінскага, багаты на факталагічныя звесткі пра беларускую культуру 18-19 ст., не захаваўся. Некалькі сшыткаў А. Рыпінскага з каштоўнымі фальклорнымі і літаратурнымі запісамі ў 1930-я гады захоўваліся ў прафесара БДУ М. Піятуховіча. Некаторыя запісы па копіях Піятуховіча апублікаваў В. Скалабан у 1990 (Зборнік «Шляхам гадоў», 1-ы вып.).

Паэзіі Рыпінскага ўласціва фальклорна-рамантычная скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. А. Рыпінскі адзін са стваральнікаў жанру балады ў беларускай літаратуры. У гісторыю беларускай культуры А. Рыпінскі ўвайшоў як адзін з першых даследчыкаў літаратуры Беларусі.

Рыпінскі быў адным з першых аўтараў і выдаўцоў, хто ўвёў ва ўжытак літару Ŭ — «у нескладовае» у лацінскім алфавіце — у беларускіх тэкстах у 1853-54 гг.[12][13]

Выбраныя выданні і публікацыі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Białoruś : kilka słów o poezji prostego ludu téj naszéj polskiéj prowincii; o jego muzyce, śpiéwie, tańcach, etc. — Парыж, 1840.[14]
  • Niaczyscik. Ballada białoruska. — Лондан, 1853.[15]
  • «Польскі дэмакрат» (эмігранцкая газета; выдавалася з кастрычніка 1852 г.).[2]

У класічнай працы «Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду гэтае нашае польскае правінцыі, пра ягоную музыку, сьпевы, танцы, etc.», якая на польскай мове выйшла друкам у 1840 годзе ў Парыжы і заклала пачаткі беларускай этнаграфіі, а таксама спрычынілася да навуковага вывучэння беларускага фальклору, Аляксандр Рыпінскі заклікаў беларускіх жанчын-маці лічыць сваім першым абавязкам «навучыць дзіця вымаўляць святое імя Польшчы, калі яно яшчэ не гаворыць „мама“, не даваць дзіцяці патрэбнай ежы „да таго часу, пакуль яно не папросіць па-польску“…»[16]. У самой назве твора было азначана, што Беларусь — гэта частка («правінцыя») Польшчы. Гэта, аднак, магло быць вымушанымі агаворкамі з улікам атачэння Рыпінскага — польскіх эмігрантаў на ўтрыманні французскага ўрада.

  1. Метрическая книга Витебского костела об умерших. 1874–1893 гг. НГАБ, ф. 1781, воп. 26, спр. 1262, арк. 107 адв.
  2. а б в Хаўстовіч М. Айчына здалёку і зблізку (Ігнацы Яцкоўскі і Аляксандар Рыпінскі). — Мінск: Універсітэцкае выдавецтва «Універсітэт», 2006. — С. 7—8.
  3. Хаўстовіч М. Айчына здалёку і зблізку (Ігнацы Яцкоўскі і Аляксандар Рыпінскі). — Мінск: Універсітэцкае выдавецтва «Універсітэт», 2006. — С. 70.
  4. Хаўстовіч М. Айчына здалёку і зблізку (Ігнацы Яцкоўскі і Аляксандар Рыпінскі). — Мінск: Універсітэцкае выдавецтва «Універсітэт», 2006. — С. 69.
  5. а б Хаўстовіч М. Айчына здалёку і зблізку (Ігнацы Яцкоўскі і Аляксандар Рыпінскі). — Мінск: Універсітэцкае выдавецтва «Універсітэт», 2006. — С. 73.
  6. Хаўстовіч М. Айчына здалёку і зблізку (Ігнацы Яцкоўскі і Аляксандар Рыпінскі). — Мінск: Універсітэцкае выдавецтва «Універсітэт», 2006. — С. 8.
  7. Хаўстовіч М. Айчына здалёку і зблізку (Ігнацы Яцкоўскі і Аляксандар Рыпінскі). — Мінск: Універсітэцкае выдавецтва «Універсітэт», 2006. — С. 179.
  8. Białoruś : kilka słów o poezji prostego ludu téj naszéj polskiéj prowincii; o jego muzyce, śpiéwie, tańcach, etc. Paryż, 1840.
  9. Хаўстовіч М. Айчына здалёку і зблізку (Ігнацы Яцкоўскі і Аляксандар Рыпінскі). — Мінск: Універсітэцкае выдавецтва «Універсітэт», 2006. — С. 160—161.
  10. Асобнае выданне «Нячысціка» (1853) на polona.pl
  11. Хаўстовіч М. Айчына здалёку і зблізку (Ігнацы Яцкоўскі і Аляксандар Рыпінскі). — Мінск: Універсітэцкае выдавецтва «Універсітэт», 2006. — С. 176.
  12. Packajeu, Mikalaj. Belarusian 19th century publishing efforts in London shaped the appearance of modern Belarusian writing [A Lecture by Mikalaj Packajeu Held at Anglo-Belarusian Society Meeting On 2 March 2003] (англ.). Anglo-Belarusian Society (19 студзеня 2017). Праверана 11 жніўня 2021.
  13. Packajeu, Mikalaj. [1853 год, Лёндан]. Facebook. Роднае Слова.
  14. Alexander Rypiński. Białoruś : kilka słów o poezji prostego ludu téj naszéj polskiéj prowincii; o jego muzyce, śpiéwie, tańcach, etc.. — Paryż, 1840.
  15. Niaczyścik. Ballada białoruska (1853) — скан выдання. Wikimedia Commons. Праверана 14 студзеня 2026.
  16. Бандарчык В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. — Мінск: Навука і тэхніка, 1964. — С. 55.
Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі