Аляксандр Сяргеевіч Мыльнікаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Аляксандр Сяргеевіч Мыльнікаў
Aleksandr Mylnikov 1998 (002).jpg
Дата нараджэння 24 жніўня 1929(1929-08-24)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 лютага 2003(2003-02-03) (73 гады)
Грамадзянства
Род дзейнасці вучоны
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
Заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі

Аляксандр Сяргеевіч Мыльнікаў (24 жніўня 1929, Ленінград3 лютага 2003) — савецкі і расійскі гісторык-славіст, багеміст і беларусіст[2]. Доктар гістарычных навук (1972), Заслужаны дзеяч навукі Расіі (1999).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і служачых. У 1937—1947 гадах вучыўся ў школе, у т.л. падчас вайны ў Іашкар-Але (Марыйская АССР). Хацеў стаць гісторыкам, у 1947 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, бо ў сталінскі час гістарычны факультэт ЛДУ быў «кузняй партыйных кадраў», а прафесура, якая хацела займацца навукай, перайшла ў галіну гісторыі дзяржавы і права.[2]

Навуковым кіраўніком А. Мыльнікава быў прафесар Інакенцій Якаўкін, адзін з найвыдатнейшых знаўцаў Вялікага Княства Літоўскага, складальнік хрэстаматыі «Законодательные акты ВКЛ» (Ленінград, 1936). З парады свайго кіраўніка А. Мыльнікаў вывучаў славянскія мовы і помнікі права, такія як «Статут ВКЛ 1529 году», «Законнік» сербскага цара Стэфана Душана, «Выклад чэшскага земскага права» пана Андржэя з Дубы. З універсітэцкіх гадоў пачалося зацікаўленне А. Мыльнікава Вялікім Княствам Літоўскім.[2]

Па сканчэнні ўніверсітэта на выдатна А. Мыльнікаў быў накіраваны на працу ў Расійскую нацыянальную бібліятэку, дзе за 20 гадоў прайшоў пасады ад бібліятэкара да загадчыка аддзелу рукапісаў. За гэты час з яго ініцыятывы было здзейснена некалькі археаграфічных экспедыцый, арганізаваны штогадовыя навуковыя канферэнцыі «Дэпо манускрыптаў». Паралельна падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую (1958) і доктарскую (1972) дысертацыі па багемістыцы. Тэма доктарскай дысертацыі — «Узнікненне нацыянальна-асветніцкай ідэалогіі ў Чэшскіх землях XVIII стагоддзя». Працуючы ў РНБ, А. Мыльнікаў атрымаў унікальную магчымасць грунтоўнага вывучэння славянскіх, у тым ліку старабеларускіх, кніг і рукапісаў ранняга Новага часу.[2]

У 1973—2003 гадах А. Мыльнікаў працаваў у Інстытуце этнаграфіі і антрапалогіі (Кунсткамера) Савецкай, пазней Расійскай акадэміі навук, у тым ліку ў 1992—1997 гадах — дырэктарам Кунсткамеры.[2]

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя кірункі навуковых інтарэсаў А. Мыльнікава — славістыка, гісторыя і тэорыя культуры, этналогія, кнігазнаўства, беларусістыка. Паступова пашыраў сферу сваіх зацікаўленняў, абапіраючыся на параўнальна-гістарычны, параўнальны і інтэрдысцыплінарны метады. Зыходным для А. Мыльнікава ад самага пачатку было шматаспектнае разуменне аб’екту даследавання, не абмежаванае фармальнымі рамкамі асобных дысцыплін. Апошнія гады А. Мыльнікаў вывучаў пытанне значэння міжэтнічных кантактаў у працэсе развіцця нацый і нацыянальных культур. Прапанаваў тэзу пра «мову культуры» як сукупнасць знакавых сродкаў выражэння этнічнай спецыфікі.[2]

У 1990-я гады А. Мыльнікаў заняўся распрацоўкай новага міждысцыплінарнага кірунку — этнічнай імагалогіі — прысвяціў гэтаму фундаментальны праект, вынікам якога стаў двухтомнік «Карціна славянскага свету». Упершыню для рэканструкцыі заходніх навуковых ведаў пра тагачасны славянскі свет, яго народы, мовы і культуры аўтарам выкарыстаны ўнікальны комплекс малавядомых еўрапейскіх прац XVII—XVIII ст. на лацінскай, нямецкай, французскай, англійскай і шведскай мовах. У абодвух частках кнігі А. Мыльнікаў актыўна карыстаўся беларускай праблематыкай, выказаў шмат думак наконт лакалізацыі назвы Беларусь у Еўропе, сэнсу паняцця «літвінаў» ВКЛ, Літвы як гістарычнай назвы сучаснай Беларусі. Праца актыўна цытуецца беларускімі навукоўцамі. Першы том стаў гістарычным бестселерам у Расіі ў 1996 годзе. Трэці том планаваўся, але не скончаны з-за смерці аўтара.[2]

Агулам А. Мыльнікаў аўтар 12 манаграфій і больш за 500 навуковых прац, пад яго рэдакцыяй выйшла 75 кніг, апаніраваў пры абароне больш за 50 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.[3]

Член Навуковага савета па гісторыі сусветнай культуры РАН, акадэмік Акадэміі гуманітарных навук Расіі, член Саюза расійскіх пісьменнікаў.[3]

Сабраў унікальную гістарычную бібліятэку, частку якой падарыў універсітэту Рэспублікі Марый Эл.[3]

Беларусістыка[правіць | правіць зыходнік]

Як беларусіст А. Мыльнікаў большасць сваіх прац прысвяціў Францыску Скарыну, на асобе якога сышліся яго навуковыя інтарэсы багеміста, кнігазнаўца і культуролага. Пра што сведчаць назвы больш за 20 яго артыкулаў скарынаўскай тэматыкі, у т.л. «Зямля — дзяржава — этнас: Францыск Скарына ў кантэксце этнакультурных уяўленняў ранняга Новага часу»; «Францыск Скарына і чэшскае кнігадрукаванне». Першым са скарыністаў А. Мыльнікаў давёў, што чэшскую Прагу асветнік абраў месцам дзейнасці з-за развітай традыцыі друку і падабенства моў, а таксама абгрунтаваў, што адным з важнейшых фактараў было ўладарства дынастыі Ягелонаў адначасова ў Празе, Вільні і Кракаве. У працы «Эфект Скарыны, або Спецыфіка міжэтнічных кантактаў у шматэтнічным асяроддзі» навуковец растлумачыў, чаму Ф. Скарына карыстаўся рознай этнічнай самаідэнтыфікацыяй («русін», «літвін», «паляк»).[3]

А. Мыльнікаў чытаў беларускую навуковую літаратуру і добра ведаў беларускія крыніцы. Ва ўласнай бібліятэцы меў добры збор беларускіх кніг. Любіў бываць у Беларусі, браў удзел у беларускіх навуковых канферэнцыях.[3]

Ад заснавання Пецярбурскай асацыяцыі беларусістаў (1991) А. Мыльнікаў стаў яе старшынём і нязменна быў на гэтай пасадзе. Большасць штогадовых канферэнцый «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» прайшлі пад яго кіраўніцтвам, іх навуковы ўзровень шмат у чым вызначала атмасфера праніклівых дыскусій і абмеркаванняў, арганізаваных А. Мыльнікавым. Разам з дырэктарам Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Уладзімірам Зайцавым, увайшоў у склад рэдкалегіі першага з 1917 года пецярбурскага выдання па беларусістыцы на беларускай і рускай мовах «Беларускі зборнік». На старонках гэтага выдання публікаваў і свае даследаванні.[3]

Важная роля А. Мыльнікава як кіраўніка і дабрадзея маладых беларускіх даследчыкаў і студэнтаў у Санкт-Пецярбургу 1990-х гадоў.[3]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]