Аляксандр Фёдаравіч Гільфердынг
| Аляксандр Фёдаравіч Гільфердынг | |
|---|---|
| | |
| Дата нараджэння | 2 (14) ліпеня 1831[1] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 20 чэрвеня (2 ліпеня) 1872[1] (40 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання | |
| Грамадзянства | |
| Бацька | Фёдар Іванавіч Гільфердынг[d] |
| Род дзейнасці | мовазнавец, пісьменнік, дыпламат, гісторык |
| Навуковая сфера | славістыка і філалогія |
| Месца працы | |
| Альма-матар | |
| Навуковы кіраўнік | Аляксей Сцяпанавіч Хамякоў[d] |
| Вядомыя вучні | Адольф Павінскі[d] |
| Член у |
|
| Узнагароды | |
Аляксандр Фёдаравіч Гільфердынг (руск.: Александр Фёдорович Гильфердинг; 2 [14] ліпеня 1831, Варшава, Мазавецкае ваяводства, Царства Польскае, Расійская імперыя — 20 чэрвеня [2 ліпеня] 1872, Каргапаль, Аланецкая губерня, Расійская імперыя) — расійскі фалькларыст, славяназнаўца, адзін з найбуйнейшых збіральнікаў і даследчыкаў былін, член-карэспандэнт Імператарскай Санкт-Пецярбургскай Акадэміі навук (1856). Правадзейны стацкі саветнік.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Варшаве, у сям’і абруселага немца Ф. І. Гільфердынга, дырэктара канцылярыі пры намесніку Царства Польскага; унук І. Ф. Гільфердынга. Прапрадзед яго паходзіў з венгерскіх дваран каталіцкага веравызнання і перасяліўся ў Расію пры Лізавеце Пятроўне.
У 15-гадовым узросце перайшоў у праваслаўе. Атрымаў добрую дамашнюю адукацыю, вывучыўшы некалькі моў, а таксама пазнаёміўшыся са славянскімі гаворкамі. У 1848 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Курс славістычных дысцыплін праходзіў у В. М. Бадзянскага. Далучыўся да кружку славянафілаў. У 1852 годзе скончыў Маскоўскі ўніверсітэт са ступенню кандыдата. Пачаў займацца санскрытам і змясціў у 1853 годзе ў часопісе «Известия II отдела Академии Наук» артыкул «О сродстве языка славянского с санскритским». Абараніў у Маскоўскім універсітэце дысертацыю на ступень магістра па тэме «Об отношениях языка славянского к другим родственным» (1853). Паступіў на службу ў Міністэрства замежных спраў, вывучаў гісторыю і побыт паўднёвых славян[4].
У 1854 годзе ў газеце «Московские ведомости», а затым у часопісе «Русская беседа» надрукаваў «Лісты пра гісторыю сербаў і балгараў», у якіх упершыню даў навуковы выклад старажытнай гісторыі гэтых народаў. У 1854 годзе Гільфердынг здзейсніў паездку па Паўночнай Германіі, пасля чаго выдаў у часопісе «Москвитянин» першую частку сваёй «Гісторыі балтыйскіх славян», дзе развіў славянафільскі погляд на гісторыю замежных славян. Гільфердынг сцвярджаў, што ўсе славяне маюць агульныя самабытныя пачаткі і рысы. Галоўную рысу агульнасці славян Гільфердынг бачыў у праваслаўі, якое лічыў спрадвечнай рэлігіяй усіх славянскіх народаў. Пры гэтым лічыў, што ў ходзе гісторыі адбылося «скажэнне» зыходных славянскіх пачаткаў. Так, пад уплывам каталіцтва са славянскай сям’і «вырваны» палякі, якія «змянілі сваім самабытным пачаткам»[5].
Консул у Босніі (1856—1859). Выдаў сачыненне: «Паездка па Герцагавіне, Босніі і Старой Сербіі» (СПб., 1859), у якой апісаў усе агледжаныя ім мясцовасці, цэнтры адукацыі, гарады і вёскі, прывёў шмат звестак аб сучасным становішчы славян[6].
У Свята-Траецкім Плеўскім манастыры ён пачаў збіраць рукапісы, што працягнуў і падчас паездкі ў канцы 1860-х гадоў у Македонію. У 1858 годзе выдаў на французскай мове брашуру «Les slaves occidentaux».
Аўтар працы аб Кашубскім Памор’і, кашубах, славінцах і іх мовах — «Рэшткі славян на паўднёвым беразе Балтыйскага мора» (Санкт-Пецярбург, 1862).
Пасля вяртання з Босніі Гільфердынг служыў у Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў (1859—1861). У 1861 годзе перайшоў на службу ў Дзяржаўную канцылярыю. У 1863 годзе па ўказанні М. А. Мілюціна пісаў розныя праекты рэформаў у Царстве Польскім, у тым ліку праект пераўтварэння ведамства народнай асветы. Публікуючы свае артыкулы ў выданнях «День» і «Русский инвалид», знаёміў публіку са становішчам спраў у Польшчы. Тады ж з’явілася яго англамоўная ананімная брашура: «The Polish Question».
31 снежня 1865 (12 студзеня 1866) года ўзведзены ў чын правадзейнага стацкага саветніка. Да канца жыцця займаў пасаду памочніка статс-сакратара Дзяржаўнага Савета і малодшага цэнзара Санкт-Пецярбургскага паштамта.
Значным укладам у развіццё славянафільскага вучэння стала праца Гільфердынга «Сельская абшчына» (1866), у якой ён раскрытыкаваў негатыўную ацэнку сельскай абшчыны ў Расіі, выступіўшы супраць сцвярджэння аб яе неэфектыўнасці і неабходнасці ліквідацыі[7].
У 1867 годзе ўзначаліў толькі што створанае Пецярбургскае аддзяленне Славянскага дабрачыннага таварыства, узначальваў таксама і этнаграфічнае аддзяленне Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства.
Распачаў з 30 чэрвеня па 27 жніўня 1871 года паездку па Аланецкай губерні, за час якой ім было сабрана 318 былін і праслухана 70 казачнікаў (у іх ліку быў Васіль Шчагалёнак).
Улетку 1872 года ён у другі раз адправіўся ў паездку па Аланецкай губерні, але раптоўная смерць перашкодзіла планам. Прыехаўшы ў горад Каргапаль, Гільфердынг захварэў і ва ўзросце 40 гадоў памёр ад тыфу.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #104344822 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 20 снежня 2014.
- ↑ а б Шевырёв С. П. История императорского Московского университета — М.: Университетская Типография, 1855. — С. IX.
- ↑ Императорский Московский университет 2010, с. 163.
- ↑ Императорский Московский университет 2010, с. 163—164.
- ↑ Императорский Московский университет 2010, с. 164.
- ↑ Попов А. А. Гильфердинг Александр Фёдорович // Русская философия. Энциклопедия. Изд. второе. — М., 2014. — С. 133—134. (руск.) Архівавана 1 красавіка 2016.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лаптева Л. П. ГИЛЬФЕРДИНГ Александр Фёдорович // А. Ю. Андреев, Д. А. Цыганков. Императорский Московский университет: 1755—1917 : энциклопедический словарь. — М.: Российская политическая энциклопедия (РОССПЭН), 2010. — С. 163—164. — ISBN 978-5-8243-1429-8.
- Нарадзіліся 14 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1831 годзе
- Нарадзіліся ў Варшаве
- Памерлі 2 ліпеня
- Памерлі ў 1872 годзе
- Памерлі ў Расійскай імперыі
- Пахаваныя на Новадзявочых могілках (Санкт-Пецярбург)
- Выпускнікі гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта
- Кавалеры ордэна Святога Станіслава 1 ступені
- Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 3 ступені
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 3 ступені
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Славянафілы
- Перапахаваныя
- Памерлі ад тыфу
- Дыпламаты Расійскай імперыі
- Этнографы Расійскай імперыі
- Грамадскія дзеячы Расійскай імперыі
- Правадзейныя стацкія саветнікі
- Славісты Расійскай імперыі
- Члены-карэспандэнты Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук
- Фалькларысты Расійскай імперыі