Перайсці да зместу

Аляксей Віктаравіч Мартынюк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксей Віктаравіч Мартынюк
Дата нараджэння 8 мая 1972(1972-05-08) (53 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці гісторык
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук (2021)
Навуковае званне
Альма-матар
Прэміі
Узнагароды

Аляксей Віктаравіч Мартынюк (нар. 8 мая 1972(1972-05-08), Мінск) — беларускі гісторык. Спецыяліст па гісторыі палітычных узаемаадносін і культурных кантактаў у рэгіёне Усходняй Еўропы ў перыяд позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу (XIII—XVI стст.). Доктар гістарычных навук (2021), прафесар (2022).

Нарадзіўся 8 мая 1972 года ў Мінску ў сям’і навукова-педагагічнай інтэлігенцыі. Бацька — Віктар Іванавіч Мартынюк (1946—2024), фізік-тэарэтык, працаваў у навуковых арганізацыях Акадэміі навук Беларусі і беларускіх вышэйшых навучальных установах (апошняе месца працы — Інстытут ядзерных праблем БДУ). Маці — Людміла Сяргееўна Крохалева (нар. 1946), спецыяліст у галіне стылістыкі англійскай мовы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, з 1969 года працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце замежных моў.

У 1989 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ. У 1992 годзе працягнуў навучанне на гістарычным факультэце Рурскага ўніверсітэта (Бохум, Германія). У 1997 годзе завяршыў навучанне з прысваеннем вучонай ступені магістра і паступіў у аспірантуру таго ж універсітэта. У 2002 годзе абараніў дысертацыю на тэму «Усходнія, заходнееўрапейскія і рускія візуальныя крыніцы па гісторыі Мангольскай імперыі і дзяржаў яе спадчыннікаў у XIII—XVI стст.» з прысваеннем вучонай ступені доктара філасофіі (навуковы кіраўнік — прафесар Ханна Фольрат). У 2003 годзе па выніках пераатэстацыі ў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь прысвоена вучоная ступень кандыдата гістарычных навук [1].

У 2003—2022 гадах працаваў у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы (РІВШ). У 2003—2005 гадах кіраваў Цэнтрам вучэбнай кнігі вышэйшай школы. У 2005—2014 і 2018—2022 гадах узначальваў кафедру гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Разам з супрацоўнікамі кафедры распрацаваў і рэалізаваў серыю навучальных праграм павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі па гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі, вывучэнні і выкладанні гісторыі, экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці, праблематыцы развіцця вышэйшай школы. Спецыфіка дзейнасці РІВШ дазволіла прадставіць гэтыя навучальныя праграмы практычна ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Беларусі [1]. У якасці загадчыка кафедры ўдзяляў асаблівую ўвагу развіццю акадэмічнай мабільнасці і міжнароднага супрацоўніцтва. Рэалізоўваў сумесныя праекты і праходзіў навуковую стажыроўку ў Інстытуце імя Гердэра (Германія), Інстытуце сярэднявечных даследаванняў Аўстрыйскай акадэміі навук (Аўстрыя), Печскім універсітэце (Венгрыя), Універсітэце Каменскага ў Браціславе (Славакія), Берлінскім універсітэце імя Гумбальта (Германія), Берлінскім вольным універсітэце (Германія).

У 2003—2015 гадах працаваў выкладчыкам-сумяшчальнікам на кафедры гісторыі Расіі БДУ. Вёў агульны курс «Гісторыя ўсходніх славян», распрацаваў серыю аўтарскіх спецкурсаў — па гісторыі Сярэднявечнай Русі, візуальных крыніцах, праблематыцы ўзаемаадносін усходнеславянскіх земляў з сярэднявечным нямецкім светам (Свяшчэнная Рымская імперыя, Аўстрыйскае герцагства, Тэўтонскі ордэн у Прусіі і Лівоніі).

У 2014—2018 гадах праходзіў навучанне ў дактарантуры гістарычнага факультэта БДУ. У 2021 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму: «Аўстрыя і Усходняя Еўропа: станаўленне і развіццё палітычных узаемаадносін і культурных кантактаў (XIII—XV стст.)»[1].

У 2008—2022 гадах — галоўны рэдактар ​​навуковага зборніка «Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы» (15 выпускаў)[1].

Падрыхтаваў шэсць кандыдатаў гістарычных навук: Алена Аляксандраўна Любая (2009), Алег Яўгенавіч Голубеў (2013), Марыя Мікалаеўна Самонава (2014), Юрый Юр’евіч Афанасенка (2017), Алег Ігаравіч Яўстрацьеў (2018), Наталля Віктараўна Гарковіч (2019).

Напрамкі навуковых даследванняў

[правіць | правіць зыходнік]

На фарміраванне навуковых поглядаў і даследчых падыходаў Аляксея Мартынюка аказалі ўплыў Іаган Густаў Дройзен (гістарычная герменеўтыка і ўзаемадзеянне культур), Ёхан Хёйзінга (духоўны свет позняга Сярэднявечча), Ханс-Георг Гадамер (метадалогія гуманітарных навук), Вернер Паравічыні (даследаванне феномена рэйз і рыцарскай культуры Сярэднявечча ў цэлым) і іншыя вучоныя, перш за ўсё прадстаўнікі нямецкай навуковай школы. У сферу навуковых інтарэсаў даследчыка ўваходзяць гісторыя палітычных узаемаадносін і культурных кантактаў у рэгіёне Усходняй Еўропы ў XIII—XVI стст., сярэднявечныя візуальныя крыніцы, гістарычная картаграфія, тэарэтычныя пытанні сучаснай медыявістыкі. У сваіх працах акцэнтуе праблематыку разумення чалавека мінулых эпох. Такім чынам, працы Аляксея Мартынюка можна аднесці да антрапалагічна арыентаваных даследаванняў, звязаных з такімі сучаснымі канцэптуальнымі падыходамі як візуальны паварот, парадыгма глабальнай гісторыі з акцэнтам на праблематыку культурнага ўзаемадзеяння (ням.: kulturell orientierte Globalgeschichte).

У цяперашні час у цэнтры даследавання Аляксея Мартынюка знаходзіцца гісторыя рэйз (ням.: Reyse) — крыжовых паходаў у Балтыйскім рэгіёне ў XIV—XV стст. Даследчык імкнецца дапоўніць заходнюю (нямецкую) перспектыву, добра прадстаўленую ў гістарыяграфіі, поглядам з усходняй перспектывы — з перспектывы княстваў Русі, Вялікага княства Літоўскага, Ноўгарада і Пскова. Асаблівая ўвага надаецца сюжэтам, калі нямецкія крыжакі і «рыцары-госці» аказваліся на землях Белай Русі — пад Полацкам у 1381 г., пад Гроднам у 1390 г. і г.д.

Манаграфіі

  • Die Mongolen im Bild. Orientalische, westeuropäische und russische Bildquellen zur Geschichte des Mongolischen Weltreiches und seiner Nachfolgestaaten im 13.-16. Jahrhundert. Hamburg: Verlag Dr. Kovač, 2002.
  • До Герберштейна: Австрия и Восточная Европа в системе персональных связей и культурных контактов (XIII — начало XVI века). Москва: Квадрига, 2019.

Вучэбныя дапаможнікі

  • История восточных славян. Монгольское нашествие на Русь. Минск: БГУ, 2003. (сумесна з С. Б. Жарко).
  • Средневековая Русь в текстах и документах. Минск: РИВШ, 2005. (другое выданне: 2012).

Каллектыўныя выданні

  • ALBA RUSCIA: белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (X—XVI вв.). Москва: Квадрига, 2015.
  • Лаўрэат прэміі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшую манаграфію па гістарычных навуках — за кнігу «До Герберштейна: Австрия и Восточная Европа в системе персональных связей и культурных контактов (XIII — начало XVI века)» (2020)
  • Пераможца конкурсу Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь за лепшую доктарскую дысертацыю ў галіне гуманітарных навук (2021)

Жонка — Ганна Іванаўна Лазоўская (нар. 1981), філолаг, спецыяліст у галіне выкладання рускай мовы як замежнай, аўтар навучальных дапаможнікаў па гэтым напрамку. Дзеці: Герман (нар. 2017) і Севярын (нар. 2021).

Персанальная старонка А. В. Мартынюка ў сацыяльнай сетцы навукоўцаў Academia.edu